АГАРО́ДНІННЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюць для атрымання агародніны (сакаўных пладоў, лісця, цыбулін, караняплодаў). У сусв. асартыменце агароднінных культур каля 160 відаў, сярод якіх коранеклубняплодныя расліны, шырока вядомыя ў краінах трапічнага і субтрапічнага клімату, — касава (маніёк ядомы), тара, ямс і інш. На Беларусі вырошчваюць больш за 40 відаў асн. агароднінных культур амаль з 13 сямействаў.

Паводле прадукцыйных органаў адрозніваюць агароднінныя культуры пладовыя (памідоры, агурок, кабачок, патысон, гарбуз, баклажан, кавун, дыня, кукуруза), ліставыя (капуста, салата, шпінат, шчаўе, рэвень), цыбулевыя (цыбуля, часнок), бабовыя (гарох, фасоля, боб), караняплоды (морква, бурак, сельдэрэй, пятрушка, радыска, рэдзька, бручка, рэпа). У асобныя групы вылучаюць бульбу і вострапрыпраўныя расліны (аніс, каляндра, крэс-салата, кмен, мята, маяран, агурочнік, эстрагон, хрэн і інш.; пра кожную агароднінную культуру гл. асобны арт.). Асн. крыніца вітамінаў, вугляводаў, мінер. соляў, арган. к-т, мікраэлементаў, гліказідаў, фітанцыдаў, эфірнага алею, а таксама клятчаткі і пекцінавых рэчываў. Вырошчваюцца ў адкрытым (на працягу вегетац. перыяду з вясны да восені) і ахаваным (увесь год) грунце.

Літ.:

Гусев А.М. Целебные овощные растения. М., 1991;

Матвеев В.П., Рубцов М.И. Овощеводство. 3 изд. М., 1985;

Шуин К.А. 70 видов овощей на огороде. Мн., 1978.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРГЕНЕ́З (ад гіпер... + генез),

працэс хім. і фіз. ператварэння мінералаў і горных парод у верхніх частках зямной кары і на яе паверхні пад уздзеяннем атмасферы, гідрасферы і жывых арганізмаў пры т-рах, характэрных для паверхні Зямлі. Тэрмін увёў сав. вучоны А.​Я.​Ферсман (1922). У зоне гіпергенезу магутнасцю ад 1—2 м да 3—5 км пад уплывам фіз., хім. і біял. фактараў адбываюцца выветрыванне горных парод і разбурэнне асобных мінералаў, што ўтварыліся ў нетрах Зямлі, перанос рыхлых прадуктаў, акісленне, асадканамнажэнне і глебаўтварэнне.

Асаблівасць зоны гіпергенезу — вял. рухомасць хім. і біяхім. рэакцый у залежнасці ад фізіка-геагр. умоў асяроддзя (клімату, рэльефу, саставу парод, якія разбураюцца, і інш.), развіцця жыццёвых працэсаў, змены акіслення і аднаўлення, гідратацыі і дэгідратацыі, тэхн. дзейнасці чалавека і інш. Гіпергенез адбываецца пры невысокіх т-рах (ад 50 да -50 °C), адносна невял. ціску, наяўнасці свабоднага актыўнага кіслароду, вады і водных раствораў. У зоне гіпергенезу намнажаюцца гліністыя прадукты (кааліны, баксіты), тэрыгенныя адклады (россыпы золата, плаціны, волава і інш.), руды жалеза, марганцу, нікелю, кобальту, рэдкіх элементаў, вапнякі, кам. вугаль, солі і інш. (Гл. Гіпергенныя радовішчы).

На Беларусі вывучэнне гіпергенных працэсаў пачата К.І.Лукашовым у 1953.

В.​К.​Лукашоў.

т. 5, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСА́РА-АЛА́Й,

горная сістэма на Пд Сярэдняй Азіі, паміж Памірам і Ферганскай катлавінай, у Кіргізіі, Таджыкістане і Узбекістане. На Пд абмежавана Каршынскім стэпам, Таджыкскай дэпрэсіяй і Алайскай далінай. Працягласць з З на У каля 900 км, шыр. да 150 км. Яго зах. і сярэднюю часткі складаюць Туркестанскі, Зераўшанскі хр. і Гісарскі хрыбет, усх. ч. — Алайскі хр. з паўн. перадавымі ланцугамі. Пераважаюць выш. каля 5000 м, макс. выш. да 5621 м (пік Ігла). Гал. грабяні хрыбтоў маюць тыповы альпійскі рэльеф; пашыраны карст. У паўн. ланцугах Алтайскага і Туркестанскага хр. і інш. — плоскія выраўнаваныя паверхні. Развіты лёсавыя перадгор’і (адыры). Вечныя снягі і ледавікі (найб. ледавік Зераўшанскі даўж. 25 км у горным вузле Матча). Гісара-Алай — складкавае ўтварэнне герцынскага ўзросту, складзенае з асадкавых і метамарфічных парод з уключэннямі гранітаў, дыярытаў. З інтрузіямі звязаны радовішчы вальфраму, малібдэну, мыш’яку, золата, ртуці, сурмы; ёсць радовішчы вугалю. Асаблівасці клімату абумоўлены вышыннай пояснасцю і нераўнамерным размеркаваннем ападкаў. Рэкі адносяцца пераважна да бас. Зераўшана і Амудар’і. Азёры: Маргузор, Іскандэркуль і інш. Па схілах гор знізу ўверх паўпустыні пераходзяць, у сярэднягорную леса-лугава-стэпавую зону, вышэй — высакагорныя лугі і гляцыяльна-нівальная зона вечных снягоў, ледавікоў і скал. Запаведнікі: Заамінскі і Раміт.

т. 5, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРА́ФІЯ ГЛЕБ,

навука пра заканамернасці фарміравання і прасторавае размяшчэнне глеб і іх сувязь з геагр. асяроддзем. Цесна звязана з глебазнаўствам, геамарфалогіяй, кліматалогіяй, геабатанікай, ландшафтазнаўствам. Падзяляецца на агульную геаграфію глеб (вывучае глебаўтваральныя фактары і найб. агульныя законы геагр. заканамернасцей размеркавання глеб) і рэгіянальную геаграфію глеб (пытанні глебава-геагр. раянавання, картаграфавання і даследавання прасторавага размяшчэння глеб розных ч. зямной паверхні). Найб. агульныя заканамернасці геаграфіі глеб: гарызантальная занальнасць (змены глебавага покрыва на раўнінах у залежнасці ад колькасці цяпла і вільгаці); вышынная пояснасць (змены глеб у гарах); правінцыяльнасць (змены глеб пад уплывам змен клімату, тэктоніка-літалагічных умоў і інш.). Выкарыстоўвае метады даследавання: параўнальна-геагр., картаграфічны, статыстычны. Складае навук. аснову для ўліку зямельных рэсурсаў, распрацоўкі мерапрыемстваў па павышэнні ўрадлівасці і рацыянальным размяшчэнні с.-г. вытв-сці. Узнікла геаграфія глеб у канцы 19 ст. ў выніку навук. прац В.В.Дакучаева, які стварыў вучэнне аб фактарах глебаўтварэння, гарыз. і верт. занальнасці.

На Беларусі глебы вывучаліся ў 18 і 19 ст. У 1923 праведзены рэкагнасцыровачныя даследаванні глеб, у 1949 складзены іх першыя зводныя карты (маштаб 1:1 200 000). Найб. пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Каардынацыйны цэнтр па вывучэнні глеб — НДІ глебазнаўства і аграхіміі Беларусі.

т. 5, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМАТАЛО́ГІЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ,

галіна навукі, якая вывучае ўплыў клімату і надвор’я на арганізм чалавека і метады выкарыстання іх у лек. і прафілакт. мэтах; аснова клімататэрапіі і курарталогіі. Вывучае фіз. і хім. паходжанне гідраметэаралагічных і ландшафтных раздражняльнікаў, характар і механізмы фізіял. і паталаг. працэсаў у арганізме чалавека ў розных кліматах, геагр. пашырэнне хвароб (гл. Геаграфія медыцынская).

Першыя звесткі па К.м. у працах Гіпакрата, Галена. Навук. асновы заклалі Парацэльс, англ. вучоны Т.​Сідэнхем. У сярэдзіне 19 ст. выдадзены спец. працы па К.м. (франц. вучоны Г.​Ламбар і інш.). У Расіі ў 1893 А.​І.​Ваейкаў абагульніў тагачасныя дасягненні па К.м. у працы «Даследаванне кліматаў з мэтамі кліматычнага лячэння і гігіены».

На Беларусі даследаванні па К.м. пачаў А.​Меер у 2-й пал. 18 ст. Мінскае т-ва ўрачоў у пач. 20 ст. даследавала стан насельніцтва Беларусі ў залежнасці ад пражывання ў розных прыродных, у т. л. кліматычных, умовах. Навук. даследаванні па К.м. вядуцца ў НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі Мін-ва аховы здароўя Беларусі і інш. Вывучаюцца кліматычныя і прыродныя фактары, механізмы ўздзеяння іх на жыццёвую ёмістасць лёгкіх, работу сардэчна-сасудзістай сістэмы, сілу і рухомасць нерв. працэсаў, тэрмарэгуляцыйныя механізмы, скуру і г.д.

т. 8, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАРТАЛО́ГІЯ,

медыцынская дысцыпліна, якая вывучае лячэбныя якасці прыродных фактараў: клімату, мінер. вод, лячэбных гразей і іх уздзеянне на арганізм чалавека. Уключае бальнеалогію і бальнеатэрапію, мед. кліматалогію, пелаялогію і пелоідатэрапію (гразелячэнне), таласатэрапію і інш.

Звесткі пра лекавыя якасці прэснай і мінер. вады сустракаюцца ў працах Герадота і Гіпакрата (5—4 ст. да н.э.). У 16—18 ст. прыродна-кліматычныя фактары для аздараўлення арганізма апісвалі вучоныя і ўрачы Італіі, Германіі, Расіі, Вялікабрытаніі і інш. У 19 — пач. 20 ст. ствараліся т-вы, якія вывучалі лячэбныя якасці курортных фактараў.

На Беларусі даследаванні па К. вядуцца ў Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (з 1924) і інш. Выяўлены крыніцы мінер. вод, вызначаны іх хім. састаў, фізіка-хім. ўласцівасці і лек. эфектыўнасць. Даследаваны радовішчы сапрапелевых і тарфяных гразей, выяўлены іх лек. ўплыў на абмен рэчываў, сардэчна-сасудзістую сістэму. Вывучана станоўчае ўздзеянне лек. уласцівасцей мікракліматычных комплексаў на газаабмен лёгкіх, работу сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм, тэрмарэгулявальныя механізмы, скурнае покрыва. Распрацаваны паказанні і проціпаказанні для выкарыстання лячэбных гразей, мінер. вод і кліматычных фактараў і інш.

Літ.:

Шалькевич Б.В., Хасин Л.Х. Курорты и места отдыха Белоруссии. Мн., 1984.

т. 9, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭАРАЛАГІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

прылады, якія служаць для рэгістрацыі і вымярэння разнастайных метэаралагічных элементаў. Існуюць М.п. з візуальным адлікам і з аўтам. рэгістрацыяй адпаведных метэаралагічных элементаў (самапісцы), таксама дыстанцыйныя М.п., у т. л. размешчаныя на метэаралагічных спадарожніках. Для даследавання свабоднай атмасферы (за межамі прыземнага слоя паветра) выкарыстоўваюцца дыстанцыйныя аэралагічныя прылады — радыёзонды, метэарографы і інш. М.п. выкарыстоўваюць таксама для вызначэння клімату памяшканняў, напр., у музеях, дзе істотнае значэнне мае т-ра і вільготнасць паветра. Т-ру паветра і глебы вымяраюць метэаралагічнымі тэрмометрамі розных тыпаў і тэрмографамі. Вільготнасць паветра вызначаюць псіхрометрамі, гігрометрамі, гігрографамі. Колькасць і інтэнсіўнасць атм. ападкаў вымяраюць дажджамерамі, або ападкамерамі, і плювіёграфамі. Вышыню снегавога покрыва звычайна вымяраюць з дапамогай пастаянных і пераносных снегамерных рэек, запасы вады ў ім — аб’ёмнымі і вагавымі снегамерамі. Для вызначэння атм. ціску выкарыстоўваюць рознага тыпу барометры і барографы. Самае простае прыстасаванне для вызначэння напрамку і скорасці ветру — флюгер. Больш дасканалыя вынікі даюць анемометры, анемарумбамеры, анемарумбографы. Шэраг прылад прызначаны для вымярэння прамой і рассеянай сонечнай радыяцыі, выпрамянення зямной паверхні і атмасферы (актынометры, альбедаметры, балансамеры, піранометры, піргеліёметры і інш.), працягласць сонечнага ззяння рэгіструецца геліёграфамі. Існуюць М.п., якія вызначаюць выпарэнне (выпаральнікі), колькасць расы (расографы) і інш. характарыстыкі.

Г.​Г.​Камлюк.

т. 10, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЕ ПЕРАДЛЕДАВІКО́ЎЕ, добрушскае перадледавікоўе,

частка антрапагенавага перыяду перад наступленнем нараўскага зледзянення на тэр. Беларусі. Вылучана (Н.​А.​Махнач; 1971) як найб. стараж. ч. антрапагену працягласцю каля 400 тыс. гадоў. Паводле апошніх даследаванняў, брэсцкае перадледавікоўе адносіцца да 2-й пал. эаплейстацэну (каля 800—1200 тыс. гадоў назад) і адпавядае брэсцкаму надгарызонту (магутнасць да 20—30 м, залягае на глыб. 10—170 м). Паверхня тэр. Беларусі была выраўнаваная, найб. узвышаная на ПнУ. Рэкі цяклі на Пд і З. Адклады з глін, алеўрытаў з праслоямі пяскоў і торфу намнажаліся ў азёрах, шматлікіх на Пд і ПнЗ, у балотах і далінах рэк. Клімату былі ўласцівы значныя і частыя ваганні з паступовым пахаладаннем. Вылучаюцца 2 працяглыя халодныя перыяды (апошні больш суровы; у раслінным покрыве пераважалі разрэджаныя хваёва-бярозавыя лясы), падзеленыя менш працяглым цёплым часам, з кліматам і расліннасцю, блізкімі да сучасных. Паводле асаблівасцяў адкладаў і выкапнёвых рэшткаў раслін ўстаноўлена, што брэсцкае перадледавікоўе адпавядае частцы ніжняга плейстацэну Польшчы і Германіі, верхняму апшэрону і яго аналагам на тэр. Усх.-Еўрап. раўніны, а таксама менапу, бавелу і ніжняй ч. кромеру Нідэрландаў.

Літ.:

Махнач Н.А. Этапы развития растительности Белоруссии в антропогене. Мн., 1971;

Якубовская Т.В., Назаров В.И. Стратиграфическая схема отложений эоплейстоцена Беларуси // Докл. АН Беларуси. 1993. Т. 37, № 4.

Т.​В.​Якубоўская.

т. 3, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАСТРО́ФА экалагічная,

поўнае парушэнне экалагічнай раўнавагі ў прыродных жывых сістэмах. Узнікаюць ад прамога ці ўскоснага ўздзеяння прыродных фактараў або чалавека. Бываюць глабальныя, лакальныя, агульныя, частковыя.

Прыродныя фактары ўздзеяння, якія могуць абумоўліваць К. рознага маштабу: астр. (змены сонечнага выпрамянення, скорасці вярчэння Зямлі, нахілу яе восі да плоскасці арбіты), геафіз. (рухомасць мацерыкоў, гораўтварэнне, вулканізм, абледзяненні), метэаралагічныя (змены саставу і т-ры атмасферы, працяглыя засухі і паводкі, ураганы). Прыклады глабальных К.: змены клімату ў канцы каменнавугальнага перыяду палеазою (каля 290 млн. г. назад), што прывяло да вымірання гіганцкіх папарацепадобных і знікнення трапічных лясоў у высокіх шыротах (архіпелаг Зямля Франца-Іосіфа, а-вы Грэнландыя, Шпіцберген), і ў мезазойскую эру (каля 230—70 млн. г. назад), калі пры пераразмеркаванні сушы і мора («альпійская» стадыя гораўтварэння) голанасенныя расліны змяніліся пакрытанасеннымі, вымерлі дыназаўры. Прыклад К. меншага маштабу — абледзяненні антрапагеннага перыяду ў кайназоі (каля 2 млн. г. назад). Да К. можа прывесці і дзейнасць чалавека (узнікненне ў старажытнасці пустынь у Міжземнамор’і і Б. Усходзе ў выніку знішчэння лясоў). Прыклад лакальнай К. — вывяржэнне вулкана Кракатау (1883), у выніку якога загінулі мясц. флора, фауна і 36,5 тыс. чалавек. Антрапагенныя К. — выпрабаванні атамнай зброі, высыханне Аральскага м. і інш.

На Беларусі да глабальнай адносяць К. на Чарнобыльскай АЭС (1986). Лакальныя К. — нерацыянальная меліярацыя ў асобных раёнах, засаленне тэрыторыі вакол Салігорскага калійнага камбіната, забруджванне рэк і азёр.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 8, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЬНЫ АБМЕ́Н,

сукупнасць працэсаў ужывання, усмоктвання, размеркавання і выдзялення неарганічных рэчываў з арганізма жывёл і чалавека. Разам з водным абменам М.а. забяспечвае пастаянства асматычнай канцэнтрацыі, іоннага складу, кіслотна-шчолачнай раўнавагі, аб’ёму вадкасцей унутр. асяроддзя арганізма (гл. Гамеастаз). Характар фіз.-хім. працэсаў у тканках вызначаюць іоны (Na​+, K​+, Ca​2+, Mg​2+, Cl​, SO42−, HCO3 і інш.) і мікраэлементы. Пазаклетачная вадкасць мае шмат Na​+, Ca​2+, Cl​, унутрыклетачная — K​+, Mg​2+, фасфаты. Іонная асіметрыя забяспечваецца дзейнасцю плазматычных мембран, звязваннем некат. іонаў хім. кампанентамі клетак, назапашваннем у органах (напр., у касцявой тканцы дэпаніруецца Ca​2+, Mg​2+, Sr​2+). У млекакормячых жывёл і чалавека солі выводзяцца праз кішэчнік і ныркі (экскрэцыя ўзмацняецца пры іх лішку і памяншаецца пры недахопе). Сутачная патрэба чалавека ў асобных хім. элементах залежыць ад узросту, полу, клімату, роду дзейнасці, рацыёну харчавання. Канцэнтрацыя асобных іонаў падтрымліваецца спец. сістэмамі рэгуляцыі (напр., Na​+ і K​+ — гармонамі кары наднырачнікаў, Ca​2+ — гармонамі шчытападобнай і каляшчытападобнай залоз) і каардынуецца ц. н. с. Парушэнне М.а. прыводзіць да паталаг. з’яў (напр., павышэнне канцэнтрацыі K​+ у плазме крыві парушае сардэчную дзейнасць, паніжэнне — выклікае мышачную слабасць, парушэнне функцый нырак і страўнікава-кішачнага тракту).

Літ.:

Гинецинский А.Г. Физиологические механизмы водно-солевого равновесия. М.; Л., 1963;

Кравчинский Б.Д. Физиология водно-солевого обмена жидкостей тела. Л., 1963.

С.​С.​Ермакова.

т. 10, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)