ВАГА́ННІ КЛІ́МАТУ,

рытмічныя змяненні клімату на працягу невял. адрэзкаў часу (не менш як 10 гадоў) у рамках пэўнага клімату дадзенай мясцовасці. Выражаюцца ў змене цёплых перыядаў больш халоднымі або сухіх вільготнымі. Ваганні клімату звязваюць са змяненнямі сонечнай актыўнасці (11- і 80-гадовыя цыклы), скорасці вярчэння Зямлі (250-гадовыя), сілы прыліваў (каля 1700-гадовы цыкл) і інш. У геал. мінулым, верагодна, былі больш глыбокімі і працяглымі. Найб. вывучаны ў гіст. час і сучасныя, за апошнія 150—200 гадоў. На пачатку н.э. клімат Еўропы быў падобны на сучасны, у 11—13 ст. значна цяплейшы (у Грэнландыі пашырылася жывёлагадоўля). Моцнае пахаладанне ў 15—16 ст. наз. малым ледавіковым перыядам. У 17 ст. адбылося пацяпленне, потым да сярэдзіны 19 ст. клімат зноў быў халодны і вільготны, пасля чаго настала сучаснае пацяпленне (вынік супадзення 80- і 250-гадовых цыклаў).

т. 3, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛІЯРА́ЦЫЯ КЛІ́МАТУ, паляпшэнне клімату,

комплекс мерапрыемстваў з мэтай змены клімату ў патрэбным чалавеку кірунку (паляпшэння ўмоў жыцця насельніцтва, развіцця асобных галін сельскай гаспадаркі і інш.). Пры сучасным узроўні развіцця навукі і тэхнікі М.к. можа праводзіцца на невял. тэрыторыях і пераважна ў каляземным слоі паветра. Непасрэдна М.к. робяць рэдка, амаль заўсёды яна з’яўляецца ўскосным вынікам меліярацыі. Магчыма ўздзеянне на скорасць ветру, т-ру і вільготнасць паветра і глебы, аэрацыю глебы, вышыню і шчыльнасць снегавога покрыва і інш. Для барацьбы з замаразкамі і павелічэння вегетац. перыяду ўжываецца дымленне, арашэнне, штучны абагрэў, зачарненне снегавога покрыва. Асушэнне і арашэнне паляпшае водна-паветраны і цеплавы рэжым глебы і каляземнага слоя паветра. Лясныя палосы і насаджэнні садзейнічаюць памяншэнню скорасці ветру, больш раўнамернаму размеркаванню снегу, павелічэнню вільготнасці і т-ры паветра. У буйных гарадах шкодны ўплыў клімату горада памяншаецца стварэннем рацыянальнай сістэмы забудовы і правядзеннем азелянення і інш.

т. 10, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАГЕ́ННЫЯ ЗМЕ́НЫ КЛІ́МАТУ,

змены кліматычных умоў пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека, адзін з відаў і вынікаў антрапагеннага ўздзеяння на прыроду. Памяншэнне лясістасці і павелічэнне разаранасці, меліярацыя, гідратэхн. збудаванні, рост гарадоў і дарожнай сеткі адбіваюцца на мікраклімаце і мезаклімаце (мясц. клімаце). Глабальныя змены клімату звязваюць з праяўленнем парніковага эфекту ў атмасферы, які вядзе да пацяплення. Павелічэнне прамысл. выкідаў у атмасферу выклікае зніжэнне прытоку сонечнай радыяцыі да зямной паверхні і пахаладанне клімату, што ў значнай ступені зніжае магчымасць парніковага эфекту. Т-ра паветра Зямлі за апошняе стагоддзе павялічылася на 0,5—0,6 °C. Мяркуюць, што змены клімату найб. значныя ў зімовы перыяд; пацяпленне клімату да 2015 складзе 1 °C. На Беларусі антрапагенныя змены клімату выяўляюцца пераважна ў мясц. клімаце (за апошнія 30 гадоў сярэдняя т-ра зімовых месяцаў павялічылася на 0,4 °C) і мікраклімаце меліяраваных зямель і ў гарадах. На асушаных балотах мінім. т-ра паветра на 3—5 °C ніжэй, чым на сухадолах, што павялічвае інтэнсіўнасць замаразкаў, скарачае вегетац. перыяд. У Мінску сярэднямесячная т-ра паветра на працягу большай часткі года павышаецца з-за гасп. дзейнасці на 0,2—0,6 °C, утварэнне ўстойлівага снегавога покрыва затрымліваецца на 3—4 дні і на некалькі дзён раней яно сыходзіць, памяншаецца абсалютная вільготнасць і павялічваецца колькасць сухіх дзён і ападкаў і інш. У сувязі з ростам уздзеяння чалавека на прыроду антрапагенныя змены клімату набываюць глабальны характар.

У.​Ф.​Логінаў.

т. 1, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

клі́мат

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз.
Н. клі́мат
Р. клі́мату
Д. клі́мату
В. клі́мат
Т. клі́матам
М. клі́маце

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

бі́знес-клі́мат

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз.
Н. бі́знес-клі́мат
Р. бі́знес-клі́мату
Д. бі́знес-клі́мату
В. бі́знес-клі́мат
Т. бі́знес-клі́матам
М. бі́знес-клі́маце

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

стэп, -у, мн. -ы, -аў, м.

Бязлесная роўная прастора ў зоне сухога клімату з травяністай расліннасцю.

|| прым. стэ́павы, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

акліматызава́цца, -зу́юся, -зу́ешся, -зу́ецца; -зу́йся; зак. і незак.

Прыстасавацца (прыстасоўвацца) да новага асяроддзя, новага клімату.

|| наз. акліматыза́цыя, -і, ж.

|| прым. акліматызацы́йны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

кантынента́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць кантынентальнага. Кантынентальнасць клімату.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акліматызава́ць, -зу́ю, -зу́еш, -зу́е; -зу́й; -зава́ны; зак. і незак., каго-што.

Прыстасаваць (прыстасоўваць) да новага асяроддзя, новага клімату.

|| наз. акліматыза́цыя, -і, ж.

|| прым. акліматызацы́йны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

кліматы́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да клімату. Кліматычныя ўмовы. Кліматычныя паясы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)