ПЕ́ЛЬТЦЭР (Таццяна Іванаўна) (6.6.1904, Масква — 16.7.1992),
расійская актрыса. Нар.арт.СССР (1972). На сцэне з 1920. З 1925 працавала ў маскоўскіх т-рах імя Массавета, з 1940 Мініяцюр, з 1947 Сатыры, з 1977 ў т-ры «Ленком». Творчасці ўласціва вострая камедыйнасць з надзвычайнай дакладнасцю сцэн. малюнка, схільнасць да буйнаакрэсленага характару; выкарыстанне гратэскавых прыёмаў спалучалася ў актрысы з псіхал. дакладнасцю, шчырасцю і душэўнасцю выканання. Сярод роляў: Каурава («Снеданне ў прадвадзіцеля» І.Тургенева), Манефа, Кукушкіна («На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Даходнае месца» А.Астроўскага), нянька Гінес («Дом, дзе разбіваюцца сэрцы» Б.Шоу), Марселіна («Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ), Матухна Кураж («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта) і інш. Здымалася ў кіно: «Вяселле з пасагам», «Салдат Іван Броўкін», «Вам і не снілася», «Каранцін», «Формула кахання». Дзярж. прэмія СССР 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНІЁНІ ((Antonioni) Мікеланджэла) (н. 29.9.1912, г. Ферара, Італія),
італьянскі кінарэжысёр. Скончыў Вышэйшую школу эканомікі і камерцыі ў Балонні. Асн. тэма творчасці — даследаванне ўнутр. свету чалавека, які адчувае сваю ізаляванасць, пакінутасць, адзіноту і боязь жыцця. У пасляваен. эпоху паказаў раз’яднанасць людзей, іх трагічную «некамунікабельнасць». Героі яго стужак пакутліва перажываюць сваю ўнутраную самоту: «Хроніка аднаго кахання» (1950), «Пераможаныя» (1952), «Дама без камелій» (1953), «Сяброўкі» (1955). Своеасаблівы цыкл складаюць фільмы 1960-х г., у якіх паказаны разрыў кантакту герояў з рэальнасцю, унутраны крызіс: «Крык» (у сав. пракаце «Адчай»), «Ноч», «Зацьменне», «Чырвоная пустыня». Майстэрскае выкарыстанне натуральных шумаў, паўз, сімвалічных дэталяў робіць фільмы Антаніёні гукапластычным відовішчам. У інш. краінах зняў фільмы: «Фотапавелічэнне» (Англія, 1967), «Забрыскі Пойнт» (ЗША, 1970), «Прафесія: рэпарцёр» (Алжыр, 1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РСКІ (Антон Іванавіч) (н. 14.1.1936, в. Лугавая Капыльскага р-на Мінскай вобл.),
бел. фалькларыст. Канд.філал.н. (1978). Скончыў Мінскі пед.Ін-т (1959). З 1959 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі. Даследуе фалькл. жанры (загадкі, песні, паданні, легенды). Аўтар кніг «Зімовая паэзія беларусаў» (1980), «З любоўю да народа» (1989), «Тайны народнай песні» (1994), раздзелаў у кнігах «Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць» (1967), «Праблемы сучаснага беларускага фальклору» (1969), «Беларуская фалькларыстыка» (1980). Складальнік тамоў збору «Беларуская народная творчасць»: «Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі» (1975), «Загадкі» (1972) і «Легенды і паданні» (1983, абедзве з М.Грынблатам), «Земляробчы каляндар» (1990), зб-каў фальклору «Дрэва кахання» (1980), «Сакрэт шчасця» (1986), «Бяздоннае багацце» (1990), «Самае галоўнае» (1992), «Музыка-чарадзей» (1995), «Не сілай, а розумам» (1997) і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІСА́РАВА (Марыя Іванаўна) (17.8.1904, с. Андрэеўскае Сусанінскага р-на Кастрамской вобл., Расія — 5.5.1988),
расійская паэтэса і перакладчыца. Скончыла Ленінградскі пед.ін-т (1930). Аўтар зб-каў вершаў «Першазімак» (1928), «Пераправа» (1932), «Самае дарагое» (1962), «Дарога да сяброў» (1968), «Чаканне сустрэчы» (1973), паэмы «Ліза Чайкіна» (1955), у якіх апяванне чалавека працы, клопат аб прыродзе, тэма кахання. Уражанні ад паездак на Беларусь у вершах «Беларусі», «Купалава крыніца», «Твая зямля», «Янку Купалу» і інш. На рус. мову перакладала творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Цёткі, П.Броўкі, П.Глебкі, А.Куляшова, П.Панчанкі, М.Танка, Э.Агняцвет, К.Буйло, А.Звонака. На бел. мову асобныя яе вершы пераклалі С.Грахоўскі, М.Калачынскі, П.Макаль, К.Цвірка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́З (Уладзімір Вікенцьевіч) (н. 11.6.1953, г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. паэт, кінадраматург. Скончыў БПІ (1975), Літ.ін-т імя Горкага (1983). Працаваў у ін-це «Мінскпраект», з 1988 на кінастудыі «Летапіс» «Беларусьфільма». З 1998 у час. «Бярозка». Друкуецца з 1978. У зб-ках «Голас», «Рэй» (абодва 1993) лірычны роздум пра бел. шлях, любоў да роднага краю, тэма кахання. Аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў пра гісторыю і культуру Беларусі «Кірыла Тураўскі» (1990), «Іван Насовіч» (1991), «Леў Сапега, канцлер», «Рэха збройнага чыну» (абодва 1992), «Браты Ермаловічы», «Успамін пра Міколу Равенскага» (абодва 1993, за апошні Дзярж. прэмія Беларусі 1994), «За брамай забытых мелодый», «Крыж ля дарогі» (абодва 1994), «Сымон Будны. Паэма» (1995), «Крэва» (1996), «Зорка Афанасія» (1997), «Згадкі страчанага раю» (1998) і інш. Адзін з укладальнікаў і аўтараў кн. «Памяць. Івацэвіцкі раён» (1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСТРА́ЛЬ (Mistral) Габрыэла [сапр.Гадой Алькаяга
(Godoy Alcayaga) Лусіла; 7.4.1889, г. Вікунья, Чылі — 10.1.1957], чылійская паэтэса, дыпламат. Друкавалася з 1903. Першы паэт.зб. «Санеты смерці» (1914). У зб-ках вершаў «Адчай» (1922),
«Пяшчота» (1924), «Высечка лесу» (1938), «Давільня» (1954) тэмы кахання і смерці, чалавека і Бога, дзіцяці і мацярынства, сац. няроўнасці. Яе паэзія адметная экспрэсіўнасцю, псіхалагізмам, насычана біблейскімі і індаамер. фалькл. матывамі. На бел. мову асобныя вершы М. пераклаў Р.Барадулін. Нобелеўская прэмія 1945.
Тв.:
Бел.пер. — Ветраліст. Мн., 1984;
У кн.: Кахаць — гэта значыць...: Старонкі з паэзіі свету. Мн., 1986;
Рус.пер. — Стихи. М., 1959;
Лирика. М., 1963;
У кн.: Поэты Чили. М., 1972.
Літ.:
Алегрия Ф. Горизонты реализма: Пер. с исп. М., 1974;
Мамонтов С.П. Испаноязычная литература стран Латинской Америки XX в. 2 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАВА (дзявочае Яніш) Караліна Карлаўна
(22.7.1807, г. Яраслаўль, Расія — 14.12.1893),
руская паэтэса, перакладчыца. Жонка М.П.Паўлава. Першы зб. «Паўночнае ззянне» (1833, на ням. мове). Раман у вершах і прозе «Двайное жыццё» (1848) пра выхаванне ў свецкіх колах. У паэт. цыкле «Фантасмагорыі», «уцінскім цыкле», зб. «Вершы» (1863) і інш. тэмы кахання, незразумелага грамадствам паэта, пошукі арыгінальных рыфм. Аўтар «апавяданняў у вершах» «Размова ў Трыяноне» (1848, забаронена; апубл. 1861, Лондан), «Размова ў Крамлі» (1854), паэмы «Кадрыль» (1859), апавяданняў, п’ес, успамінаў, перакладаў на ням. мову твораў В.Жукоўскага, А.Пушкіна, А.Талстога і інш. Была знаёмая з А.Міцкевічам, які 10.11.1827 прапанаваў ёй шлюб і атрымаў згоду (заручыны разладзіліся). З імем Міцкевіча звязана некалькі вершаў П. 1840-х г. («10 лістапада 1840 г.», «На 10 лістапада», і інш.). Міцкевіч таксама прысвячаў П. вершы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЬТЭР ФОН ДЭР ФО́ГЕЛЬВАЙДЭ (Walther von der Vogelweide; каля 1170 — каля 1230),
нямецкі і аўстрыйскі паэт-мінезінгер. Паводле розных версій, нарадзіўся або ў Ціролі (Аўстрыя), або ў Швейцарыі, або ў Сярэдняй Германіі. Вёў жыццё вандроўнага паэта, жыў пры дварах Філіпа Швабскага, Германа Цюрынгскага, Фрыдрыха II. Пісаў лірычныя песні (у асн. пра каханне, часта з маральна-дыдактычным адценнем) і шпрухі — песні-павучанні. Насуперак традыцыі меланхалічнага мінезангу, што панавала пры Венскім двары, апяваў радасці жыцця і кахання, сцвярджаў права чалавека на зямное шчасце. Пераадольваючы схематызм мінезангу, узбагаціў яго каларытнымі жывапіснымі дэталямі і новымі матывамі (гал. гераіня верша «Каханая, хай Бог...» не высакародная дама, а простая дзяўчына са шчырым сэрцам). Упершыню ўвёў у куртуазную паэзію нар. песенныя структуры («У гаі, пад ліпкай...» — славутая песня з вясёлым нар. рэфрэнам «тандарадай» і інш.). Яго песні адметныя прастадушнасцю, дэмакратычнасцю, шчырасцю інтанацыі і вытанчанасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАВІКО́ВА (Раіса Андрэеўна) (н. 11.5.1947, в. Пешкі Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. паэтэса. Скончыла Літ.ін-т імя Горкага ў Маскве (1971). Працавала на кінастудыі «Беларусьфільм», у рэдакцыях рэсп. газет, з 1991 у час. «Алеся». Друкуецца з 1960. У зб-ках паэзіі «Рамонкавы бераг» (1974), «Слухаю сэрца» (1978), «Такое кароткае лета» (1981), «Адгукнуся голасам жалейкі» (1984), «Каханне» (1987, Літ. прэмія імя А.Куляшова 1988), «Пад небам першага спаткання» (1990), «Люстэрка для самотнай» (1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1993) дамінуе тэма кахання, прага высокага духоўнага ідэалу, роздум пра час, абавязак перад сваім народам, долю жанчыны, пошук чалавечага шчасця. Эпізоды бел. гісторыі адлюстраваны ў вострасюжэтнай драм. паэме «Барбара Радзівіл» (1992). Аповесць «Кватарантка» (1980) пра моладзь, пошукі свайго месца ў жыцці. Аўтар кн. казак і апавяданняў для дзяцей, п’ес «Барбара Радзівіл» (паст. 1994 т-рам-лабараторыяй бел. драматургіі «Вольная сцэна»), «Пятля часу» (1996).