працэс водаабмену паміж раслінамі і навакольным асяроддзем, неабходны для падтрымання іх жыццядзейнасці; частка агульнага абмену рэчываў. Вызначаецца і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з генетычна замацаванымі асаблівасцямі ўнутр. будовы і функцыямі раслін (анатама-марфал. структура, відавая і сартавая спецыфіка фізіял. функцый) і знешнімі экалагічнымі ўмовамі (вільготнасць і т-ра глебы і паветра, рэльеф, уласцівасці глебы і інш.). Складаецца з паслядоўных і цесна звязаных працэсаў паступлення вады ў карані раслін з глебы, падымання яе па каранях і сцёблах у лісце і інш. органы, выпарэння лішняй вады лісцем у атмасферу (транспірацыі). Паступленне, перамяшчэнне і выпарэнне вады ў раслінным арганізме складаюць яго водны баланс (суадносіны паміж колькасцю вады, якую расліна атрымлівае і якую траціць за адзін прамежак часу). У розныя гадзіны сутак, а таксама перыяды вегетацыі гэтыя суадносіны неаднолькавыя. Нястача і лішак вады адмоўна адбіваюцца на росце і развіцці раслін. Нармальны стан вышэйшых раслін характарызуецца наяўнасцю невял. воднага дэфіцыту (5—6% ад поўнай вільгаценасычанасці клетак), якому адпавядае найб. высокая інтэнсіўнасць фотасінтэзу. Паводле ўмоў увільгатнення (напр., воднага рэжыму глебы) і прыстасаванняў да яго вылучаюць экалагічныя групы раслін: гідрафіты, гіграфіты, мезафіты, ксерафіты, сукуленты. Водны рэжым раслін уплывае на біял. прадукцыйнасць, колькасць і якасць ураджаю с.-г. раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЕ́ЦКАЯ ШКО́ЛА (іанійская),
старажытнагрэчаская філасофская школа ў 6 ст. да н.э. ў г. Мілет. Аб’ядноўвала прыродазнаўцаў і філосафаў на падставе агульнай прыхільнасці да навук-філас. традыцыі. Існавала да 494 г. да н.э., калі г. Мілет разбураны персамі. У яе ўваходзілі Фалес, Анаксімандр, Анаксімен, вучоны-географ і гісторык Гекатэй Мілецкі. Прадстаўнікі школы прытрымліваліся матэрыяліст. поглядаў на свет і былі стыхійнымі дыялектыкамі. Яны лічылі, напр., што ў аснове бясконцага мноства прыродных з’яў знаходзіцца нешта матэрыяльнае — вада, паветра і г.д., а свет рэчаў рухаецца і змяняецца. Дзякуючы вывучэнню прыроды і ўвядзенню ва ўжытак гэтага паняцця зроблена спроба адмежавання навукі ад міфа. Вучоныя М.ш. зрабілі цікавыя адкрыцці ў галіне матэматыкі, геаграфіі, астраноміі, метэаралогіі і ў той жа час займаліся касмаграфіяй і касмалогіяй, не адмаўляючыся ад традыц. міфалагічных структур. Міфалагічныя карані можна знайсці ў параўнанні поглядаў прадстаўнікоў М.ш. на касмалагічны пачатак і касмалагічную перыферыю з поглядамі больш стараж. перыяду, калі гэтыя аб’екты думкі атаясамліваліся, а таксама ў супастаўленні разумення працэсаў касмалагічнай, геал. і біял. эвалюцыі. Аднак, нягледзячы на існаванне некат. агульных падыходаў, касмалогія М.ш. не мае адзінай сістэмы поглядаў і стылю. Ідэі М.ш. і яе традыцыі зрабілі значны ўплыў на развіццё стараж.-грэч. філасофіі (Геракліт, Піфагор і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСКУ́РЫН (Пётр Лукіч) (22.1.1928, пас. Косіцы Сеўскага р-на Бранскай вобл., Расія—26.10.2001),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1988). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1964). Друкаваўся з 1958. Першая кніга — зб.апавяд. «Таежная песня» (1960). У філас. трылогіі «Лёс» (1972, Дзярж. прэмія Расіі, 1974; паводле рамана кінадылогія «Каханне зямное», 1974, і «Лёс», 1977), «Імя тваё» (1977), «Адрачэнне» (кн. 1—2, 1989—90) лёс рус. народа на трагічных пераломах гісторыі, непадзельнасць лёсу асобнага чалавека з лёсам краіны. Раман «Камень сердалік» (1968) і аповесць «Чорныя птушкі» (1981) пра творчую інтэлігенцыю. Падзеі Вял.Айч. вайны ў раманах «Глыбокія раны» (1960), «Зыход» (1966). Раманы «Карані агаляюцца ў буру» (1961), «Горкія травы» (1964) пра пасляваен. жыццё. Аўтар рамана «Сёмая варта» (1995), зб-каў аповесцей і апавяд. «Цана хлеба» (1961), «Каханне чалавечае» (1965), «Шостая ноч» (1970), вершаў, кінасцэнарыяў і інш. Прозе П. ўласцівы псіхалагізм, драматызм сітуацый, маштабнасць ахопу падзей. Раманы «Горкія травы», «Імя тваё» інсцэніраваны. Дзярж. прэмія СССР 1979.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—5. М., 1981—83;
Порог любви: Повесть встреч и дорог. М., 1987;
Лики земли. М., 1990.
Літ.:
Шагалов А. Петр Проскурин. М., 1979;
Чалмаев В. Сотворение судьбы: Творческий путь П.Проскурина. М., 1983;
Майданюк П., Ольвовский П. Жанр романа в творчестве П.Проскурина и В.Шукшина. Ташкент, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕРАЗАПАДО́БНЫЯ (Lycopodiophyta),
аддзел вышэйшых споравых раслін. Найб. прымітыўная і стараж. з вышэйшых раслін сістэм. група. Вышэйшага развіцця дасягнулі ў кам.-вуг. перыядзе. Уключаюць 2 класы: дзеразовыя (Lycopodiopsida) і палушнікавыя (Isoetopsida), 8 родаў і каля 1300 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ў трапічных і субтрапічных лясах. На Беларусі 7 відаў з родаў баранец, дзераза, дзярэзка, дыфазіястр і палушнік. Растуць у яловых, хваёвых, радзей у мяшаных і лісцевых лясах, на балотах, у азёрах. Баранец звычайны, дзярэзка заліўная, палушнік азёрны занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Сучасныя Дз. — раўна- (дзярэзы і інш.) і разнаспоравыя (селягінелы, палушнікі) шматгадовазялёныя травяністыя расліны, рэдка паўкусты (сярод выкапнёвых Дз. былі і дрэвы — лепідадэндраны і сігілярыі) з чаргаваннем пакаленняў — спарафіту (бясполае) і гаметафіту (палавое). Спарафіт мае дадатковыя карані, сцяблы і лісце (філоіды). Лісце вузкае, дробнае, простае, сядзячае, чаргаванае або супраціўнае, размешчанае па спіралі. зрэдку сабранае ў кальчакі. Размнажаюцца Дз. спорамі. Са споры развіваецца гаметафіт (зарастак) — падземны або надземны, зялёны або бясколерны сапратрофны, утвараюцца мужч. і жан. гаметангіі — антэрыдый і архегоній. Потым адбываецца палавы працэс, у выніку якога фарміруецца спарафіт. Лек., фарбавальныя (даюць жоўтую і зялёную фарбы) і дэкар. расліны; некат віды ядавітыя.
Літ.:
Бобров АЕ. Отдел, 1. Lycopodiophyta — Плаунообразные // Флора европейской части СССР. Л., 1974. Т. 1;
Филин В.Р. Отдел Плауновидные (Lycopodiophyta) // Жизнь растений. М., 1978. Т. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАШКЕ́ВІЧ (Іосіф Антонавіч) (1815—15.5.1875),
дыпламат, вучоны-мовазнавец, даследчык Д. Усходу, натураліст. Дзяцінства правёў у Якімавай слабадзе Рэчыцкага пав. Мінскай губ. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, Пецярбургскую духоўную акадэмію (1839). У 1839—49 у складзе Рускай духоўнай місіі ў Пекіне. Вывучаў кіт., кар., яп., маньчжурскую, англ., ням., франц., лац., грэч., яўр. і інш. мовы, даследаваў культуру і філасофію Кітая і Японіі. У 1852—55 як перакладчык суправаджаў на фрэгаце «Палада» (з рус. пісьменнікам І.А.Ганчаровым) дыпламат. місію адмірала Я.В.Пуцяціна ў Японію. З удзелам Гашкевіча заключаны рус.-яп. дагавор 1855. У 1858—65 першы рас. консул у Японіі. Першы іншаземец, якому было дазволена выехаць за межы яп. сталіцы і зрабіць падарожжа па краіне. У 1861 сустракаўся ў Хакадатэ з М.А.Бакуніным. З 1867 у адстаўцы, жыў у маёнтку Малі (цяпер Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.). Выдадзены ім першы ў Расіі «Японска-рускі слоўнік» (1857; разам з Тацібана но Каасай) адзначаны медалём Пецярбургскай АН і Дзямідаўскай прэміяй. Аўтар працы «Карані японскай мовы» (Вільня, 1899). Калекцыі флоры і фауны Паўд. Афрыкі і Паўд.-Усх. Азіі, сабраныя ў час падарожжаў, Гашкевіч перадаў заал. музею АН у Пецярбургу. У г. Хакадатэ на в. Хакайда Гашкевічу пастаўлены помнік. У 1994 помнік бюст Гашкевічу адкрыты ў Астраўцы (скульпт. Ф.Янушкевіч); створаны японска-бел.-рус. фонд імя І.А.Гашкевіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЛЬТ АСОБЫ,
празмернае ўзвелічэнне якога-н. дзеяча. Гнасеалагічныя карані К.а. ў культавай рэліг. сферы. Шанаванне нябожчыкаў і пакланенне ім было пашырана ў Стараж. Грэцыі, Рыме, Індыі, Кітаі, у слав. народаў, у т. л. ў беларусаў (гл.Культ продкаў). К.а. Буды, Хрыста, Магамета, надзвычайны ўплыў іх вучэнняў на людзей садзейнічалі ўзнікненню і развіццю культаў рэлігійных, адпаведных тром найбуйнейшым сусв. рэлігіям. Абагаўленне і фетышызацыя правадыроў, цароў, каралёў, імператараў былі ўласцівы гіст. перыядам рабаўладання і феадалізму. Напр., усе рымскія цэзары валодалі неабмежаванай і бескантрольнай уладай. Тэарэт. абгрунтаванне і абсалютызацыя ролі выдатных асоб у гісторыі як непадуладных аб’ектыўным законам і звычайным нормам маралі ўтрымліваецца ў навук. працах прадстаўнікоў розных школ ідэалізму (гл.Валюнтарызм, Гегельянства, Народніцтва). У аўтарытарнай асобы канцэпцыі К.а. звязваецца з масавай свядомасцю, калі чалавек па сутнасці адмаўляецца ад асабістай свабоды, незалежнасці, атаясамлівае сябе з аўтарытэтам «моцнага», харызматычнага лідэра. У СССРнайб. поўна праявіўся К.а. І.В.Сталіна. На XX з’ездзе КПСС (1956), у пастанове ЦККПСС ад 30.6.1956 «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў» адзначалася, што К.а. Сталіна, які ўзнік у складаных умовах міжнар. і ўнутр. жыцця сав. грамадства, суправаджаўся валюнтарызмам у кіраванні эканомікай і культурай, грубымі парушэннямі сацыяліст. законнасці, масавымі рэпрэсіямі. У розных гіст. умовах і ў розных формах існавалі К.а. Цэзара, Чынгісхана, Людовіка XIV, Напалеона, Мао Цзэдуна і інш. Гарантыяй недапушчэння любога К.а. і звязаных з ім негатыўных вынікаў з’яўляецца пабудова прававой дзяржавы, у якой забяспечваюцца роўныя правы і свабоды ўсіх грамадзян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКО́ВІЧ (Васіль Аляксеевіч) (н. 7.11.1940, в. Забалацце Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Брэсцкі пед.ін-т (1964). Працаваў у брэсцкай раённай газ. «Заря над Бугом». на Брэсцкай студыі тэлебачання, у газ. «Знамя юности», выд-вах «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Распрацоўвае жанры лірычнага, публіцыст. і жартоўна-гумарыст. верша, байкі. прытчы, эпіграмы і інш. (зб. «Паклон», 1974, «Мелодыя святла», 1976, «Суседства», 1982, «Цана цішыні», 1985, «Твая місія», 1988, «Разняволенне», 1990). Асн. тэмы творчасці — маральна-этычныя праблемы, вясковае дзяцінства і юнацтва, краса роднай прыроды, балючы клопат пра нац.карані беларуса, стан роднай мовы, культуры. У творах для дзяцей — добрае веданне дзіцячай псіхалогіі, уменне даступна гаварыць з малым чытачом (зб. загадак «Казачны сад», «Крылатыя сябры», «Нашы памочнікі», усе 1976; зб. вершаў, казак, загадак «Тараскаў самакат», 1988, «Гуканне вясны», 1992, «Цудоўная краіна», 1997, «Ад казкі — да спектакля», 1998). Аўтар лібрэта оперы-казкі «Пра тое, што было» (1991, муз. Э.Казачкова). На тэксты Ж. напісаны многія песні. У прозе паказвае героя ў незвычайных абставінах (аповесць для дзяцей «Як адна вясна...», 1980), апавяданні «Дарчыны галубы», «Трывожны верасень», «Кволы». На бел. мову пераклаў зб. апавяданняў П.Цвіркі «Салавейка» (1974), кн. А.Наваі «Лірыка» (1993), паасобныя вершы Махтумкулі, А.Міцкевіча, А.Фета, С.Ясеніна. Т.Шаўчэнкі, Л.Украінкі, І.Франко, П.Грабоўскага, У.Сасюры, Л.Кастэнкі, І.Няходы, Т.Каламіец, П.Маха, Э.Межэлайціса, П.Мацева і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПА́ТАВА (Вольга Міхайлаўна) (н. 1.1.1945, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1967). З 1965 у Гродзенскім гаркоме камсамола, на абл. студыі тэлебачання. У 1970—73 у газ. «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена». З 1985 гал. рэдактар літ.-драм. перадач Бел. тэлебачання, заг. аддзела, нам.гал. рэдактара час. «Спадчына». У 1991—96 рэдактар штотыднёвіка «Культура», з 1998 нам. старшыні Саюза бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1956. Паэзія (зб-кі «Раніца», 1969, «Ліпеньскія навальніцы», 1973, «Парасткі», 1976) шматгранная — ад пейзажнай і любоўнай лірыкі да публіцыст. вырашэння складаных праблем гіст. лёсу роднага народа. У апавяданнях і аповесцях (кн. «Вецер над стромай», 1977) «Дваццаць хвілін з Немезідай», 1981, «Перакат», 1984) узняты складаныя маральна-этычныя праблемы, пытанні сувязі моладзі з роднай зямлёй, пошуку месца ў жыцці. Распрацоўвае гіст. тэматыку: аповесць «Прадыслава» (1971; прысвечана Ефрасінні Полацкай), «За морам Хвалынскім» (1989, пра падарожжа і трагічны лёс палачаніна Алексы), «Чорная княгіня» (1989; пра трагедыю княгіні Лізаветы Астрожскай). Гіст. постаці Полацкага княства 11—13 ст., ВКЛ у 16 ст., Беларусі ў 19 ст. адлюстраваны ў аповесці «Агонь у жылах крэменю» (1989), апавяданнях («Набег», «Мара», «Святаслава», «Расанка», «Давыд Гарадзенскі», «Гайна і Мікаш», «Ваўкалакам абярнуся»). У рамане «Залатая жрыца Ашвінаў» (1997) рэстаўрыравала далёкую старонку бел. міфалагічнай мінуўшчыны — індаеўрап. карані беларусаў. Аўтар балад, нарысаў, п’ес, паэм, кніг вершаў для дзяцей. Выступае як крытык, публіцыст, перакладчык.
Тв.: Паміж Масквой і Варшавай. Мн., 1996.
Літ.:
Бечик В. Обретение высоты // Неман. 1981. № 3;
Савік Л. Спасціжэнне чалавечнасці // Полымя. 1983. № 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУМО́ВАЯ І ФІЗІ́ЧНАЯ ПРА́ЦА,
узаемазвязаныя і ўзаемазалежныя віды мэтанакіраванай дзейнасці людзей у выглядзе затрат інтэлектуальнай, разумовай або фіз. энергіі чалавека ў працэсе стварэння матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей. Падзел працы на разумовую і фіз. адбыўся ў старажытнасці і абумоўлены развіццём прадукц. сіл грамадства, якія дазвалялі невялікаму слою людзей (жрацам, правадырам і інш.) не займацца непасрэдна здабываннем сродкаў для свайго існавання — фіз. працай. У выніку разумовая праца стала прывілеяй асобных сац. слаёў — брахманаў у Стараж. Індыі, свабодных грамадзян у Стараж. Грэцыі і інш. Паводле утапічнай мадэлі ідэальнай дзяржавы Платона, разумовай працай мелі права займацца толькі яе кіраўнікі — філосафы. Супярэчнасць паміж гэтымі відамі працы са старажытнасці мела сац.карані, набыла антрапалагічныя і сац.-псіхал. аспекты і праходзіць праз усю гісторыю чалавецтва, своеасабліва праяўляецца ў розныя гіст. эпохі. Аднак такі падзел працы адыграў і пазітыўную ролю ў развіцці грамадства: вызвалены ад неабходнасці займацца паўсядзённай фіз. працай, пэўны сац. слой людзей атрымаў матэрыяльныя сродкі і магчымасць сканцэнтраваць энергію менавіта на разумовай працы, што дазволіла развіць інтэлект і стварыць складаны і важны прадукт мысліцельнай дзейнасці, які знайшоў увасабленне ў архітэктуры, мастацтве, музыцы, паэзіі і г.д. Самым значным дасягненнем работнікаў разумовай працы сталі навук.веды. У перыяд усталявання рыначных адносін сфарміравалася інтэлігенцыя — сац. слой людзей, разумовая праца для якіх стала прафес. родам заняткаў. Станоўчы ўплыў на развіццё разумовай працы зрабіла прамысл. рэвалюцыя, якая ахапіла прам-сць, сельскую гаспадарку і значна паўплывала на фіз. працу. Найб. дынамічнае развіццё разумовая праца атрымала ў эпоху навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, якая запатрабавала ад чалавека развітога мыслення, глыбокіх навук. ведаў і высокага ўзроўню кваліфікацыі — інтэлектуальнай працы. Праблема суадносін Р. і ф.п. захоўваецца і ў постіндустрыяльным грамадстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПСКІ (Уладзімір Сцяпанавіч) (н. 6.5. 1940, в. Шолкавічы Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1966). З 1964 працаваў у раённым друку, у апараце ЦК ЛКСМБ. З 1976 адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1978 гал. рэдактар час. «Вясёлка». Друкуецца з 1953. Аўтар кніг публіцыстыкі «Дзень за днём» (1973), «Знайдзі сябе» (1974), нарысаў «Прыдзвінскі цуд» (1975), «Высокія зоркі» (1981), дакумент. аповесцей «Крутыя вёрсты» (1980, пра Героя Сав. Саюза З.Тусналобаву-Марчанка), «Урокі Купрэвіча» (1987), «Любі мяне пры ўсякай долі...» (з Б.Чалым, 1989; пра моладзь, вывезеную ў час Вял.Айч. вайны ў Германію), «Невядомы» (1990; пра нарадавольца І.Грынявіцкага), зб-каў прозы «Лаўрэнавы працадні» (1984), «Раны» (1987), «Дзень нараджэння» (1988). Пра родную вёску, праблемы выхавання моладзі аповесць «Адпяванне жывых» (1993). Тэма дзяцей-сірот узнята ў дзённіку «Бацькі і дзеці» (1995). Аповесць «Я: Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод» (1998), створаная на архіўных і дакумент. матэрыялах, расказвае пра карані сем’яў, прозвішчаў, гербаў. Выдаў кнігі аповесцей, апавяданняў, казак (у т. л. казкі-коміксы) для дзяцей «Рыгоркавы прыгоды» (1974), «Якое яно, шчасце?», «Марынчына казка» (абедзве 1977), «Як бог стварыў свет» (1993), «Вясёлая азбука», «Падкідыш» (абедзве 1992; Літ. прэмія імя Я.Маўра 1993). За аповесць «Загадкавы чалавечак» (1997) Літ. прэмія імя В.Віткі 1997. Творы для дзяцей адметныя веданнем дзіцячай псіхалогіі, займальнасцю, жывой нар. мовай, дасціпнасцю. Паводле аповесці «Вясёлая азбука» ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі пастаўлены мюзікл «Прыгоды ў замку Алфавіт» (1996, лібрэта С.Клімковіч, муз. В.Войціка). З 1988 прэзідэнт Бел. дзіцячага фонду, віцэ-прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі дзіцячых фондаў. Ініцыятар і старшыня 1-га Усебел. фестывалю нар. гумару ў Аўцюках Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. (1995). Міжнар. прэмія А.Швейцара за дабрачынныя справы на карысць дзяцей, заложнікаў чарнобыльскай трагедыі (1998).