ВАЛЫ́НАЎ (Барыс Валянцінавіч) (н. 18.12.1934, г. Іркуцк, Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1969, 1976), лётчык-касманаўт СССР (1969). Скончыў Сталінградскае ваен. авіяц. вучылішча (1956), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя М.​Я.​Жукоўскага (1968). З 1960 у атрадзе касманаўтаў. 15—18.1.1969 з А.С.Елісеевым і Я.В.Хруновым здзейсніў палёт як камандзір касм. карабля «Саюз-5», які ў час палёту састыкоўваўся з караблём «Саюз-4» (У.А.Шаталаў); 6.7—24.8.1976 з В.М.Жолабавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-21» (як камандзір) і на арбітальнай станцыі «Салют-5». У космасе правёў 52,3 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР.

т. 3, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р ПЯЦІ́ ДЗЯРЖА́Ў аб абмежаванні марскіх узбраенняў.

Падпісаны 6.2.1922 на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22 прадстаўнікамі ЗША, Вялікабрытаніі, Японіі, Францыі і Італіі. Прадугледжваў устанаўленне суадносін лінейнага флоту названых дзяржаў як 5:5:3:1,75:1,75 адпаведна, забарону будаваць лінейныя караблі водазмяшчэннем больш за 35 тыс. т, ствараць новыя ваенна-марскія базы і ўзмацняць берагавую ахову (толькі ЗША атрымалі права ўмацоўваць астравы, якія абараняюць непасрэдныя подступы да іх тэр. вод, а Вялікабрытанія—дамініёны Канада, Аўстралія і Новая Зеландыя) і інш. Найб. выгадным дагавор быў для ЗША і Японіі. Дзейнічаў да 2-й сусв. вайны.

т. 5, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАРО́Ў (Уладзімір Міхайлавіч) (16.3.1927, Масква — 24.4.1967),

савецкі касманаўт. Лётчык-касманаўт СССР (1964), палкоўнік. Двойчы Герой Сав. Саюза (1964, 1967 пасмяротна). Скончыў Маскоўскую спец. школу ВПС (1945), Батайскае ваен. авіяц. вучылішча (1949), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя Жукоўскага (1959). З 1960 у атрадзе касманаўтаў. 12—13.10.1964 з К.П.Феакціставым і Б.Б.Ягоравым упершыню ў свеце здзейсніў палёт у космас на шматмесным касм. караблі «Узыход» (як камандзір). Загінуў 24.4.1967 пры пасадцы ў час выпрабавання новага касм. карабля «Саюз-1» пасля сутачнага палёту вакол Зямлі. Правёў у космасе 2,13 сут. Імем К. названы кратэр на адваротным баку Месяца.

т. 7, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНІ́ЛАЎ (Уладзімір Аляксеевіч) (13.2.1806, Цвярская вобл., Расія — 17.10.1854),

расійскі ваенна-марскі дзеяч. Віцэ-адмірал (1852). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1823). З 1827 служыў на гвардз. лінейным караблі «Азоў», удзельнік Наварынскай бітвы 1827 і рус.-тур. вайны 1828—29. З 1830 на Балт., з 1834 на Чарнаморскім флоце, нач. штаба эскадры М.П.Лазарава (1838—46), нач. штаба (з 1849) і фактычны камандуючы (з 1851) флотам. У Крымскую вайну 1853—56 удзельнік першага ў свеце бою паравых караблёў, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Севастопальскай абароны 1854—55; смяротна паранены ў час бамбардзіроўкі праціўнікам Севастопаля.

У.А.Карнілаў.

т. 8, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎ (Вячаслаў Мікалаевіч) (н. 4.4.1929, г. Іванава, Расія),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1953). Да 1989 працаваў уласным карэспандэнтам газ. «Пионерская правда» па Беларусі. Друкуецца з 1952. Піша на рус. мове для дзяцей і юнацтва. Аўтар дакумент. аповесцей «У разведку ішоў хлапчук» (1959), «Хто запаліў касцёр» (1962), «Валодзеў фронт» (1975), «Бачу бераг» (1980), сцэнарыяў дакумент. кінафільмаў «Пакараны ў 41-ым» (1967), «На краі свету на сваім караблі» (1970), «Карабель прыняў імя» (1977, усе «Беларусьфільм») і інш.

Тв.:

Ты откуда и куда? Мн., 1998 (разам з І.​В.​Марозавым).

т. 10, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПІ́РУС (Cuperus papyrus),

кветкавая расліна сям. асаковых. Радзіма — трапічная Афрыка. Расце ў павольнай вадзе, уздоўж берагоў рэк і азёр утварае зараснікі. Культывавалі ў стараж. Егіпце (лічыўся царскай раслінай), Палесціне і ў некат. краінах Паўд. Еўропы.

Шматгадовая травяністая расліна выш. да 5 м. Сцёблы прамастойныя, трохгранныя. Лісце прыкаранёвае, лускападобнае. Суквецці буйныя, парасонападобныя са шматлікімі цыліндрычнымі калоссямі (даўж. 1—2 см) з невял. плоскіх каласкоў. Сцёблы выкарыстоўваліся для вырабу пісчага матэрыялу (папірусу), тканін, абутку, плытоў, чаўноў, цыновак, а таксама ў ежу. З іх будавалі караблі стараж. мараплаўцы. Дэкар. расліны. П. часта няправільна наз. сыць чарговалістую.

В.​В.​Маўрышчаў.

т. 12, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАВЕ́РЗЕЎ (Іван Фёдаравіч) (3.9.1914, в. Кузьмінкі Арлоўскай вобл., Расія — 23.4.1978),

расійскі кінаакцёр. Нар. арт. СССР (1975). Скончыў Маскоўскае гар. тэатр. вучылішча (1938). З 1938 у маскоўскім т-ры Рэвалюцыі, з 1945 у Т-ры-студыі кінаакцёра кінастудыі «Масфільм». У характарах персанажаў імкнуўся раскрыць драматызм, супярэчлівасць, кантрастнасць і павароты лёсу. Зняўся ў фільмах «Марскі ястраб» (1942), «Тарас Шаўчэнка» (1951), «Адмірал Ушакоў» і «Караблі штурмуюць бастыёны» (1953), «Знаёмцеся, Балуеў!» (1963), «Фронт без флангаў» (1975), «Фронт за лініяй фронту» (1977); на кінастудыі «Беларусьфільм» — «Маё каханне» (1940), «Палеская легенда» (1957). Дзярж. прэмія СССР 1952.

В.​С.​Іваноўскі.

т. 12, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАГАВА́Я АБАРО́НА,

сілы і сродкі флоту, берагавыя ўмацаванні, прызначаныя для абароны ваенна-марскіх партоў, узбярэжжа, астравоў, праліваў ад нападу праціўніка з мора, сушы, паветра. Пачала фарміравацца ў 14 ст. з выкарыстаннем артылерыі, якая да сярэдзіны 20 ст. складала аснову берагавой абароны. Выкарыстоўваліся таксама марская пяхота, стралковыя і інж.-сапёрныя часці, зенітная артылерыя, караблі і катэры прыбярэжнага дзеяння, фартыфікацыйныя збудаванні і мінныя загароды. У 2-й пал. 20 ст. ў сувязі са стварэннем берагавых ракетна-артыл. войскаў берагавая абарона ажыццяўляюць сіламі сухапутных войскаў, войскаў ППА, ВПА і ВМФ. У некат. краінах берагавая абарона ўскладзена на ваенна-марскія сілы, у ЗША, напр., — на ваенна-марскія акругі і сухапутныя войскі.

т. 3, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЫШАЎ (Юрый Васілевіч) (27.8. 1941, г. Нікалаеўск Валгаградскай вобл., Расія —8.11.1999),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1980, 1984), лётчык-касманаўт СССР (1980). Скончыў Харкаўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1963). З 1967 у атрадзе касманаўтаў. 5—9.6.1980 з У.В.Аксёнавым здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз Т-2» (Як камандзір) і арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж Л.І.Папоў і В.В.Румін); 3—11.4.1984 з Г.М.Стракалавым і Р.Шарма — палёт на КК «Саюз Т-11» (як камандзір; пасадка на КК «Саюз Т-10») і арбітальнай станцыі «Салют-7» (асн. экіпаж Л.​Дз.Кізім, У.А.Салаўёў, А.​Ю.​Ацькоў). У космасе правёў 11,8 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 10, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́ВІЧ (Павел Раманавіч) (н. 5.10.1930, г. Узін Кіеўскай вобл., Украіна),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1962, 1974), лётчык-касманаўт СССР (1962). Ген.-маёр авіяцыі (1976, у адстаўцы). Канд. тэхн. н. (1977). Скончыў Качынскае ваен. авіяц. вучылішча (1954), Ваенна-паветр. інжынерную акадэмію імя М.​Я.​Жукоўскага (1968). З 1954 ваен. лётчык. У 1960—89 у атрадзе касманаўтаў. 12—15.8.1962 здзейсніў палёт вакол Зямлі на касмічным караблі (КК) «Усход-4»; 3—19.7.1974 з Ю.​П.​Арцюхіным — палёт (як камандзір) на КК «Саюз-14» і арбітальнай станцыі «Салют-3». У космасе правёў 18,7 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 12, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)