ГАЎРУСЁЎ (Сцяпан Захаравіч) (10.5.1931, в. Новааляксандраўка Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл. — 12.3.1988),

бел. паэт, крытык, перакладчык. Скончыў Магілёўскае педвучылішча (1951). Працаваў у прэсе. Друкаваўся з 1947. Аўтар зб-каў паэзіі «Паходныя кастры» (1955), «На грэбнях хваль» (1959), «Шчодрасць» (1962), «Ураган» (1966), «Кляновыя лісты» (1971), «Клопат» (1976), «Водсветы» (1978), «Крона» (1981), «Пладаноснасць» (1986, Літ. прэмія імя А.​Куляшова 1987). Скразны матыў, які прагучаў у паэзіі Гаўрусёва ўзбуйнена і драматычна, як біяграфія цэлага пакалення, — памяць аб вайне («Я вырас пад гарматнымі стваламі»). Трывога за мір на свеце, адказнасць за ўсё жывое на зямлі ў паэме «Профіль веку» (1967), вершах. Сярод інш. тэм — услаўленне ратнага і прац. подзвігу народа, стваральная місія сучасніка, апяванне хараства роднай прыроды (паэма «Штодзённы лістапад», 1959). Паэт адухоўлівае, паэтызуе працу, сілу і прыгажосць чалавека. У яго многа любоўных вершаў, каханне ў якіх наіўнае, пакутнае, цнатлівае і далікатнае, але яно ўзвышае чалавека. Аўтар умее ўздымаць лірычную споведзь ад інтымных пачуццяў да сац. пафасу, ад канкрэтнага, рэальнага вобраза ўзвышацца да рамантычнага, метафарычнага. У душы рамант. героя паэзіі Гаўрусёва, «сонцапаклонніка», які жыве ў касмічнаўзбуйненых маштабах, — няспыннае змаганне дабра са злом. Але пры ўсёй манументальнасці ён жывы, зямны чалавек. Характэрныя рысы паэзіі Гаўрусёва — прадметнасць, канкрэтная, пачуццёвая вобразнасць, гіпербалізаванасць, экспрэсіўнасць пачуццяў, спалучэнне страснай публіцыстыкі з лірычнай задушэўнасцю, інтанац. разнастайнасць, гарманічная традыц. форма верша. На бел. мову пераклаў паэму «Ануш» А.​Туманяна, «Маабіцкі сшытак» М.​Джаліля (1975, з А.​Пысіным), паасобныя творы Я.​Райніса, С.​Капуцікян, Э.​Межэлайціса і інш. Выступаў як крытык і публіцыст.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—2. Мн., 1993—94;

Званы нябёс. Мн., 1988.

Літ.:

Бечык В. Водсветы // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;

Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968. С 102—106;

Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 116—117, 167—169;

Кавалёў С. Партрэт шкла. Мн., 1991. С. 107—118.

І.​У.​Саламевіч.

С.З.Гаўрусёў.

т. 5, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ МАШЫНАБУДАЎНІ́К БЕЛАРУ́СКАЙ ССР,

ганаровае званне, якое прысвойвалася высокакваліфікаваным рабочым асн. прафесій, майстрам, інж.-тэхн. і навук. работнікам прадпрыемстваў, аб’яднанняў, н.-д., тэхнал., праектна-канструктарскіх і інш. арганізацый машынабудавання, прыладабудавання і радыёэлектронікі і Дзярж. Камітэта стандартаў СМ СССР, якія бездакорна прапрацавалі ў гэтых галінах не менш за 10 гадоў, зрабілі вялікі ўклад у развіццё ўказаных галін прам-сці, у стварэнне новых машын і абсталявання, што адпавядаюць патрабаванням вышэйшай катэгорыі якасці, і на аснове ўкаранення ў вытв-сць дасягненняў навукі і тэхнікі дабіліся значных поспехаў у выкананні вытв. заданняў і сац. абавязацельстваў, паляпшэнні якасці прадукцыі, павышэнні прадукцыйнасці працы і эфектыўнасці вытв-сці, а таксама ў справе стандартызацыі і метралогіі на прадпрыемствах названых галін прам-сці і прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 11.5.1978 прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета Беларускай ССР. Існавала да 23.11.1988.

Заслужаныя машынабудаўнікі Беларускай ССР

1978. Я.​М.​Аляксеенка, І.​М.​Буслоў, У.​Ф.​Воўк, П.​П.​Гайдэнка, Г.​В.​Гарбуноў, І.​К.​Казлоў, В.​Ф.​Кебіч, І.​У.​Курбацкі, А.​Ф.​Лашук, В.​Дз.​Леўчанка, Г.​А.​Трафімчук, В.​С.​Чубараў, В.​С.​Шахноў.

1980. А.​А.​Анісімаў, М.​Л.​Афанасенка, М.​Дз.​Бусел, С.​Ф.​Глекаў, П.​К.​Кавалёў, А.​Р.​Каляда, А.​Х.​Кім, А.​П.​Кузняцоў, Э.​А.​Кункевіч, А.​Х.​Ляфараў, В.​А.​Насенка, М.​А.​Пакідзін, У.​І.​Пяткевіч, В.​А.​Саўпель, А.​П.​Таракін, І.​І.​Шкаруба.

1981. І.​С.​Кашаленка, У.​А.​Крэньцікаў, П.​Р.​Старавойтаў.

1982. П.​В.​Зыль, В.​Л.​Тамашэвіч, П.​Ц.​Хацько.

1983. М.​М.​Косцікаў, Ш.​Я.​Рубінштэйн.

1984. У.​І.​Акуліч, М.​П.​Доўнар, М.​Ф.​Лаўрыновіч, М.​Я.​Маханёк, В.​С.​Рудніцкі, А.​П.​Сакалоў.

1985. М.​Ф.​Гарбуноў, А.​В.​Гаўрыльчык, І.​Х.​Кірыльчык, У.​В.​Радкевіч, М.​І.​Цюрын.

1987. У.​І.​Асіпок, К.​Я.​Гадасік.

т. 6, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ НАСТА́ЎНІК ПРАЦУ́ЮЧАЙ МО́ЛАДЗІ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР,

ганаровае званне, якое прысвойвалася ў 1976—81 высокакваліфікаваным настаўнікам прац. моладзі за вял. заслугі ў навучанні юнакоў і дзяўчат прафес. майстэрству і выхаванні ў іх камуніст. адносін да працы, высокіх ідэйных і маральных якасцей. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР 10.6.1975.

Заслужаныя настаўнікі працуючай моладзі Беларускай ССР

1976. І.​Д.​Кур’ян, В.​І.​Палонік, Г.​М.​Рагіла, М.​В.​Тоўсты.

1977. М.​М.​Абраменка, М.​І.​Балеў, У.​П.​Босы, В.​Ц.​Дудзіна, І.​І.​Іваноў, І.​Т.​Касьянюк, С.​Ю.​Навумік, В.​Х.​Падашэўка, І.​Я.​Парфёненка, Л.​В.​Сакоўскі, Л.​А.​Тозік, У.​Л.​Швароў, Б.​Б.​Юзафовіч.

1978. В.​П.​Булава, А.​Л.​Валодзін, Н.​А.​Васілюк, Н.​У.​Дарашэвіч, В.​Е.​Дзенісенка, М.​В.​Дзямідаў, Л.​А.​Дзятлава, Л.​М.​Дзяцел, Р.​С.​Іваноў, Д.​М.​Кавалёва, П.​К.​Кавалёў, А.​Р.​Казячы, Р.​М.​Канстанцінава, М.​Т.​Клімаў, Я.​І.​Клімчанка, А.​А.​Ключнік, М.​У.​Красоўская, А.​Л.​Лемеш, Ф.​Ф.​Матэуш, М.​Ф.​Мініч, В.​М.​Мінькова, Н.​Т.​Пятрэнка, Я.​П.​Салаўёў, Л.​М.​Станкевіч, П.​Д.​Сялюк, В.​М.​Ткачэнка, М.​І.​Уткін, П.​С.​Шчарбакоў, Я.​С.​Шэлепава, У.​П.​Ярашэвіч, У.​А.​Ясцюгоў.

1981. В.​А.​Абраменка, А.​А.​Байкоў, Л.​М.​Беляковіч, Ц.​Р.​Бойка, Т.​М.​Бублей, М.​М.​Буртыль. В.​Ф.​Бялоў, А.​У.​Вазап, Н.​П.​Галоўкіна, В.​І.​Гаўрылаў, І.​Г.​Даманскі, М.​К.​Дарошак, Я.​В.​Дзядовіч, І.​І.​Дудзянкоў, В.​К.​Зелянко, Л.​І.​Зімагорава, М.​Т.​Козел, А.​У.​Комар, В.​Р.​Ладанёў, Р.​Я.​Лукашэвіч, І.​Я.​Магонаў, С.​І.​Майсеева, В.​Н.​Мартыненка, В.​Д.​Махновіч, А.​А.​Нікалайчук, І.​І.​Палякоў, В.​А.​Пятроў, В.​А.​Скрыпнік, М.​В.​Цегерава, Ц.​П.​Чарнова, М.​М.​Шпігель.

т. 6, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛІХА́НАЎ (Сяргей Іванавіч) (8.3.1917, С.-Пецярбург — 28.9.1976),

бел. скульптар. Нар. мастак Беларусі (1963). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1937). Працаваў у манум. і станковай скульптуры. Манум. творы вызначаюцца выразнай пластыкай, якая дасягаецца свабоднай энергічнай лепкай, яснасцю і дакладнасцю сілуэта, глыбокай змястоўнасцю вобразнага вырашэння: кампазіцыя «Беларусь працоўная» (1950) і фігура Героя Сав. Саюза К.​С.​Заслонава (1951) для бел. павільёна ВДНГ СССР, партрэты вучонага А.​Р.​Сталетава для Маск. ун-та і рус. пісьменніка М.​Я.​Салтыкова-Шчадрына (абодва 1952), гарэльефная кампазіцыя «Савецкая Армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны» для Манумента Перамогі ў Мінску (1954). Аўтар помнікаў Заслонаву ў г. Орша (1955, арх. Г.​Сысоеў), Герою Сав. Саюза М.​Казею ў Мінску (1958, арх. В.​Волчак), партызанам Л.​Чалоўскай у г. Барысаў (1958), І. і М. Цубам каля в. Вялікі Лес Салігорскага р-на (1961, арх. В.​Занковіч, Л.​Левін), У.​І.​Леніну ў г. Столін (1980, з В.​Палійчуком, арх. Ю.​Казакоў), на магіле ахвяр фашызму ў г. Браслаў (пастаўлены ў 1981), скульпт. кампазіцыя «Няскораны чалавек» у мемарыяльным ансамблі Хатынь (1969), мемарыяльны комплекс у гонар перамогі сав. народа ў Вял. Айч. вайне ў в. Старыца Капыльскага р-на (1975). У станковай скульптуры псіхалагізмам і дакладнай перадачай характарных рыс вызначаецца галерэя партрэтаў героя грамадз. вайны Я.​Фабрыцыуса (1959), Герояў Сав. Саюза Р.​Н.​Мачульскага, І.​С.​Жыгарава (абодва 1970), А.​Ф.​Данукалава (1975), У.​Е.​Лабанка (1976), мастака А.​Мазалёва (1956), нар. паэтаў Беларусі Я.​Купалы (1959), Я.​Коласа (1967) і інш. Станковыя кампазіцыі: «К.​Я.​Варашылаў на манеўрах» (1940), «Вызваленне» (1948), «Абаронім дзяцей» (1957), «Апошні бой» (1964), «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1965) і інш.

Літ.:

Кавалёў А.Ф. Сяргей Селіханаў. Мн., 1978.

Э.​А.​Петэрсон.

С.І.Селіханаў.
С.Селіханаў. Няскораны чалавек. Скульптурная група мемарыяльнага комплексу «Хатынь». 1969.

т. 14, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРАЗБУРА́ЛЬНЫ КАНТРО́ЛЬ,

кантроль якасці матэрыялаў, паўфабрыкатаў, вырабаў без іх разбурэння. Засн. на залежнасці паміж уласцівасцямі прадукцыі. што кантралююцца, і якімі-небудзь фіз. параметрамі, якія можна вымераць без пашкоджання вырабу. Адрозніваюць метады Н.к.: акустычныя, магн., аптычныя, радыяцыйныя, радыёхвалевыя, цеплавыя, эл., віхратокавыя і пранікальных рэчываў.

Сродкі Н.к. выконваюцца ў выглядзе аўтаномных прылад, апаратаў, аўтам. ліній, сістэм кіравання тэхнал. працэсамі па адзнаках якасці. Метадамі Н.к. знаходзяць адкрытыя і скрытыя дэфекты тыпу парушэння суцэльнасці (дэфектаскапія), кантралююць геам. характарыстыкі (таўшчыню вырабу, пакрыцця і г.д.), вымяраюць мех. характарыстыкі (цвёрдасць, трываласць, якасць умацавальных слаёў), вызначаюць структуру рэчываў (зярністасць, наяўнасць ферытнай фазы ў сплавах) і інш. Развіццё Н.к. пачалося пасля адкрыцця рэнтгенаўскага выпрамянення (1895). У СССР метады Н.к. пачалі інтэнсіўна развівацца з 1920-х г. Ультрагукавы метад Н.к. дэфектаў (ультрагукавая дэфектаскапія) упершыню прапанавана ў 1928 (С.​Я.​Сакалоў). Значны ўклад у распрацоўку метадаў Н.к. зрабілі рас. вучоныя У.​У.​Клюеў. Р.​І.​Янус, М.​М.​Міхееў. І.​М.​Ярмолаў, В.​Я.​Шчарбінін. В.​Г.​Герасімаў, У.​Ф.​Мужыцкі, В.​В.​Сухарукаў і інш.

На Беларусі развіццё Н.к. звязана з працамі М.С.Акулава, які ў 1963 заснаваў Аддзел фізікі неразбуральнага кантролю (з 1980 Ін-т прыкладной фізікі). Далейшае развіццё Н.к. атрымаў у працах М.М.Зацэпіна. які сфарміраваў навук. кірунак ін-та і распрацаваў тэарэт. асновы эл.-магн. кантролю. Закладзены тэарэт. асновы Н.к. пранікальнымі вадкасцямі (П.П.Прахарэнка, М.​П.​Мігун). Распрацаваны ці атрымалі далейшае развіццё: магн. таўшчыняметрыя, метад тэрма-эрс (А.​А.​Лухвіч), кантактна-дынамічны метад кантролю цвёрдасці і інш. мех. уласцівасцей (В.​А.​Рудніцкі), радыёхвалевыя метады (І.​С.​Кавалёў), імпульсны метад магн. кантролю мех. уласцівасцей сталей (М.​А.​Мяльгуй), магн. кантроль ліставога пракату, што рухаецца ў вытв. патоку (У.​Ф.​Мацюк), выкарыстанне магн. вадкасцей (А.​Р.​Баеў), кантроль магн. страт і індукцыі ў электратэхн. сталі і вырабах з яе (І.​І.​Бранавіцкі), ультрагукавы кантроль (Г.​Я.​Канавалаў), магніташумавая структураскапія (В.​Л.​Венгрыновіч), магн. кантроль малагабарытных вырабаў у вытв. патоку (С.​Р.​Сандамірскі), тэорыя дынамічных сістэм з выпадковымі зменамі структуры, кантроль узроўню вадкіх і сыпкіх прадуктаў у рэзервуарах (В.​М.​Арцём’еў) і інш. Метады і сродкі Н.к. распрацоўваюцца таксама ў БДУ, БПА, Мінскім навукова-прамысл. ін-це «Падшыпнік», Магілёўскім машынабуд. ін-це і інш.

Літ.:

Зацепин Н.Н. Неразрушающий контроль: (Избр. вопр. теории поля). Мн., 1979;

Мельгуй М.А. Магнитный контроль механических свойств сталей. Мн., 1980;

Prokhorenko P., Migoun N., Stadthaus M. Theoretical principies of liquid penetrant testing. Berlin, 1999;

Венгринович В.Л. Магнитошумовая структуроскопия. Мн., 1991.

М.​А.​Мяльгуй. П.​П.​Прахарэнка.

Неразлучнікі: 1 — ружовашчокі; 2 — маскавы.

т. 11, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЎКА МАСТА́ЦКАЯ,

выраб рэчаў утылітарна-дэкар. прызначэння шляхам гарачага ці халоднага кавання металу; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Вядома з 4—3-га тыс. да н.э. ў Іране, Месапатаміі, Егіпце; халодная К.м. ў індзейцаў Паўн. і Паўд. Амерыкі да 16 ст. н.э. У перыяд сярэдневякоўя дасягнула росквіту ў Зах. Еўропе (рашоткі для балконаў, дзвярэй, агароджаў, ліхтары, святцы, акаваныя жалезам куфры, дзверы ў касцёлах і інш.). Традыцыі К.м. як сярэдневяковага рамяства захаваліся ў нар. мастацтве Да 19 ст. Сярод твораў 15—19 ст. вылучаюцца каваныя ліхтары, рашоткі, брамы Версаля (Францыя), Пецярбурга, Царскага Сяла (Расія). Шматлікія гарады спецыялізаваліся ў розных галінах кавальства: Герат (Афганістан), Масул (Ірак) — начынне, Дамаск, Мілан (Італія), Аўгсбург (Германія), Астрахань і Тула (Расія) — зброя, Нотынгем (Вялікабрытанія), Золінген (Германія), Паўлава (Расія) — нажы і інструменты. У 19 ст. ручная К.м. выцеснілася штампоўкай і ліццём. Традыцыі К.м. адрадзіліся ў 20 ст. ў творах прафес. мастакоў.

На Беларусі па-мастацку выкаваныя посуд, зброя, прадметы побыту вядомы з 11—12 ст. Росквіту К.м. дасягнула ў 16—17 ст. ў сувязі з арганізацыяй кавальскіх цэхаў (Брэст, Слуцк, Полацк, Віцебск, Магілёў і інш.), дзе выраблялі рэчы утылітарнага і маст. характару — дэкар. ліхтары, падстаўкі пад вазоны, надмагільныя і царк. крыжы «са ззяннем», накладкі на мэблю і дзверы, падсвечнікі і інш. Больш за 160 кавалёў з Беларусі ў 2-й пал. 17 ст. працавалі ў Маскоўскай дзяржаве. У 18 ст. буйнымі цэнтрамі кавальства былі Віцебск, Гродна, Пінск, Мінск, Магілёў, дзе выраблялі балконныя і аконныя рашоткі, агароджы, вароты, надкупальныя крыжы, алтарныя перагародкі, флюгеры, завесы, замкі, дзвярныя ручкі і інш. Асн. від дэкору каваных агароджаў — спалучэнні S- і C-падобных завіткоў, скручванне жалезных прутоў вакол падоўжнай восі, арнаментальныя матывы ў выглядзе разетак, бегункоў, меандру, картушаў. Накладкі на мэблі і дзвярах аздаблялі прасечкай, гравіроўкай, насечкай у выглядзе геам. узораў. У 2-й пал 19 ст. ў сувязі з развіццём прамысловасці К.м. ў гарадах заняпала, але захавала свае традыцыі ў нар. побыце. Сярод майстроў К.м. канца 19 — пач. 20 ст. П.​Багрым, С.​Манко, А.​Уласік і інш. У 2-й пал. 20 ст. як маст. промысел выйшла з ужытку. У наш час К.м. вядома ў творчасці некаторых прафес. бел. мастакоў: А.​Зайцава, Б.​Казакова, Я.​Карманава, С.​Ларчанкі, Ю.​Любімава, В.​Сташчанюка, А.​Сурскага і інш.

Літ.:

Сахута Я.М. Народнае мастацтва кавальства. Мн., 1981.

А.​І.​Сямёнаў.

Да арт. Коўка мастацкая. Люстра работы П.​Багрыма з Крошынскага касцёла (Баранавіцкі раён Брэсцкай вобл.). 2-я пал. 19 ст.
Да арт. Коўка мастацкая Ю.​Любімаў. Камінная рашотка. 1997.

т. 8, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛІТАРАТУ́РА І МАСТА́ЦТВА»,

штотыднёвая бел. грамадска-паліт. і літ.-маст. газета. Выдаецца з 26.2.1932 у Мінску на бел. мове, выходзіла 1 раз, са студз. 1957—2 разы на тыдзень, з крас. 1970 штотыднёвік (на 16 старонках). Спачатку орган Федэрацыі аб’яднанняў сав. пісьменнікаў БССР (з чэрв. 1932 — Аргкамітэта Саюза пісьменнікаў БССР) і Галоўмастацтва БССР. У Вял. Айч. вайну не выходзіла. Адноўлена 10.4.1945. Рэдактары: Х.​Дунец (1932—35), І.​Гурскі (1935—41), А.​Куляшоў (1945—46), М.​Горцаў (1947—49), П.​Кавалёў (1949—50), В.​Вітка (1951—57), М.​Ткачоў (1957—59), Я.​Шарахоўскі (1959—61), Н.​Пашкевіч (1961—69), Л.​Прокша (1969—72), Х.​Жычка (1972—76), А.​Асіпенка (1976—80), А.​Жук (1980—86), А.​Вярцінскі (1986—90), М.​Гіль (1990—97), У.​Някляеў (1997—99), А.​Пісьмянкоў (з 1999). Мае аддзелы: публіцыстыкі, пісьмаў і грамадскай думкі, літ. жыцця, крытыкі і бібліяграфіі, паэзіі і прозы, музыкі, тэатра, кіно і тэлебачання, выяўл. мастацтва, аховы помнікаў, маст. афармлення. Асвятляе літ., культ. і грамадска-паліт. жыццё Беларусі. Змяшчае матэрыялы па пытаннях развіцця л-ры, тэатр. і выяўл. мастацтва, музыкі і кіно, тэлебачання і радыё, архітэктуры, самадз. творчасці і інш. Друкуе маст. творы: урыўкі з паэм, аповесцей, раманаў, п’ес, вершы, апавяданні, прапагандуе новыя творы сучасных аўтараў. Публікуе матэрыялы па гісторыі л-ры, тэатра, кіно, на старонках газеты ў розных аспектах асэнсоўваюцца падзеі нац. мінуўшчыны. У газеце ўпершыню апублікаваны многія творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, К.​Чорнага, К.​Крапівы, П.​Броўкі, А.​Куляшова, М.​Танка, І.​Мележа, В.​Быкава, П.​Панчанкі, І.​Шамякіна, Я.​Брыля, А.​Макаёнка, І.​Чыгрынава, Н.​Гілевіча, Р.​Барадуліна, Б.​Сачанкі, І.​Пташнікава, Я.​Сіпакова і інш.

У даваенны час змяшчала ў асн. матэрыялы, якія тычыліся розных юбілеяў, услаўлялі сацыяліст. рэчаіснасць, выкрывалі «ворагаў народа». У ацэнцы паліт. жыцця выяўлялася тэндэнцыйнасць, у аналізе асобных твораў пераважаў вульгарна-сацыялагічны падыход. На першы план ставілася ідэйная скіраванасць твора, а не яго маст. каштоўнасць. Аб’ектыўнасць у ацэнцы падзей і твораў, паварот да надзённых праблем жыцця намеціўся ў сярэдзіне 1950-х г. Асвятляе праблемы стану і лёсу нац. мовы. Упершыню надрукавала матэрыялы пра Курапаты, пра рэпрэсіі ў 1930-я г., вярнула з небыцця імёны А.​Гаруна, Н.​Арсенневай, М.​Сяднёва, Ю.​Віцьбіча, У.​Глыбіннага і інш. Апошнім часам шмат увагі аддае гісторыі выяўл. мастацтва (М.​Шагал, У.​Стрэмінскі), музыкі (Н.​Орда, А.​Абрамовіч, Ф.​Міладоўскі, В.​Казлоўскі). Асэнсоўваецца жыццёвы і творчы шлях бел. нац. дзеячаў В.​Ластоўскага, Я.​Лёсіка, М.​Доўнар-Запольскага, І.​Дварчаніна, Сімяона Полацкага, А.​Бурбіса, П.​Бадуновай, Ф.​Аляхновіча і інш.

А.​А.​Марціновіч.

т. 9, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКО́ВА-ПАПУЛЯ́РНАЕ КІНО́,

від кінамастацтва, які папулярызуе навук., тэхн. і культуралагічныя веды. Як спалучэнне маст. і навук. якасцей арганічна аб’ядноўвае канкрэтна-пачуццёвыя і лагічныя формы пазнання.

Першыя фільмы Н.-п.к. былі відавыя («Вывяржэнне вулкана Этна», 1909, Францыя; «На Волзе», 1912, Расія) і вузка навук. («Жыццё матылькоў», 1911, Італія; «Інфузорыя», 1912, Расія). У 1925 у структуру фільма ўпершыню ўключаны навук. эксперымент («Механіка галаўнога мозга», рэж. У.​Пудоўкін). Пазней сфарміравалася шырокая тэматычная структура, спецыфічныя пазнавальная і сац. функцыі Н.-п.к. Вылучыліся фільмы прыкладнога (навучальнае, н.-д. кіно) і папулярызатарскага (кіналекцыі, кінаманаграфіі і інш.) кірункаў, паводле тэматыкі — прыродазнаўчыя, мастацтвазнаўчыя, экалагічныя, фільмы-партрэты дзеячаў навукі і культуры і інш. Вял. ўклад у развіццё Н.-п.к. студый «Кіеўнавукфільм» (фільмы «Мова жывёл», 1967; «Сем крокаў за гарызонт», 1968; «Ці думаюць жывёлы?», 1970, Дзярж. прэмія СССР 1972; усе рэж. Ф.​Собалеў) і «Цэнтрнавукфільм» («Альтэрнатыва», рэж. Б.​Загражскі, 1975; «Генетыка і мы», 1978; «Хто пабудзіць аксалотля?» і «Мадэль», 1981; усе рэж. А.​Саканян).

На Беларусі Н.-п.к. здымалі з сярэдзіны 1920-х г. («Меліярацыя БССР», «У здаровым целе — здаровы дух», абодва рэж. М.​Лявонцьеў). Фільмы 1940—50-х г. папулярызавалі веды аб родным краі, у 1960-я г. здымалі пераважна пазнавальныя стужкі, у 1970—80-я г. — фільмы пра нар. гаспадарку, ахову прыроды, тэхн. прагрэс і інш. Былі пашыраны тэхніка-прапагандысцкія фільмы, якія здымаліся па заказу і мелі прыкладны характар. Асобны кірунак склалі фільмы этнагр.-фалькл. тэматыкі (пераважна па сцэнарыях 3 Мажэйкі), якія знаёмілі з абрадамі беларусаў, У 1961—90 выходзіў кіначасопіс «Навука і тэхніка БССР». Н.-п.к. стваралі Мінская студыя кінахронікі, кінастудыя «Беларусьфільм» (1944—61), студыя «Летапіс». З сярэдзіны 1990-х г. Н.-п.к. здымаюць «Беларускі відэацэнтр» і студыя «Экафільм». У тэматыцы пераважаюць культуралагічныя і гіст. фільмы, сфарміравалася мадэль мастацтвазнаўчага фільма. Сярод лепшых бел. навук.-папулярных фільмаў: «Пра сонца, зямлю і хлеб надзённы» (рэж. Б.​Сарахатунаў, В.​Іванчанка), «Прытча пра кола і біясферу» (рэж. І.​Пікман, абодва 1974), «Усё пачынаецца з зямлі» (1983), «Хто выправіць памылку Дземетры?» (1984, Гран-пры на 12-м Міжнар. фестывалі фільмаў і тэлевізійных праграм у г. Острава, Чэхаславакія, 1985), «Час сеяць» (1985), «Сцэны з жыцця эліты» (1987, усе рэж. А.​Рударман), «Куфэрак старажытнасцей» (рэж. В.​Моракава), «Цымбальныя званы» (рэж. А.​Канеўскі, абодва 1988), «Аркадзь Смоліч» (1992), «Адвечныя званы» (1993, абодва рэж. Ю.​Лысятаў), «Абразы Беларусі» (1993, рэж. Ю.​Гарулёў), «Усяслаў Чарадзей» (рэж. У.​Кавалёў), «Полацкія лабірынты» (рэж. С.​Гайдук, абодва 1994), «Арганы Беларусі» (1995, рэж. М.​Жданоўскі), «Ад прадзедаў спакон вякоў» (1996, рэж. Гарулёў), «Жыві ў свабодзе» (1998, рэж. С.​Пятроўскі) і інш.

Г.​У.​Шур.

т. 11, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́Т МІНІ́СТРАЎ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (СМ Рэспублікі Беларусь),

вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган дзярж. улады, урад Рэспублікі Беларусь. Утвораны ў 1946 замест Савета Народных Камісараў Беларускай ССР, да 1991 СМ БССР, да 1994 і з 1996 СМ Рэспублікі Беларусь. Утвараўся Вярх. Саветам БССР (з 1991 Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь) і быў яму падпарадкаваны. У межах сваіх паўнамоцтваў забяспечваў кіраўніцтва нар. гаспадаркай, сац.-культ. будаўніцтвам, ажыццяўляў меры па падтрыманні грамадскага парадку, абароне інтарэсаў дзяржавы і ахове правоў грамадзян. Пастановы і распараджэнні ўрада былі абавязковыя да выканання на ўсёй тэр. Беларусі. Паўнамоцтвы СМ і яго пастаяннага органа — Прэзідыума, парадак арганізацыі і дзейнасці вызначаліся законам. З увядзеннем у 1994 пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і стварэнні пры ім Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь функцыі ўрада перайшлі да Кабінета Міністраў. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятая на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996, зноў прадугледжвае ўрад — СМ Рэспублікі Беларусь як цэнтр. орган дзярж. кіравання, падсправаздачны ў сваёй дзейнасці Прэзідэнту і адказны перад парламентам — Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь. Урад краіны складаецца з Прэм’ер-міністра, яго намеснікаў і міністраў. У яго могуць уваходзіць і кіраўнікі інш. рэсп. органаў дзярж. кіравання. Прэм’ер-міністра прызначае Прэзідэнт са згоды Палаты прадстаўнікоў Парламента Рэспублікі Беларусь. СМ Рэспублікі Беларусь кіруе сістэмай падпарадкаваных яму органаў дзярж. кіравання і інш. органаў выканаўчай улады; распрацоўвае асн. кірункі ўнутр. і знешняй палітыкі і прымае меры па іх рэалізацыі; распрацоўвае і прадстаўляе Прэзідэнту для ўнясення ў Парламент праект рэсп. бюджэту і справаздачу аб яго выкананні; забяспечвае правядзенне адзінай эканам., фін., крэдытнай і грашовай палітыкі, дзярж. палітыкі ў галіне навукі. культуры, адукацыі, аховы здароўя, экалогіі, сац. забеспячэння і аплаты працы; прымае меры па забеспячэнні правоў і свабод грамадзян, абароне інтарэсаў дзяржавы, нац. бяспецы і абараназдольнасці, ахове ўласнасці і грамадскага парадку, барацьбе са злачыннасцю; выступае ад імя ўласніка ў дачыненні да маёмасці, якая з’яўляецца ўласнасцю Рэспублікі Беларусь, арганізуе кіраванне дзярж. уласнасцю; забяспечвае выкананне Канстытуцыі, законаў і дэкрэтаў, указаў і распараджэнняў Прэзідэнта; мае права адмены актаў мін-ваў і інш. рэсп. органаў дзярж. кіравання; ажыццяўляе інш. паўнамоцтвы, ускладзеныя на яго Канстытуцыяй, законамі і актамі Прэзідэнта; выдае пастановы, якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэр. Рэспублікі Беларусь. Кампетэнцыя, парадак арганізацыі і дзейнасці ўрада вызначаюцца Законам аб СМ Рэспублікі Беларусь на аснове Канстытуцыі.

Старшынямі СМ Беларусі ў розны час былі: П.​К.​Панамарэнка (1946—48), А.​Я.​Кляшчоў (1948—53), К.​Т.​Мазураў (1953—56), М.​Я.​Аўхімовіч (1956—59), Ц.​Я.​Кісялёў (1959—78), А.​Н.​Аксёнаў (1978—83), У.​І.​Бровікаў (1983—86), М.​В.​Кавалёў (1986—90), В.​Ф.​Кебіч (1990—94); прэм’ер-міністрамі — М.​М.​Чыгір (1994—96), С.​С.​Лінг (1997—2000), У.​В.​Ярмошын (2000—2001), Г.​В.​Навіцкі (з 10.1.2001).

М.​І.​Дзянісаў.

т. 14, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАГРА́ФІЯ (ад грэч. holos увесь, поўны + ...графія),

метад атрымання поўнага аб’ёмнага відарыса аб’екта, заснаваны на інтэрферэнцыі і дыфракцыі кагерэнтных хваль; галіна фізікі, што вывучае заканамернасці запісу, узнаўлення і пераўтварэння хвалевых палёў рознай прыроды (аптычных, акустычных і інш.). Галаграфію вынайшаў (1948) і атрымаў першыя галаграмы (ГЛ) найпрасцейшых аб’ектаў Д.Габар. У 1962—63 амер. фізікі Э.​Лэйтс і Ю.​Упатніекс выкарысталі для атрымання ГЛ лазер, а сав. фізік Ю.​М.​Дзенісюк (1962) прапанаваў метад запісу аб’ёмных ГЛ. У 1960-я г. створаны тэарэт. і эксперым. асновы галаграфіі.

Аб’ёмны відарыс аб’екта фіксуецца на ГЛ у выглядзе інтэрферэнцыйнай карціны, створанай прадметнай хваляй (ПХ), адбітай ад аб’екта, і кагерэнтнай з ёй апорнай хваляй (АХ). У адрозненне ад фатаграфіі, дзе зафіксаваны відарыс аптычны, ГЛ дае прасторавае размеркаванне амплітуды і фазы ПХ. Паколькі ПХ не плоская, ГЛ мае структуру нерэгулярнай дыфракцыйнай рашоткі. Інфармацыя аб размеркаванні амплітуды ПХ запісваецца ў выглядзе кантрасту інтэрферэнцыйнай карціны, а фазы — у выглядзе формы і перыяду інтэрферэнцыйных палос (гл. Інтэрферэнцыя святла). Пры асвятленні галаграмы АХ у выніку дыфракцыі святла ўзнаўляецца амплітудна-фазавае размеркаванне поля ПХ. ГЛ пераўтварае частку АХ у копію ПХ, пры ўспрыманні якой вокам ствараецца ўражанне непасрэднага назірання аб’екта. Галаграфія мае шэраг спецыфічных уласцівасцей, адрозных ад фатаграфіі: ГЛ узнаўляе аб’ёмны (монахраматычны або каляровы) відарыс аб’екта, кожны ўчастак ГЛ дазваляе ўзнавіць увесь відарыс аб’екта, аб’ёмныя ГЛ Дзенісюка ўзнаўляюцца пры дапамозе звычайных крыніц святла (сонечнае асвятленне, лямпа напальвання), галаграфічны запіс мае вял. надзейнасць і інфарм. ёмістасць, што вызначае шырокі спектр практычнага выкарыстання галаграфіі: для атрымання аб’ёмных відарысаў твораў мастацтва, стварэння галаграфічнага кіно, для неразбуральнага кантролю формы складаных аб’ектаў, вывучэння неаднароднасцей матэрыялаў, захоўвання і апрацоўкі інфармацыі, для візуалізацыі акустычных і эл.-магн. палёў і інш.

На Беларусі даследаванні па галаграфіі пачаліся ў 1968 у Ін-це фізікі АН і праводзяцца ў ін-тах фіз. і фіз.-тэхн. профілю АН, БДУ і інш. Распрацаваны фіз. прынцыпы дынамічнай галаграфіі, развіты метады апрацоўкі інфармацыі і пераўтварэння прасторавай структуры лазерных пучкоў (П.​А.​Апанасевіч, А.​А.​Афанасьеў, Я.​В.​Івакін, А.​С.​Рубанаў, Б.​І.​Сцяпанаў і інш.). Створаны галаграфічныя метады для даследавання дэфармацый і вібрацый аб’ектаў, рэльефу паверхні, уласцівасцей плазмы, сістэмы аптычнай памяці (У.​А.​Піліповіч, А.​А.​Кавалёў, Л.​В.​Танін і інш.), развіты метады радыё- і акустычнай галаграфіі (П.​Дз.​Кухарчык, А.​С.​Ключнікаў, М.​А.​Вількоцкі).

Літ.:

Кольер Р., Беркхарт К., Лин Л. Оптическая голография: Пер. с англ. М., 1973;

Островский Ю.И. Голография и ее применение. Л., 1973;

Денисюк Ю.Н. Изобразительная голография // Наука и человечество, 1982. М., 1982;

Рубанов А.С. Некоторые вопросы динамической голографии // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980.

А.​С.​Рубанаў.

Да арт. Галаграфія. Схемы атрымання галаграм (а) і ўзнаўлення відарысаў (б): 1 — схема Габара; 2 — схема Лэйтса—Упатніекса; 3 — схема Дзенісюка; АХ — апорная хваля; ПА — паўпразрысты аб’ект; ПХ — прадметная хваля; ФП — фотапласцінка; Г — галаграма; СВ — сапраўдны відарыс; А — адбівальны аб’ект; ПЛ — паўпразрыстае люстэрка; УВ — уяўны відарыс.

т. 4, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)