ПАШКЕ́ВІЧ Ян Казімір, бел. паэт 1-й пал. 17 ст.Біягр. звестак не захавалася. Паходзіў, відаць, са шляхецкага роду герба «Радван» з Ашмяншчыны. Вядомы адзіны яго верш «Полска квітнет лаціною...» (датаваны 1621, апубл. 1842), у якім выявіліся асаблівасці сілабатанічнага вершаскладання. Твор Н. — узор грамадз., патрыят. лірыкі. Паэт адзначае ролю роднай мовы ў грамадскім і культ. жыцці Вял. кн. Літ., ганарыцца міжнар. славай свайго народа, верыць у яго бессмяротнасць. Як сведчаць змест, паэт. форма і мова верша, аўтар быў чалавекам свецкім, высокаадукаваным, патрыятычна настроеным бел. шляхціцам або мешчанінам. Твор захаваўся ў Слуцім спісе Статута ВКЛ 1529. У ім змешчана яшчэ 5 аўтографаў паэта, а таксама запісы інш. асоб, якія сведчаць, што ў 1-й пал. 17 ст. рукапіс бытаваў у Вільні, дзе, напэўна, і быў напісаны верш.
Літ.:
Грынчык М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973. С. 48—50;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДБА́ЧАННЕ НАВУКО́ВАЕ,
прадказанне на падставе навукі падзей ці з’яў, якія яшчэ не сталі аб’ектам чалавечага вопыту. Ад ненавук. форм прадбачання адрозніваецца тым, што скіроўвае ўвагу на вывучэнне заканамернасцей прыродных і грамадскіх працэсаў. Раскрыццю механізма П.н. дапамагаюць навук. тэорыі і эксперыменты; ад паўнаты і выверанасці даных навукі залежаць дыяпазон, дакладнасць і сапраўднасць вынікаў. Гэта дае падставу, асабліва ў грамадскім жыцці, для распрацоўкі пэўнай колькасці альтэрнатыўных варыянтаў, або мадэляў будучыні. Крытэрый верагоднасці вынікаў П.н. — здольнасць дакладна ўстанавіць гал.змест і кірунак прыродных і грамадскіх працэсаў у дадзеных умовах (П.н. не можа стварыць ідэальны вобраз будучай рэчаіснасці ва ўсіх яе дэталях і індывід. рысах). Катэгорыямі П.н. выступаюць: закон, тэорыя, гіпотэза, пазнанне, кіраванне і інш. Формамі канкрэтызацыі П.н. ў якасці абстрактнай катэгорыі з’яўляюцца навук. паняцці: прадчуванне, прадугадванне, прагназіраванне і інш. Глабальныя маштабы наступстваў глыбокіх змен у прыродным і сац. асяроддзі чалавека павышаюць значэнне П.н., якое становіцца адной з неабходных умоў існавання чалавецтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛО́ГІЯ БЫЦЦЯ́,
адно з асноўных паняццяў каталіцкай філасофіі — тамізму, паводле якога Бог і ўсё ім створанае знаходзяцца ў суадносінах з агульным для іх быццём. Фама Аквінскі ўзвёў аналогію быцця ў фундаментальны прынцып гэтай дактрыны і распрацаваў яго філас.змест. У 20 ст. ўклад у распрацоўку аналогіі быцця, вызначэнне сфер і магчымасцяў выкарыстання зрабілі Э.Пшывара, Ф. Ван Стэенберген, Б.Лакебрынк, К.Ранер. Сутнасць аналогіі быцця ў тым, што паміж Богам і яго тварэннямі існуюць першапачатковыя адносіны падабенства ў адрозненнях і адрозненні ў падабенстве. Таму адносіны аналогіі могуць пераважаць толькі там, дзе няма ні поўнага падабенства, ні поўнага адрознення, а спалучаюцца адно з адным. Першасным, вызначальным прызнаецца падабенства, першакрыніца якога — стварэнне Богам сусвету і ўсяго, што ў ім існуе. Гэта дае магчымасць філас.-тэалагічнымі сродкамі абгрунтоўваць быццё Бога як першакрыніцу створанага сусвету розных падабенстваў, сярод якіх самае набліжанае да творчай магутнасці стваральніка — творчая дзейнасць чалавека. Але яе нельга атаясамліваць з творчым актам стварэння, бо яна толькі набліжаецца да яго паводле падабенства (аналогіі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАВА́ЦКАЯ (Алена Пятроўна) (псеўд.Рада-Бай; 30.8.1831, г. Днепрапятроўск, Украіна — 8.5.1891),
пісьменніца, заснавальніца тэасофіі. Шмат вандравала па краінах Еўропы, Амерыкі, Азіі. У 1873 прыняла грамадзянства ЗША. У 1875 стварыла ў Нью-Йорку тэасофскае т-ва, праграма якога ўключала арганізацыю агульначалавечага брацтва без адрознення нацыянальнасці і рэлігіі, вывучэнне таямнічых невытлумачальных з’яў прыроды і развіццё звышадчувальнасці ў чалавеку. Выдавала газ. «The theosophist» («Тэасафіст», Індыя), час. «La revue théosophique» («Тэасафічны агляд») і «Lotus bleu» («Блакітны лотас»), абодва ў Парыжы, «Lucifer» («Люцыфер», Лондан). У цэнтры вучэння Блавацкай ляжыць ідэя пра існаванне эзатэрычных ведаў, якія складаюць адзіную патаемную сутнасць усіх язычніцкіх культаў, сусв. рэлігій і найб. глыбокіх філас.сістэм. Гэтыя веды, на яе думку, маюць універсальна-касм. характар, усебакова раскрываюць духоўную сутнасць і прызначэнне чалавека, тлумачаць логіку і змест існавання чалавечай цывілізацыі. Яны зашыфраваны ў міфалагічных сімвалах і сюжэтах, ант. містэрыях, акультных тэкстах. Блавацкая — аўтар манаграфій «Сакрэтная дактрына», (1888), «Ключ да тэасофіі» (1889) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Тайная доктрина: Синтез науки, религии и философии. Т. 1—2, [кн. 1—4]. Мн., 1993—94;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІЁМА (грэч. axiōma),
палажэнне, якое прымаецца без лагічных доказаў на падставе непасрэднай пераканаўчасці; сапраўднае зыходнае палажэнне, на якім грунтуюцца доказы інш. палажэнняў навук. тэорыі. Сістэма аксіёмы не з’яўляецца раз і назаўсёды закончанай і, як і самі аксіёмы, змяняецца з развіццём чалавечага пазнання. Тэрмін «аксіёма» ўпершыню сустракаецца ў Арыстоцеля, потым праз працы паслядоўнікаў і каментатараў Эўкліда трывала ўвайшоў у геаметрыю. У сярэднявеччы пранік ў інш. навукі, а праз іх — у штодзённы побыт, дзе аксіёмай наз. суджэнні, шмат разоў правераныя на практыцы. Доўгі час аксіёма разглядалася як вечная і непарушная ісціна, што не патрабуе доследу і не залежыць ад яго. Лічылася, што спроба абгрунтавання можа толькі падарваць яе відавочнасць. Пераасэнсаванне праблемы абгрунтавання аксіёмы змяніла і змест самога тэрміна, паводле якога аксіёма не зыходны пачатак пазнання, а хутчэй яго прамежкавы вынік. Яна абгрунтоўваецца не сама па сабе, а як неабходны састаўны элемент тэорыі, пацвярджэнне якой ёсць адначасова і пацвярджэнне яе аксіёмай. У сучаснай навуцы пытанне пра ісціннасць аксіёмы вырашаецца ў рамках іншых навук. тэорый або шляхам інтэрпрэтацыі дадзенай тэорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАДО́ЎСКІ (Аляксандр Дзмітрыевіч) (25.12.1841, б. Валуйскі пав. Варонежскай губ., Расія — 18.11.1889),
расійскі вучоны-прававед, публіцыст. Скончыў Харкаўскі ун-т (1862). З 1867 дацэнт, з 1869 праф. Пецярбургскага ун-та. У сваёй асн. працы «Пачаткі рускага дзяржаўнага права» (т. 1 — «Пра дзяржаўны лад», 1875; т. 2 — «Органы кіравання», 1876; т. 3 — «Органы мясцовага кіравання», 1883) імкнуўся сумясціць два падыходы: дзяржаўнай школы, якая зыходзіла з вядучай ролі дзяржавы і ўладных структур у грамадскім развіцці, і гіст. школы, якая рашаючае значэнне надавала эканам. і сац.-культ. фактарам. У кн. «Дзяржаўнае права важнейшых еўрапейскіх дзяржаў» (1886) і інш. аналізаваў паліт. і дзярж. вопыт Зах. Еўропы, раскрываў змест важнейшых атрыбутаў паліт. працэсу — парламентарызму, канстытуцыяналізму, сістэмы падзелу ўлад на заканадаўчую, выканаўчую і судовую, лічыў, што гэты вопыт дастасоўны да рас. грамадства. Супрацоўнічаў у ліберальным перыяд. друку.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. СПб., 1899—1904;
Политика, история и администрация: Крит. и полит. статьи. СПб., 1871;
Государство и народность: Опыт постановки нац. вопр. М., 1873;
Трудные годы (1876—1880): Очерки и опыты. СПб., 1880.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць прававых нормаў, якія рэгламентуюць асновы дзярж. і грамадскага ладу краіны, сістэму і прынцыпы фарміравання і дзейнасці органаў дзярж. улады і кіравання, выбарчую сістэму, правы і абавязкі грамадзян. У некат. замежных краінах тэрмін Дз.п. замяняецца тэрмінам канстытуцыйнае права.
У Рэспубліцы Беларусь гал. крыніца Дз.п. — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, а таксама заканадаўства аб выбарах, інш. прававыя акты. Нормы Дз.п. вызначаюць паліт. і эканам. сістэму грамадства, асновы дзейнасці дзяржавы ў галіне сац. развіцця і культуры, знешняй палітыкі і абароны Айчыны, рэгулююць узаемаадносіны дзяржавы і асобы, устанаўліваюць таксама сістэму, парадак утварэння і прынцыпы дзеяння органаў заканадаўчай, выканаўчай і суд. улады, органаў мясц. кіравання і самакіравання, фінансава-крэдытнай сістэмы, пракуратуры, дзярж. кантролю. Вызначальнае месца ў сістэме Дз.п. належаць нормам, якія замацоўваюць канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян, гарантуюць абарону гэтых правоў і свабод. Дз.п. як вядучая галіна з’яўляецца асноватворнай для інш. галін права — цывільнага, прац., адм. і інш.
Існуе і навука Дз.п., якая вывучае дзяржаўна-прававыя нормы, інстытуты і адносіны ў працэсе іх узнікнення і развіцця, даследуе прыроду, сутнасць і змест Дз.п., яго прынцыпы, прадмет, крыніцы і сістэму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРАФІ́ЧНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,
зямная прырода, частка геаграфічнай абалонкі, якая асвоена чалавекам, уключана ў грамадскую вытворчасць і з’яўляецца неабходнай умовай існавання грамадства. Мае складаную структуру суадносін прыродных і антрапагенных кампанентаў, што ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, уздзейнічаюць адзін на аднаго і ўтвараюць складаныя сістэмы. Асаблівасці геаграфічнага асяроддзя выяўляюцца праз разнастайнасць прыродных умоў розных рэгіёнаў і краін (клімат, рэльеф, глебы, расліннасць і інш.), уздзейнічаюць на жыццё грамадства, вызначаюць характар і спосабы прыродакарыстання. Пастаяннае пераўтварэнне геаграфічнага асяроддзя пад уплывам чалавечай дзейнасці, насычанасць антрапагеннымі элементамі адбываюцца на працягу ўсяго жыцця чалавецтва, вызначаюць узровень гаспадаркі, паскараюць або запавольваюць яго развіццё. З расшырэннем сферы дзейнасці чалавека ў ходзе грамадскага развіцця і росту вытв. сіл геаграфічнае асяроддзе ахоплівае ўсё б.ч.геагр. абалонкі. Ва ўмовах навук.-тэхн. прагрэсу рэзка мяняецца сам змест адносін чалавека і геаграфічнага асяроддзя. Дзейнасць чалавека прыводзіць да забруджвання навакольнага асяроддзя і ўплывае на механізм самарэгуляцыі ў прыродзе. Таму перад чалавецтвам усё больш востра паўстаюць праблемы экалогіі, устанаўлення гарманічных адносін грамадства і геаграфічнага асяроддзя. Для ацэнкі стану і якасці геаграфічнага асяроддзя выкарыстоўваецца тэрмін прыроднае асяроддзе.
раннехрысціянскія творы пра жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста. Узніклі на мяжы 1—2 ст.н.э., аўтарамі Е. лічаць апосталаў або іх вучняў. Е. падзяляюцца на кананічныя — ад Матфея, Марка, Лукі і Іаана (уваходзяць у Новы Запавет) і апакрыфічныя (гл.Апокрыфы). На Беларусі Е. бытуюць з 10 ст. Найбольш стараж. Е., якія дайшлі да нас, — Тураўскае (11 ст.), Аршанскае (13 ст.), Полацкія (12—14 ст.), Мсціжскае (13—14 ст.), Друцкае, Лаўрышаўскае (14 ст.), Жыровіцкае (15 ст.), Шарашоўскае (16 ст.; гл. адпаведныя артыкулы). Евангельскія сюжэты, вобразы, прытчы, сімвалы шырока выкарыстоўвалі ў літ. і асветніцкай дзейнасці Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч, Ф.Скарына, В.Цяпінскі (першы надрукаваў Е. на старабел. мове), С.Будны, Л. і С.Зізаніі, Л.Карповіч, М.Сматрыцкі, А.Філіповіч і інш. Сюжэты, змест і вобразы Е. выкарыстоўвалі майстры скульптуры, жывапісу, кніжнай графікі, пісьменнікі (Сімяон Полацкі, М.Багдановіч, Я.Колас, К.Крапіва, У.Караткевіч і інш.).
Літ.:
Конан У. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мн., 1989.
Да арт.Евангеллі. «Евангелле вучыцельнае» Каліста. Еўе. 1616.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГА́ДКА,
іншасказальнае, вобразнае апісанне якога-небудзь прадмета або з’явы, якія трэба адгадаць; жанр фальклору. Узніклі ў старажытнасці. Змест іх складае ўся шматгранная рэчаіснасць: чалавек, яго дзейнасць, матэрыяльнае, сац. і духоўнае жыццё, прырода і яе з’явы, жывёльны і раслінны свет. З. вызначаецца прадметнасцю, канкрэтнасцю і рэалізмам, афарыстычнасцю і сцісласцю формы, трапнасцю, вобразнай мовай. Метафарычныя і алегарычныя З. аб прыродзе і яе з’явах найб. старадаўнія. З. можа заключаць у сабе метафару або мець формы кароткага апісання ці сціслага апавядання. Пашыраны ў народзе загадкі-пытанні і загадкі-задачы. Захаваўшы свае ранейшыя функцыі (выпрабаванне мудрасці, развіццё паэт. мыслення, кемлівасці, як забава і сродак пазнання свету ў вобразнай форме), З. бытуе і ў наш час, пераважна ў дзіцячым асяроддзі. Паэтычныя З. для дзяцей стварылі Р.Барадулін, В.Вітка, Н.Гілевіч, А.Клышка і інш.бел. пісьменнікі.