БУРСІ́Т (ад лац. bursa сумка + ...іт),
запаленне слізістых сумак суставаў. Найчасцей бывае ў вобласці локцевага, плечавога, каленнага і галёнкаступнёвага суставаў. У чалавека прычыны бурсіту — траўмы, інфекцыі, дыятэз. Пры вострым бурсіце ў вобласці слізістай сумкі з’яўляюцца прыпухласць, ацёчнасць, у сумцы — серозны або гнойны выпат, іншы раз (пры траўматычным бурсіце) кроў. Функцыя сустава пры гэтым абмежаваная, можа павышацца т-ра цела і пагаршацца агульны стан хворага. Пашырэнне запаленчага працэсу на сустаў выклікае артрыт. Хранічны бурсіт найчасцей бывае ў людзей, прафесія якіх звязана з працяглым пастаянным мех. раздражненнем сустаўнай сумкі (у горнарабочых, палацёраў, паркетчыкаў і інш.). Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычные, у некат. выпадках — хірургічнае. У жывёл (хварэюць найчасцей коні і буйн. раг. жывёла) прычыны ўзнікнення бурсіту — працяглыя мех. раздражненні (ляжанне на цвёрдай падлозе, дрэнна падагнаная збруя і інш.).
т. 3, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЕНАРЭ́Я (ад грэч. blennos слізь + rheō цяку),
вострае гнойнае запаленне слізістай абалонкі (кан’юнктывы) вока інфекц. паходжання. Адрозніваюць бленарэю нованароджаных, дзіцячую і дарослых.
Заражэнне бленарэяй нованароджаных адбываецца пры родах, калі галоўка плода праходзіць праз родавыя шляхі хворай на ганарэю маці. Хвароба праяўляецца на 2—3-і дзень ацёкам і зацвярдзеннем павекаў абодвух вокаў, гіперэміяй кан’юнктывы, серозна-крывяністымі выдзяленнямі. Праз 3—4 дні з’яўляюцца густыя гнойныя выдзяленні (найб. небяспечны перыяд, цягнецца 2—3 дні). У цяжкіх выпадках пашкоджваецца рагавіца. Пры заражэнні дзяцей бленарэяй ад маці (дзіцячая бленарэя) хвароба прымае больш цяжкую форму, чым у нованароджаных. Працэс звычайна аднабаковы. Бленарэя ў дарослых пачынаецца звычайна з аднаго павека пры занясенні ў яго інфекцыі самім хворым на ганарэю мочапалавых шляхоў. Клінічна падобная на бленарэю нованароджаных, але з больш цяжкім цячэннем і частым пашкоджаннем урэтры. Лячэнне тэрапеўтычнае.
т. 3, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙМАРЫ́Т, верхнясківічны сінусіт,
запаленне слізістай абалонкі і сценак верхнясківічнай (гаймаравай) пазухі. Адрозніваюць гаймарыт рынагенны і адантагенны, востры і хранічны, адна- і двухбаковы. Востры рынагенны гаймарыт бывае пасля грыпу, рэспіраторных захворванняў і вірусных інфекцый, можа пераходзіць у хранічны (пры пераахаладжэнні на фоне зніжанай рэактыўнасці арганізма, скрыўленых насавых перагародках, гіпертрафіі насавых ракавін). Пры адантагенным гаймарыце ў запаленчы працэс уцягваецца ніжняя сценка гаймаравай пазухі. Клінічныя праяўленні вострага рынагеннага гаймарыту — боль у месцы лакалізацыі гаймарыту, галаўны боль, закладзенасць носа, серозна-гнойныя выдзяленні з яго, часам святлабоязь, ірадыяцыя болю на верхнюю сківіцу, зубы, корань носа, слёзацячэнне. Адзначаюцца павышэнне т-ры цела, слабасць, галаўныя болі. Пры хранічным гаймарыце звычайны насмарк з гнойнымі ці серозна-гнойнымі выдзяленнямі, галаўныя болі пры абвастрэннях. Лячэнне: медыкаментознае, фізіятэрапія, у цяжкіх выпадках хірургічнае.
А.С.Арцюшкевіч.
т. 4, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРАЭНТЭРАКАЛІ́Т (ад гастра... + энтэракаліт),
вострае або хранічнае запаленне страўнікава-кішачнага тракту жывёл і чалавека. Бывае вынікам харчовых таксікаінфекцый, дзеяння інш. інфекц. і алергічных фактараў, атручэнняў (лек., цяжкімі металамі, моцнымі кіслотамі і шчолачамі, алкагольных), функцыян. недастатковасці органаў стрававання, парушэння абмену рэчываў. Спрыяюць узнікненню гастраэнтэракаліту ахілія, авітамінозы, анемія. У жывёл асн. прычына першаснага гастраэнтэракаліту — ужыванне недабраякасных кармоў, іх забруджанасць раздражняльнымі хім. рэчывамі і расліннымі ядамі. Сімптомы гастраэнтэракаліту залежаць ад пераважнай лакалізацыі запаленчага працэсу ў страўніку (гастрыт), тонкім (энтэрыт) або тоўстым (каліт) кішэчніку: могуць уключаць адрыжкі, пякотку, болі пад лыжачкай і ў жываце, ірвоту з паносам, уздуцці жывата і інш. У цяжкіх выпадках вострага гастраэнтэракаліту адзначаюцца стамляльнасць, павышэнне тэмпературы, сардэчна-сасудзістыя расстройствы, магчымы пераход хваробы ў хранічную форму з рэцыдывамі і абвастрэннямі. Лячэнне: ліквідацыя першапрычын, медыкаментознае, дыетатэрапія, пры неабходнасці — прамыванні страўніка і інш.
т. 5, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАСІ́Т (ад грэч. glōssa язык + ...іт),
запаленне языка. Прычыны хваробы: інфекцыі, паталогія ўнутр. органаў, кроваўтваральнай і сардэчна-сасудзістай сістэмы, парушэнні абмену рэчываў. Адрозніваюць гласіт дэскваматыўны, геаграфічны, складкаваты, чорны (валасаты) язык, ромбападобны гласіт.
Пры дэскваматыўным гласіце бывае смыленне, сверб языка, ярка-чырвоныя палосы і плямы. Для геагр. гласіту характэрна чаргаванне на языку ярка афарбаваных участкаў з арагаваннем смакавых сасочкаў (падабенства да геагр. карты). Складкаваты язык — прыроджаная анамалія формы і памераў языка (глыбокія падоўжаныя або папярочныя складкі). Чорны язык найчасцей бывае ў мужчын (на спінцы і ў цэнтры языка ніткападобныя сасочкі падаўжаюцца і набываюць светла-карычневы ці чорны колер). Ромбападобны гласіт (прыроджаная паталогія развіцця языка) — участак слізістай абалонкі языка ромбападобнай формы, не мае смакавых сасочкаў. Лячэнне: устараненне прычын, што выклікаюць гласіт; ромбападобны гласіт і складкаваты язык лячэння не патрабуюць.
т. 5, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОЧАКАМЯНЁВАЯ ХВАРО́БА,
хранічная хвароба мачавой сістэмы чалавека і жывёл, якая характарызуецца парушэннем абмену рэчываў з утварэннем у нырках і мачавых шляхах камянёў з солей мачы ці бялковых. Найб. частая форма М.х. — нырачнакамянёвая хвароба. У чалавека камяні часцей бываюць у правай нырцы, у 15—20% хворых на М.х. — у абедзвюх нырках. Прыкметы залежаць ад месца знаходжання камянёў, напр., камяні нырак выклікаюць тупы ныючы боль у паяснічнай вобласці ці нырачнае калаццё, моташнасць, ірвоту, павышэнне т-ры; камяні мачавога пузыра — раздражненне і запаленне мачавога пузыра, рэзі пры мочаспусканні, дамешкі крыві ў мачы. Ускладанне М.х. — анурыя, пры якой у арганізме назапашваюцца ядавітыя прадукты абмену рэчываў, што вядзе да развіцця урэміі. Лячэнне: тэрапеўтычнае, комплекснае, санаторна-курортнае, хірургічнае, дыета. У жывёл на М.х. хварэюць коні, буйн. раг. жывёла, авечкі, радзей сабакі, пушныя звяры і птушкі.
т. 10, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́НА,
механічнае пашкоджанне тканак і органаў цела з парушэннем цэласці іх покрыва. Паводле ўмоў узнікнення адрозніваюць Р. аперацыйныя, выпадковыя, баявыя; паводле механізма ранення і характару пашкоджання — рэзаныя, колатыя, рубленыя, ад укусаў, ірваныя, скальпаваныя (пры адслойцы або адрыве значных участкаў скуры), агнястрэльныя і інш. Адрозніваюць таксама датычныя, сляпыя і навылётныя, пранікальныя (пры раненнях жывата, чэрапа, суставаў) і непранікальныя, з пашкоджаннем унутр. органаў (або без); адзінкавыя, множныя, спалучаныя, камбінаваныя. Паводле асаблівасцей мікробнай флоры Р. бываюць стэрыльныя і інфіцыраваныя. Пасля ранення адбываецца першаснае ачышчэнне Р. ў выніку траўматычнага ацёку, сціскання Р. і выціскання наверх амярцвелых і прамочаных крывёй тканак; другаснае ачышчэнне — у выніку развіцця запалення і дзейнасці мікраарганізмаў. Зажывае Р. з утварэннем рубца. Прыкметы Р.: боль, мясц. запаленне, крывацёк, кровазліццё і інш. Лячэнне: хірург. апрацоўка, антыбіётыкі і інш.
І.М.Семяненя.
т. 13, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЕФАРЫ́Т (ад грэч. blepharon павека + ...іт),
запаленне краёў павекаў. Адна з пашыраных і працяглых хвароб вачэй. Прычыны ўзнікнення: хранічныя інфекц. і інфекцыйна-алергічныя хваробы, гіпавітамінозы, анеміі, хваробы страўнікава-кішачнага тракту, эндакрынныя парушэнні, глісныя інвазіі, хранічны танзіліт і інш. Развіццю блефарыту спрыяюць хранічныя кан’юнктывіты, запаленні слёзных шляхоў, гіперметрапія і астыгматызм вока, уздзеянні ветру, пылу, дыму.
Адрозніваюць блефарыт просты (лускаваты), язвавы і ангулярны. Для ўсіх відаў блефарыту характэрны сверб, адчуванне цяжару павекаў, хуткая стамляльнасць вачэй і павышаная адчувальнасць іх да святла. Назіраецца пачырваненне і патаўшчэнне краёў павекаў каля асновы вейкаў — дробныя сухія паслойныя шаравата-белыя лускавінкі ці жаўтаватыя скарыначкі, пры гнойных — кроватачывыя язвачкі. Пры іх рубцаванні парушаецца рост вейкаў. Прычынай блефарыту бывае себарэя. Стафілакокавы блефарыт можа выклікаць абсцэс тлушчавай залозы валасянога фалікула — вонкавы ячмень. Пры ангулярным блефарыце запаляюцца краі вонкавай і ўнутр. спаек павекаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Л.М.Марчанка.
т. 3, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБКО́ВЫЯ ХВАРО́БЫ СКУ́РЫ, дэрматамікозы,
хваробы скуры і слізістых абалонак, выкліканыя патагеннымі грыбкамі. Крыніца хваробы — хворыя людзі ці жывёлы (цяляты, каты, пацукі). Прычыны: наяўнасць хранічных інфекц. і неінфекц. хвароб (туберкулёз, цукровы дыябет, злаякасныя пухліны і інш.), хранічныя інтаксікацыі (наркаманія, алкагалізм, таксікаманія), пашкоджанні скуры і слізістых абалонак, ужыванне доўгі час антыбіётыкаў, цытастатычных і кортыкастэроідных прэпаратаў, прамянёвая тэрапія і інш. Падзяляюцца на 4 групы: кератамікозы, дэрматафітыі, кандыдозы, глыбокія мікозы.
Кератамікозы (вотруб’епадобны лішай) мала заразныя. Узбуджальнікі іх паразітуюць у паверхневым слоі скуры, запаленне яе не выклікаюць. Дэрматафітыя (трыхафітыя, мікраспарыя, эпідэрмафітыя, фавус) выклікае хваробы скуры, валасоў, пазногцяў, а кандыдоз, акрамя таго, слізістых абалонак. Пры глыбокіх мікозах (какцыдыяідоз, гістаплазмоз, хромамікоз і інш.) пашкоджваюцца не толькі скура і слізістая абалонкі, але і ўнутр органы, нерв. сістэма і касцявы апарат. Лячэнне: прэпараты з фунгістатычным і фунгіцыдным дзеяннем, анілінавыя фарбы.
М.З.Ягоўдзік.
т. 5, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖОЎЦЕКАМЯНЁВАЯ ХВАРО́БА,
захворванне, абумоўленае ўтварэннем камянёў у жоўцевым пузыры і (або) жоўцевых пратоках. Частата ўтварэння жоўцевых камянёў павялічваецца з узростам і дасягае 50% у жанчын старэй за 80 гадоў. У мужчын жоўцевыя камяні трапляюцца ў 3—5 разоў радзей, у дзяцей — вельмі рэдка. Асн. прычыны ўзнікнення Ж.х.: застой жоўці, запаленне жоўцевага пузыра і жоўцевых шляхоў, змяненне хім. саставу жоўці ў сувязі з парушэннямі абмену рэчываў (спадчынная схільнасць). Жоўцевыя камяні (халеліты) — цвёрдыя ўтварэнні, колькасць якіх можа складаць ад аднаго да некалькіх тысяч, велічыня — да некалькіх сантыметраў у дыяметры, Маса — да 30 г і болей. Асн. праяўленне захворвання — болі ў правым падрабрынні, якія ўзнікаюць пасля ежы, асабліва вострай або тлустай. Часта назіраюцца слабасць, недамаганне, раздражняльнасць, горкая адрыжка, няўстойлівы стул. Ускладненні Ж.х.: флегмона, гангрэна, вадзянка, эмпіема і перфарацыя жоўцевага пузыра, жоўцевы перытаніт, самаадвольны жоўцевы свішч. Лячэнне тэрапеўтычнае, бальнеалагічнае, хірургічнае.
т. 6, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)