ТРАМБО́З (ад грэч. thrombōsis згортванне),
утварэнне тромбаў у поласцях сэрца і сасудах (часцей у венах). Напр., Т. у сістэме каранарнага кровазвароту вядзе да інфаркту міякарда, Т. сасудаў мозга — да інсульту.
Бывае пры мясц. зменах сасудаў — траўма, запаленне. атэрасклероз, запавольванне руху крыві (напр., варыкознае расшырэнне вен); пры агульных фактарах: актывацыя згусальнай і прыгнечанне процізгусальнай сістэмы крыві, павелічэнне ў крыві колькасці фібрынагену, трамбацытаў, тлушчаў, павелічэнне вязкасці крыві. Прыкметы залежаць ад месца Т. і парушэння кровазвароту (боль, ішэмія, непрытомнасць). Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.
І.М.Семяненя.
т. 15, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)