дадатковыя знакі ў алфавіце, для больш дакладнай перадачы гукавой сістэмы мовы. Ужываюцца над і пад літарамі, радзей — побач. Надаюць літарам новае значэнне (польск. ż, ć, ś; чэш. ž, č, š), абазначаюць варыянты гукаў (франц. è, é, ê польск. ą, ę, ó), паказваюць, што літару трэба чытаць ізалявана (франц. ï) і інш. Прасадычныя Д.з. паказваюць на працягласць ці кароткасць гука, націск і яго тыпы, тоны (напр., у в’етнамскай мове). Д.з. выкарыстоўваюцца ў большасці алфавітаў на лац., кірыліцкай, араб. і інд. графічных асновах, у некаторых сістэмах транскрыпцыі і праектах міжнар. алфавіта. У слав. графіцы з’явіліся пад уплывам стараж.-грэч. пісьма. Самыя характэрныя Д.з. старабел. пісьменства — камора ( ҄ ), паерык (ⸯ), цітла ( ҃ ). У сучасным бел. алфавіце з Д.з. ўжываюцца літары «ё», «й», «ў», адмысловае графічнае значэнне мае апостраф (’).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́НАў музыцы,
колькасная характарыстыка ступеневых якасцей музычных гукаў. Вызначае адносіны паміж элементамі муз. гуку як фіз. з’явы (частата, інтэнсіўнасць, склад гуку, працягласць) і яго муз. якасцямі (вышыня, гучнасць, тэмбр, працягласць) як адбіткамі ў свядомасці чалавека гэтых фіз. уласцівасцей гуку. Ступеневая якасць, напр., гуку а1 не пераходзіць у суседнія якасці ў дастаткова шырокай зоне — прыкладна ад 430 да 450 герц; З. абсалютнага слыху прыблізна 80 цэнтаў; інтэрвальнага, адноснага слыху — каля 60—70 цэнтаў. Унутры З. музыканты адрозніваюць вял. колькасць інтанацыйных адценняў. Паняцце З. пашыраецца і на ўспрыняцце тэмпу і рытму, дынамічны і тэмбравы слых. Вучэнне пра З. (распрацавана муз. акустыкам М.Гарбузавым) адкрыла новыя магчымасці для вывучэння маст. інтэрпрэтацыі муз. твораў.
Літ.:
Н.А.Гарбузов — музыкант, исследователь, педагог. М., 1980. С. 11—48, 80—270.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ЎЧЫЯ ПТУ́ШКІ, пеўчыя вераб’іныя (Oscines, або Passeres),
падатрад птушак атр.вераб’інападобных. Прадстаўнікі сучасных відаў вядомы з ранняга алігацэну (каля 35 млн.г. назад). 33—56 сям. (2 вымерлыя), 761—1017 родаў, больш за 4200 відаў (каля палавіны ўсіх відаў птушак на Зямлі). Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць у разнастайных ландшафтах усіх кліматычных зон, большасць відаў — у тропіках. На Беларусі ўсе П.п. належаць да вераб’інападобных.
Маса ад 4 да 1500 г. Знешні выгляд, паводзіны, афарбоўка вельмі разнастайныя. Маюць спецыфічную будову галасавога апарату: ніжнія кольцы трахеі зрасліся і ўтварылі ніжнюю гартань; добра развіты 5—7 пар галасавых мышцаў, вонкавая і ўнутраная галасавыя перапонкі, што дае магчымасць П.п. выдаваць больш разнастайныя гукі, чым у інш. птушак. Пры дапамозе песні П.п. забяспечваюць камунікатыўныя функцыі. Кожнаму віду характэрны свая песня або набор гукаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭДУПЛІКА́ЦЫЯ (ад позналац. reduplicatio падваенне),
1) у лінгвістыцы, поўнае або частковае падваенне кораня, асновы ці цэлага слова, зрэдку пэўнага спалучэння гукаў, уласцівае мовам рознага ладу. Р. выконвае функцыі грамат. (утварэнне мн. л. назоўнікаў у некат. мовах: малайскае orang «чалавек» — orangorang «людзі»; значэнне перфекта ў лац. do «даю» — dedi «даў» і інш.); словаўтваральную («ой-ёй-ёй», «мяў-мяў»); экспрэсіўную (выражэнне значэнняў памяншальнасці: «дробненькі-дробненькі» інтэнсіўнасці: «хадзілі-хадзілі», «слабы-слабенькі»; эмацыянальнай рэакцыі: «Пойдзеце з намі?» — Не-не! або Так-так!»; экспрэсіўнай ацэнкі: «дурань-дурнем», «ручкі-шмучкі»); фразеўтваральную («плоць ад плоці», «лежма ляжаць»); стылістычную («А за возерам — лясы, лясы, лясы...»). У некат. бел. гаворках Р. экспрэсіўнага плана назіраецца ў суфіксах: «малюсесенечкі», «малюпасененечкі».
2) Р. ў генетыцы тое, што рэплікацыя.
Літ.:
Крючкова О.Ю. Редупликация как явление русского словообразования. Саратов., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́СТЫКА МУЗЫ́ЧНАЯ,
раздзел тэорыі музыкі, які даследуе фізічныя заканамернасці музыкі ў аспекце яе выканання і ўспрымання. Вывучае вышыню, гучнасць, тэмбр, даўжыню і сінтэз муз.гукаў, муз. сістэмы і строі, кансананс і дысананс, некат. з’явы ў гармоніі, інструментоўцы, аркестроўцы і інш.
Навука пра акустыку музычную пачала развівацца ў Стараж. Грэцыі; пазней яе развівалі Дж.Царліна, М.Мерсен, Ж.Рамо і інш. У 19 ст. распрацавана рэзанансная тэорыя слыху (Г.Гельмгольц) і тэорыя адлюстравання гукавых ваганняў (К.Штумпф). У 20 ст. з’явіліся тэарэт. даследаванні, звязаныя з зоннай прыродай слыхавога ўспрыняцця (М.Гарбузаў; гл. ў арт.Зона), акустыкай пеўчага голасу (Р.Юсан), электрамуз. інструментаў (Л.Тэрмен, А.Валодзін), а таксама з асаблівымі з’явамі электроннай музыкі і мікратэмперацыі. Гал. праблема сучасных прац — даследаванне ролі аб’ектыўных акустычных фактараў у фарміраванні муз. мовы кампазітараў 20 ст. (Я.Назайкінскі, Ю.Рагс, Ю.Антанавічус).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБО́НЫ (Hylobates),
род сям. гібонавых атр. прыматаў. 9 відаў. Жывуць у густых трапічных лясах Паўд.-Усх. Азіі і Зондскіх а-воў на дрэвах невял. сямейнымі групамі. 4 віды занесены ў Чырв. кнігу МСАП: гібон аднакаляровы (H. concolor), гібон серабрысты (H. moloch), гібон чорнашапачны (H. pileatus), сіяманг карлікавы (H. klossi).
Даўж. цела 45—90 см, маса 5—13 кг. Целасклад грацыёзны. Афарбоўка валасянога покрыва ад чорнай да жаўтавата-карычневай або серабрыста-шэрай. Пярэднія канечнасці доўгія, з іх дапамогай гібоны перамяшчаюцца па галінах дрэў. Ёсць невял. сядалішчныя мазалі. Іклы вялікія. Палаваспелыя ў 5—7 гадоў, нараджаюць 1 дзіцяня. Кормяцца пладамі, лісцем, маладымі парасткамі, насякомымі, павукамі, зрэдку птушынымі яйцамі і птушанятамі. Пры ўсходзе сонца «пяюць» (адсюль другая назва — «пявучыя малпы»), у сіяманга (H. syndactylus) ёсць вял. няпарны гарлавы мяшок для ўзмацнення гукаў.
Гібоны: 1 — сіяманг; 2 — серабрыстыя рознай афарбоўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ЦЫЯ (ад лац. gratia вытанчанасць, краса),
1) разнавіднасць прыгожага, эстэт. характарыстыка руху, дзеянняў. У эстэтыцы Адраджэння грацыя — тое, што натхняе фармальны пачатак прыгожага, робячы яго прывабным, мілым. Англ. філосафы і эстэтыкі 18 ст. падкрэслівалі ў грацыі натуральнасць, вольнасць рухаў і ўчынкаў чалавека; А.Шэфтсберы і Ф.Хатчэсана адрознівалі знешнюю грацыю і духоўную («маральную»). У ням.асв. эстэтыцы грацыя проціпастаўлялася ўзвышанаму, праяўлялася ў дзеяннях і рухах, засяроджаных у позах (І.Вінкельман). Паводле Ф.Шылера, грацыя ёсць «заўсёды толькі хараство апанаванага свабодай аблічча». Яна — выяўленне ў з’яве прыгожай душы, у якой гарманічна спалучаюцца пачуццёвасць і розум, доўг і схільнасць. У пазітывісцкай эстэтыцы грацыя руху тлумачыцца эканомнасцю затрат мышачнай энергіі (Г.Спенсер). У мастацтве паняцце «грацыя» можа ўжывацца для характарыстыкі руху гукаў у музыцы, думак і вобразаў у паэзіі, ліній у графіцы, чалавечага цела ў харэаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНІНГІ́Т (ад грэч. mēninx мазгавая абалонка),
запаленне абалонак галаўнога і спіннога мозга ў чалавека і жывёл. Паміж людзей найчасцей хварэюць дзеці, сярод жывёл — сабакі і коні. М. адрозніваюць па ўзбуджальніку (вірусны, бактэрыяльны, грыбковы, сіфілітычны і інш.), цячэнні (востры, падвостры, хранічны), характары змен спіннамазгавой вадкасці (гнойны і серозны). Гнойны М. часцей выклікаюць менінгакокі (60—70%), серозны — вірусы паратытнай інфекцыі, энтэравірусы і інш. Адрозніваюць першасны М. (самастойная хвароба) і другасны — ускладненні туберкулёзу, атыту і інш. Заражэнне адбываецца паветрана-кропельным шляхам, таксама водным, аліментарным, праз укусы насякомых (залежыць ад віду ўзбуджальніка). Прыкметы: т-ра цела 39—40 ℃, моцны галаўны боль, ірвота, уразлівасць да гукаў, святла, характэрная поза хворых (адкінутая назад галава), парушэнне прытомнасці (да беспрытомнасці), сутаргі; пры гнойным М. — гемарагічная высыпка на скуры. Лячэнне тэрапеўтычнае. На Беларусі вял. ўклад у вывучэнне М. зрабілі В.А.Лявонаў, П.Л.Новікаў, І.А.Карпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЦЫЛІЯ́НА (італьян. siciliana літаральна — сіцылійская),
вакальная ці інстр.муз. п’еса, якая паходзіць, верагодна, ад сіцылійскага нар. танца або танц. песні. Муз. памер 6/8 ці 12/8, тэмп умераны. Мае пераважна светлы, ідылічны характар. З 17—18 ст. пашырана ў еўрап.прафес. музыцы. Развівалася пераважна ў 2 кірунках: сузіральным (пастаральным; гл.Пастараль у музыцы) і засмучана-элегічным, які ў прафес. музыцы ўяўляе сабой псіхал. насычэнне, характарызуецца мноствам няўстойлівых гукаў у мелодыі. Пашырана ў творчасці І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля, Л.Бетховена, уласціва творам Ф.Шапэна, Р.Шумана, С.Рахманінава, П.Хіндэміта, А.Анегера, І.Стравінскага, Г.Свірыдава, Дз.Шастаковіча, К.Караева, Ю.Шапорына. Рытмічная арганізацыя, блізкая да С., сустракаецца і ў бел. музыцы (напр., фінал 3-й «Сімфоніі ў стылі барока» і вак. цыкле А.Мдывані на вершы Г.Апалінэра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛФАВІ́Т [ад назваў першых дзвюх літар грэч. алфавіта alpha і bēta (навагрэч. vita)],
азбука, сукупнасць графічных знакаў (літар) пэўнай сістэмы пісьма, размешчаных у замацаваным парадку. Уяўляе сабой пазнейшую стадыю развіцця графікі, наступную за піктаграфічным, ідэаграфічным пісьмом (гл. адпаведныя арт.). Асн. патрабаванні да кожнага алфавіта: дакладная колькасць адпаведных літар і асн.гукаў мовы (фанем), прастата малюнкаў літар і іх зручнасць для напісання, выразнае адрозненне адной літары ад другой пры захаванні адзінства іх графічнай будовы.
Алфавіт упершыню ўзнік у стараж. літарна-гукавых сістэмах. Яго маюць і некат. складовыя сістэмы, напр. катакана і хірагана (гл.Японскае пісьмо), дэванагары (гл.Індыйскае пісьмо) і інш. Першымі чыста гукавую сістэму пісьма стварылі фінікійцы каля 2000 г. да н. э. Фінікійскае пісьмо стала асновай для ўсіх наступных літарна-гукавых сістэм. Ад яго паходзіць арамейскае пісьмо, якое дало пачатак яўрэйскаму пісьму і арабскаму пісьму, а таксама грэчаскае пісьмо, на якім грунтуецца большасць еўрап. алфавіта. Грэч. алфавіт, найб. верагодна, створаны ў 11 ст. да н.э.Стараж. грэкі пакінулі без істотных змен фінікійскі алфавіт, толькі адкінулі графемы, не прыдатныя для перадачы гукаў сваёй мовы, і ўвялі некалькі новых. Грэч. алфавіт лёг у аснову італійскіх алфавітаў (этрускага, умбрыйскага, оскага, лацінскага, фаліскійскага і інш.). Пазнейшы візантыйскі варыянт грэч. алфавіта даў пачатак арм. і груз. пісьму (гл. адпаведныя арт.).
На грэка-візантыйскай аснове ўзнікла кірыліца, якая перайшла ў спадчыну беларусам і інш.усх.-слав. народам. Кірыліцкі алфавіт выкарыстоўваўся ў старабел. пісьменстве, а з пэўнымі зменамі і ў першых бел. друкаваных выданнях 16—17 ст. У 18 — пач. 20 ст. ў сувязі з яго заняпадам стаў ужывацца пераважна лацінскі алфавіт (гл.Лацінскае пісьмо). З узнікненнем легальнай бел. прэсы для перадачы гукавой сістэмы бел. мовы быў прыстасаваны рус. грамадзянскі шрыфт. Сучасны беларускі алфавіт замацаваўся як асноўны графічны сродак пісьмовай формы бел.літ. мовы пасля ўтварэння БССР.
Літ.:
Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;