ГУ́КАПІС у паэзіі, гукавыя паўторы ў вершаванай мове, якія ўзмацняюць яе мілагучнасць і сэнсавую выразнасць; раздзел паэтыкі, што іх вывучае. Сярод гукапісу вылучаюцца алітэрацыя, анафара, асананс, гукаперайманне, кальцо, эпіфара і інш. У паэт. практыцы яны выкарыстоўваюцца ў спалучэнні з лексікай, інтанацыйна-сінтакс. арганізацыяй вершаванага радка. Напр., у «Песні званара» Я.Купалы гукавыя стыкі, анафары і эпіфары ўзмацняюць маст. выразнасць асанансу (на о, у, і, а) і алітэрацыі (на р, з, с, ц): «Разгубіцца мой звон ад акон да акон, // Думы збудзіць, па сэрцах удара, // Дрогнуць сковы цямніц, бліснуць іскры зарніц, // Заварушацца яры, папары». У сучаснай паэзіі шырока ўжываюцца паўторы не толькі асобных гукаў, але і гукаспалучэнняў.
В.П.Рагойша.
т. 5, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)