ЗАХО́ДНІ ФРОНТ 1915—18,

аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне рус. армій у 1-ю сусв. вайну. Утвораны 12(25).8.1915. Штаб у Мінску, з 22.2.1918 у Смаленску, з 24.3.1918 у Тамбове. Ўваходзілі арміі: 1-я (да крас. 1916), 4-я (да кастр. 1916), Асобая (снеж. 1916 — ліп. 1917), 2, 3 і 10-я (да сак. 1918). Фронт размяшчаўся на Маскоўскім стратэг. напрамку працягласцю каля 500 км ад мяст. Відзы да р. Прыпяць. У маі 1917 налічваў каля 1560,9 тыс. чал. У тыле З.ф. размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага (Магілёў).

У вер. 1915 войскі З.ф. вялі баі па ліквідацыі кав. групоўкі ворага, якая ў выніку Свянцянскага прарыву 1915 выйшла ў глыбокі тыл фронту і да кастр. 1915 адкінулі яе да лініі азёр Нарач—Свір. Фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск—воз. Нарач—Баранавічы—Пінск. Войскі З.ф. ў сак. 1916, каб аблегчыць становішча саюзнікаў, правялі Нарачанскую аперацыю 1916, у чэрв.—ліп. 1916 падтрымалі наступленне Паўн.-Зах. фронту Баранавіцкай аперацыяй 1916. Абедзве аперацыі скончыліся няўдачай. Паражэнні, бяссэнсавая гібель людзей, дрэннае забеспячэнне боепрыпасамі выклікалі незадаволенасць салдат, спрыялі разлажэнню рус. арміі. У выніку Лют. рэвалюцыі 1917 на 1.9.1917 на З.ф. дзейнічалі 7284 вайск. к-ты, у склад якіх было абрана 4825 афіцэраў, 1598 ваенных чыноўнікаў, 54 467 салдат. Наяўнасць гэтых арг-цый у войсках, а таксама пастаянны ўплыў Мінскага і інш. Саветаў фактычна стварылі на З.ф. двоеўладдзе. Паводле плана летняга 1917 наступлення рус. арміі войскі З.ф. сіламі 10-й арміі наносілі дапаможны ўдар у напрамку Вільні, але наступленне 9(22).7.1917 скончылася няўдачай. З.ф. адыграў важную ролю ў тым, што бальшавікі прыйшлі да ўлады. Сав. ўлада на З.ф. была абвешчана 20—25.11(3—8.12).1917 на 2-м з’ездзе армій Зах. фронту. Салдаты фронту актыўна адгукнуліся на прапанову Саўнаркома спыніць ваен. дзеянні, дагавор аб часовым прымірэнні быў падпісаны 21.11—(4.12).1917. У снеж. 1917 — студз. 1918 з З.ф. былі адпраўлены на франты грамадз. вайны каля 15 «найбольш моцных» палкоў пяхоты і З артыл. брыгады, якія падтрымлівалі бальшавікоў. Наступленне германскіх войск на З.ф. пачалося раніцай 18.2.1918. Пры адсутнасці неабходных сіл у войсках З.ф. пачаліся паніка і адступленне. З.ф. старой рус. арміі практычна спыніў сваё існаванне.

Літ.:

Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;

Смольянинов М.М. Революционное сознание солдат Западного фронта в 1917 г. Мн., 1991.

М.М. Смальянінаў.

т. 7, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ТЧА,

павучальна-алегарычны жанр сімвалічнага зместу, які не мае адасобленага бытавання і ўзнікае ў пэўным кантэксце. У адрозненне ад байкі ці навелы ў П. можа быць толькі фабула ці разгорнутае параўнанне, а развіты сюжэт адсутнічаць. У сучаснай маст. творчасці П. — жанравая мадыфікацыя, дыдактычны архетып (напр., апавяданне-П., аповесць-П., раман-П., фільм-П. і інш.). П. ўзнімае спосабы існавання сваіх герояў, што выступаюць суб’ектамі этычнага выбару, да універсалій чалавечага быцця; стварае ўнутрана адзіную, замкнутую, пазачасавую, тэлеалагічную карціну свету, у якой пануе заканамернасць лёсу. Аўтары маст. твораў звяртаюцца да П. ў пошуках этычных першаасноў чалавечага існавання.

П. — універсальная з’ява маст. творчасці. Шырока прадстаўлена ў сусв. л-ры і фальклоры самастойна і ў тлумачэнні з інш. жанрамі стараж., сярэдневяковай і новай л-ры. Найстараж. П. сабраны ў кнігах Старога запавету. У раннехрысц. л-ры (кананічныя евангеллі. творы царк. дзеячаў) П. выкарыстоўвалася ў павучаннях. пропаведзях і разглядалася як агульназразумелая форма папулярызацыі ведаў і хрысц. догмаў. З 12 ст. вядомы П. Кірылы Тураўскага. П. ўвайшлі ў перакладны зб. «Пчала» (13 ст.), «Ізмарагд» (14 ст.). Шмат П. змешчана ў перакладных зб-ках «Вялікае зярцала», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», «Рымскія дзяянні». Ф.​Скарына адзін з першых звярнуў увагу на глыбокі сімвалічны сэнс П. і яе ролю ў папулярызацыі маральна-філас. ведаў. Сімяон Полацкі на сюжэт папулярнай П. напісаў «Камедыю прытчы пра блуднага сына». З канца 19 ст. эканомнасць, змястоўнасць, этычны дыдактызм П. з’яўляецца ўзорам для творчасці шэрагу пісьменнікаў (Ж.​П.​Сартра, А.​Камю, Б.​Брэхта, У.​Фолкнера і інш.). У 20 ст. П. паўплывала на творчасць пісьменнікаў (Ф.​Кафка, М.​Булгакаў, Ч.​Айтматаў і інш.), кінарэжысёраў (М.​Антаніёні, А.​Д.​Іаселіяні, А.​Таркоўскі, Ф.​Феліні і інш.).

Сімволіка і маст. структура П. зрабілі ўплыў на многія жанры бел. фальклору (чарадзейныя казкі, казкі пра жывёл, балады), л-ры («нашаніўская» паэзія і проза, навелы Я.​Коласа, апавяданні М.​Багдановіча, аповесці В.​Быкава і інш.). У маст. творы П. можа арганічна ўплятацца ў тканіну ўсяго аповеду (познія творы Л.​Талстога, «Казкі жыцця» Я.​Коласа), можа быць «апавяданнем у апавяданні» («Легенда пра Вялікага інквізітара» Ф.​Дастаеўскага, «Апавяданне пра гусара-схімніка» І.​Ільфа і Я.​Пятрова).

У.​М.​Конан, С.​Ю.​Лебедзеў.

т. 13, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ САМАВЫЗНА́ЧЭННЕ,

свабоднае і суверэннае вызначэнне нацыяй або інш. этнасацыяльнай супольнасцю дзярж. форм свайго існавання і ўзаемаадносін з інш. народамі (этнасамі); асн. прынцып нац. палітыкі, найб. поўнае выражэнне дэмакратызму ў нац. адносінах (гл. Нацыянал-дэмакратызм).

Прынцып Н.с. сфарміраваўся ў выніку асэнсавання вопыту нац. рухаў, сусв. вопыту вырашэння нац. пытання. На яго аснове ў 19 ст. створаны шэраг незалежных нац. дзяржаў у Еўропе і Амерыцы, у 20 ст. адбылося мірнае дэмакр. аддзяленне Нарвегіі ад Швецыі (1905), Фінляндыі і Польшчы ад Расіі (1917), распад шматнацыянальнай Аўстра-Венгрыі на шэраг нац. дзяржаў (1918), стварэнне нац. сав. рэспублік і іх аб’яднанне ў СССР (1917—22), пасля 2-й сусв. вайны — распад каланіяльнай сістэмы і ўзнікненне больш чым 120 новых нац. дзяржаў, у канцы 20 ст. — распад СССР, Чэхаславакіі, Югаславіі і стварэнне на іх месцы суверэнных дзяржаў. Стварэнне нац. дзяржаў — аб’ектыўная гіст. і агульнасусв. тэндэнцыя. Для шматнац. грамадстваў і дзяржаў гэта можа азначаць распад, расчляненне, калі адсутнічаюць інш. шляхі і магчымасці дэмакр. і ўзгодненага вырашэння праблем міжнац. узаемаадносін. Н.с. можа ажыццяўляцца і ў форме добраахвотнага, на аснове дэмакр. выяўлення волі народаў, уваходжання нацый у саюзную дзяржаву, стварэння федэратыўных шматнацыянальных дзяржаў. У канцы 20 ст. адбываецца інтэграцыя нац. дзяржаў з даўнімі традыцыямі суверэннага існавання ў буйных утварэннях (напр., Еўрапейскі саюз), дзе адбываецца сумяшчэнне нац. суверэнітэту з працэсамі інтэрнацыяналізацыі і інтэграцыі.

Ідэя Н.с. беларусаў упершыню ўскосна выказана К.​Каліноўскім (ідэя пра самастойнасць Літвы—Беларусі ў дэмакр. саюзе з Польшчай і Расіяй).

Створаная ў пач. 20 ст. нац.-дэмакр. партыя сацыялістычнага кірунку Беларуская сацыялістычная грамада адной са сваіх бліжэйшых задач лічыла стварэнне аўтаноміі Беларусі з сеймам у Вільні ў складзе дэмакр. Рас. рэспублікі. Глыбокі ўсеагульны крызіс і распад Рас. імперыі ў выніку 1-й сусв. вайны, Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 паспрыялі прыкметнаму паскарэнню эвалюцыі агульнай ідэі свабоднай Беларусі ў кірунку практычнага дзярж.-незалежнага самавызначэння. У выніку адбылося абвяшчэнне БНР (сак. 1918), якая ў тагачасных гіст. і паліт. умовах не змагла рэалізаваць свой суверэнітэт. 1.1.1919 утворана Беларуская ССР. 27.7.1990 Вярх. Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая 25.8.1991 атрымала статус канстытуцыйнага закону. У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996, Беларусь на падставе свайго неад’емнага права на самавызначэнне абвяшчалася унітарнай дэмакр. сац. прававой дзяржавай, што валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫ́СІН Аляксей Васілевіч (22.3.1920, в. Высокі Борак Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 27.8.1981),

бел. паэт. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Вучыўся ў Камуніст. ін-це журналістыкі ў Мінску (1938—39), скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1958). Працаваў у рэдакцыях раённых газет (1939—41, 1946—56), з 1958 у газ. «Магілёўская праўда», з 1974 сакратар Магілёўскага абл. аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1938. У зб-ках «Наш дзень» (1951), «Сіні ранак» (1959) вершы, прасякнутыя патрыятызмам і грамадзянскім пафасам, адлюстроўваць працоўныя будні краіны, трывогу за мір на зямлі. У зб. «Сонечная паводка» (1962) — зварот да франтавых будняў, роздум аб якіх пазней стаў адной з істотных асаблівасцей яго паэзіі. Кніга «Мае мерыдыяны» (1965) засведчыла другое нараджэнне паэта. У ёй, як і ў кнігах «Твае далоні» (1967, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1968), «Пойма» (1968), «Да людзей ідучы» (1972), «Вярбовы мост» (1974), «Ёсць на свеце мой алень» (1978) разгортваецца суровы летапіс памяці. Драматызм ваен. часу складае аснову перажывання, вызначае характар лірычнай споведзі героя, былога франтавіка, абумоўлівае глыбокі смутак паэзіі П. Погляд у гераічнае мінулае і ў сённяшні дзень вачыма страчаных баявых сяброў, крытэрый памяці прысутнічае ў кожным творы паэта і становіцца найважнейшай адзнакаю эстэт. вартасці яго паэзіі. Высокая маст. культура, маштабнасць мыслення паэта выяўляюцца ў разважаннях над імгненнем і вечнасцю, над глабальнымі пытаннямі сучаснасці, падсвечанымі памяццю франтавых дарог, у глыбокім пранікненні ў духоўны свет чалавека. Імкненне адчуць і зразумець людскія трывогі і клопаты, душэўны неспакой у роздуме аб нашчадках робяць творчасць П. эмацыянальна дзейснай, абумоўліваюць яе агульначалавечае гучанне, гуманіст. скіраванасць у заўтрашні дзень. Лірыцы паэта ўласцівы жыццесцвярджальнасць, унутраная засяроджанасць, спавядальная шчырасць, сталае майстэрства. Аўтар ліра-эпічных паэм «Белы камень», «Кара», «Жураўліны бераг», кніг для дзяцей «Матылёчкі-матылі» (1962), «Вясёлка над плёсам» (1964), «Кавылёк» (1966), «Дзяўчынка Марыям» (1970), «Колькі сонцаў» (1979). На бел. мову пераклаў «Маабіцкі сшытак» М.​Джаліля (1975, з С.​Гаўрусёвым), зб. вершаў М.​Ханінава «Жураўлі над стэпам» (1977). У Палужскай школе Краснапольскага р-на створаны музей П.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1980;

Палёт. Мн., 1982;

Яшчэ не скончана дарога... Мн., 1983;

Аляксей, Дзяніс, Алёнка. Мн., 1984.

Літ.:

Гарэлік Л.М. Аляксей Пысін: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1981;

Бярозкін Р. Постаці. Мн., 1971;

Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;

Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976;

Шпакоўскі І. Узрушанасць. Мн., 1978;

Вялюгін А. Выбр. тв. Т. 2. Мн., 1984.

Л.​М.​Гарэлік.

А.В.Пысін.

т. 13, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНІСЛА́ЎСКІ (сапр. Аляксееў) Канстанцін Сяргеевіч

(17.1.1863, Масква — 7.8.1938),

расійскі рэжысёр, акцёр, педагог, тэарэтык тэатр. мастацтва. Нар. арт. СССР (1936). Рэфарматар т-ра, заклаў фундамент навукі аб сцэн. мастацтве (гл. Станіслаўскага сістэма). Тэатр. дзейнасць пачаў у 1877 на аматарскай сцэне як акцёр і рэжысёр. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Т-ва мастацтва і л-ры (1888). Найб. поўна і ярка талент С. раскрыўся ў Маск. маст. т-ры (МХТ), які ён заснаваў з У.​Неміровічам-Данчанкам у 1898. У першай пастаноўцы «Цар Фёдар Іаанавіч» А.​К.​Талстога дасягнуў гіст. праўды, акцёрскай верагоднасці, дакладнай распрацоўкі масавых сцэн. З адкрыццём новага кірунку ў сцэн. мастацтве звязаны пастаноўкі п’ес А.​Чэхава «Чайка» (1898), «Дзядзька Ваня» (1899), «Тры сястры» (1901), «Вішнёвы сад» (1904, усе з Неміровічам-Данчанкам), якім уласцівы глыбокі псіхалагізм, высокая паэтычнасць, ансамблевасць ігры, зладжанасць усіх маст. кампанентаў. Грамадзянскім гучаннем вызначаліся пастаноўкі драматургіі М.​Горкага «Мяшчане» і «На дне» (1902, апошняя з Неміровічам-Данчанкам). Наватарствам, дакладным прачытаннем літ. твораў адметныя спектаклі «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава (1906), «Рэвізор» М.​Гогаля (1908), «Жывы труп» Л.​Талстога (1911), «Дзе тонка, там і рвецца» І.​Тургенева (1912, усе з Неміровічам-Данчанкам). Сац. напоўненасцю і завостранасцю, яркасцю фарбаў вызначаліся спектаклі «Гарачае сэрца» А.​Астроўскага (1926), «Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ (1927), «Мёртвыя душы» паводле Гогаля (1932). Вобразам, створаным С.-акцёрам, уласціва тонкая псіхал. распрацоўка (Трыгорын — «Чайка», Астраў — «Дзядзька Ваня», Вяршынін — «Тры сястры»), высокі грамадзянскі пафас (Сацін — «На дне», Штокман — «Доктар Штокман» Г.​Ібсена), сатыр. завостранасць, тэатр. яркасць, кідкасць (Фамусаў — «Гора ад розуму», Круціцкі — «На ўсякага мудраца хапае прастаты» Астроўскага, Арган — «Прытворна хворы» Мальера). Вёў пед. работу ў драм. і оперных студыях. Распрацоўваў метады работы над п’есай, роляй, вёў пошукі новых шляхоў у сцэн. творчасці. З дзейнасцю С. звязаны новы кірунак у тэатр. мастацтве, вышэйшы этап у развіцці сцэн. рэалізму. Дасягненні абгрунтаваў у тэарэт. працах. Практычная дзейнасць С., тэарэт. працы зрабілі вялікі ўплыў на сусв. сцэн. мастацтва, у т. л. на беларускае.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1954—61.

Літ.:

О Станиславском: Сб. воспоминаний, 1863—1938. М., 1948;

Станиславский: Писатели, артисты, режиссеры о великом деятеле рус. театра. М., 1963;

Полякова Е.И. Станиславский — актер. М., 1972;

Яе ж. Станиславский. М., 1977;

Сибиряков Н.Н. Мировое значение Станиславского. М., 1974;

Виноградская И.Н. Жизнь и творчество К.​С.​Станиславского: Летопись. Т. 1—4. М., 1971—76;

Соловьева И.Н., Шитова В.В. К.​С.​Станиславский. М., 1985;

Сабалеўскі А. Станіслаўскі і сучаснасць // Сабалеўскі А. Жыццё тэатра. Мн., 1980.

А.​В.​Сабалеўскі.

К.С.Станіслаўскі.
К.Станіслаўскі ў ролі Вяршыніна.

т. 15, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́НІН Іван Аляксеевіч (22.10.1870, г. Варонеж, Расія — 8.11.1953),

рускі пісьменнік. Акад. Пецярбургскай АН (1909). Продак пісьменніка Сымон Бунікоўскі ў 15 ст. перасяліўся з ВКЛ у Маскоўскае вял. княства, дзе і атрымаў прозвішча Бунін. У 1909—14 Бунін жыў за мяжой. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў (свае адносіны да бальшавіцкага рэжыму выказаў у дзённіку «Акаянныя дні», 1925—26). У 1920 эміграваў у Францыю. Літ. дзейнасць пачаў у 1887 як паэт. Вершы Буніна, вытрыманыя ў рэаліст. традыцыях рус. паэзіі 19 ст., процістаялі дэкадэнцкай лірыцы (зб-кі «Вершы 1887—1891 гг.», 1891; «Пад адкрытым небам», 1898; «Лістапад», 1901, Пушкінская прэмія 1903; «Вершы і апавяданні, 1907—1910», 1910). Першы зб. апавяданняў «На краі свету» (1897). У эміграцыі выдаў зб. паэзіі «Выбраныя вершы» (Парыж, 1929), 10 новых кніг прозы: «Ружа Іерыхона» (1924), «Сонечны ўдар» (1927), «Божае дрэва» (1931), «Цёмныя алеі» (1943) і інш., рэліг.-філас. трактат «Вызваленне Талстога» (1937). У кн. «Успаміны» (Парыж, 1950) — суб’ектыўна-крытычная характарыстыка М.​Горкага, А.​Блока, В.​Брусава, Г.​Ахматавай, С.​Ясеніна, У.​Маякоўскага і інш. Лаканічная мова, сціслая кампазіцыя, востры сюжэт, глыбокі псіхалагізм, пранікнёная лірычнасць апавядання — асн. рысы стылю Буніна. У ранніх апавяданнях («Танька», «Антонаўскія яблыкі») адлюстраваў голад і пакуты сялянства, распад патрыярхальнага жыцця селяніна і заняпад дваранскай Расіі. Творы 1910-х г. (паэма ў прозе «Вёска», 1910; аповесць «Сухадол», 1912; апавяд. «Вясёлы двор», «Захар Вараб’ёў», «Пустазелле», «Браты», «Пан з Сан-Францыска») з бязлітаснай маст. сілай раскрываюць тэму збяднення сялян, іх цемру і бяспраўе, працэс сац. і маральнага выраджэння памешчыцкай сям’і. Апавяданні 1920—30-х г. («Лапці», «Цёмныя алеі») прасякнуты матывамі і вобразамі, навеянымі настальгічнымі ўспамінамі пра радзіму, прысвечаны тэме трагічнага кахання (аповесць «Міцева каханне», 1925). У 1927—33 працаваў над сваім самым буйным творам — аўтабіягр. раманам «Жыццё Арсеннева» (Парыж, 1930, 1-е поўнае выд. Нью-Йорк, 1952), у якім адлюстраваў мінулае Расіі, сваё дзяцінства і юнацтва. Пераклаў на рус. мову «Песню пра Гаявату» Г.​Лангфела, містэрыі Дж.​Байрана «Каін», «Манфрэд», паэму А.​Тэнісана «Лэдзі Гадзіва», вершы А. дэ Мюсэ, Л. дэ Ліля, А.​Міцкевіча, Т.​Шаўчэнкі і інш. Нобелеўская прэмія 1933. На бел. мову творы Буніна перакладалі Я.​Скрыган, М.​Лужанін і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—9. М., 1965—67;

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1987—88;

бел. пер. — Выбранае. Мн., 1958;

Выбр. проза. Мн., 1992.

Літ.:

Афанасьев В. И.​А.​Бунин: Очерк творчества. М., 1966;

Волков А. Проза Ивана Бунина. М., 1969;

Михайлов О. Строгий талант: Иван Бунин: Жизнь, судьба, творчество. М., 1976;

Бабореко А. И.​А.​Бунин: Материалы для биографии с 1870 по 1917. 2 изд. М., 1983;

Лавров В. Холодная осень: Иван Бунин в эмиграции (1920—1953). М., 1989;

Муромцева-Бунина В.Н. Жизнь Бунина. М., 1989.

І.А.Бунін.

т. 3, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́ЛА ТУ́РАЎСКІ (каля 1113, г.п. Тураў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — пасля 1190),

бел. і ўсх.-слав. царкоўны дзеяч, пісьменнік, багаслоў. Паходзіў з заможнай сям’і. Атрымаў класічную для таго часу адукацыю. Прыблізна з 1123 у Нікольскім манастыры: манах, іераманах, у 1144—48 настаяцель. Потым стаў пустэльнікам. З 1161 тураўскі епіскап. Займаўся ўладкаваннем епархіі, прапаведніцкай, экзегетычнай і царк., паліт. і літ. дзейнасцю. Магчыма, ужо ў пач. 13 ст. К.Т. ўшаноўваўся як святы (звесткі пра яго афіц. кананізацыю не выяўлены). Вывучаў грэчаскую мову і візантыйскую л-ру. Стаўшы тураўскім епіскапам, праславіўся як майстар аратарскай прозы, прапаведнік, галоўны клопат якога — духоўнасць суайчыннікаў адпаведна этычных і эст. ідэалаў эпохі. Аўтар пропаведзей, малітваў, павучанняў, прытчаў, канонаў (захавалася каля 70 твораў), створаных на ўзор антычнай і візант. аратарскай прозы. Сярод іх «Сказанне пра чын чарнарызца», «Слова пра паходжанне манаскага жыцця», малітоўны сядмічны цыкл (32 малітвы-споведзі), урачыстыя і дыдактычныя пропаведзі (10 казанняў на святы Велікоднага цыкла, «Слова на Богаяўленне», «Слова на Пяцідзесятніцу», «Слова пра тое, каб не забываць сваіх настаўнікаў» і інш.), павучанні (аб зыходзе душы, аб страху Божым, аб мудрасці, аб карыснасці чытання кніг), прытчы аб чалавечай душы і целе (аб кульгавым і сляпым), пасланні-прытчы да кіева-пячэрскага ігумена Васіля (пра нямудрага цара і пра схіму), 3 Вял. каноны (На ўспенне княгіні Вольгі, Малітоўны, Пакаяльны) і інш. У асобных творах закранаў надзённыя маральна-этычныя праблемы, важныя пытанні грамадска-паліт. жыцця Стараж. Русі. Арыгінальны, выключнай вобразна-выяўленчай сілы талент К.Т. найб. выявіўся ў «словах» з нагоды розных свят, дзе праз традыц. біблейскі змест выяўляецца захапленне чалавека прыгажосцю прыроды, радасцю жыцця, яго імкненне да духоўнай дасканаласці і ідэалу. Дзякуючы багатай паэт. фразеалогіі, сінтаксічнаму паралелізму, агульнаму рытмічнаму ладу некаторыя творы нагадваюць вершы ў прозе. Алегорыі, сімвалы, рытарычныя звароты, разгорнутыя параўнанні надаюць ім глыбокі лірызм, эмацыянальнасць, узнёсласць. Вытанчаная царк.-слав. мова, спалучаная з жывым нар.-паэт. словам, сведчыць пра высокую кніжную культуру, літ. майстэрства і смеласць аўтара. На працягу многіх стагоддзяў творы К.Т. карысталіся вял. папулярнасцю на ўсх.-слав. землях. Яны перапісваліся да 19 ст., змяшчаліся ў розных зборніках-анталогіях. Першая грунтоўная публікацыя яго твораў зроблена рус. вучоным К.​Калайдовічам у 1821. Найб. поўнае выданне твораў К.Т. на Беларусі ажыццявіў А.​Мельнікаў у сваёй кн. «Кірыл, епіскап Тураўскі» (1997). У 1984 К.Т. ўключаны ў Сабор бел. святых, 28 крас. (с. ст.) — Дзень яго памяці. У Тураве пастаўлены помнік К.Т.

Літ.:

Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992;

Яго ж. Кірыл, епіскап Тураўскі: Жыццё, спадчына, светапогляд. Мн., 1997;

Лабынцаў Ю. «Напой росою благодати...»: Малітоўная паэзія Кірылы Тураўскага. Мн., 1992.

А.​А.​Мельнікаў, В.​А.​Чамярыцкі.

Кірыла Тураўскі. Мастак І.​Пратасеня.

т. 8, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́САРАЎ Дзмітрый Іванавіч (14.10.1840, с. Знаменскае Леў-Талстоўскага р-на Ліпецкай вобл., Расія — 16.7.1868),

рускі публіцыст, літ. крытык. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1861). За публікацыю памфлета супраць самадзяржаўя і падтрымку А.​Герцэна зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці (1862—66). Асн. даследаванні, літ.-крытычныя, сацыялагічныя, гіст. і палемічныя артыкулы, нарысы і рэцэнзіі апублікаваў у час. «Русское слово», «Дело», «Отечественные записки» («Ідэалізм Платона», «Схаластыка XIX ст.», абодва 1861; «Базараў», «Бедная руская думка», абодва 1862; «Рэалісты», «Матывы рускай драмы», абодва 1864; «Пушкін і Бялінскі», «Разбурэнне эстэтыкі», «Мыслячы пралетарыят», усе 1865; «Барацьба за жыццё», ч. 1—2,1867—68; і інш.). У яркай і дасціпнай публіцыстыцы прааналізаваў творчасць І.​Тургенева, А.​Ганчарова, А.​Пісемскага, Г.​Гейнэ, раннія творы Л.​Талстога, Ф.​Дастаеўскага, вітаў літ. і паліт. кірунак М.​Чарнышэўскага, М.​Дабралюбава, інш. рэв. дэмакратаў. Адкрыта выступаў супраць самадзяржаўя, царскай бюракратыі, за інтэлектуальную і сац. свабоду, за гарантыю правоў народа і кожнага чалавека. П. — радыкальны крытык схаластычнай навукі, філас. ідэалізму, бурж. лібералізму, містыкі, фарысейскай маралі. У эстэтыцы развіваў традыцыі рэв. дэмакратызму і крытычнага рэалізму, аналіз маст. творчасці супастаўляў з глыбокім даследаваннем сац. рэчаіснасці, класава-саслоўнай структуры грамадства. Высока цаніў прыродазнаўчыя і фізіка-матэм. веды, эвалюцыйную тэорыю развіцця грамадства, навукова-тэхн. прагрэс, сацыялогію А.​Конта, сац.-паліт. тэорыю Ж.​Ж.​Русо. Дасціпна высмейваў арыстакратычнае эстэцтва, ізаляваную ад жыцця народа навуку і л-ру. Але ў палемічных перабольшаннях наўмысна дапускаў нігілістычныя выпады супраць «чыстага мастацтва», класічнай л-ры, творчасці А.​Пушкіна, прапаведаваў утылітарызм і «разбурэнне эстэтыкі».

Літ.-крытычная і сац.-філас. спадчына П. станоўча паўплывала на развіццё бел. эстэтыкі, крытыкі і публіцыстыкі. Бацька паэта М.​Багдановіча народнік А.​Багдановіч успамінаў, як у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі студэнты патаемна чыталі забароненыя для іх творы П. Газ. «Минский листок» станоўча ацаніла перавыданні яго твораў, ставіла П. ў шэрагу выдатных і самаахвярных пісьменнікаў. Газ. «Минский курьер» крытыкавала яго антыэстэтызм, але высока ацаніла яго глыбокі аналітычны розум, палемічны талент, ушаноўвала яго поруч з інш. «пакутнікамі слова». Спадчына П. прапагандавалася ў бел. друку 1920—80-х г. Яго выбр. творы перакладзеныя на бел. мову.

Тв.:

Соч. Т. 1—4. М., 1955—56;

Исторические эскизы: Избр. ст. М., 1989;

Литературно-критические статьи. Мн., 1976;

Литературная критика. Т. 1—3. Л., 1981;

Бел. пер. — Выбр. творы. Мн., 1939.

Літ.:

Гошевский В.О. Проблема личности в философском наследии Д.​И.​Писарева. Л., 1987;

Искра Л.М. Д.​И.​Писарев и его роль в истории русской общественно-политической мысли. Воронеж, 1988;

Кузнецов Ф.Ф. Круг Д.​И.​Писарева. М., 1990;

Мир Писарева. М., 1995.

У.​М.​Конан.

Дз.І.Пісараў.

т. 12, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕТХО́ВЕН (Beethhoven) Людвіг ван [16(7), хрышчаны 17.12.1770, Бон — 26.3.1827], нямецкі кампазітар, піяніст, дырыжор; прадстаўнік венскай класічнай школы. З сям’і патомных прыдворных музыкантаў фламандскага паходжання. Упершыню публічна выступіў у 1778. З 1781 вучыўся ў кампазітара і арганіста К.​Г.​Нефе. З 1792 жыў у Вене. Вучыўся ў І.Гайдна, І.Альбрэхтсбергера, А.Сальеры і інш. На яго светапогляд вял. ўплыў зрабіла ант. л-ра, філасофія, творчасць У.​Шэкспіра, Ф.​Г.​Клопштака, І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылера, падзеі франц. рэвалюцыі 1889—99. Неад’емнымі рысамі асобы Бетховена былі свабодалюбства і паліт. радыкалізм. Вядомасць і прызнанне набыў спачатку як піяніст і імправізатар, потым як кампазітар. Яго выкананне спалучала глыбокі, бурны драматызм і шырокую пявучую кантылену. Да пач. 1800-х г. напісаў шмат твораў, якія ўражвалі сучаснікаў драматызмам і навізной муз. мовы. Сярод іх фп. санаты № 8 («Патэтычная») і № 14 (т.зв. «Месяцавая»), першыя 6 струнных квартэтаў, 2 сімфоніі, 3 фп. канцэрты, 20 фп. санат, балет «Тварэнні Праметэя» (1801), араторыя «Хрыстос на Маслічнай гары» (1803). У 1800 была выканана 1-я сімфонія Бетховена. Асн. ідэйны матыў яго творчасці — тэма гераічнай барацьбы за свабоду — увасоблены з найб. сілай у 3, 5, 7 і 9-й сімфоніях, у оперы «Фідэліо» (1805), уверцюры да трагедыі «Эгмант» Гётэ (1810), фп. санаце № 23 (т.зв. «Апасіяната») і інш. Глухата, якая прагрэсіравала з 1797, вымусіла Бетховена адмовіцца ад канцэртнай дзейнасці. Пасля 1815 у яго музыцы пераважалі філас. і лірыка-псіхал. матывы, што выявілася ва «Урачыстай месе» (1823), у апошніх фп. санатах (№ 28—32) і квартэтах. Вяршыня яго творчасці — 9-я сімфонія (1824), дзе ўпершыню ў гісторыі жанру ўведзены харавы фінал (на словы оды Шылера «Да радасці»). Як Гайдн і Моцарт, ён распрацоўваў формы класічнай музыкі, якія дазвалялі адлюстроўваць разнастайныя з’явы рэчаіснасці ў іх развіцці. Яго сімфоніі і санаты вылучаюцца вял. маштабамі будовы, паглыбленай сувяззю паміж раздзеламі формы, абвастрэннем супярэчнасцяў паміж кантрастуючымі эпізодамі і тэмамі. Расшырыў склад аркестра, павялічыў арк. дыяпазоны вядучых галасоў, інтэнсіфікаваў выразнасць усіх арк. партый, адпрацоўваў тэхніку вар’іравання і варыяцыйную форму (32 варыяцыі до мінор для фп.). Асаблівую ролю адводзіў фіналам у сімфоніях і кодам ва уверцюрах, сімфоніях і санатах. Рашаючы этап у развіцці канцэртнага жанру — 4-ы і 5-ы канцэрты для фп. і скрыпічны канцэрт — сінтэз сімфоніі і канцэрта. Вял. ўклад Бетховена ў вак. музыку (песні, больш за 70 хароў, канонаў), дзе шэраг песень-рамансаў аб’яднаны ў адзін цыкл («Да далёкай каханай», 1816). Навізна яго музыкі, адзначанай выключнай эмац.-драм. сілай, глыбінёй думкі, прывяла да абнаўлення і ўзбагачэння ўсіх муз.-выразных сродкаў. Творчасць Бетховена зрабіла велізарны ўплыў на далейшае развіццё сусв. муз. культуры.

Літ.:

Роллан Р. Собр. соч.: Пер. с фр. Т. 2, 12. М., 1954, 1957;

Эррио Э. Жизнь Бетховена: Пер. з фр. 3 изд. М., 1968;

Альшванг А.А. Л. ван Бетховен: Очерк жизни и творчества. 5 изд. М., 1977;

Климовицкий А. О творческом процессе Л.​Бетховена. Л., 1979;

Фишман Н.Л. Этюды и очерки по бетховениане М., 1982;

Zu Beethoven, hrsg. von H.Goldschmidt. [Bd. 1—2]. Berlin, 1979—84.

Л.​А.​Сівалобчык.

Л. ван Бетховен. Мастак І.​К.​Штылер.

т. 3, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫГРЫ́НАЎ Іван Гаўрылавіч (21.12.1934, в. Вялікі Бор Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 5.1.1996),

бел. пісьменнік. Нар. пісьменнік Беларусі (1994). Брат П.Г.Чыгрынава. Скончыў БДУ (1957). З 1957 працаваў у выд-ве «Навука і тэхніка», з 1962 у час. «Полымя». З 1975 нам. старшыні, з 1976 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1987 старшыня праўлення Бел. фонду культуры, адначасова з 1989 гал. рэдактар час. «Спадчына». Друкаваўся з 1952. Пачаткам літ. дзейнасці сам Ч. лічыў 1961, калі было апублікавана апавяд. «Праз гады». У зб-ках апавяд. «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973), «Ці бываюць у выраі ластаўкі» (1983) і інш. духоўная прыгажосць чалавека ў мірных і ваен. умовах. Раманы «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976, за абодва Літ. прэмія імя А.​Фадзеева 1979), «Свае і чужынцы» (1983), «Вяртанне да віны» (1992) і «Не ўсе мы згінем» (1996) звязаны аднымі героямі і месцам дзеяння (вёска Верамейкі, таму наз. «верамейкаўскі цыкл»), У іх адлюстравана атмасфера ваен. часу, вясковы побыт на акупіраванай тэрыторыі, арганізацыя падполля, зараджэнне партыз. руху, даследаваны вытокі гераізму і мужнасці бел. народа, створаны яркія вобразы патрыётаў перыяду Вял. Айч. вайны. Паводле сваіх раманаў і апавяд. Ч. стварыў п’есы «Плач перапёлкі» (паст. 1980, Бел. т-р імя Я.​Купалы), «Апраўданне крыві» (паст. 1984, Брэсцкі абл. драм. т-р), «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» (паст. 1986, Тэатр-студыя кінаакцёра). Аўтар п’ес «Следчая справа Вашчылы» (1988, пра кіраўніка Крычаўскага антыфеад. паўстання 18 ст.), «Звон — не малітва» (паст. 1988, т-р імя Я.​Купалы; пра княгіню Рагнеду), «Чалавек з мядзведжым тварам» (1989, погляд на эпоху Сталіна). У трагічным гратэску «Ігракі» (1990) перадваен. падзеі. Драм. фантазія «Хто вінаваты?», абразок «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» пра Чарнобыль і звязаныя з ім праблемы. П’еса «Прымак» (1994) і драм. аповесць «Брат караля» (1995) пра бел. дзяржаўнасць часоў ВКЛ. Драма «Савіцкі» (1994) пра заступніка абяздоленых, «бел. Дуброўскага». У трагікамедыі «Госці» (паст. 1994, т-р імя Я.​Купалы) аналіз стану грамадства пач. 1990-х г. П’еса «Зайграй, хлопча малы» (1995) пра бел. паэта П.​Багрыма. Творчасці Ч. ўласцівы глыбокі дэталёвы аналіз унутр. свету чалавека, паэтычнасць, рэаліст. канкрэтная вобразнасць, высокая культура слова. Аўтар манаграфіі «М.​Я.​Нікіфароўскі» (1960, з В.​К.​Бандарчыкам), крытыка-публіцыстычных кніг «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» (1983), «Паміж сонцам і месяцам: Роздум над жыццём, культурай і літаратурай» (1994). На бел. мову пераклаў п’есы «На дне» М.​Горкага, «Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага і інш. Сааўтар сцэнарыя шматсерыйнага тэлефільма «Руіны страляюць...» (1970, з І.​Новікавым, Дзярж. прэмія Беларусі 1974). Паводле раманаў «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы» рэж. І.​Дабралюбаў на кінастудыі «Беларусьфільм» стварыў шматсерыйны тэлефільм «Плач перапёлкі» (1991). Па матывах рамана «Плач перапёлкі» У.​Кандрусевіч напісаў аднайм. сімфонію.

Тв.:

Зб. тв.: У 6 т. Т. 1. Мн., 1995;

Выбр. творы. Т. 1—3. Мн., 1984;

Звон — не малітва: Драмы. Мн., 1993.

Літ.:

Грамадчанка Т.К. Жывая памяць народа. Нарыс творчасці Івана Чыгрынава. Мн., 1984;

Марціновіч А.А. Іван Чыгрынаў Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1999.

Л.​С.​Савік.

І.Г.Чыгрынаў.

т. 17, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)