ПРЫ́ТЧА,
павучальна-алегарычны жанр сімвалічнага зместу, які не мае адасобленага бытавання і ўзнікае ў пэўным кантэксце. У адрозненне ад байкі ці навелы ў П. можа быць толькі фабула ці разгорнутае параўнанне, а развіты сюжэт адсутнічаць. У сучаснай маст. творчасці П. — жанравая мадыфікацыя, дыдактычны архетып (напр., апавяданне-П., аповесць-П., раман-П., фільм-П. і інш.). П. ўзнімае спосабы існавання сваіх герояў, што выступаюць суб’ектамі этычнага выбару, да універсалій чалавечага быцця; стварае ўнутрана адзіную, замкнутую, пазачасавую, тэлеалагічную карціну свету, у якой пануе заканамернасць лёсу. Аўтары маст. твораў звяртаюцца да П. ў пошуках этычных першаасноў чалавечага існавання.
П. — універсальная з’ява маст. творчасці. Шырока прадстаўлена ў сусв. л-ры і фальклоры самастойна і ў тлумачэнні з інш. жанрамі стараж., сярэдневяковай і новай л-ры. Найстараж. П. сабраны ў кнігах Старога запавету. У раннехрысц. л-ры (кананічныя евангеллі. творы царк. дзеячаў) П. выкарыстоўвалася ў павучаннях. пропаведзях і разглядалася як агульназразумелая форма папулярызацыі ведаў і хрысц. догмаў. З 12 ст. вядомы П. Кірылы Тураўскага. П. ўвайшлі ў перакладны зб. «Пчала» (13 ст.), «Ізмарагд» (14 ст.). Шмат П. змешчана ў перакладных зб-ках «Вялікае зярцала», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», «Рымскія дзяянні». Ф.Скарына адзін з першых звярнуў увагу на глыбокі сімвалічны сэнс П. і яе ролю ў папулярызацыі маральна-філас. ведаў. Сімяон Полацкі на сюжэт папулярнай П. напісаў «Камедыю прытчы пра блуднага сына». З канца 19 ст. эканомнасць, змястоўнасць, этычны дыдактызм П. з’яўляецца ўзорам для творчасці шэрагу пісьменнікаў (Ж.П.Сартра, А.Камю, Б.Брэхта, У.Фолкнера і інш.). У 20 ст. П. паўплывала на творчасць пісьменнікаў (Ф.Кафка, М.Булгакаў, Ч.Айтматаў і інш.), кінарэжысёраў (М.Антаніёні, А.Д.Іаселіяні, А.Таркоўскі, Ф.Феліні і інш.).
Сімволіка і маст. структура П. зрабілі ўплыў на многія жанры бел. фальклору (чарадзейныя казкі, казкі пра жывёл, балады), л-ры («нашаніўская» паэзія і проза, навелы Я.Коласа, апавяданні М.Багдановіча, аповесці В.Быкава і інш.). У маст. творы П. можа арганічна ўплятацца ў тканіну ўсяго аповеду (познія творы Л.Талстога, «Казкі жыцця» Я.Коласа), можа быць «апавяданнем у апавяданні» («Легенда пра Вялікага інквізітара» Ф.Дастаеўскага, «Апавяданне пра гусара-схімніка» І.Ільфа і Я.Пятрова).
У.М.Конан, С.Ю.Лебедзеў.
т. 13, с. 84