АСТРАХА́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

на Пд Еўрапейскай часткі Расійскай Федэрацыі. На ПнУ і У мяжуе з Казахстанам, на Пд абмываецца Каспійскім морам. Утворана 27.12.1943. Пл. 44,1 тыс. км². Нас. 1008,8 тыс. чал. (1994), гарадскога 70%. Цэнтр — г. Астрахань. Найб. гарады: Ахтубінск, Харабалі, Алтанжар.

Прырода. Вобласць у межах Прыкаспійскай нізіны з Волга-Ахтубінскай поймай і дэльтай Волгі. Паверхня раўнінная (б.ч. тэрыторыі ніжэй за ўзр. м., ад -2,7 м на Пн да -27,5 м на Пд). Характэрны ўзгоркавыя падняцці (саляныя купалы выш. да 150 м) і Бэраўскія бугры ў дэльце Волгі. Карысныя выкапні: кухонная соль, гіпс, нафта, газ, бішафіт. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя т-ра студз. ад -10 °C на Пн да -6 °C на Пд, ліп. каля 25 °C. Ападкаў каля 200 мм за год. Гал. рака Волга (з Ахтубай), падзяляецца на мноства рукавоў (больш за 800, найб. Бахтэмір, Болда, Бузан), якія ўтвараюць яе складаную дэльту. Шматлікія прэсныя (ільмені) і мінер. азёры; самае вял. салёнае возера — Баскунчак. У раслінным покрыве пераважаюць злакі (кавыль, ціпчак, жытнік), палын і салянкі паўпустыняў на светла-каштанавых саланцаватых і бурых глебах. У Волга-Ахтубінскай пойме і дэльце Волгі — пойменныя лясы, лугавая расліннасць на алювіяльных глебах; трапляюцца лотас, чылім (вадзяны арэх), зараснікі трыснягу. У водах больш за 50 відаў рыб, каля 30 — прамысловыя. У Астраханскай вобласці — Астраханскі запаведнік.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: лёгкая (трыкат., швейная, гарбарна-абутковая, футравая), харч. (рыбная, агароднінакансервавая, мясная, саляная), машынабудаванне і металаапрацоўка (суднабудаванне, суднарамонт). Развіты дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, нафтагазаздабыўная (гл. Астраханскае радовішча), хім. і інш. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Пасевы збожжавых, вырошчванне агародніны, садавіны, бахчавых; асн. культуры — рыс, памідоры, кавуны (на арашальных землях). Мяса-воўнавая авечкагадоўля і мяса-малочная жывёлагадоўля. Развіты рачны і марскі транспарт. Порт — Астрахань. Чыг. лініі Астрахань—Саратаў, Астрахань—Верхні Баскунчак—Валгаград, Астрахань—Гур’еў; аўтадарогі Астрахань—Валгаград, Астрахань—Эліста і Астрахань—Кізляр.

т. 2, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

віды раслін, адносна якіх мясцовымі, дзярж. ці міжнар. актамі, пагадненнямі і канвенцыямі агавораны і дзейнічаюць спец. меры аховы. Звычайна гэта рэдкія для пэўнага рэгіёна і тыя, што знікаюць, асабліва карысныя ці каштоўныя па пэўных якасцях віды дзікарослых раслін, якім пад уплывам негатыўных прыродных ці антрапагенных уздзеянняў пагражае скарачэнне колькасці або знікненне з флоры. Асн. частка іх занесена ў міжнар., рэгіянальныя ці нац. Чырвоныя кнігі. У Чырв. кнізе Беларусі 180 відаў ахоўных раслін, у т. л. 156 сасудзістых (бяроза карлікавая, венерын чаравічак сапраўдны, кадзіла сармацкае, купальнік горны, цыбуля мядзведжая, гарлачык белы, піхта белая, пазнацвет асенні, пярэсна еўрапейская, хвошч вялікі і інш.), 15 мохападобных (андрэя скальная, меркія ірландская, сфагнум мяккі, цынклідотус дунайскі і інш.), 9 водарасцяў (гільдэнбрантыя рачная, нітэла грацыёзная, хара грубая і інш.), 17 відаў грыбоў (пархавік вялізны, спарасіс кучаравы, труфля летняя і інш.) і 17 лішайнікаў (лабарыя ямістая і лёгачная, уснея квітучая і інш.).

Г.​У.​Вынаеў.

Ахоўныя расліны Беларусі: 1 — гарычка веснавая; 2 — тлушчанка звычайная; 3 — венерын чаравічак сапраўдны; 4 — пярэсна еўрапейская; 5 — купальнік горны; 6 — ятрышнік дрэмлік; 7 — ятрышнік мужчынскі; 8 — чараўнік двухлісты; 9 — наперстаўка буйнакветная; 10 — пылкагалоўнік даўгалісты; 11 — пылкагалоўнік чырвоны; 12 — кураслеп лясны; 13 — сон шыракалісты (сон-трава); 14 — цыбуля мядзведжая (чарамша); 15 — лілея кучаравая (царскія кучары); 16 — луннік ажываючы; 17 — лінея паўночная; 18 — неатыянта клабучковая; 19 — каменяломнік зярністы; 20 — астранцыя вялікая.
Ахоўныя расліны Беларусі: 1 — лабелія Дортмана: 2 — раўнаплоднік пылюшнікавы; 3 — альдраванда пухіраватая; 4 — сальвінія плывучая; 5 — гайнік цёмна-чырвоны; 6 — кадзіла сармацкае; 7 — зубніца клубняносная; 8 — плюшч звычайны; 9 — вадзяны арэх плывучы; 10 — шпажнік чарапіцавы; 11 — рададэндран жоўты; 12 — званочак шыракалісты; 13 — рагулькі высокія; 14 — касач бязлісты; 15 — гарлачык белы; 16 — першацвет веснавы; 17 — пералеска высакародная (пячоначніца звычайная); 18 — валжанка двухдомная; 19 — палушнік азёрны; 20 — ворлікі звычайныя.

т. 2, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́МЕЛЬ (Ян) (1780, г. Елгава, Латвія — 30.8.1840),

бел. жывапісец, рысавальшчык. Скончыў Віленскі ун-т (1809) і выкладаў у ім (1809—20). У 1820—22 па лжывым абвінавачванні ў крымінальным злачынстве сасланы ў Сібір. З 1822 жыў у Мінску. Творчасць Д. сфарміравалася пад уплывам класіцызму. Майстар гіст. жанру: «Смерць князя Панятоўскага», «Смерць магістра крыжаносцаў Ульрыха фон Юнгінгена ў бітве пад Грунвальдам» (абедзве 1820-я г.), «Хрышчэнне славян», «Чарнецкі пераплывае Піліцу», «Смерць Глінскага ў няволі», «Вызваленне Т.​Касцюшкі з цямніцы» (1830-я г.), «Твардоўскі паказвае Сігізмунду Аўгусту цень яго жонкі Барбары», «Напалеон на бівуаку пад Аўстэрліцам», «Цар Аляксандр I падпісвае ў Вільні амністыю», «Адступленне французаў праз Вільню ў 1812 г.», «Разбітыя войскі Напалеона на плошчы ратушы ў Вільні» і інш. Імкнуўся дакладна аднавіць рэальную карціну падзей. У 1820 выканаў эскізы і малюнкі на тэмы вайны 1812, у 1821—22 — шматлікія (некалькі альбомаў) малюнкі і замалёўкі на тэмы побыту народаў Сібіры, партрэты («Група татар», «Партрэт Томаса дэ Берваля» і інш. з «Дзённіка падарожжа ў Сібір»), пейзажы («Захад сонца ў Табольску»), размалёўкі Евангелісцкага касцёла ў Табольску і касцёла бернардзінцаў у Томску. Аўтар жывапісных твораў на рэліг. сюжэты (сярэдзіна 1820-х — 1830-я г.): «Святая дзева з дзіцем», «Хрыстос і самарыцянка», «Адрачэнне святога Пятра», «Палажэнне ў труну», «Маленне аб чашы», «Спакушэнне Хрыста», «Агар у пустыні». Напісаў партрэты кн. Д.​Радзівіла, графаў І.​Храптовіча і К.​Тышкевіча, рэктара Віленскага ун-та Ш.​Малеўскага, ксяндза Ф.​Галанскага, «М.​Равіч з сынам», «А.​Горват з жонкай», «Валатковіч з жонкай», дзярж. дзеячаў М.​Спяранскага, С.​Строганава, Е.​Кабылінскага і інш. Партрэтам уласціва тонкая псіхал. характарыстыка, некаторыя (аўтапартрэт, партрэт праф. Я.​Рустэма) маюць рысы рамантызму. Аўтар пейзажаў Мінска і яго ваколіц («Вадзяны млын», «Дрэвы пад вадой»).

Літ.:

Дробаў Л.Н. Беларускія мастакі XIX ст. Мн., 1971;

Яго ж. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.

Я.Дамель. Аўтапартрэт.
Я.Дамель. Партрэт І.​Л.​Храптовіча (копія карціны мастака І.​Грасі).

т. 6, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЛУ́ЦКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,

помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 18—19 ст. у в. Прылукі Мінскага р-на. Закладзены на месцы б. манастыра 17 ст. Уключае палац і парк. Мураваны п а лац пабудаваны ў 1-й пал. 19 ст., рэканструяваны ў 1851, пасля пажару 1868 адноўлены ў 1872; значна пашкоджаны ў Вял. Айч. вайну, адбудаваны ў 1950-я г. Першапачаткова палац уяўляў сабой кампактнае прамавугольнае ў плане 2-павярховае збудаванне з нізкім цокальным паверхам у стылі несапраўднай готыкі. Цэнтр. 3-павярховы рызаліт з гранёным эркерам на паркавым фасадзе і 4 шматгранныя вуглавыя вежачкі, завершаныя зубцамі, стваралі дынамічную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Гал. фасад вылучаны лоджыяй на 2 узроўнях у рызаліце з праёмамі, завершанымі спічастымі і кілепадобнымі аркамі. Рызаліт, завершаны невысокім атыкам, аздоблены складанай па форме нішай у цэнтры. Пасля 1886 да паўд. тарцовага фасада прыбудаваны 1-павярховы аб’ём са сталовай і аранжарэяй; пазней да яго прыбудавалі 2-павярховы Г-падобны ў плане корпус; да паўд. тарцовага фасада далучылі 3-павярховы вежападобны аб’ём, завершаны нізкім шатровым дахам. У 1-й пал. 19 ст. перад гал. фасадам палаца пастаўлена 3-ярусная вежа з гадзіннікам, завершаная высокім шатром са шпілем і флюгерам (не захавалася). П а р к мяшанага рэгулярна-пейзажнага тыпу. Закладзены ў канцы 17 — пач. 18 ст. на ўзор італьян. тэраснага саду (захаваўся часткова). Пл. 4,5 га. Перад гал. фасадам палаца невял. партэр і пейзажная частка парку. У парку стаялі мураваная капліца, свіран, былі 2 сажалкі, вадзяны млын (не захаваліся). Сярод дрэў лістоўніцы Сукачова і еўрап., арэх маньчжурскі, піхта сібірская, таполя канадская і інш.

В.​Р.​Анціпаў, Ю.​А.​Якімовіч.

Прылуцкі палацава-паркавы комплекс. Галоўны фасад палаца.
Прылуцкі палацава-паркавы комплекс. Малюнак Н.​Орды. 19 ст.

т. 13, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГА́Н (ад грэч. organon прылада, інструмент),

клавішна-духавы муз. інструмент.

Складаецца з мноства трубаў (металічных і драўляных, лабіяльных і язычковых, адкрытых і закрытых) розных памераў і формаў, кожная з якіх дае гук пэўнай вышыні і тэмбру, паветранагнятальнага механізма (мяхі, паветраправоды), апарата кіравання — кафедры, дзе размешчаны клавіятуры для рук (2—7 мануалаў) і ног (1—2 педалі), дапаможныя прыстасаванні (кнопкі, рычагі, рэгістравыя ручкі); сістэма перадачы (трактура) — электрамеханічная (пры ёй кафедра можа перамяшчацца на эстрадзе). Групы трубаў аднаго тэмбру, але рознай вышыні гучання ўтвараюць рэгістры. З-за вял. памераў, шырокага гукавога дыяпазону, багацця тэмбраў і іх спалучэнняў арган наз. «каралём інструментаў».

Вадзяны арган (гідраўлас) вядомы з 3 ст. да н. э. З 4 ст. ў Візантыі выкарыстоўваўся як свецкі інструмент, з 8 ст. паявіўся ў Зах. Еўропе, дзе ўведзены ў каталіцкія храмы. Росквіт арганнага мастацтва (16—18 ст.) звязаны з развіццём арганабудаўніцтва (сярод вядомых майстроў А.​Шнітгер, сем’і Каспарыні, Зільберманаў), узнікненнем арганных школ у Італіі, Францыі, Іспаніі, Нідэрландах, Германіі, дзейнасцю кампазітараў і выканаўцаў (А. і Дж.​Габрыелі, Дж.​Фрэскабальдзі, Ф.​Куперэн, І.​Пахельбель, І.​С.​Бах). У 19—20 ст. для аргана пісалі Ф.​Ліст, М.​Рэгер, П.​Хіндэміт, А.​Месіян, у Расіі С.​Танееў, Ф. і А.​Гедыке, Р.​Шчадрын і інш. На Беларусі паяўленне аргана, дакументальна засведчанае ў пач. 16 ст., абумоўлена распаўсюджаннем каталіцкага веравызнання, буд-вам касцёлаў, правядзеннем службаў. Захаваліся арганы, багата дэкарыраваныя ў барочным і класіцыстычным стылях у касцёлах езуітаў і францысканцаў у Гродне, у в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на. Мясц. музыканты атрымлівалі адукацыю ў Варшаве, Вільні, Мінску (у 1871—97 існавала Мінскае вучылішча арганістаў). У 2-й пал. 20 ст. арган і выканальніцтва на ім сталі прыкметнай з’явай свецкай муз. культуры рэспублікі. Арган ўстаноўлены ў Бел. філармоніі (1963), у зале камернай музыкі Бел. філармоніі ў Троіцкім Залатагорскім касцёле (1983), у Полацкім Сафійскім саборы (1985). Сярод бел. арганістаў А.​Янчанка, К.​Шараў. Музыку для аргана пішуць бел. кампазітары А.​Залётнеў, А.​Навахрост, Л.​Шлег і інш.

І.​Дз.​Назіма.

Арган у зале Беларускай філармоніі.
Арган Праабражэнскага касцёла ў в. Новая Мыш Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобл. 1762.

т. 1, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВО́РЖАК ((Dvořák) Антанін) (8.9.1841, в. Нелагазевес, каля Прагі — 1.5.1904),

чэшскі кампазітар, дырыжор, педагог; заснавальнік (разам з Б.Сметанам) чэш. муз. класікі, стваральнік нац. сімфоніі. Чл. Чэшскай акадэміі навук і мастацтваў (1890). Вучыўся ў Пражскай школе арганістаў (1857—59). У 1862—73 альтыст у аркестры Часовага т-ра, у 1873—77 царк. арганіст у Празе. Выступаў як дырыжор з выкананнем уласных твораў у Вялікабрытаніі, Расіі. З 1891 праф. Пражскай кансерваторыі (з 1901 яе кіраўнік). У 1892—95 у ЗША, праф. і дырэктар кансерваторыі ў Нью-Йорку, дзе перабудаваў сістэму муз. навучання. Амер. ўражанні адлюстраваў у сімфоніі «З Новага Свету» (1893) і інш. творах, у якіх на аснове своеасаблівага індывід. стылю ўзнавіў характар і некат. інтанацыйныя асаблівасці негрыцянскага і індзейскага муз. фальклору. Д. развіваў нац. традыцыі і зацвердзіў сусв. значэнне чэш. музыкі. Яго творы адметныя меладычным багаццем, разнастайнасцю рытму і гармоніі, маляўнічасцю інструментоўкі, стройнасцю формы. Жанравыя і рытмаінтанацыйныя асаблівасці чэш. і мараўскага муз. фальклору найб. выявіліся ў камічнай оперы «Кароль і вугальшчык» (1871), патрыятычным гімне «Нашчадкі Белай Гары» (1872), вак. «Мараўскіх дуэтах» (1875—81), асабліва ў «Славянскіх танцах» (1878—87) і «Славянскіх рапсодыях» (1878).

Гіст. мінуламу Чэхіі і нац.-вызв. імкненням народа прысвечаны араторыя «Святая Людміла» (1886), «Гусіцкая уверцюра» (1883), музыка да драм. спектакляў. Яго оперы складаюць аснову нац. муз.-тэатр. рэпертуару: «Ванда» (1876), «Чорт і Кача» (1899), «Русалка» (1901) і інш. Найб. каштоўны ўклад у сусв. муз. культуру — яго 9 сімфоній (1865—93), якія заклалі фундамент нац. сімфанізму, канцэрты для скрыпкі (1880) і для віяланчэлі (2-і, 1895) з аркестрам. З інш. твораў: сімф. паэмы «Вадзяны», «Паўдзённіца» (абедзве 1896), камерна-інстр., у т. л. 12 стр. квартэтаў, 3 квінтэты, фп. трыо «Думкі» (1891), фп. мініяцюры; для хору з арк. «Stabat Mater», Псалм 149, Імша, Рэквіем, Te Deum і інш. Сярод вучняў Д.: І.Сук, О.Недбал, В.Новак.

Літ.:

Бэлза И. Антонин Дворжак М.; Л., 1949;

Антонин Дворжак: Сб. ст. М., 1967;

Гулинская З.К. Антонин Дворжак. М., 1973;

Егорова В.Н. Симфонии Дворжака. М., 1979;

Burghauser J. A. Dvořák. Praha, 1985.

А.Дворжак.

т. 6, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛА ў тэхніцы,

прыстасаванне ў выглядзе дыска ці вобада са спіцамі, насаджанага на вось; адзін з асн. элементаў наземных трансп. сродкаў (аўтамабіляў, вагонаў, матацыклаў, веласіпедаў і інш.), многіх тэхн. механізмаў і машын. Паводле роду дзеяння ў машынах і прыладах К. падзяляюцца на перадатачныя, прызначаныя для перадачы намаганняў (зубчастыя колы), антыфрыкцыйныя — памяншаюць трэнне паміж целамі, што рухаюцца (блокі, накіравальныя ролікі), транспартныя — ператвараюць вярчальны рух, што ствараецца рухавіком, у паступальны рух машыны. К. сучаснага аўтамабіля маюць складаную будову; К. чыг. вагонаў — стальныя, звычайна суцэльныя, нерухома замацаваныя на восі, разам з якою рухаюцца ў буксах. Набываюць пашырэнне (пераважна ў вагонах метрапалітэна) пругкія метал. К.

К. разам з вінтом і рычагом — адна з найвялікшых вынаходак чалавецтва. Для трансп. мэт выкарыстоўваецца з 4-га тыс. да н.э. (Месапатамія). Папярэднік К. — каток, які падкладваўся пад груз пры яго перамяшчэнні. Каб палепшыць качэнне, сярэднюю ч. катка рабілі больш тонкаю, чым крайнія часткі. Такі каток быў заменены воссю з насаджанымі на яе К. Каб аблегчыць К., яго пачалі рабіць састаўным — з калодкі, што насаджваецца на вал, вобада і злучальных спіц. Павелічэнне трываласці вобада дасягалася метал. шынаю, якая пазней заменена гумавай і больш дасканалай пнеўматычнай. З старажытнасці К. — найважнейшы элемент большасці рабочых машын (калёсы, ганчарны круг, жорны, млыны, калаўрот). Вял. ролю яно адыграла як вадзяны (гл. Вадзяное кола) і паветраны рухавік (гл. Ветрарухавік). Спец. канструкцыі К. выкарыстоўваюцца ў сучасных турбінах (гідраўлічных, газавых, паравых) як асн. рабочая частка. К. стала асн. тыпам рухача ў трансп., с.-г. (колавых трактарах, камбайнах, прычэпах і інш.) і ваен. машынах (колавых цягачах, бронетранспарцёрах і да т.п.). Прынцып перамяшчэння з дапамогай К. выбраны для першых трансп. машын, прызначаных для выкарыстання на інш. планетах (напр., у «Месяцаходзе»).

Літ.:

Добронравов Н.И. Беседа о колесе. М.; Л., 1951.

У.​М.​Сацута.

Будова аўтамабільнага кола: 1 — унутраны слой шыны; 2 — дрот, які прыціскае борт шыны да калодкі; 3 — корпус шыны; 4 — узмацняльныя пракладкі; 5 — пратэктар; 6 — калодка.

т. 8, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАТРАПІ́ЧНАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

уваходзіць у царства Неагею. Вылучаюць ад 3 да 6 фларыстычных падабласцей: Амазонскую, Амдыйскую, Арынокскую, Бразільскую, Карыбскую, Лаплацкую. Яны займаюць мацерыковую ч. Амерыкі, ад Ніжняй Каліфорніі і паўд. ч. Мексіканскага нагор’я на Пн да 40° паўд. ш. на Пд і прылеглыя да Цэнтр. Амерыкі астравы. Для раслін і жывёл межы Н.б.в. не супадаюць.

Флора багатая і разнастайная, з перавагай мезафільнай лясной расліннасці. Найб. пашыраны расліны сям. архідных, лаўравых, малачайных, марэнавых, меластомавых, міртавых, тутавых, пальмы і інш. Эндэмічных сям. 25 (біксавыя, брамеліевыя, кактусавыя, канавыя і інш.). У адносінах да фауны вылучаюць 3 або 4 падвобласці: Антыльскую, Гвіяна-Бразільскую, Патагона-Андыйскую, або Чылійска-Патагонскую, і Цэнтральнаамерыканскую. Яны займаюць Паўд. Амерыку, б. ч. Цэнтр. Амерыкі (на Пн да Мексіканскага нагор’я), а-вы: Антыльскія, Багамскія, Вогненная Зямля, Галапагас, Фалклендскія, Хуан-Фернандэс. Жывёльны свет вельмі багаты. Сярод млекакормячых шэраг эндэмічных груп (атр. непаўназубых — браняносцы, ляніўцы, мурашкаедавыя; з грызуноў — агуці, марскія свінкі, шыншылы, учэпістахвостыя дзікабразы і інш.; з няпарнакапытных — ламы, тапіры; з сумчатых — апосумы, цэналеставыя; з драпежнікаў — пума, ягуар, акулярны мядзведзь, ацэлот, некалькі відаў сабачых і янотавых і інш.). Характэрны кровасысучыя лятучыя мышы. У рэках жывуць ламанціны і рачныя дэльфіны. Усе малпы належаць да групы шыраканосых: ігрункі, равуны, сапажу і інш.). Сярод птушак больш за 20 эндэмічных сям. — гаацыны, калібры, нанду, гарпіі, кондары, папугаі, туканы, тынаму і інш. Сярод паўзуноў — кайманы, кракадзілы, змеі (удавы, грымучыя і інш.), яшчаркі (ігуанавыя і інш.), бакашыйныя чарапахі. Сярод земнаводных — бязногія, вял. колькасць бясхвостых, у т. л. квакшы, піпавыя і інш. З рыб — піраньі, гіганцкая арапайма, дваякадыхальны лепідасірэн і інш. Характэрны павукі-птушкаеды, сярод насякомых — лістарэзы, буйныя дзённыя матылі, гіганцкія жукі (геркулес, насарог-актэон, браз. даўганогі арлекін).

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Неатрапічная біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — калібры вымпелавая; 2 — геліконіус; 3 — вампір вялікі; 4 — тукан вялікі; 5 — грымучая змяя бушмайстар; 6 — апосум вадзяны; 7 — бакашыйная чарапаха матамата; 8 — вугор электрычны; 9 — дэльфін рачны; 10 — піранья.

т. 11, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЛІБО́ЦКАЯ ШКЛЯНА́Я МАНУФАКТУРА,

мануфактура кн. Радзівілаў, якая існавала ў в. Налібакі (1717—1866) і Янкавічы (шліфавальны цэх, да 1798) Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Створана на высокім тэхн. узроўні на ўзор Дрэздэнскай мануфактуры. Выпускала больш за 100 назваў высокамаст. вырабаў, у т. л. хрусталь, люстэркі, люстры для сцен і столі, жырандолі і падсвечнікі, посуд (шклянкі, чаркі, келіхі, бакалы, куляўкі, барылкі, бутэлькі-штофы і інш.), дробную пластыку, дзіцячыя цацкі, лямпы, гранёнае і аконнае шкло, тыглі для плаўкі шкла, а таксама шліфаваныя і гутныя аздобы для вырабаў Урэцкай шкляной мануфактуры («зоркі», «пірамідкі», «дубовае лісце», «лілеі», «званочкі» і інш.). Мела варачную печ, 2 печы для загартоўкі шкла, 2 люстэрні, 16 станкоў, паташню на 12 чанаў, кузню, ганчарню, сталярню, рысавальню, 2 шліфавальні; дзейнічаў вадзяны рухавік. У 1778 працавала больш за 100 рабочых. У 1866 выраблена 56 тыс. шклянак і штофаў. Вырабы стваралі з каляровага і бясколернага шкла, варылі рэдкае рубінавае шкло, якое афарбоўвалі калоідным золатам паводле ням. тэхналогіі 17 ст. Посуд аздаблялі гравіраваннем, шліфоўкай, контррэльефнай матавай разьбой, ніцямі рубінавага шкла, міжсценным залачэннем, размалёўкай золатам, серабром, плацінай, накладнымі (адлітымі па васковай мадэлі і разнымі) рэльефнымі медальёнамі-камеямі з партрэтнымі выявамі і інш. У гравіраваных шрыфтавых дэкорах трапляюцца жартоўныя надпісы-парады, пажаданні, вершы. Сярод выяўл. дэкораў сустракаюцца міфалагічныя і алегарычныя сюжэты, паляўнічыя сцэны, партрэты, гербы, арабескі, краявіды, выявы птушак, сабак; адлюстроўваліся самабытныя з’явы побыту, жартаў, забаў, сатыр. сцэны з заняткаў мясц. жыхароў і інш. Каляровы посуд ствараўся ў традыц. формах. Рысавальшчыкамі і гравіроўшчыкамі былі беларусы; замежныя (пераважна саксонскія) майстры займаліся тэхнал. працэсамі. Склаліся мясц. дынастыі майстроў шкляной справы: Адамовічы, Александровічы, Галубовічы, Дашкевічы, Дубіцкія, Залескія, Малішэўскія, Рымашэўскія, Санцэвічы, Сільвястровічы і інш. Традыцыі Н.ш.м. працягваюць сучасныя бел. мастакі па шкле.

Літ.:

Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977;

Яе ж Беларускае мастацкае шкло XIX—пачатак XX ст. Мн., 1984;

Яе ж. Гісторыя шкляной вясёлкі. Мн., 1986.

М.​М.​Яніцкая.

Да арт. Налібоцкая шкляная мануфактура. Шклянка і келіхі. 1760—75.

т. 11, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТА́ВЫ,

горад, цэнтр Пастаўскага р-на Віцебскай вобл., на р. Мядзелка. Чыг. ст. на лініі Віцебск—Вільнюс (Літва); вузел аўтадарог на Браслаў, Глыбокае, Шаркаўшчыну, Мядзел, курортны пас. Нарач і інш. За 250 км ад Віцебска. 21,1 тыс. ж. (2000).

Вядомы з 1552 як прыватнае мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. ВКЛ. Належалі магнатам Дэшпатам-Зяновічам. У 1628 у П. 66 двароў. Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у П. засталося 5 двароў. У 2-й пал. 18 ст. П. перайшлі да надворнага падскарбія ВКЛ А.​Тызенгаўза, па ініцыятыве якога тут пабудаваны ф-кі, ткацкія майстэрні, млын, гарбарня, арх. комплекс з жылых дамоў, гандл. радоў і палаца. З 1775 у П. адбываліся сесіі гродскага пав. суда. У 1780-я г. створана свецкая школа з сярэдняй ступенню навучання. У 1782—85 у П. дзейнічала тэатр. школа Тызенгаўза, пераведзеная з Гродна. З 1791 П. — горад, цэнтр Завілейскага пав. Віленскага ваяв. З 1793 у складзе Рас. імперыі, горад, да 1796 цэнтр павета, пасля мястэчка, цэнтр воласці Дзісенскага пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. 22.1.1796 П. атрымалі герб: у блакітным полі рыбацкая сетка, уверсе 3 залатыя рыбы, галовамі на дол. У 1-й пал. 19 ст. працавалі папяровая ф-ка (засн. ў 1728), сукнавальня, 2 млыны, штогод праводзіліся 7 кірмашоў; засн. арніталагічны музей і карцінная галерэя (у 1840 больш за. 60 палотнаў). Пасля пабудовы ў 1897 чыг. лініі Крулеўшчына—Пабрадзе (Літва) П. — станцыя, 2397 ж. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 П. ў складзе Польшчы, павятовы горад Віленскага ваяв. З 1939 у складзе БССР, 3,4 тыс. ж. З 15.1.1940 цэнтр раёна ў Вілейскай вобл. У Вял. Айч. вайну з 6.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія знішчылі ў горадзе і раёне 3688 чал. Горад вызвалены 5.7.1944 войскамі 1-га Прыбалт. фронту ў ходзе Шаўляйскай аперацыі 1944. З 20.9.1944 у Маладзечанскай, з 20.1.1960 у Віцебскай абл. 10,6 тыс. ж. у 1959, 15,1 тыс. ж. у 1970.

У 1552 пабудаваны драўляны касцёл Маці Божай (адноўлены ў 1760, не захаваўся). Паводле інвентара 1628 цэнтрам П. была гандл. плошча (стаялі касцёл з плябаніяй, карчма, 6 двароў гандляроў і рамеснікаў). Па-за межамі мястэчка існаваў сядзібны комплекс. Пасля 1640 на востраве (на ПнУ ад цэнтра), утвораным выгінам р. Мядзелкі і каналам, пабудаваны кляштар францысканцаў з касцёлам (не захаваліся). У 2-й пал. 18 ст. А.​Тызенгаўз правёў карэнную рэканструкцыю мястэчка на падставе рэгулярнага плана. Яго цэнтрам стала гандл. плошча, у планіроўцы якой удзельнічаў італьян. архітэктар Дж.​Сака. Пабудаваны палац, на У ад яго разбіты парк пейзажнага тыпу (гл. Пастаўскі палацава-паркавы комплекс), на рынку — ансамбль мураваных дамоў рамеснікаў, урача, аўстэрыя, гандл. рады і інш. (гл. Пастаўскі архітэктурны ансамбль). Ад плошчы адыходзілі ў радыяльных напрамках 4 вуліцы. Рэгулярныя кварталы на перыферыі мелі драўляную забудову, на З і Пд ад яе размяшчаліся гуменныя пляцы. У 19 ст. мураваныя дамы ўзводзілі пераважна ў цэнтр. частцы. У 2-й пал. 19 ст. пабудаваны Пастаўскі касцёл, Пастаўская Мікалаеўская царква, вадзяны млын. Рака ў межах горада ўтварае 2 вадаёмы, дзеліць яго на зах. і ўсх. раёны. У зах. раёне гістарычна склаўся адм. -грамадскі і культ. цэнтр з пл. Леніна (б. Гандлёвая), ад якой адыходзяць асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Ленінская, Савецкая, 17 Верасня, Чырвонаармейская. У паўн.-зах. частцы горада будуюць 2—3-павярховыя капітальныя жылыя дамы. Ва ўсх. раёне размешчана прамысл. зона. Зона адпачынку — азёры Задзеўскае і Пастаўскае, парк. Горад забудоўваецца паводле карэкціроўкі генплана 1994 (БелНДІПгорадабудаўніцтва), перавага аддаецца малапавярховай сядзібнай забудове, асн. напрамкі развіцця горада — паўд.-зах. і ўсходні.

Працуюць з-ды: «Беліт», навучальнага абсталявання, Пастаўскі кансервавы завод, малаказавод, хлебазавод, ільнозавод, сумеснае прадпрыемства «Імпульс», камбінат камунальных прадпрыемстваў, лясгас, камбінат быт. абслугоўвання і інш. У горадзе ПТВ-165, 2 б-кі, Пастаўскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: вадзяны млын (2-я пал. 19 ст.), касцёл, царква. Каля П. паселішча эпохі позняга неаліту і ранняга бронз. веку (канец 3-га — пач. 2-га тыс. да н.э.).

І.​П.​Зямчонак (гісторыя), Ю.​А.​Якімовіч, Г.​С.​Ларкін (архітэктура).

Вуліца Юбілейная ў г. Паставы.
Будынак былога вадзянога млына ў г. Паставы. 2-я пал. 19 ст.

т. 12, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)