энергетычнае прадпрыемства (электраўстаноўка), якое выпрацоўвае электраэнергію або эл. і цеплавую энергію за кошт пераўтварэння энергіі прыродных крыніц.
У залежнасці ад энергарэсурсаў адрозніваюць цеплавыя электрастанцыі, гідраэлектрычныя станцыі (у т. л.гідраакумулюючыя электрастанцыі, прыліўныя электрастанцыі), атамныя электрастанцыі, ветраэлектрычныя станцыі, сонечныя электрастанцыі, геатэрмальныя электрастанцыі, Э. з магнітагідрадынамічнымі генератарамі. На Беларусі найбольшыя Э.: Лукомская ДРЭС, Бярозаўская ДРЭС, мінскія ЦЭЦ (ЦЭЦ-3 і ЦЭЦ-4, магутнасць іх 1030 тыс.кВт), Гомельская ЦЭЦ-2 (540 тыс.кВт, мае 3 энергаблокі, пабудавана ў 1979—96), Наваполацкая ЦЭЦ (505 тыс.кВт, мае 10 котлаагрэгатаў, пабудаваных у 1959—78), Васілевіцкая ДРЭС (322 тыс.кВт, пабудавана ў 1954—58). Гл. таксама Беларуская энергетычная сістэма, Энергетыка.
Паратурбінная кандэнсацыйная электрастанцыя: I і II — кацельнае і машыннае аддзяленні; III — вадапомпавая ўстаноўка, 1 — трубаправоды ахаладжальнай вады; 2 — паравыя кандэнсатары; 3 — павышальны трансфарматар; 4 — электрычны генератар, 5 — паравая турбіна; 6 — шчыт кіравання; 7, 8 — бункеры вугалю і вугальнага пылу; 9 — топачная камера; 10 — паравы кацёл; 11 — параперагравальнік; 12 — вадзяны эканамайзер; 13 — драбільная ўстаноўка.