стыль у еўрап. пластычных мастацтвах і архітэктуры 1-й пал. 18 ст.
Узнік у Францыі ў перыяд крызісу абсалютызму, адлюстраваў уласцівыя для арыстакратыі геданістычны настрой. імкненне ўцячы ад рэчаіснасці ў свет тэатралізаванай гульні. Сярэдневяковай рэліг. дагматыцы і строгай маралі проціпастаўляў вольны нораў, пераборлівы густ, патрабавальнасць у забавах. У краінах Зах. Еўропы і Расіі Р. — пераважна своеасаблівы мясц. варыянт позняга барока. Характарызаваўся надзвычайнай вытанчанасцю сродкаў маст. выразнасці, імкненнем да стварэння ўражання лёгкасці і прывабнасці. Стылявая сістэма Р. будавалася на поўным. адмаўленні архітэктонікі, на свабоднай і абстрактнай пластычнай мадэліроўцы прасторавых і арнаментальна-дэкар. кампазіцый. У пластычных мастацтвах Р. паўплывала на характар дэкору, які набыў падкрэслена мудрагелісты і ўскладнены характар. На раннім этапе развіцця Р. (1700—25, т.зв. стыль рэгенцтва) формы барока страцілі сваю манументальнасць. у афармленне памяшканняў уводзіўся дробны арнамент, прадметам інтэр’ера надаваліся вычварныя паверхні. Развіты этап Р. (1725—50, т.зв. стыль Людовіка XV) характарызаваўся выкарыстаннем складаных разных і ляпных узораў, завіткоў, ракайля і інш.; у аддзелцы памяшканняў важную ролю сталі адыгрываць рэльефы і жывапісныя пано ў вытанчаных абрамленнях, шматлікія люстэркі і інш. Архітэктуры Р. ўласціва візуальнае разбурэнне буд. канструкцый, наданне ім расл. форм, ілюзорнае пашырэнне рэальнай прасторы з дапамогай вял. колькасці люстэркаў, залачэння, хрусталю. Быў пераважна сістэмай дэкору інтэр’ераў, афармленне якіх спалучалася з адносна строгім вонкавым абліччам збудаванняў. Сярод архітэктараў, якія працавалі ў такім стылі Ж.М.Апенар, Ж.Бафран, Ж.А.Мейсанье (Францыя), Г.Кнобельсдорф, Б.Нойман, Д.Пёпельман (Германія), В.Растрэлі, С.Чавакінскі (Расія) і інш.
На Беларусі рысы Р. выявіліся ў палацава-сядзібнай і культавай архітэктуры 18 ст. Важную ролю ў стварэнні арх.аблічча палаца, узбагачэння яго аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі адыгрывалі пластычныя формы мансардавага даху з заломам (Гродзенскі Новы замак) вуглавыя алькежы з фігурнымі шлемамі ў завяршэнні (Дзятлаўская сядзіба). Гал. акцэнтам быў цэнтр. рызаліт (сядзібны дом у р.п. Татарка Асіповіцкага р-на), часам завершаны крывалінейным франтонам або шчытом перарывістага плаўнага малюнка (Лявонпальская сядзіба). У маляўнічых прыгарадах магнаты будавалі сядзібныя дамы, паляўнічыя домікі, якія мелі рысы Р. (Альбінскі палацава-паркавы ансамбль, Станіславоўская сядзіба, Аўгустоўскі палац у б. прыгарадзе Гродна і інш.). У інтэр’еры палацаў і сядзібных дамоў стыль Р. выявіўся пераважна ў мудрагелістай, часта асіметрычнай аддзелцы арнамент. матывамі ў выглядзе стылізаваных завіткоў з галінак, кветак, лісця, хваль, ракавін. Для памяшканняў характэрна анфіладная планіроўка, канфігурацыя планаў набыла складаную форму (авал, многавугольнік). Пластычныя арх. формы інтэр’ера арганічна спалучаны з дынамічным арнаментальным дэкорам. У культавых збудаваннях рысы Р. выявіліся ў арх. формах віленскага барока, у канструкцыі і дэкоры алтароў, якія завяршаліся фігурнымі шчытамі (у касцёле бернардзінцаў у г. Слонім), амбонаў (у касцёлах езуітаў у Гродне, в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.) і інш. абсталявання храмаў (бра ў касцёле бернардзінцаў у Гродне). Майстры садова-паркавага мастацтва ўносілі арнаментальнае багацце палацавага інтэр’ера ў формаўтварэнне зялёных насаджэнняў, якія набывалі шарападобныя, пірамідальныя, кубападобныя формы. Дамінуючым элементам кампазіцыі паркаў былі курціны з перспектывамі; месцы адпачынку абсталёўвалі ажурнымі альтанкамі. Кветнікі і газоны набывалі ракайльны і арабескавы малюнак (парк у г.п. Свіслач).
Літ.:
Кулагін А.М. Шэдэўры архітэктуры ракако. Мн., 1991.
А.М.Кулагін.
Да арт.Ракако. Амбон Праабражэнскага касцёла ў в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. 1745.Да арт.Ракако. Ф.Бушэ. Трыумф Венеры. 1740.Да арт.Ракако. Падсвечнік. Беларусь. 18 ст.Да арт.Ракако. І.М.Гопенгаўпт. Пакой для музыкі ў палацы Сан-Сусі. Патсдам. Германія. 1746—47.Да арт.Ракако. І.М.Камблі. Камода з антрапаморфным і раслінным дэкорам. Германія. Каля 1765.Да арт.Ракако: Інтэр’ер касцёла ў г. Дысен. Германія. 2-я пал. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́БЕНС ((Rubens) Пітэр Паўэл) (28.6.1577, г. Зіген, Германія — 30.5.1640),
фламандскі жывапісец; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў жывапісу барока. З 1589 жыў у Антверпене. З 1591 вучыўся ў Т.Верхахта, А. ван Норта, О.Веніуса (ван Вена); з 1600 у Італіі, вывучаў творы Мікеланджэла, братоў Карачы, М.Караваджа, жывапісцаў венецыянскай школы. З 1608 у Антверпене, гал. прыдворны жывапісец інфанты Ізабэлы Аўстрыйскай. У ранніх творах выявілася імкненне Р. да адлюстравання італьян. уражанняў у духу нац.маст. традыцый. Не парушаючы прынцыпаў сталага барока, асн. зместам творчасці стала праслаўленне жыцця ў яго стыхійных праяўленнях. У творах ствараў ілюзію неабсяжнай прасторы, разбураў ізаляванасць выяў кампазіцыі. Манум.рэліг. творы пач. 1610-х г. поўныя дэкар. размаху, асіметрычныя, падначаленыя неспакойнаму, складанаму рытму; фігуры часта выяўляюцца ў руху і рэзкіх ракурсах, шырока ўжыты кантрасты святлаценю: «Узняцце крыжа» (каля 1610—11), «Зняцце з крыжа» (каля 1611—14). Пісаў карціны на міфалагічныя тэмы, парадныя партрэты ў рэчышчы нідэрландскіх традыцый 16 ст. («Аўтапартрэт з Ізабэлай Брант», 1609), якім уласцівы інтымная прастата кампазіцыі, дасканаласць прапрацоўкі мадэлі і адзення, стрыманы вытанчаны каларыт. У 1612—20 творчасць Р. дасягнула росквіту ў работах на біблейскія сюжэты і тэмы ант. міфалогіі, якія ён трактаваў з выключнай смеласцю і свабодай выяўлення прыгажосці аголенага чалавечага цела, апявання пачуццёвай радасці зямнога быцця: міфалагічныя кампазіцыі «Саюз Зямлі і Вады» (каля 1618), «Выкраданне дочак Леўкіпа» (каля 1619—20), «Персей і Андрамеда» (каля 1620—21). Фігуры людзей, ант. божастваў, жывёл на фоне квітнеючай прыроды або фантаст. архітэктуры ў яго карцінах сплятаюцца ў складаныя кампазіцыі, гарманічна ўраўнаважаныя або прасякнутыя дынамікай (два варыянты «Страшнага суда», каля 1615—16 і каля 1618). Паступова адмаўляўся ад характэрнага для ранніх твораў лакальнага колеру, дасягнуў выключнага майстэрства ў перадачы градацый святла і колеру, паветраных рэфлексаў. Пейзажы Р. («Возчыкі камення», каля 1620) часцей прыдуманыя, але поўныя адчування гарманічнасці і цэласнасці асяроддзя. Каля 1611—18 спраектаваў свой дом у Антверпене, арх.аблічча якога вылучалася тэатралізаванай раскошай. У 1615—20 Р. набыў шырокую вядомасць. З 1617 майстэрня Р. (яго вучні і памочнікі А. ван Дэйк, Я.Іорданс, Ф.Снейдэрс) выканала паводле яго эскізаў шэраг серыйных, манум.-дэкар. кампазіцый («Гісторыя Марыі Медычы», каля 1622—25). З выключным майстэрствам і пачуццёвай пераканаўчасцю Р. перадаваў знешнасць і асаблівасці характару мадэлі ў парадных партрэтах («Т.Эрэндэль з сям’ёй», 1620; «Марыя Медычы», каля 1622—25). Асаблівай віртуознасцю вылучаюцца інтымныя партрэты, у т. л. «Партрэт камерысткі інфанты Ізабэлы» (каля 1625), дзе з дапамогай празрыстых каляровых пераходаў і мяккіх рэфлексаў перададзена трапяткая жыццёвасць мадэлі. Пасля смерці першай жонкі (1626) Р. часова адышоў ад жывапісу; быў на дыпламат. службе, наведаў Галандыю, Іспанію, Англію. Карціны 1630-х г. вылучаюцца большай стрыманасцю маст. сродкаў, жывапіс становіцца больш інтымным і задушэўным, каларыт страчвае шматколернасць і будуецца на багацці колеравых адценняў, вытрыманых у эмацыянальна насычанай чырвона-карычневай гаме. Пісаў партрэты сваёй другой жонкі («Алена Фаўрмент з дзецьмі», каля 1636; «Футра», каля 1638—40) часам у вобразе міфал. і біблейскіх персанажаў («Вірсавія», каля 1635), сцэны вясковых свят («Кермеса», каля 1635—36), пейзажы («Пейзаж з вясёлкай», каля 1632—35), карціны на тэмы ант. міфалогіі («Вакх», паміж 1638 і 1640). Віртуознасцю жывапісу, строгасцю і лаканізмам маст. сродкаў вылучаюцца «Тры грацыі» (1638—40), «Аўтапартрэт» (каля 1637—40). Аўтар шматлікіх малюнкаў.
Літ.:
Лазарев В.Н. Рубенс // Лазарев В.Н. Старые европейские мастера. М., 1974;
П.П.Рубенс: Письма. Док. Суждения современников. М., 1977;
Лебедянский М.С. Портреты Рубенса. 2 изд. М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТРАПАЛІТЭ́Н (франц. métropolilain ад грэч. metropolis галоўны горад, сталіца),
метро, від рэйкавага электрычнага пасаж. транспарту. У вял. гарадах з насычаным вулічным рухам пракладваецца пад зямлёй (у тунэлях), часам на паверхні і на эстакадах. Вызначаецца вял. правознай здольнасцю (да 60 тыс. пасажыраў за гадзіну ў адным напрамку), высокай эксплуатацыйнай скорасцю (да 100 км/гадз, з улікам прыпынкаў да 45—48 км/гадз), рэгулярнасцю руху.
Асн. збудаванні і абсталяванне М.: станцыі (калоннага або пілоннага тыпаў, а таксама аднаскляпеністыя), якія ўключаюць пасаж. платформы, падземныя або надземныя вестыбюлі, пераходы, перасадачныя вузлы, эскалатары (часам пад’ёмнікі ліфтавага тыпу ўмяшчальнасцю да 130 чал.); перагонныя тунэлі неглыбокага (да 15 м ад паверхні зямлі) і глыбокага (да 30—35 м) залажэння з рэйкавымі пуцямі (у М. краін СНД шырынёй 1520 мм); рухомы састаў (поезд з 3—8 вагонаў умяшчальнасцю да 270 пасажыраў кожны); кабельная і кантактная сетка з цягавымі і паніжальнымі трансфарматарнымі падстанцыямі; вентыляцыйныя, дрэнажныя і асвятляльныя прыстасаванні; дэпо і інш. Паязды прыводзяцца ў рух электрарухавікамі пастаяннага току, якія сілкуюцца праз слізгальныя токапрыёмнікі з кантактных рэек (напружанне ў кантактнай сетцы ад 600 да 1500 В, у М. краін СНД — 825 В). Будуюць М. закрытым і адкрытым спосабамі. Пры закрытым спосабе праходка тунэляў робіцца горным або шчытавым метадам; пры адкрытым распрацоўваецца катлаван, у якім робяць тунэль са зборных жалезабетонных або метал. элементаў (цюбінгаў), маналітнага бетону і жалезабетону. Выкарыстоўваюць спец. спосабы вядзення работ: штучнае замарожванне грунтоў, водапаніжэнне, метад «сцяна ў грунце» і інш. Каб у М. не трапляла вада, робяцца неабходная гідраізаляцыя і водаадвод.
У замежнай практыцы буд-ваМ., за рэдкім выключэннем (напр., афармленне ўваходаў у парыжскі М. у стылі мадэрн, арх. Э.Гімар), пераважае утылітарны падыход да арх. вырашэння. З 2-й пал. 20 ст. пачалі выкарыстоўваць новыя канструкцыі, буд. і аддзелачныя матэрыялы, сродкі рэкламы і візуальнай інфармацыі, станцыі набылі маст. афармленне. У б.сав. гарадах М. ствараўся як прасторава працяглы арх. комплекс манум. збудаванняў вял. грамадскай значнасці. Архітэктары імкнуліся стварыць камфартабельныя ўмовы для пасажыраў, надаць кожнай станцыі індывід.аблічча. У афармленні станцый і наземных вестыбюляў М. (часта тэматычным) выкарыстоўвалі мазаіку, жывапіс, скульптуру, дэкар.-прыкладное мастацтва. У 1950—60-я г. ў буд-ве М. ўкаранялася уніфікацыя аб’ёмна-прасторавых вырашэнняў і канструкцый; індывідуалізацыя дасягалася разнастайнасцю матэрыялаў, іх колеру і фактуры, розных сістэм асвятлення. У 1970—90-я г. на новай канструктыўнай аснове працягваюцца лепшыя традыцыі тэматычнага і маст. афармлення станцый М., пашыраны сінтэз мастацтваў.
Першы М. (3,6 км) пабудаваны ў Лондане (1863), потым у Нью-Йорку (1868), Будапешце (1896), Вене (1898), Парыжы (1900), Берліне (1902), Буэнас-Айрэсе (1913), Мадрыдзе (1919), Токіо (1927) і інш. Першая лінія Маскоўскага М. пачала дзейнічаць у 1935. Пабудаваны і дзейнічаюць М. у Санкт-Пецярбургу (з 1955), Кіеве (з 1960), Тбілісі (з 1966), Баку (з 1967), Харкаве (з 1972), Ташкенце (з 1977), Ерэване (з 1981), Мінску (з 1984; гл.Мінскі метрапалітэн), Ніжнім Ноўгарадзе (з 1985), Новасібірску (з 1985), Самары (з 1987) і інш.Найб. працяглы (больш за 400 км) М. у Нью-Йорку (40 ліній; 490 станцый), самы заглыблены (больш за 100 м) — у Пхеньяне. М. маюць каля 50 гарадоў у больш чым 30 краінах.
Літ.:
Лиманов Ю.А. Метрополитены. 2 изд. М., 1971;
Тоннели и метрополитены. М., 1989.
С.Л.Сергачоў (архітэктура), В.А.Ярмоленка.
Метрапалітэн: а — станцыя пілоннага тыпу з абліцоўкай жалезабетоннымі цюбінгамі; б — станцыя калоннага тыпу з павялічаным пралётам сярэдняй залы; в — схема электрасілкавання кантактавай рэйкі (1 — кабелі сілкавання трэцяй рэйкі, 2 — цягавая падстанцыя, 3 — зваротны кабель ад хадавых рэек, 4 — сілавыя кабелі, 5 — трэцяя рэйка, 6 — хадавая рэйка).Да арт.Метрапалітэн. Станцыя «Камсамольская-кальцавая» ў Маскве. 1952. Арх. А.Шчусеў і інш.Да арт.Метрапалітэн. Станцыя «Плошча Якуба Коласа» ў Мінску. 1984. Арх. М.Пірагоў, А.Зензін, маст. В.Чурыла, С.Сакалоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛА́Н (Milano),
горад на Пн Італіі, у цэнтр.ч. Паданскай раўніны. Адм. ц. вобласці Ламбардыя і прав. Мілан. 1,5 млн.ж., з прыгарадамі каля 4,5 млн.ж. (1998); другі па колькасці насельніцтва (пасля Рыма) горад краіны. Важны вузел чыгунак і аўтадарог, злучаны суднаходнымі каналамі з р. По. 2 аэрапорты, у т. л.міжнар.Гал.прамысл., важны навук. і культ. цэнтр краіны. Больш за 50% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў прам-сці (каля 10 % занятых ва ўсёй прам-сці краіны), якая мае шматгаліновы характар. Вядучая галіна — машынабудаванне: вытв-сць абсталявання для металургіі і інш. галін прам-сці, аўтамаб., авіяц., трактарная прам-сць, вытв-сць матацыклаў, веласіпедаў, с.-г. машын, чыг. рухомага саставу і абсталявання, матора-, прылада- і станкабудаванне, электратэхн., радыёэлектронная, ваенная прам-сць. Развіты нафтаперапр., хім., гумавая прам-сць, металургія (асабліва вытв-сць якасных сталей). Прадпрыемствы тэкст., харч., швейнай, гарбарна-абутковай і інш. галін. Найбуйнейшы цэнтр выдавецкай справы ў Італіі. Метрапалітэн. У М. знаходзяцца праўленні вядучых канцэрнаў краіны, банкі, гандл. і фондавая біржы. У М. — шэраг ВНУ, у т. л. 3 ун-ты, кансерваторыя, акадэмія выяўл. мастацтваў, і навук. устаноў, у т. л. Акадэмія л-ры. Нац.б-ка, б-ка Амбразіяна і інш. Міланская прамысл. выстаўка.
Засн. ў 4 ст. да н.э. інсубрамі (адно з кельцкіх плямён). З 196 пад уладай Рыма, буйны эканам. цэнтр Рым. імперыі. У 313 выдадзены Міланскі эдыкт. У 539 разбураны остготамі, у 569 заваяваны лангабардамі. З 774 пад уладай Каралінгаў. З канца 10 ст. ўладанне архіепіскапа, буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр (выраб зброі, шоўку, сукна). Вайна (патарыя) гараджан супраць архіепіскапа прывяла да ўтварэння ў М. камуны (1147). Горад падтрымаў вайну папства супраць ням. імператара Фрыдрыха I Барбаросы, у 1162 разбураны яго войскамі. Адбудаваны на сродкі Ламбардскай лігі. У 1176 гараджане ўдзельнічалі ў разгроме імперскіх войск пад Леньяна. Паводле Канстанцкага міру 1183 за М. замацаваны правы камуны. З 1277 пад уладай тыраніі Вісконці, з 1395 сталіца Міланскага герцагства. У 14 ст. адзін з гал. цэнтраў гандлю і вытв-сці ў Еўропе (вырабы з жалеза, тэкстыль), горад чаканіў сваю манету. З 1450 уладанне роду Сфорца, пры двары якіх працавалі Д.Брамантэ і Леанарда да Вінчы. Пасля смерці апошняга Сфорца (1535) М. захапіў імператар Карл V і аддаў горад свайму сыну Філіпу II (каралю Іспаніі). У 1706 заваяваны Аўстрыяй. У 1796 акупіраваны Напалеонам, з 1797 сталіца Цызальпінскай рэспублікі, з 1802 — Італьян. рэспублікі, з 1805 — Італьян. каралеўства. У (815—59 у складзе Аўстрыі, цэнтр Ламбарда-Венецыянскага каралеўства. У 1859 вызвалены, разам з Ламбардыяй у складзе Сардзінскага каралеўства, з 1861 — адзінага Італьян. каралеўства. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. М. ператварыўся ў буйны гандл.-прамысл. і фінансавы цэнтр з моцным рабочым рухам. У 2-ю сусв. вайну значна разбураны.
Аблічча сярэдневяковага М. вызначалася авальным планам з радыяльнай сеткай вуліц і цэнтрам на пл. П’яцца даль Дуома. Захаваліся фрагменты стараж.-рым. пабудоў, помнікі раннехрысц. і раманскага дойлідства: касцёлы Сан-Ларэнца Маджорэ (пачаты ў 4 ст., перабудаваны ў 11 і 16 ст., мазаікі 4—5 ст.), Сант-Амброджа (9—12 ст.; клуатры — з 1492, арх. Брамантэ), Сант-Эўсторджа (12—13 ст.; капэла Партынары, 1462—68, арх. Мікелоца, фрэскі В.Фопы). У М. — гатычны сабор (1386—1856, арх. А. і Ф. дэльі Аргані, С.Арсеніга, М.Фрызоне, К.Салары, П.Тыбальдзі і інш.), замак Кастэла Сфарцэска (пачаты ў 1450, арх. Дж. да Мілана, А.Філарэтэ, Брамантэ, фрэскі паводле эскізаў Леанарда да Вінчы; у 1952—56 рэканструяваны пад музей), рэнесансавыя касцёлы Санта-Марыя дэле Грацые (1466—97, арх. Г.Салары, Брамантэ; у трапезнай размалёўка «Тайная вячэра» Леапарда да Вінчы), Санта-Марыя прэса Сан-Сатыра (1479—83, арх. Брамантэ, фасад 19 ст.); шэраг збудаванняў у стылях барока і класіцызму, у т. л.т-р«Ла Скала» (1778, арх. Дж. П’ермарыні). Сярод пабудоў у сучасных стылях: вышынныя будынкі Пірэлі (1956—60, арх. Дж.Понці, А.Раселі; выш. 130 м), Торэ Веласка (1956—58) і інш. Музеі: Нац. навукі і тэхнікі Леанарда да Вінчы, марскі, карцінныя галерэі Брэра, Амбразіяна. Тэатры «Ла Скала», «Пікала-тэатр» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТРЭ́Ту літаратуры — 1) апісанне знешняга выгляду чалавека
(рыс твару, фігуры, мімікі, жэстаў, манеры паводзін); адзін са сродкаў стварэння маст. вобраза, характарыстыкі героя, які спрыяе перадачы сац. і псіхал. тыпажу персанажа, выяўленню аўтарскіх адносін да яго. У стараж. л-ры П. не надавалася вял. значэння: герой не меў выразных індывід. рыс, яго знешні выгляд быў стэрэатыпны і абазначаў толькі прыналежнасць да пэўнага асяроддзя. Ў рамант. л-ры П. заняў важнае месца, дапамагаючы ўзвышаць ці эстэтычна зніжаць героя (напр., Бандароўна і пан Патоцкі ў паэме Я.Купалы «Бандароўна»). У рэаліст. л-ры П. найперш сродак псіхал. абмалёўкі характару (у творах Я.Коласа, К.Чорнага, І.Мележа, В.Быкава). Таксама сустракаецца эмац.-ацэначны П. (партрэтныя апісанні выяўляюць або пачуцці аўтарскай прыхільнасці да герояў, або іранічна-здзеклівыя адносіны да іх). Партрэтная характарыстыка можа быць прамая (аўтарская) і ўскосная (даецца адным персанажам другому). Яна псіхалагічна дзейсная і ў паказе душэўнага стану героя ў пэўны момант, у раскрыцці эвалюцыі яго характару. Таму П. часта даецца ў творы ў дынаміцы, фрагментамі, якія адлюстроўваюць гэту эвалюцыю.
2) Біягр. нарыс пра пісьменніка, мастака, грамадскага дзеяча, у якім аўтар узнаўляе цэласнае аблічча чалавека, абапіраючыся на суб’ектыўныя ўражанні пры захаванні дакумент. дакладнасці ў перадачы фактаў. Літ. П. паэтаў Зах. Беларусі (М.Васілька, М.Засіма, А.Салагуба),
сучасных бел. пісьменнікаў (У.Караткевіча, Н.Гілевіча) стварыў У.Калеснік.
У выяўленчым мастацтве — адзін з асн. жанраў (і асобны твор) жывапісу, графікі, скульптуры, прысвечаны адлюстраванню канкрэтнага чалавека або групы людзей. Аснова жанру — перадача індывідуальнага аблічча персанажа незалежна ад узроўню ўмоўнасці вобраза і дакладнасці яго знешняга падабенства. Глыбіня вобраза залежыць ад ступені раскрыцця ўнутр. свету персанажа, выяўлення сутнасці яго характару. Неад’емная частка агульнага зместу П. — узаемаадносіны мастака і мадэлі. У адлюстраванні характэрных для эпохі абставін, касцюма, тыпажа і інш. раскрываецца гістарызм П. Звычайна П. ствараюць з натуры; могуць быць выкананы з маскі, знятай з партрэтаванага, фотаздымка, з прыжыццёвага П., напр., па ўспамінах або ўяўленні мастака; спецыфічны від П. — аўтапартрэт. Паводле характару выканання, прызначэння, спецыфікі форм вылучаюць П.: станковыя (жывапісныя, графічныя, скульптурныя), манументальныя (манум. скульптура і жывапіс; гл. таксама Надмагілле), малых форм (мініяцюры, П. на медалях і манетах, гемы); інтымны, парадны, псіхалагічны, камерны, лірычны, гераічны, гіст., бытавы, сатыр., гумарыстычны (карыкатура, шарж) і інш.; у рост, па калені, па пояс, пагрудны (гл.Бюст), галава; анфас, профіль і інш. Могуць быць індывід., парныя, групавыя. У маст. практыцы П. часта спалучаецца з інш. жанрамі. Вылучаюць П.-карціну (партрэтаваны паказаны ў сюжэтнай ці сэнсавай узаемасувязі з прадметным, прыродным або арх. асяроддзем, інш. людзьмі), П.-тып (збіральны вобраз, структурна блізкі да П.) і інш.
Узнікненне П. звязана з імкненнем увекавечыць вобраз чалавека, што абумовіла, асабліва на ранніх стадыях, дамінаванне мемарыяльнага пачатку. Першыя яго ўзоры трапляюцца ў мастацтве стараж. Егіпта, Грэцыі, Рыма, краін Усходу і вызначаюцца спалучэннем рытуальнасці характару выявы, абагаўлення ці ідэалізацыі вобразаў з цікавасцю да індывід. асаблівасцей чалавека (гл.Партрэт пахавальны, Фаюмскі партрэт). У сярэднявеччы ў еўрап. мастацтве вобраз падпарадкоўваўся рэліг. канонам, часта з’яўляўся часткай арх.-маст. ансамбля храма, вылучаўся імперсанальнасцю (выявы ўладароў, іх прыбліжаных і інш.; гл. таксама Партрэт данатарскі). Часам рысы канкрэтных асоб надаваліся выявам святых, індывідуалізацыяй вызначаліся надмагільныя П. У Кітаі П. вызначаўся разнастайнымі тыпамі (данатарскі, культава-пахавальны, афіцыйны, свецкі і інш.), творы спалучалі дакладнасць індывід. рыс з увасабленнем ідэі вышэйшай гармоніі і велічы сусвету. Высокім маст. узроўнем вызначалася партрэтная мініяцюра краін Зах. Еўропы, Сярэдняй Азіі, Азербайджана, Ірана, Індыі, Афганістана і інш. У эпоху Адраджэння мастакі прадстаўлялі мадэль ва ўсёй шматграннасці вобраза, вылучалі індывід. своеасаблівасць моцнай і яркай асобы, ідэалізацыя якой вынікае з сутнасці самога арыгінала (С.Батычэлі, Данатэла, Джарджоне, Караваджа, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, А. дэль Сарта, Тыцыян у Італіі, А.Дзюрэр, Л.Кранах Старэйшы, Г.Гольбейн Малодшы ў Германіі, Рагір ван дэр Вейдэн, Я.Госарт, Р.Кампен, Я. ван Эйк у Нідэрландах і інш.). У 17 ст. партрэтны жывапіс імкнуўся да дэмакратызацыі вобразаў, глыбокага пранікнення ў духоўнае жыццё чалавека, большай адэкватнасці вобраза арыгіналу, перадачы шырокага спектра і крытычнага трактавання яго індывід. рыс (Рэмбрант, Ф.Халс у Нідэрландах, Д.Веласкес, Ф.Гоя, Ф.Сурбаран у Іспаніі, А. ван Дэйк, Я.Іорданс, П.П.Рубенс у Фландрыі і інш.). У 18 ст. пад уплывам гуманіст. ідэй Асветніцтва ўзмацнілася рэалістычнасць П. (А.Вато, Ж.Гудон, К. дэ Латур, Ж.Б.Перано, Ж.А.Фраганар, Ж.Б.С.Шардэн у Францыі, У.Хогарт у Вялікабрытаніі, П.Батоні ў Італіі і інш.). У 2-й пал. 18—19 ст. узрасла ўвага да адлюстравання ўнутр. свету чалавека, перадачы псіхалагізму (Т.Гейнсбара, А.Стывенс, Дж.Рэйналдс у Вялікабрытаніі, Г.Сцюарт у ЗША, Ж.Л.Давід, Э.Дэлакруа, Г.Курбэ, Т.Жэрыко, Ж А.Энгр у Францыі, В.Лейбль, А.Менцэль у Германіі, А.Каўфман у Швейцарыі, Я.Матэйка ў Польшчы, А.Антропаў, І.Аргуноў, У.Баравікоўскі, К.Брулоў, І.Вішнякоў, М.Ге, І.Крамской, А.Кіпрэнскі, Дз.Лявіцкі, В.Пяроў, Ф.Рокатаў, І.Рэпін, Ф.Шубін у Расіі і інш.).
На развіццё П. канца 19 — пач. 20 ст. істотна паўплывалі адкрыцці майстроў імпрэсіянізму і блізкіх да іх мастакоў (Э.Дэга, Э.Манэ, А.Радэн, А.Рэнуар у Францыі і інш.). Прыкметны ўплыў на развіццё сусв. П. зрабіла і творчасць мастакоў мадэрнісцкіх кірункаў (жывапісцы В. ван Гог, О.Какошка, А.Мадыльяні, П.Пікасо, П.Сезан і інш., скульптары — А.Бурдэль, А.Маёль і інш.). Псіхал. выразнасць, духоўная глыбіня вобразаў вылучае П. рус. мастакоў Ю.Аненкава, А.Галавіна, В.Сярова, М.Урубеля, Б.Кустодзіева, М.Ларыёнава, П.Малявіна, К.Сомава, З.Серабраковай і інш. З сярэдзіны 20 ст. П. развіваўся ў рэчышчы разнастайных кірункаў і плыняў у творчасці Р.Гутуза (Італія), Л.Ласанскага, Э.Уорхала (ЗША), І.Глазунова, П.Канчалоўскага, П.Корына, М.Несцерава, К.Пятрова-Водкіна (Расія), скульптараў К.Дунікоўскага (Польшча), Дж.Манцу (Італія), Ф.Крэмера (Германія), В.Мухінай (Расія) і інш.
На Беларусі першыя партрэтныя выявы вядомы з глыбокай старажытнасці (драўляная фігурка чалавека са стаянкі Асавец; канец 3-га — 1-я пал. 2-га тыс. да н.э.; багушэвіцкая статуэтка, 2-я пал. 1-га тыс. да н.э.). Адметныя рысы П. праяўляюцца ў манум. жывапісе і скульптуры 12—14 ст. (фрэскі Спаса-Ефрасіннеўскай царквы ў Полацку, размалёўкі, выкананыя бел. майстрамі ў Польшчы). З літ. крыніц вядомы станковы П. 14 ст. У 16 ст. развіваецца ў графіцы (гравюрны П. Ф.Скарыны ў выдадзенай ім «Бібліі», 1517—19), мемарыяльнай скульптуры, медальерным мастацтве. У канцы 16—18 ст. пашырыліся рэпрэзентатыўны парадны (гл.Партрэт сармацкі), пахавальны, данатарскі, рыцарскі і інш. тыпы П. Сярод партрэтыстаў жывапісец І.Шрэтэр, графікі Г.Ляйбовіч, А. і Л. Тарасевічы. У 18 — пач. 19 ст. на развіццё П. ўплывалі класіцызм, рамантызм (жывапісцы І.Аляшкевіч, Ц.Бычкоўскі, А.Главацкі, Я.Дамель, С.Заранка, К.Карсалін, Ф.Смуглевіч, І.Хруцкі, А.Шэмеш, графікі Ю.Азямблоўскі, А.Бартэльс, К.Бахматовіч, Т.Кіслінг, Я.Клямбоўскі, К.Кукевіч, Ю.Пешка, скульптары Я.Астроўскі, К.Ельскі, Р.Слізень і інш.). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. П. адметны дэмакратызацыяй вобразаў, паглыбленнем сац. і псіхал. характарыстык (Л.Альпяровіч, Я.Кругер, Ю.Пэн, А.Ромер, Б. і К. Русецкія, Н.Сілівановіч і інш.). У 1-й пал. 20 ст. ў жанры П. працавалі І.Ахрэмчык, А.Бразер, Г.Віер, В.Волкаў, А.Грубэ, К.Змігродскі, М.Станюта, М.Філіповіч, у 2-й пал. 20 ст. — З.Азгур, А.Анікейчык, Л.Асядоўскі, А.Бембель, М.Будавей, С.Вакар, Г.Вашчанка, М.Данцыг, Л.Дударэнка, Я.Зайцаў, М.Кірэеў, П.Крахалёў, А.Кішчанка, А.Малішэўскі, А.Марачкін, В.Маркавец, І.Міско, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч, У.Пасюкевіч, Ю.Піскун, В.Пратасеня, І.Пратасеня, А.Пушкін, М.Савіцкі, В.Сахненка, У.Стальмашонак, І.Стасевіч, І.Фяцісаў, Я.Харытоненка, Г. і Я. Ціхановічы, В.Шаранговіч, А.Шыбнёў, Л.Шчамялёў і інш.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Яго ж. Сучасны беларускі партрэт. Мн., 1982;
Беларуская станковая графіка / Склад. В.Ф.Шматаў. Мн., 1978;
Петерсон Э.А. Портретная скульптура Советской Белоруссии. Мн., 1982.
А.М.Пяткевіч (літаратура), М.Л.Цыбульскі.
К.Брулоў. Партрэт графіні Ю.Самойлавай з выхаванкай. 1839—40.А.Дзюрэр. Партрэт маладога чалавека. 1521.Да арт.Партрэт. П.Пікасо. Амбруаз Валар. 1909—10.І.Хруцкі. Партрэт невядомай. 1830-я г.Да арт.Партрэт. З.Азгур. Рабіндранат Тагор. 1956.У.Стальмашонак. Партрэт Якуба Коласа. 1966—67.Да арт.Партрэт. М.Філіповіч. Жанчына ў намітцы. 1930-я г.Да арт.Партрэт. М.Будавей. А.Макаёнак. 1985.Да арт.Партрэт. Ю.Піскун. Старасвецкая мелодыя. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЁСКА (ад стараж.-рус. весь),
у вузкім гіст. сэнсе невял. земляробчае паселішча, адзін з відаў сельскіх нас. пунктаў. У шырокім значэнні паняцце «вёска» ахоплівае не толькі ўсе віды сталых паселішчаў, жыхары якіх — сяляне, с.-г. рабочыя і інш. — заняты пераважна ў сельскай гаспадарцы, паляванні, рыбалоўстве і інш., але і ўвесь комплекс сац.-эканам., культ.-бытавых і прыродна-геагр. асаблівасцей і ўмоў жыцця вёскі як сац.-эканам. катэгорыі, якая проціпастаўляецца гораду. Сац.-эканам. спецыфіка вёскі вызначаецца непасрэднай сувяззю яе жыхароў з зямлёй, гасп. асваеннем тэрыторыі і выкарыстаннем яе прыродных рэсурсаў праз накіраваную, пераўтваральную дзейнасць у розных галінах сельскай гаспадаркі. Адсюль разгрупаванне вёскі, параўнальна невял. памеры, сезонная цыклічнасць працы і інш. Усе бакі жыцця вёскі і сама вёска як сац.-эканам. катэгорыя перажылі значныя змены ў ходзе гіст. развіцця грамадства.
На Беларусі вёска — асн. тып сельскага паселішча, на працягу стагоддзяў была хавальніцай самабытных нар. традыцый, што стварала грунт для нац. адраджэння і этн. самазахавання бел. народа. Да 8—9 ст. вёскамі былі практычна ўсе паселішчы, пакуль у выніку аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі не сталі стварацца гарады і мястэчкі. У гэты ж час пры пераходзе ад радавой да суседскай абшчыны (грамады) з’яўляюцца асобныя сял. двары-сядзібы. Да сярэдзіны 16 ст. пераважала скучаная (бессістэмная) планіроўка вёскі, калі сял. хаты размяшчаліся асобнымі групамі. У выніку валочнай памеры пашырылася вулічная планіроўка, што стала адметнай рысай бел. вёскі на працягу стагоддзяў. Колькасць двароў звычайна не перавышала некалькіх дзесяткаў. Група суседніх вёсак утварала сельскую акругу (воласць), якая вызначалася аднароднасцю насельніцтва, значным падабенствам духоўнага і эканам. жыцця. Тыпалогія і вонкавае аблічча паселішчаў вызначалася асаблівасцямі таго ці інш.гіст.-этнагр. рэгіёна Беларусі. Усё неабходнае для жыцця сялян выраблялася ў вёсцы, гаспадарка мела натуральны характар. У феад. перыяд вёскі былі прыватнаўласніцкія і дзяржаўныя; існаваў пазаэканам. прымус, які даваў магчымасць землеўласнікам забіраць у сялян прыбавачны прадукт. У час спусташэнняў, выкліканых войнамі, асабліва ў 17—18 ст., феадалы заахвочвалі перасяленцаў у разбураныя раёны вызваленнем ад падаткаў на некалькі гадоў, у т. л. ствараліся новыя тыпы паселішчаў — «воля», «слабада», якія потым ператвараліся ў звычайныя вёскі. Пасля адмены прыгону (1861) адбыліся істотныя змены ў жыцці вёскі, павялічыўся рух сялян у горад і на хутары. Сталыпінская аграрная рэформапач. 20 ст. заканадаўча паскорыла працэс эвалюцыі ад сял. пераважна натуральнай гаспадаркі да гандлёва-рыначнай с.-г. вытворчасці. У выніку Кастр. рэвалюцыі 1917 паводле Дэкрэта аб зямлі была ліквідавана памешчыцкая ўласнасць на зямлю, асн. тыпам гаспадаркі ў вёсцы стала дробная індывід. гаспадарка, большасць сялян была паднята да ўзроўню сераднякоў. У вёсцы праводзілася ліквідацыя непісьменнасці, ствараліся ячэйкі РКП (б) і камсамола, прафсаюзныя арг-цыі, якія вялі работу па выхаванні сялян у «пралетарскім» духу, выкараненні дробнапрыватніцкай псіхалогіі, паскаралася развіццё кааперацыі. Стварэнне буйных гаспадарак — калгасаў і саўгасаў — у выніку калектывізацыі ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. прывяло да карэннага пералому ў векавым жыццёвым укладзе вёскі. Сярод жыхароў вёскі з’явіліся механізатары, кіруючыя кадры сярэдняга звяна, павысіўся культ.-тэхн. ўзровень сялян. Разам з тым вёска панесла вял. страты: прынцып добраахвотнасці пры калектывізацыі парушаўся, у выніку раскулачвання і інш. форм рэпрэсій заможныя сяляне (а таксама шмат сераднякоў) высяляліся. Агульная колькасць жыхароў вёскі ў выніку міграцый сялян у гарады СССР і па інш. прычынах зменшылася ў 1930-я г. на 1 млн.чал.Вял. ўрон вёсцы быў нанесены ў гады Вял.Айч. вайны: ням.-фаш. захопнікі разбурылі і спалілі 9200 вёсак (620 разам з жыхарамі), знішчылі 782,2 тыс.чал. У пасляваен. час ішоў працэс адбудовы вёскі, у Зах. Беларусі праведзена калектывізацыя. У 1960—80-я г. на аснове нарошчвання мат.-тэхн. базы сельскай гаспадаркі вырас дабрабыт і культ. ўзровень вёскі, усё больш вёскі забудоўваліся па спец. праектах (цэнтр сядзібы саўгаса «Прагрэс» Гродзенскага, «Новы быт» Мінскага, «Рассвет» Кіраўскага р-наў і інш.). Адначасова ўдз. вага вясковага насельніцтва скарацілася да 35%, каля ⅓ яго складаюць пенсіянеры, за апошнія 30 гадоў знікла больш як 10 тыс. вёсак. З канца 1980-х г. у вёсцы праводзіцца агр. рэформа, узнікаюць фермерскія гаспадаркі і с.-г. кааператывы, адноўлена арэнда зямлі. У выніку Чарнобыльскай катастрофы 1986 у зоне радыяцыйнага забруджвання апынуліся 54 раёны, сотні вёсак апусцелі. У 1986—92 на новае месца жыхарства пераехала 130 тыс.чал., пераважна вяскоўцаў. Акрамя вёсак на Беларусі гістарычна існавалі інш. тыпы сельскіх паселішчаў: сяло, аколіца, засценак, хутар, фальварак і інш.Гл. таксама Сялянства, Аграрнае пытанне, Аграрныя рэформы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. compositio састаўленне, стварэнне),
пабудова маст. твора, абумоўленая яго зместам, характарам і прызначэннем; структура і ўзаемасувязь маст. элементаў, што ў вял. ступені вызначаюць лад, сэнс і ўспрыняцце твора, надаюць яму цэласнасць. Праз кампазіцыйнае адзінства кампанентаў твора аўтар перадае ідэйна-вобразны змест, творчую індывідуальнасць, эстэт. прынцыпы эпохі, стылю, маст. кірунку, выяўляе істотнае праз сувязь з другарадным і інш. У пластычных мастацтвах К. арганізуе і ўнутр. пабудову твора, і яго суадносіны з навакольным асяроддзем, каардынуе яго ўспрыняцце гледачом. У К. існуе адзін або некалькі фармальна-ідэйных цэнтраў, арганічна звязаных з інш. часткамі і дэталямі праз рытмы, кантрасты, каларыт, сіметрыю ці асіметрыю, рэальнае ці ілюзорнае фарміраванне прасторы і аб’ёму, маштаб, прапорцыі і інш.
У выяўленчым мастацтве К. — канкрэтная распрацоўка ідэйнай і сюжэтна-тэматычнай асновы твора. Арганізуе размяшчэнне і суадносіны фарбавых плям, ліній святла і ценю, прапорцыі мас матэрыялаў і інш. Бывае ўстойлівая, або статычная (асн. кампазіцыйныя восі перасякаюцца пад прамым вуглом у геам. цэнтры твора), дынамічная (асн. восі перасякаюцца пад вострымі вугламі, пераважаюць дыяганалі, кругі і авалы), адкрытыя (пераважаюць цэнтрабежныя рознаскіраваныя сілавыя лініі) і закрытыя пераважаюць цэнтраімклівыя сілы, што зводзяць выявы да кампазіцыйнага цэнтра). Устойлівыя і закрытыя тыпы К. пераважалі ў мастацтве Адраджэння, дынамічныя і адкрытыя — у барока. Асаблівасцямі кампазіцыйнай будовы вызначаюцца творы сярэдневяковага мастацтва і іканапісу. У гісторыі мастацтва вял. ролю адыгралі і працэсы складання агульнапрынятых кампазіцыйных канонаў розных стыляў і эпох, і адыход ад жорсткіх кананічных схем да свабодных кампазіцыйных прыёмаў у мастацтве 19—20 ст.
У архітэктуры і горадабудаўніцтве К. — гарманічныя суадносіны ідэйна-маст. прынцыпаў, функцыян. прызначэння, канстр. асаблівасцей і горадабуд. ролі будынкаў, збудаванняў і іх комплексаў. Вызначае арх.аблічча, планіровачную пабудову населенага пункта ў цэлым або арх.ансамбля ці асобнага будынка. Найб. пашыраныя сродкі К. для гарманізацыі прасторавых форм — сіметрыя і асіметрыя, кантраст і нюанс, рытм, суразмернасць частак і цэлага, прапорцыі, маштабнасць, вылучэнне гал. ў К., святло, колер, фактура. Арган. адзінства прынцыпаў К. і функцыян.-канстр. асновы арх. дэкору стварае архітэктоніку збудавання.
Асн. прыёмы К. ў горадабудаўніцтве: цэнтрычны — у планіровачнай структуры вызначаецца кампазіцыйны цэнтр; анфіладны — шэраг прасторава раскрытых адна да адной плошчаў, якія ўтвараюць сістэму арх. ансамбляў; магістральны — спалучэнне прасторава ўзаемазвязаных ансамбляў, размешчаных на адной восі; панарамна-групавы — групы арх. ансамбляў вызначаюць кампазіцыйную будову і сілуэт горада. Сярод тыпаў аб’ёмна-прасторавай К. будынкаў і збудаванняў вылучаюць: замкнёную (групуе аб’ёмы будынка вакол унутр. двара), паўзамкнёную (П-падобная групоўка карпусоў), цэнтрычную (памяшканні будынка групуюць вакол гал.цэнтр. аб’ёму, вылучанага шатром, купалам), падоўжна-восевую (гал. прасторавае ядро развіваецца ў глыбіню плана будынка), кампактную (памяшканні групуюцца вакол вял. прастораў, якія не маюць натуральнага асвятлення), адкрытую (асн. памяшканні будынкаў маюць кантакт з навакольным асяроддзем і натуральнае асвятленне). Сучасная архітэктура вызначаецца свабоднымі, арганічнымі К., разнастайнымі аб’ёмна-планіровачнымі вырашэннямі і арх. формамі.
У літаратуры К. — арганізацыя маст. матэрыялу ліг. твора, спосаб увасаблення маст. ідэі, раскрыцця характараў. У прозе выяўляецца ў размяшчэнні і ўзаемасувязі ўсіх кампанентаў (апісанняў, партрэтаў, дыялогаў, унутр. мовы, аўтарскіх адступленняў, характарыстык і інш.), цесна звязана з сюжэтам. Адрозніваюць адна- і шматпланавы, навелістычны і хранікальны тыпы К. Вылучаюць элементы К. — экспазіцыю (пралог), завязку (развіццё дзеяння), кульмінацыю, развязку і эпілог. Кірунак развіцця дзеяння ў К. можа быць храналагічна паслядоўны, або прамы, і рэтраспектыўны, ці інверсійны. Асаблівасці К. вызначаюцца таксама прасторавай і часавай арганізацыяй дзеяння ў творы. У паэзіі аснову лірычнай К. складае сюжэт; уключае ў сябе размеркаванне рытміка-меладычных адпаведнікаў, радкоў, строф, а таксама назву твора, эпіграфы, прысвячэнні. Лірычную К. разнастаіць выкарыстанне тропаў, паэт. сінтаксісу і інш.
У музыцы К. — муз. твор як вынік творчага акта кампазітара, стварэнне музыкі як від маст. творчасці, структура муз. твора (гл.Форма музычная), вучэбная дысцыпліна ў спец. вышэйшых і сярэдніх муз.навуч. установах (выкладаецца звычайна кампазітарам). Курс К. прадугледжвае авалоданне ўсімі асн.муз. жанрамі і формамі, ад найпрасцейшых да найб. складаных (опера, сімфонія, араторыя). У класе К. студэнты рэалізуюць і веды па муз.-тэарэт. дысцыплінах. Паняцце К. як закончанага маст. цэлага выпрацоўвалася ў працэсе памяншэння ролі імправізацыйнага пачатку і ў дасканалення нотнага запісу (сучасны сэнс мае з 13 ст.).
Літ.:
Композиция в современной архитектуре. М., 1973.
Я.Ф.Шунейка, А.А.Дылейка, С.А.Сергачоў (архітэктура і горадабудаўніцтва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДРЫ́Д (Madrid),
горад, сталіца Іспаніі. Адм. ц. аўтаномнай вобласці і прав. Мадрыд. Знаходзіцца ў цэнтры Пірэнейскага п-ва, на Новакастыльскім пласкагор’і, на р. Мансанарэс (бас.р. Таха). 4072 тыс.ж., з прыгарадамі ўтварае гар. агламерацыю Вял. Мадрыд з насельніцтвам больш за 5 млн.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Барахас. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. аўтамабіле-, самалёта- і лакаматывабудаванне, вытв-сць электра- і радыёапаратуры, энергасілавога абсталявання, прыладабудаванне, ваеннае), хіміка-фармацэўтычная, вытв-сць пластмас, швейная, тэкст., абутковая, харч., дрэваапр., папяровая, паліграф., фарфора-фаянсавая, парфумерная, цэментная. Саматужныя промыслы (вытв-сць вышывак, карункаў, хустак, габеленаў, веераў, кастаньет, ювелірных вырабаў). Асн.прамысл. прадпрыемствы ў прадмесцях і гарадах-спадарожніках. Метрапалітэн. 6 ун-таў. Буйны цэнтр міжнар. турызму.
Вядомы з 932, склаўся вакол араб. (маўрскай) крэпасці Маджырыт. У 1083 адваяваны ў арабаў каралём Альфонсам VI і далучаны да Кастыліі. У 1118 за актыўны ўдзел у Рэканкісце атрымаў прывілеі горада. У 14—15 ст. рэзідэнцыя кастыльскіх каралёў і месца пасяджэнняў картэсаў (з 1309). У 1520 гараджане ўдзельнічалі ў паўстанні камунерас. З 1561 сталіца Іспаніі. З канца 17 ст. буйны культ. цэнтр, у 1774 засн. Каралеўская акадэмія мастацтваў. У 1808—12 акупіраваны франц. войскамі, тут пачалася нац.-вызв.Ісп. рэвалюцыя 1808—14; адзін з цэнтраў рэвалюцый 1820—23, 1834—43, 1854—56, 1868—74 (гл.Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя). У Іспанскую рэвалюцыю 1931—39 у М размяшчаўся ўрад рэспубліканцаў, 28.3.1939 заняты франкістамі. Пасля 2-й сусв. вайны цэнтр выступленняў супраць дыктатуры Ф.Франка. У 1981 кансерватыўныя вайскоўцы намагаліся ажыццявіць у М. дзярж. пераварот.
Цэнтр М. з параднай паркавай магістраллю размешчаны паміж плошчамі Пуэрта дэль Соль, Пласа Маёр і Пласа дэ Эспанья. Значная ч.арх. помнікаў страчана ў час рэканструкцыі горада ў 19—20 ст. Аблічча старога горада з сярэдневяковай нерэгулярнай планіроўкай захавалася толькі на ПдЗ ад пл. Пуэрта дэль Соль, ад якой адыходзяць 10 радыяльных вуліц. Помнікі 14—18 ст.: вежа Торэ дэ Сан-Ніколас (14 ст., стыль мудэхар), біскупская капэла (1520, стыль платэрэска), ансамбль Пласа Маёр (1619, Х. дэ Мора; стыль эрэрэска), касцёлы Сан-Ісідра эль Рэаль (1626—61), Сан-Хінес (1645, у інтэр’еры жывапіс Эль Грэка, А.Кана і інш., барока), Трыумфальная арка Пуэрта дэль Алькала (1764—78, Ф.Сабаціні). У стылі класіцызму 18—19 ст. пабудаваны каралеўскі палац (1738—64, італьян.арх. Дж.Б.Сакеці і Сабаціні, арх. В.Радрыгес, паводле праекта Ф.Ювары; у інтэр’еры багаты збор жывапісу, скульптуры, габеленаў, мэблі і інш.), касцёлы Сан-Франсіска эль Грандэ (1776—85), Эрміта дэ Сан-Антоніо дэ ла Фларыда (1792—98, фрэскі Ф.Гоі), будынак музея Прада У М. шмат парадных пабудоў у духу эклектыкі і стылі мадэрн, у т. л. палац ісп. картэсаў (1843—50, арх. Н.Паскуаль). Паводле генплана 1950-х г. (арх. Х.Л.Серт) М. забудоўваўся на Пн, ПдУ, створаны шэраг гарадоў-спадарожнікаў (Эскарыял, Эль-Парда). Новыя раёны рэгулярнай планіроўкі, з вял. паркамі, праспектамі і плошчамі забудоўваюцца добраўпарадкаванымі шматпавярховымі дамамі пераважна з чырв. цэглы. Сярод пабудоў у духу сучаснай архітэктуры: раён Сьюдад Хардзін («горад-сад») з універсітэцкім гарадком (пачаты ў 1931, арх. М.Лопес Атэра, у 1939 зруйнаваны, адноўлены ў 1950-я г., арх. М.Фісак і інш.), іпадром Сарсуэла (1935), вежавыя дамы, т.зв. Белыя вежы (1969, арх. Ф.Х.Саэнс дэ Ойса і інш.), Цэнтр рэстаўрацыйных работ (1960—70-я г., арх. Ф.Ігерас, А.Міра). Паркі: Мадрыдскі (б. Буэн-Рэціра; 1868), Прада, Заходні, Каса дэ Кампа, фантаны 18 ст. Помнікі: М.Сервантэсу (1835, А.Сола, і 1927, арх. П.Мугуруса, скульпт. К.Валера), Х.Калумбу (1885, А.Меліда і Х.Суньёль), Д.Веласкесу (1899, А.Марынас), Ф.Гоі (1905), Э.Касталару (1908, абодва арх. М.Бенльюрэ). У М. знаходзяцца Каралеўская ісп. акадэмія (з 1713), 6 ун-таў, у т. л.Мадрыдскі універсітэт, Каталіцкі ун-т (з 1860), каралеўская акадэмія прыгожых мастацтваў Сан-Фернанда, кансерваторыя (з 1830). Т-ры: «Рэаль», «Сарсуэла», «Лара», «Эспаньёль». 32 музеі, у т. л. Прада. Нац.археал., ісп. народа, сучаснага мастацтва і інш.
Літ.:
Чернышев В.П. Город вечерней звезды: (Очерки о Мадриде) М., 1990.
Мадрыд. Трыумфальная арка Пуэрта дэль Алькала. 1764—78. Арх. Ф.Сабаціні.Мадрыд. Плошча Кібелы з фантанам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́Ц,
манументальны парадны будынак з вял. колькасцю разнастайных памяшканняў. У першапачатковым значэнні — жыллё знаці, месца афіц. прыёмаў.
У стараж.-ўсх., антычных, феад. дзяржавах П. складалі цэлыя комплексы з жылых, культавых і дапаможных памяшканняў (Рамесеум у Стараж. Егіпце, 13 ст. да н.э.; П. Дыяклетыяна ў Спліце, Харватыя, канец 3 — пач. 4 ст.; Альгамбра каля Гранады ў Іспаніі; П.Тайхэдзянь у Пекіне, 1697). У сярэдневяковай Еўропе П. феадалаў былі замкі. У эпоху Адраджэння ў Італіі сфарміраваўся новы тып П.-асабняка — палацца. У 16—18 ст., у эпоху абсалютызму, ствараліся вял. П. (Луўр у Парыжы, Эскарыял каля Мадрыда, П. Келуш каля Лісабона) і палацава-паркавыя ансамблі (Версаль каля Парыжа). У 17—18 ст. каля Масквы пабудаваны Каломенскі П., П. ў Архангельскім, Астанкіне, Кускове, у 18—19 ст. шэраг выдатных П. у Пецярбургу (Зімні палац, Таўрычаскі палац) і яго прыгарадах (Петрадварэц, Паўлаўск).
У 14—16 ст. на Беларусі мураваныя П. будавалі ўнутры замкаў, іх архітэктура мела рысы готыкі і рэнесансу (Гродзенскі Стары замак, Мірскі замкава-паркавы комплекс). Палацава-паркавым пабудовам 16—17 ст. характэрна спалучэнне рыс абарончага і грамадз. дойлідства (Гальшанскі палац, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс). У 18 ст. склаўся тып развітага барочнага палацава-паркавага ансамбля, якому ўласцівы маштабнасць, паўадкрытыя парадныя двары, рэгулярныя паркі з вадаёмамі і малымі арх. формамі, шэраг службова-гасп. пабудоў (Гродзенскі палац Тызенгаўза, П. у в. Ганута Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.). У іх буд-ве ўдзельнічалі арх. І.К.Глаўбіц, М.Д.Пёпельман, Дж.Сака, К.Спампані і інш. П. канца 18 ст. маюць рысы стылю ракако (П. Дзятлаўскай сядзібы, Чацвярцінскіх у Гродне) ці пераходныя да стылю класіцызму (Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс, Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, Дзярэчынскі палац). У дэкоры выкарыстоўвалі ордэрную пластыку, арнаментальную і геральдычную лепку. Пераважала сім. восевая анфіладная планіроўка, у якой вылучаліся парадныя памяшканні — вестыбюль з лесвіцай, цэнтрычная зала (круглая ці квадратная, часта перакрытая купалам). У канцы 18—1-й пал. 19 ст.маст.-стылявое вырашэнне П. грунтавалася на прынцыпах стылю класіцызму (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль). У планіроўцы пераважала калідорная сістэма з цэнтр. групай парадных памяшканняў. Палацава-паркавыя ансамблі найчасцей мелі пейзажную арг-цыю навакольнага асяроддзя (гл.Садова-паркавае мастацтва). У сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. стылявое адзінства ў палацавым буд-ве парушана. Пашырыліся П. накшталт сярэдневяковых замкаў (Косаўскі палац, П. у б. маёнтку Дзевяткавічы пад Слонімам, Гродзенская вобл.), рэнесансавыя (Лынтупская сядзіба), у стылі неакласіцызму (П. у Жамыслаўскай сядзібе, у б. маёнтку Обрын, Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл.), несапраўднай готыкі (у б. фальварку Над-Нёман каля в. Пясочнае Капыльскага р-на Мінскай вобл.) і інш.
У 16 — пач. 20 ст. на Беларусі П. будавалі пераважна з дрэва. Драўляныя звычайна 1- ці 2-павярховыя П. канца 16—1-й пал. 17 ст. мелі рысы стылю рэнесансу. Фасады аздаблялі аркаднымі галерэямі, дахі з вежамі, купаламі, каванымі метал. пазалочанымі флюгерамі мелі складаную форму (П. ў вёсках Лоск Валожынскага р-на Мінскай вобл., Беліца Лідскага і Дзяляцічы Навагрудскага р-наў Гродзенскай вобл.). Замкавыя П. (у г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. і інш.) мелі абарончыя прыстасаванні ў выглядзе абломаў. Пакоі аздаблялі скуранымі або палатнянымі размаляванымі шпалерамі, грубкі і каміны — узорыстай кафляй. Дзверы ўпрыгожвалі разьбой, часам інтарсіяй. У 2-й пал. 17—18 ст. драўляныя барочныя П. з флігелямі-крыламі нярэдка ўтваралі замкнёны парадны двор — курданёр (П у в. Дудзічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.). Многія П. былі значнымі па памерах манум. збудаваннямі з мезанінамі, складанымі яруснымі або ламанымі дахамі. У канцы 18—19 ст. некат. буйныя П. будаваліся пад уплывам класіцызму (у в. Лунін Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл., у г. Паставы Віцебскай вобл., Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс), у пач. 20 ст. — стыляў мадэрн, неабарока.
Пасля 1917 былыя П. магнатаў прыстасоўваліся пад грамадскія ўстановы. Узніклі новыя тыпы П. — агульнадаступныя будынкі грамадскага прызначэння: П. культуры, спорту (гл. ў арт.Спартыўныя збудаванні), мастацтва, шлюбу і інш. Да сярэдзіны 1950-х г.аблічча П. фарміравалася на аснове класічнай спадчыны (П. культуры Белсаўпрофа, цяпер Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў), пазней пашырылася тыпавое палацавае буд-ва. Асаблівасць сучасных П. — сінтэз архітэктуры і выяўл. мастацтва. Яны маюць адну ці некалькі залаў, фае, кулуары, майстэрні і пакоі для заняткаў гурткоў, чытальні і інш. (П. дзяцей і моладзі на беразе Камсамольскага возера ў парку Перамогі ў Мінску, 1986, арх. В.Бялянкін, Т.Розава, І.Селівончык і інш.).
Літ.:
Кулагин А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии: Вторая половина XVIII — начало XIX в. Мн., 1981;
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978.
А.М.Кулагін, Ю.А.Якімовіч.
Палац Келуш каля Лісабона. Арх. М.В. ды Алівейра. 1747—52.Палац у вёсцы Ганута Смаргонскага раёна Гродзенскай вобл. З малюнка Н.Орды. 1870-я г.Палац каля г. Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобл. Сярэдзіна 19 ст.Палац дзяцей і моладзі ў Мінску. 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́КАЎ (Васіль Уладзіміравіч) (н. 19.6.1924, в. Бычкі Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1980). Герой Сац. Працы (1984). Вучыўся ў Віцебскім маст. вучылішчы на скульпт. аддзяленні. Удзельнік Айч. вайны, двойчы паранены. У 1956—72 працаваў у газ. «Гродненская правда», у 1972—78 сакратар Гродзенскага аддзялення СП Беларусі. З 1978 у Мінску. У 1990—93 прэзідэнт згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Друкуецца з 1947. У першай кнізе «Жураўліны крык» (1960), аповесцях «Здрада» (1961), «Трэцяя ракета» (1962, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1964), зб. апавяданняў «Адна ноч» (1965) паказвае штодзённы гераізм звычайнага чалавека ва ўмовах вайны, глыбока пранікае ў духоўны свет сваіх герояў. Суровая праўда ў адлюстраванні вайны, пераважна драм. і трагічных яе сітуацый, пільная ўвага да думак і пачуццяў чалавека, абвостраная чалавечнасць, высокая патрабавальнасць у сцвярджэнні маральных прынцыпаў, лаканізм, дакладнасць і выразнасць апавядальнай манеры, шчырасць і ўнутр. стрыманасць аўтарскага голасу — вызначальныя якасці творчай манеры пісьменніка. Аповесці «Мёртвым не баліць» (1965) і «Праклятая вышыня» (1968) — важны крок на шляху філас.-канцэптуальнага і жанравага падпарадкавання асабіста перажытага духоўным патрэбам сучаснасці. У канцы 1960-х г. звярнуўся да тэмы партыз. і падп. барацьбы бел. народа. «Круглянскі мост» (1969), «Сотнікаў» (1970), «Абеліск» (1971, разам з аповесцю «Дажыць да світання», 1973, Дзярж. прэмія СССР 1974), «Воўчая зграя» (1974, разам з аповесцю з франтавога жыцця «Яго батальён», 1975, Дзярж. прэмія БССР імя Я.Коласа 1978), «Пайсці і не вярнуцца» (1978), «Знак бяды» (1982, Ленінская прэмія 1986) у творчасці пісьменніка складаюць своеасаблівы «партызанскі цыкл». Увага да гэтага пласта нар. жыцця ў Быкава не выпадковая. Элемент трагічнага — істотны элемент вайны — выявіўся тут на ўсю моц. Вельмі важная для пісьменніка адвечная тэма «выбару» ў партыз. вайне і на акупіраванай тэрыторыі вырашалася больш разнастайна, асабліва ўскладнена матываванасць чалавечых учынкаў. Творчасць Быкава 1970-х г. вылучаецца моцнай філас. насычанасцю, асаблівым трагічным напаўненнем, аголенасцю маральна-этычных канфліктаў, надзвычай адчувальнай сувяззю з сучаснасцю. Даследуючы паводзіны чалавека ў жорсткіх умовах вайны, у т.зв. гранічных сітуацыях, пісьменнік імкнецца выявіць духоўныя асновы яго паводзін, асновы яго мужнасці і няскоранасці. Абставіны заўсёды распрацоўваюцца на макс. адпаведнасць жыццёвай праўдзе, характары раскрываюцца з вял. уважлівасцю да самых дробных унутр. і знешніх рухаў, у іх арган. узаемадзеянні з абставінамі. Паглыбленне філас. зместу, маральна-этычная згушчанасць праблематыкі ў творах натуральна выклікалі інтэлектуальную завостранасць, строгасць, выверанасць жанравай формы, адпаведную мэтанакіраванасць сюжэтнага руху, выразную акрэсленасць кампазіцыйных прыёмаў, рэзкае змяншэнне колькасці дзейных асоб, напружаную, строгую і дакладную манеру апавядання. Быкаў не бытапісальнік вайны. Ён філосаф, грамадзянін, які ўвесь у сучаснасці, у пастаянным напружаным роздуме пра чалавека, яго месца ў сённяшнім драм. свеце. У ідэйна-маст. структуры твораў істотную ролю адыгрывае смерць героя, найперш галоўнага. Яна — неабвержны аргумент пісьменніка на карысць чалавечнасці, сумленнасці, справядлівасці. Для Сотнікава («Сотнікаў»), Іваноўскага («Дажыць да світання»), Мароза («Абеліск»), інш. станоўчых герояў гэтыя паняцці вышэй за ўсё, нават за жыццё, бо без іх жыццё траціла сэнс, станавілася ганьбай. У аповесцях «Знак бяды», «Аблава» (1989) узняў трагічную тэму сталіншчыны, раскулачвання, знішчэння дабрыні ў чалавеку, знішчэння гаспадара зямлі. Раман «Кар’ер» (1986), аповесці «У тумане» (1987), «Сцюжа» (1993), апавяданні «На Чорных лядах», «Перад канцом», «Бедныя людзі» і інш. пазначаны актыўнай аўтарскай пазіцыяй, маст. асваеннем новых гіст. пластоў жыцця, вострым эмацыянальна-этычным напалам, высокім трагізмам. Выступае і як публіцыст (зб. «На крыжах», (1992). Кнігі Быкава, поўныя высокага грамадз. пафасу, веры ў вял. духоўныя магчымасці чалавека, нянавісці да подласці, хлусні, здрадніцтва, актыўна служаць выхаванню чалавека. Быкаў — аўтар п’ес «Рашэнне» (1972) і «Апошні шанц» (паст. 1974), гумарыстычных і сатыр. апавяданняў (зб. «Ход канём», 1960), працуе і ў галіне драматургіі кіно, тэатра. Па яго сцэнарыях пастаўлены кінафільмы «Трэцяя ракета» (1963), «Альпійская балада» (1966), «Дажыць да світання» (1975), «Воўчая зграя» (1976), «Абеліск» (1977), 3-серыйны тэлефільм «Доўгія вёрсты вайны» (1976). Па матывах аповесці «Пайсці і не вярнуцца» створаны спектакль (1979), па аповесці «Сотнікаў» — кінафільм «Узыходжанне» (1977), па аповесці «Знак бяды» — кінафільм (1985). Бел.т-р оперы і балета па матывах «Альпійскай балады» (1964) паставіў аднайм. балет (1967, муз. Я.Глебава), па аповесці «Воўчая зграя» — оперу «Сцежкаю жыцця» (1980, муз. Г.Вагнера). В.Дашук на кінастудыі «Беларусьфільм» стварыў пра Быкава фільм «Узыходжанне» (1985).
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1974;
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1980—82;
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1992—94.
Літ.:
Буран В.А. Васіль Быкаў: Нарыс творчасці. Мн., 1976;
Дедков Я. Василь Быков: Очерк творчества. М., 1990;
Адамовіч А. На бестэрміновай перадавой // Адамовіч А. Здалёк і зблізку. Мн., 1976;
Бечык В. Таварыш, народ, Радзіма // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;
Бугаёў Дз. Пра дзве кніжкі Васіля Быкава // Бугаёў Дз. Шматграннасць. Мн., 1970;
Яго ж Васіль Быкаў. Мн., 1987;
Яго ж. Праўда і мужнасць таленту. Мн., 1995;
Вярцінскі А. Подзвіг ратны, подзвіг творчы // Вярцінскі А. Высокае неба ідэала. Мн., 1980;
Каваленка В. Маладосць і мудрасць — сёстры // Каваленка В. Жывое аблічча дзён. Мн., 1979;
Андраюк С. Традыцыі і сучаснасць. Мн., 1981. С. 127—128, 132—136, 236—254.