Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні

Він! ’прэч’ (Мядзв.). Параўн. рус. вон! Змена вакалізму застаецца няяснай.

Ві́на1 ’пікі (у картах)’ (БРС, Нас.), ві́ны (Шат., Нас.), ві́ні (Касп.). Укр. ви́но ’пікавая масць’, рус. ви́ни ’тс’. Запазычана з польск. wino ’масць пікі ў картах’; назва паходзіць ад wino ’вінаград’, які быў намаляваны на картах (Насовіч, 58; Шанскі, 1, В, 100).

Ві́на2 ’пасаг’ (маг., Бр.), укр. віно, рус. ленінгр. вина́ ’выкуп за маладую’, рус. ве́но ’пасаг’, ст.-рус. вѣно, польск. wiano, в.-луж. wěno, чэш. věno, славац. veno ’тс’. Дыялектны варыянт з ‑і‑ ўзнік, відаць, пад уплывам украінскай мовы, гэта не зусім дакладны запіс вузкага ‑ê‑. Параўн. таксама ўсх.-польск. wino ’пасаг’. Да ве́на (гл.).

Віна́1 ’нядобры ўчынак, правіннасць’ (БРС, КТС). Укр. вина́ ’віна, абвінавачванне’, рус. вина́ ’віна, пачатак, крыніца, падстава’; ’правіннасць, учынак, грэх’, пск. ’правіннасць, абавязак’, ст.-рус. вина ’вина, правіннасць, грэх, абвінавачванне’ (XII ст.); ’асуджэнне, пакаранне’ (з XVII ст.), польск. wina ’віна, правіннасць, грэх’, н.-луж. wina, в.-луж. wina, чэш. vina, славац. vina ’тс’, макед. вина ’віна, злачынства’, балг. вина ’віна’, ст.-слав. вина. Прасл. vina < і.-е. *u̯ei‑n‑a, роднаснае ад літ. vaina ’памылка’, лат. vaĩna ’віна, недахоп’, vainȃt ’вініць, абвінавачваць, ганіць’, ’прычыняць шкоду’. Іншыя і.-е. мовы маюць фармант ‑t‑, які далучаецца да асновы *u̯ei‑, напр., лац. vitium. Гл. Праабражэнскі, 1, 84; Брукнер, 625; Фасмер, 1, 316; Шанскі, 1, В, 99; КЭСРЯ, 81; Скок, 3, 594; БЭР, 1, 148; Голуб-Копечны, 416; Махэк₂, 690.

Віна2 ’прычына’ (Кар., КТС), рус. вина́ ’пачатак, прычына, крыніца, зачэпка’, ст.-рус. вина ’прычына, падстава’, польск. wina, н.-луж., в.-луж. wina ’тс’, чэш., славац. vina ’прычына чаго-небудзь дрэннага, благога’, ст.-слав. вина ’прычына’. Відавочна, гэта семантычны перанос ад віна1 (гл.). Карскі (Труды, 204) лічыць лексему віна ’прычына’ паланізмам.

Віна3 ’плата суддзю і інш. чыноўнікам’ (Гарб.), укр. вина ’суровая пошліна’, ст.-рус. вина ’асуджэнне, пакаранне, кара’; ’грыўня’; ’плата за шкоду’; ’пошліна’, польск. wina ’грыўня, грашовая плата за правіннасць’, лат. vaĩna ’вінаватасць’. Да віна́1 (гл.). Лексема гэта, відаць, у бел. мову перайшла са ст.-рус. мовы (юрыдычнай тэрміналогіі).

Вінава́йца ’вінаваты, які абвінавачваецца, віноўнік’ (Шат., КТС), ст.-бел. виновайца ’тс’ (1580 г.); ’даўжнік’ (Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Нас.). Запазычана з польск. winowajca, ст.-польск. winowaćca ’віноўнік’ (Булыка, Запазыч., 64; Брукнер, 622); параўн. яшчэ польск. ’мужчына, які ашукаў дзяўчыну і з’яўляецца бацькам дзіцяці’.

Вінавальны (грам.) — назва склону (БРС). Новаўтварэнне, калька з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 118).

Вінава́т(ы) ’чалавек, які зрабіў злачынства’; ’які мае доўг’ (КТС, БРС, Нас., Касп., Бяльк., Шат.). Укр. виноват, виноватий ’вінаваты’; ’мае доўг’, рус. паўн.-зах. винова́тый ’вінаваты, павінен’, сіб. ’грэшны’, ст.-рус. виноватый ’які з’яўляецца прычынай, крыніцай чаго-небудзь (з XVII ст.); ’вінаваты ў чым-небудзь (з XV ст.), ст.-польск. winowat, winowaty ’павінны, абавязаны’, в.-луж. winowaty ’вінаваты, абавязаны’, чэш. уст. vinovatý ’вінаваты’, славац. vinovatý ’вінаваты ў нечым’; ’які прызнаецца ў віне, правіннасці’, макед. виноват (народна-паэт.) у выражэнні вино виновато, балг. виноват ’вінаваты, грэшны’, ст.-слав. виноватъ ’вінаваты’. Прасл. vinovatъ. Вытворнае ад віна́1 (гл.) і суф. ‑ават‑ы. Сюды ж прысл. вінавата, абстрактны назоўнік вінаватасць (КТС) і ст.-бел. виноватество ’вінаватасць’, якую Карскі (Труды, 204) лічыць паланізмам.

Вінава́ць ’абвінавачваць, лічыць кагосьці вінаватым’ (Нас., Юрч. Сін.), вінува́ць (Юрч. Фраз. 2). Укр. винува́ти ’абвінавачваць, вініць’, рус. амур. ви́новать ’тс’, ст.-рус. виновати ’быць прычынай чаго-небудзь’, польск. уст. winować ’вініць’, ст.-польск. winować ’абвінавачваць, прыпісваць віну’, в.-луж. winować ’абвінавачваць; лічыць даўжніком’, чэш. vinovať ’вініць’. Паўночнаслав. утварэнне ад віна́1 (гл.) < прасл. vina і суф. ‑ovati (> ‑ава́ць).

Вінаваціць ’абвінавачваць, лічыць вінаватым’ (КТС, БРС, Гарэц., Шат., Мядзв., Яруш., Касп.), вінуваціць, вінаваціць ’тс’ (Бяльк.). Укр. винува́тити, винова́тити ’тс’, рус. винова́тить ’абвінавачваць’. Утворана ад вінаваты (гл.). Сюды ж зваротны дзеяслоў вінаваціцца ’рабіцца вінаватым, даўжніком’ (Нас.); ’апраўдвацца, дакараць сябе, адчуваючы віну, каяцца’ (КТС).

Вінаваўца ’вінаваты’ (КТС). Утворана ад дзеяслова вінаваць (гл.) і суф. ‑аўца (< польск. ‑awca па аналогіі да wychowawca).

Вінагонка ’вінакурня’ (КТС, К. Чорны). Новатвор ад віно́ і гнаць (гл.) замест звычайнага курыць пры існуючым самагонка (гл.).

Вінагоннік ’вінны завод’ (КТС, К. Чорны). Утворана ад прыметніка вінагонны < рус. виногонный (завод) і суф. ‑нік.