Вінава́т(ы) ’чалавек, які зрабіў злачынства’; ’які мае доўг’ (КТС, БРС, Нас., Касп., Бяльк., Шат.). Укр. виноват, виноватий ’вінаваты’; ’мае доўг’, рус. паўн.-зах. винова́тый ’вінаваты, павінен’, сіб. ’грэшны’, ст.-рус. виноватый ’які з’яўляецца прычынай, крыніцай чаго-небудзь (з XVII ст.); ’вінаваты ў чым-небудзь (з XV ст.), ст.-польск. winowat, winowaty ’павінны, абавязаны’, в.-луж. winowaty ’вінаваты, абавязаны’, чэш. уст. vinovatý ’вінаваты’, славац. vinovatý ’вінаваты ў нечым’; ’які прызнаецца ў віне, правіннасці’, макед. виноват (народна-паэт.) у выражэнні вино виновато, балг. виноват ’вінаваты, грэшны’, ст.-слав. виноватъ ’вінаваты’. Прасл. vinovatъ. Вытворнае ад віна́1 (гл.) і суф. ‑ават‑ы. Сюды ж прысл. вінавата, абстрактны назоўнік вінаватасць (КТС) і ст.-бел. виноватество ’вінаватасць’, якую Карскі (Труды, 204) лічыць паланізмам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)