Ту́шчма ‘дармо, дарма, марна’ (Ласт.). Відаць, прыслоўе па ўзоры лежма (ляжаць), бегма (бегчы) ад дзеяслова тушчэць (гл. тушчы). На аснове прыслоўя ўтвораны прыметнік тушчы́мны ‘посны’ (Сцяшк. Сл.), які паслужыў, магчыма, узорам для нішчы́мны ‘посны, пусты’ (ад спалучэння ні з чым ‘без нічога’, гл.).
Ту́шчы ‘худы, шчуплы, пусты, парожні’ (Ласт.), тушчэ́ць ‘марнець, знясільвацца’ (там жа). Суадносіцца з тшчы ‘пусты, дарэмны’, то́шчы ‘худы, шчуплы, пусты’ (гл.) у рознай ступені вакалізму, параўн. тухнуць, тхнуць, тохнуць, гл. Разам з прасл. *tъštь ‘парожні’, літ. tùščias ‘пусты, парожні, нікчэмны’, лат. tukšs ‘тс’, ст.-інд. tucch(y)ah ‘тс’ узыходзяць да і.-е. *teus‑/*tus‑ ‘парожні, апаражняць’ (Смачынскі, 696; Борысь, 92; ЕСУМ, 5, 612; Арол, 4, 91). Сюды, відаць, і ту́шчыцца ‘засмучацца ў час наступлення хваробы’ (гор., Мат. Маг.).
Туш 1 ‘кароткае музычнае прывітанне (на банкеце ці ўрачыстасці)’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб.). Праз польскую (tusz) ці рускую (туш) мову з нова-в.-ням. Tusch ‘тс’, якое мае анаматапеічнае паходжанне (Голуб-Ліер, 494; Сной₂, 793; Чарных, 2, 274; Арол, 4, 123).
Туш 2 ‘фарба для чарчэння ці малявання’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб.). Праз польскую (tusz) ці рускую (тушь) мову з ням. Tusche, якое ўзыходзіць да франц. toucher ‘датыкацца’ або непасрэдна з франц. touche ‘дотык’ (Фасмер, 4, 129; Голуб-Ліер, 494; Арол, 4, 124; ЕСУМ, 5, 688). Сюды ж тушава́ць ‘наносіць цені на малюнак, пакрываць тушоўкай’ (ТСБМ), якое з рус. тушева́ть ‘тс’ па ўзоры ням. tuschen ‘тс’, паводле Віткоўскага (Słownik, 188) — з польскай. Таго ж паходжання і рэтушава́ць ‘падпраўляць, падмалёўваць, заціраць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.) праз польск. retuszować з франц. retoucher ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 67; Глухак, 646).