Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Трыга́н ‘трыножак’ (Ласт.). Адзінкавая фіксацыя, магчыма, сведчыць пра штучнае паходжанне слова — ад тры (гл.) і таган (гл.).

Трысве́чнік ‘падсвечнік для трох свечак’ (Ласт., Адм.), трысве́чнік ‘тс’ (Некр. і Байк.). Калька грэч. τριχ ήριον ‘тс’, гл. трыкір ‘тс’.

Трыкра́ска ‘фіялка, браткі, Viola tricolor L.’ (Ласт.). Да тры (гл.), параўн. трайцвет ‘тс’ і кра́ска1 ‘кветка’ (гл.); магчыма, штучна створаная назва па ўзоры лацінскай наменклатуры.

Трыко́ ‘шарсцяная тканіна ўзорнага пляцення для верхняга адзення’, ‘трыкатажнае адзенне’, ‘жаночая бялізна з трыкатажу’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), трыко́т ‘тканіна, падобная да робленых пруткамі матэрый’ (Ласт., Пятр.). З франц. tricot ‘плеценая тканіна’, запазычанага праз рус. трико або польск. trykot.

Трылі́снік ‘назва некаторых раслін з трайчастымі лістамі’ (ТСБМ, Бяльк., Меер Крыч.), ‘бабоўнік, Menyanthes trifoliata L.’ (Кіс.; навагр., клім., ЛА, 1), ‘канюшына’ (Ласт., Др.-Падб.). Паводле наяўнасці трайчастых лістоў, названы рус. трилистник, чэш. třílistník, třulistník, мар. trumfulija (Махэк, Jména, 183), ням. Dreiblatt ‘бабоўнік’ — магчыма, у некаторых выпадках узорам было лац. tri‑folium ‘канюшына, трыліснік’ (Пастусяк, Pogranicze, 138; Мяркулава, Очерки, 35–36).

Тры́заўка ‘рутвіца рагатая, Lotus corniculatus L.’ (віц., Кіс., Ласт.). Няясна. Фармальна блізкая да чэш. trězalka ‘зверабой’ і, магчыма, да чэш. trejzel, trýzel, славен. trizelj, харв. trȕzalj, trižalj ‘жаўтушнік, Erysimum’, што да *tri‑ (гл. тры), якое характарызуе асаблівасці будовы расліны, параўн. з укр. trojčyste zilla ‘Lotus corniculatus L.’ (Макавецкі, Sł. botan.). Параўн. трызелле (гл.). Пра сувязь з народнай любоўнай магіяй славац. trězalka гл. Кралік (625), які выводзіць яго з чэш. dřezalka ‘зверабой’ < ст.-чэш. dřezalu ‘дрыжачы’ (гл. дрыжаць) з-за асаблівасці расліны адпалохваць.

Трымце́ць, трамце́ць ‘дрыжаць, калаціцца (ад стуку, удараў, ад страху)’, ‘трэсціся, калыхацца’, ‘пакрывацца рабізною (пра паверхню вады)’, ‘узмоцнена і часта біцца (пра сэрца)’, ‘махаючы крыламі, трымацца ў паветры’, ‘трапятаць ад моцнага хвалявання, унутранага пачуцця’ (ТСБМ, Некр. і Шат., Ласт., Сцяшк.; ашм., Стан., Ян., Растарг.), ‘дрынкаць, бразгатаць, дзілінкаць, тарахцець’ (Некр. і Байк.), зоркі трымця́ць ‘зоры мігцяць, ззяюць’ (ваўк., ЛА, 2), тромце́ць ‘дрыжаць’ (ТС), сюды ж ст.-бел. тремтенье ‘трапятанне, дрыжанне, матлянне’ (ГСБМ), гл. трамцець. Фармальная і семантычная блізкасць да літ. trìmti ‘дрыжаць ад холаду’, ‘лякацець’, лат. trimēt ‘рухацца’, tremt ‘баяцца’, ‘палохаць’ выклікалі меркаванні пра запазычанне ці пранікненне, што павінна было мець месца пасля падзення дыфтонгаў, але да падзення рэдукаваных у славянскіх мовах (Мартынаў, Бел.-укр. ізал., 49; яго ж, PC, 1993, 1, 38; Лекс. Палесся, 14; Лучыц-Федарэц, Baltica, 3, 1, 169 і інш.). Меркаванне адхіляецца Анікіным (Опыт, 289), які канстатуе толькі роднасныя адносіны.

Трыво́га ‘неспакой, моцнае душэўнае хваляванне, выкліканае страхам’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр., Федар. 4, Пятк. 2, Мал., ТС, Кліх, Вруб., Сл. ПЗБ, Вушац. сл.; палес., віл., рас., талач., мсцісл., касцюк., ЛА, 5), ‘сполах, непакой’ (Некр. і Байк.), ‘замяшанне, перапалох’ (Ласт.), ‘небяспечнае становішча’, ‘сігнал, які апавяшчае аб ім’ (ТСБМ, Шат.), трыво́жыць ‘прыходзіць у стан непакою’, ‘парушаць спакой, турбаваць’, ‘раздражняць, разыгрываць’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., ТС, Юрч. Сін.; паўсюдна, ЛА, 3), трывожны (лоеў., ЛА, 2), трыво́жыцца (ТС), ст.-бел. трвога ‘трывога’ (1538 г.), ‘неспакой, бунт; клопат, турбота’, тривога, тревога, трывога ‘тс’ (1574 г., ГСБМ). Укр. триво́га, трево́га, рус. трево́га ‘трывога’, ст.-польск., польск. trwoga ‘стан, адчуванне неспакою’, ‘спалох, страх, боязь’, ‘спрэчка, звада’, ‘хваляванні, небяспека’, каш. trvoga ‘няшчасце, бяда, бедства’, балг. тревога ‘тс’ (відаць, з рус. тревога). Прасл. *trъvoga, а ўлічваючы рускую форму, — *trьvoga. Этымалогія няпэўная: Фасмер (4, 97) звязвае з рус. отва́га; Борысь (646) дапускае ўтварэнне польск. trwoga ад прасл. *trъvati ‘трываць, цярпець’ з дапамогай суф. *‑oga; гэтаксама раней Брукнер (578), выводзячы лексему з дзеяслова trwać (гл. трываць). Сумненні адносна названых і іншых этымалогій гл. Фасмер, 4, 97.

Трыбу́х (трабу́х, трябу́х) ‘страўнік’ (ТСБМ, Федар. 4, Бяльк., Касп., Варл., Сцяшк., Сл. Брэс., Пятк. 2, Растарг.), ‘страўнік у жывёл’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ‘кіндзюк; страўнік жывёлы, начынены грэцкай кашай са шкваркамі альбо з кавалачкамі сала’ (Ласт., Малч.), ‘вантробы’ (Байк. і Некр., Др.-Падб., Сл. Брэс.), ‘сальцісон’ (Сл. Брэс.), трыбухі́ ‘вантробы (страўнік, кішкі і інш.)’ (Нас., Гарэц., ТСБМ, Ласт., Пятк. 2, Байк. і Некр., Мат. Гом., Мат. Маг., Юрч. Вытв.), трыбухе́ ‘тс’ (Скарбы), трыбушкі́ ‘ўнутранасці дробных жывёл, якія ўжываюцца ў ежу (парасячыя, індычыя, рыбныя)’ (Нас.), трыбу́х/трыбушо́к ‘пуп у птушак’ (гродз., ЛА, 1), трыбу́х ‘пуза, чэрава’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Байк. і Некр., Вруб.), ‘вялікі жывот’ (Сл. ПЗБ, Скарбы, Жд. 1); ст.-бел. требухи ‘трыбухі, вантробы’ (ГСБМ), ц.-слав. трибухъ ‘страўнік, жывот’; сюды ж трыбуха́ч ‘пузаты чалавек’ (в.-дзв., Шатал., Сцяц.; маладз., Янк. Мат.; клец., Нар. лекс., ТСБМ, Сцяшк., Сл. Брэс.), ‘чалавек з вялікім жыватом’ (карэліц., ЖНС; гарад., Сл. ПЗБ); трыбухле́й ‘брухач, пузан’ (зэльв., Нар. словатв.; івац., Сл. ПЗБ); трыбушы́шча ‘таўстун’ (Юрч. СНЛ); трыбушы́на ‘цела, тоўстае чэрава’ (Нас.), трыбу́шнік ‘падчарэўе (сала з ніжняй часткі свіной тушы)’ (дзятл., ЛА, 4), трыбушня́ ‘трыбухатая’ (Сцяц.), трыбуха́тасць ‘тлустасць’ (Юрч. СНЛ). Укр. требу́х ‘чэрава’, ‘страўнік’, ‘вантробы жывёлы’, ‘свіны страўнік, начынены мясам і правялены’, требу́ха́ ‘тс’, трибу́х ‘тс’, трембуха́ч ‘пузан’; рус. требуха́ ‘вантробы’, польск. дыял. trybuch, terbuch ‘чэрава, пуза’, н.-луж. tarbuch ‘тс’, усх.-чэш. terboch ‘тс’, ст.-чэш. teřbuch, teřich (у якім ‑řich пад уплывам břich ‘пуза, чэрава, жывот’), славац. terbuch, trebucha ‘падбародак’, ‘вялікае пуза, чэрава’, славен. trébuh ‘жывот, пуза, кішэчнік’, trebûšec, trebûšek, trebûšič ‘тс’, рэз’ян. tríbu, trebuh, treibuh ‘чэрава, пуза’ (XVI ст.), харв. tr̀buh, чак. trbȕh, серб. тр́бух ‘жывот, кішэчнік’, ‘пуза’, тр́ба ‘страўнік’, тр́бу, трбу̏а ‘тс’, балг. тръбу́х, тъ́рбух ‘жывот, пуза’, макед. трбув ‘жывот; страўнік’, ст.-слав. тръбухъ ‘рэшткі з вантробаў’, ‘кішэчнік’. Этымалогія і рэканструкцыя праславянскай формы няпэўныя (ESJSt, 17, 995). Прасл. *tьrbuch, згодна з Карскім (1, 188), адпавядае найбольш распаўсюджанай форме беларускага слова; рус. требух таксама можна вывесці з прасл. *tьrbuxъ; да апошняга ўзводзяцца некаторыя паўд.-слав. лексемы. Для славенскай мовы адпаведным з’яўляецца *trěbuxъ (Сной у Бязлай, 4, 217–218), для н.-луж. характэрна *tъrb‑ , а для зах.-слав. моў — *terb‑ (пасля метатэзы плаўных з *treb‑). Дапускаючы прасл. *terbuxъ/*tьrbuxъ, Куркіна (ОЛА, Исследов. 1984, 275) тлумачыць семантыку слова як ‘вантробы забітага звера, з якіх даставалі (“выцярэблівалі”) ‘мяса’, гл., аднак, супрацьлеглае дзеянне ў трабі́ць ‘набіваць у трыбух’: трабіць і трабіць трабух (Мова Сен.). Экспрэсіўная суфіксацыя, як у *kъlbuxъ (Глухак, 637), параўн. каўбу́х ‘страўнік жывёлы’ (Сл. ПЗБ), гл. коўб2. Іншыя версіі з’яўляюцца менш пераканаўчымі. Сюды ж, відаць, таксама трыбушно́ ‘сытна, трывала’ (ТС).

Тры́зніць ‘гаварыць без памяці, галюцыніраваць’, ‘несці лухту’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Байк. і Некр., Гарэц., Мядзв., Касп., Багд., Стан.), ‘гаварыць праз сон’ (Бяльк.), ‘бачыць што ў сне, у гарачцы’ (Ласт.), трызні́ць ‘гаварыць адно і тое ж’ (ТС, Растарг.), тры́зніці ‘хлусіць, гаварыць няпраўду’ (пруж., Сл. ПЗБ), ‘блюзніць, трызніць, гаварыць у непрытомнасці’ (паўн.-усх., ЛА, 3), тры́знік ‘лунацік’ (Мат. Маг.), тры́зненне ‘вярзенне, бяссэнсавая гаворка хворага, які знаходзіцца ў бяспамяцтве’, ‘мары, думкі аб кім-, чым-небудзь’ (ТСБМ); трызня́ ‘лухта, абы-што’: як будзеш спаць да дня, насніцца трызня (чач., Бел. дыял. 2), тры́зня ‘шкода’ (Стан.). Параўн. укр. три́знувати ‘біцца, змагацца, банкетаваць пасля бітвы’, рус. смален., зах.-бранск. тры́знить ‘блюзніць; бяздумна гаварыць, плявузгаць’, польск. tryznić ‘дарэмна траціць час’, чэш. trýznit ‘мучыць, катаваць, раздзіраць’, славац. trýzniť ‘тс’. Няясна, у тым ліку ў адносінах да папярэдняга слова. На аснове польск. tryznić і чэш. мар. trýzniti ‘сыпаць, трусіць’ Страхаў (Palaeoslavica, 13, 2, 14–15) выводзіць дзеяслоў з *tryti, *truti (гл. церці), а таксама аналагічна да *trina (гл. трына) назоўнік *trizna, у семантыцы якога развілося значэнне ‘скруха, жалоба’. Спробу звязаць чэш. trýzniti ‘мучыць’ (< *tryti) з польск. trużyc ‘тс’ шляхам атаясамлівання з асновай *tryz‑ зрабіла Варбат (Этимология–1983, 41), у гэтым выпадку мяркуецца збліжэнне семантыкі слоў ‘блюзніць’ і ‘мучыць’, параўн. і рус. валаг. тры́жить ‘навязліва паўтараць адно і тое ж’. Пра паралелізм у структуры і семантыцы трызніць і трылузіць (гл.) з выдзяленнем элемента тры‑ — спецыяльна Цыхун, Зб. Супруну, 280; варыянты тры́зніць/дры́зніць (маг., ЛА, 3, 81), магчыма, пад уплывам дрыве́ць ‘блюзніць, гаварыць у непрытомнасці’, ‘гаварыць лухту’ (Нас., Касп., Дабр.; ашм., Стан., ЛА, 3) — няяснага паходжання.