Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Трок ‘уюк’ (Ласт.), тро́кі ‘металічныя кольцы для прывязвання ўпаляванай дзічыны’ (Цярохін, Охота), трочыць ‘уючыць’ (Ласт.), ст.-бел. трокъ, торкъ ‘раменьчык каля задняй лукі сядла для прывязвання чаго-небудзь’ (ГСБМ). Запазычана з польск. trok ‘тс’, гл. тарак, тарокі.

Тро́пат ‘конская рысь з падскокваннем’ (ТСБМ), троп, тро́пат ‘трапятанне, хваляванне’ (Некр. і Байк., Ласт.). Параўн. укр. тро́піт ‘грукат, тупат, рысь’, серб. тро̏пот ‘шум, трэск, грукат’, балг. тро́пот ‘тупат’, макед. тропот ‘грукат, стук’. Відаць, самастойнае суфіксальнае ўтварэнне ў асобных славянскіх мовах са значэннем інтэнсіўнасці дзеяння ад дзеяслова тропаць, гл.

Тро́піць ‘шукаць след звяроў (аб сабаках)’ (Федар. 1), трапі́ць (тропі́ць) ‘гнацца па слядах’ (Ласт.). Параўн. укр. тропи́ти, рус. тропи́ть ‘ісці па слядах звяроў’, ‘вытоптваць сцежкі’, польск. tropić ‘ісці па слядах, віжаваць’. Прасл. *tropiti ‘тс’ — ад *tropъ > троп (гл.) (Фасмер, 4, 105; Борысь, 643; Скок, 3, 506; ЕСУМ, 5, 648–649). Гл. таксама трапі́ць.

Трохкра́тны ‘трохразовы, патроены’ (ТСБМ). Запазычана з рус. трёхкратный ‘тс’, што ўзыходзіць да ст.-слав. три краты ‘тры разы, тройчы’, параўн. ст.-бел. трикраты ‘тс’ (ГСБМ). Формы трыкро́тна ‘ўтрая’ (Ласт.), ст.-бел. трыкротный ‘трохразовы’, як і трыкроть ‘тройчы’, запазычаны з польск. trzykrotnie, trzykrotny, trzykroć, гл. Фасмер, 2, 368. Формы з трох- (гл.) з’яўляюцца наватворамі на фоне складаных слоў з тры‑ (гл.).

Тро́нак ‘дзяржанне ў розных прыладах (вілах, чапяле, рыдлёўцы, памяле, нажы і інш.)’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат., Ласт., Касп., Сл. ПЗБ, ЛА, 2, 4, Сцяшк.), тро́нок ‘тс’ (Тарн., Арх. Вяр., ТС, Лекс. Бел. Палесся), тро́нак ‘ствол’ (Рэг. сл. Віц.), трон ‘цэп’ (Хромчанка, Паўн.-маст. гав.). З адаптаванага польск. trzonek ‘рукаятка, ручка’ < trzon ‘аснова, састаўная частка чаго-небудзь; рукаятка, ручка’, што адпавядае беларускаму чаранок (гл.). Сюды ж ст.-бел. троновый зуб ‘карэнны зуб’ (ГСБМ) з польск. ząb trzonowy ‘тс’.

Тро́скат ‘трэск’ (Ласт.), ст.-бел. троскотъ ‘расліна’ (Скарына). Параўн. укр. тро́скит, трі́скот ‘трэск’, рус. тро́скот ‘трэск, хруст’, стараж.-рус. троскотъ ‘тс’, польск. troskot ‘лясканне, трэск’, серб., харв. тро̏скот ‘урэчнік, Polygonum’, балг. тро́скот ‘пырнік’, макед. троскот ‘тс’. Прасл. *troskot утворана ад мяркуемага дзеяслова *troskati ‘трашчаць, лопацца’, суадноснага з літ. traškė́ti ‘хрусцець, трэскацца, грымець’ (Скок, 3, 507; Фасмер, 4, 106; SEK, 5, 172), адсюль ст.-бел. троскотати ‘трашчаць’ (Сл. Скар.). Меркаванні пра паходжанне назваў раслін, якія трашчаць, калі іх рвуць, гл. Брукнер, 577.

Тро́йчы ‘трайчасты’ (Байк. і Некр.), ‘тры разы, утрая’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Растарг., Сержп. Прык.), трэ́йчы ‘тс’ (Федар. 2, Пятк. 2, Кліх), тро́йча ‘тс’ (Нар. Гом.), тры́йчы (трійчи) ‘тс’ (Нас.), трычы, трычі ‘тс’ (арш., Мат.; Бес.), ст.-бел. тройчи, треичы ‘тс’ (ГСБМ). Утвораны ад зборнага лічэбніка trojь і іменнай формы *jьtjь ‘ход’ ад дзеяслова *jьti ‘ісці’ (ЭССЯ, 5, 193; ЕСУМ, 5, 642) падобна, як ст.-слав. форма на ‑жды, якая з *šьdy < дзеепрыметнік *šьdъ (< xoditi ‘хадзіць’). Інакш — Карскі (Белорусы, т. II, вып. 2, Варшава, 1911, с. 91) і Шуба (Прыслоўе, 56–57): суфіксальны элемент ‑ч‑ збліжаецца з ‑ц‑ (параўн., стараж.-рус. двоица, троица, балг. двоица, троица, макед. двајца, четворица) і ўзводзіцца да ‑к‑, параўн. трэ́йко ‘трыкроць’ (ТС; гом., Рам. 3).

Троп ‘след, крок’ (Нас., Касп., Сцяшк., Др.-Падб., Сл. Брэс.): некруцікі вучуцца хадзіць троп у троп (Нас.), ‘след на роснай траве’ (лун., Шатал.), ‘сцежка, слядзіна’ (Некр. і Байк., Мат. Гом.), ‘жыццёвы шлях’ (Сцяшк.), ‘кірунак, шлях, дарога’ (Адм.), ‘метад, спосаб, шлях да дасягнення мэты’ (Ласт.), у выразах збіць (збіцца) з тропу ‘выклікаць замяшанне, заблытаць’ (ТСБМ), тропу добы́тысь ‘дабраць розуму, скеміць’ (Клім.), шукаць тропу ‘шукаць дарогі’ (Кал.), узяць троп ‘знайсці след’, узяць (ухопі́ць) тропу ‘зведаць, убачыць, заўважыць след’ (ТС). Укр. дыял. троп ‘конская рысь з падскокам’, трип ‘адбітак нагі звера на снезе’, тріп ‘сцежка ў гарах’, польск. trop ‘адбітак следу звера на зямлі ці снезе’, ‘след, каляіна’, ‘след ад ступні’, ‘дарога’, ‘ход каня’, каш. trop ‘след’. Пераважна паўночнаславянскае ўтварэнне. Сюды ж далучаюць а спецыфічнай семантыкай славен. tróp, tropíne ‘жамерыны з вінаграду’, серб. тро̏п ‘тс’, ‘вытапкі масла’, ‘выскваркі сала’, ‘асадак’, ‘адстой’ і выводзяць прасл. *tropъ, утворанае з чаргаваннем галосных кораня ад дзеяслова *trepati ‘ўдараць, біць, трэсці, бразгаць’ з першапачатковым значэннем ‘выбітае, выціснутае, вытрасенае’, гл. тропаць, трапаць. Параўн. таксама лат. trapa ‘натоўп, вялікая колькасць, мноства’, алб. trap ‘сцежка’, ст.-грэч. ἀτραπός ‘сцежка, сцяжынка’ (Борысь, 643; Скок, 3, 506; ЕСУМ, 5, 648; Вербіч, Студіі з ономастики та етимологіі. 2010, 290). Гл. таксама трапа, трэп.