Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Стырча́ць ‘тырчэць’, ‘вытыркацца, высоўвацца’ (Некр. і Байк., Рам. 6, Ян.), стырч, стырчком ‘сторч, тарчмаком’ (Ласт.), стырч ‘палявы хвошч’ (лельч., ЛА, 1). Да тырчаць, гл.

Стырно́ ‘руль’ (ТСБМ, Ласт., Стан.), стыр ‘штыр, рулявое вясло’, ‘жэрдка, калок’ (ваўк., лудз., Сл. ПЗБ), стырнавы́, сты́рнік ‘галоўны плытнік, які кіруе плытом’ (ТСБМ), сты́рнік, стэ́рнік ‘тс’ (Сл. ПЗБ), стырнава́ць ‘кіраваць стырном’ (там жа), стыраваць ‘тс’ (Ласт.). Укр. стерно́, рус. паўд. стерно́, ст.-рус. стрънъ (XV ст.). Праз польск. ster ‘руль’ узыходзіць да с.-ням. stiure ‘тс’; гл. Фасмер, 3, 759; Праабражэнскі, 2, 385; Міклашыч, 322; ЕСУМ, 5, 413.

Сты́нка ‘азёрная корушка, сняток Osmerus eperlanus’ (Ласт., Жукаў; мёрск., Жыв. НС; Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, Касп.). Праз польск. stynka ‘тс’ з ням. Stint ‘тс’; гл. Брукнер, 524; Нававейскі, Zapożyczenia, 116; Фасмер, 3, 789; Усачова, Слав. ихт. терм., 49. Герд (Бел. лекс., 37) мяркуе пра лакальнае запазычанне з літ. stinka, stinta ‘тс’ у суседнія гаворкі.

Стыка́цца ‘зачыняцца’, ‘сутыкацца’ (Нас.), ‘бываць, знаходзіцца’ (Сцяшк.; навагр., З нар. сл.; ТС; віл., Жыв. сл.; Юрч., Варл.; бялын.; Янк. 3.), звычайна ў спалучэннях з не: не стыкацца дома (у хаце) ‘затрымлівацца, пабыць; вандраваць, бадзяцца, блукаць’, ‘паказвацца, мала бываць’ (Барад., Ян.): дома не стыкаецца (Нар. Гом.), ‘межаваць, судакранацца’ (Ласт., ТС), ‘злучацца’ (Варл.). Гл. тыкаць. Значэнне ‘зачыняцца’ Мяркулава (Этимология–1979, 12) тлумачыць у сувязі з дзеясловам ткаць, параўн. заткала ‘затычка’ (Нас.), рус. пск., цвяр. заткать ‘заткнуць, схаваць’, заткаться ‘знікнуць’; значэнне ‘быць, знаходзіцца’ узнікла, магчыма, у выніку эліпсіса слова-злучэння стыкацца з кім‑небудзь ‘сустракацца’. Да значэння ‘з’яўляцца, паказвацца’ параўн. ст.-слав. сътъкати, стъкати ‘абвясціць, паведаміць’.

Стыль1 ‘драўляны калок, якім замацоўваюць бярвенні ў сцяне зруба’ (Сцяшк.), стыль, штыль ‘шост, пры дапамозе якога кіруюць паромам; багор для сартыроўкі бярвенняў пры сплаве’ (Маслен.). З ням. Stil ‘ручка, дзяржанне’ праз польск. styl ‘тс’; параўн. Брукнер, 524.

Стыль2 ‘холад’ (Барад., Юрч. Фраз. 1, Мат. Гом., Растарг.), сты́ліца ‘халадэча’ (Яўс., Мат. Маг.), стыле́ча экспр. ‘холад’ (Мат. Гом.). Да стыць, параўн. стылы, гл.

Стыль3 ‘спосаб, характар пісьма, творчасці і інш.’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.). Запазычанне з франц. style ‘тс’ праз польск. styl ‘тс’ ці рус. стиль ‘тс’; паходзіць ад лац. stilus ‘завостраны калок; кіёчак для пісання на васковай дошчачцы; спосаб выкладання, пісьма’. Гл. Брукнер, 524; Фасмер, 3, 760.

Сты́д ‘сорам, ганьба’ (Нас., Ласт., Гарэц., Варл.; брасл., мядз., маст., Сл. ПЗБ; Бяльк., ТС, ЛА, 3), сюды ж стыдо́тте ‘тс’ (Сл. Брэс.), стыдо́цыя ‘тс’ (брэсц, З нар. сл.), стыдзі́цца ‘саромецца’ (Бяльк., ТС; шальч., ганц, Сл. ПЗБ), стыда́цца ‘тс’ (Сл. ПЗБ, Нар. Гом., Сцяшк., Др.-Падб., Жд. 2), стыдзі́ць ‘сароміць’ (в.-дзв., шальч., Сл. ПЗБ, Др.-Падб.), сты́дна ‘сорамна’ (Бяльк., ТС), сты́дна, стынна ‘тс’ (Сл. ПЗБ), сты́дны ‘бессаромны’ (Ян.), стыду́лька ‘сараматніца’ (там жа). Параўн. укр. стид, рус. стыд, польск. wstyd, чэш. styděti se ‘стыдзіцца’, славац. stydieť sa ‘тс’, серб.-харв. сти̑д ‘стыд’, ст.-слав. стыдъкъ ‘агідны’. Прасл. *stydъ. Звязана чаргаваннем галосных з *studъ (гл. студзіць) з шырокай семантыкай ад ‘холад’ да ‘непрыемнасць, ганьба, страх, сорам, агіднасць’ (Ларын, История, 65; Бязлай, 3, 338). Махэк₂ (590) *stydъ лічыць больш познім аддзеяслоўным дэрыватам ад прасл. *(о) stydati ‘стыдзіцца’; паводле Борыся (713), *stydъ < styděti ‘стыдзіць’, а *studъ і *stydъ адлюстроўваюць праславянскую альтэрнацыю u:y:ъ (Борысь, Etymologie, 385).