Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Струме́ль ‘насякомае багамол’ (Ласт.). Няясна.

Струсь ‘страус’ (Ласт.), ст.-бел. струсъ, струць ‘тс’. Гл. страус.

Стра́ўнасць ‘страваванне’ (Нас.), ‘ежа, харч’ (Ласт.). З польск. strawność ‘легкатраўнасць’, параўн. страва гл.

Струткі́ ‘пласт з трубачак пад мякаццю грыбной шапачкі’ (Ласт., Сярж.–Яшк.), струтчакі́ ‘трубчастыя грыбы’ (там жа). Да трут, гл.

Стру́шня ‘страва з розных агародных карэнняў’ (Нас.), ‘сумесь двух або трох частак сена з саломай’ (бых., Яшк. Мясц.); сюды ж, відаць, і ‘закалот, неразбярыха’ (Арх. Федар., Стан.), стру́шні ‘руіны’ (Ласт.). Аналагічна да папярэдняга слова, гл. Да семантыкі параўн. рус. стру́шня ‘турботы, трывогі, калатнеча’, струшни́ться ‘трывожыцца, мітусіцца, клапаціцца’, якія Куркіна (Этимология–1994–1996, 49–50) збліжае з струхну́ть ‘збаяцца’ (< *trux‑), суадносным з стру́шня ‘трывога’ (Ласт.).

Стры́баць ‘скакаць’ (Ласт.), стрыбуля́ць ‘ісці падскокваючы’ (хойн., Шатал.); сюды ж стрыбо́к ‘скок, скачок’, стры́баўка, стры́бля ‘страказа’ (Ласт.), стрыбутне́йшы ‘здаравейшы, мацнейшы’ (Ян.). Параўн. укр. стриба́ти ‘скакаць’, стрибо́к ‘скачок’. Прасл. дыял. *stribati ‘скакаць’, роднаснае літ. stribuliúoti ‘падскокваць, скакаць’ (ЕСУМ, 5, 439), якое Лаўчутэ (Балтизмы, 132) лічыць крыніцай запазычання аднаго з дзеясловаў. Параўн. таксама літ. stripuliúoti, strãpaliuoti ‘тс’, звязаныя з strapulnė́ti ‘стукаць нагамі’ (Куркіна, Этимология–1974, 52), што дазваляе ў аснове названых слоў бачыць гукаперайманне, параўн. стропаць, тро́паць ‘стукаць нагамі’ (гл.), дры́паць ‘часта пераступаць нагамі’ (Скарбы) і інш.

Стра́ўнік ‘орган стрававання чалавека і жывёл’ (ТСБМ, Інстр. 1). Наватвор ад стра́ўны ‘стрававальны’ (Ласт.) у выніку семантычнай кандэнсацыі з *страўны жалудак, гл. жалу́дак (Гарэц.), параўн. польск. strawny żołądek ‘які лёгка страўляе ежу’ (Варш. сл.).

Стрэ́лка1 ‘невялікая страла’, ‘указальнік (у тым ліку ў гадзінніку)’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.; Стан.), ‘вага ў студні з жураўлём’ (мазыр., ДАБМ, камент., 809), ‘пяро цыбулі, якое дае насенне’ (бых., Янк.; маладз., Гіл.; Барад., Сл. ПЗБ, ТС, Ян., Шатал.), ‘адростак пяра пасля лінькі птушак’ (бярэз., Сл. ПЗБ; мін., Шатал.), ‘тыльны надкапытны сустаў у жывёл, косць гэтага сустава’ (Сл. ПЗБ), ‘прамежак у капытах жывёлы’ (Сл. ПЗБ), ‘ніз капыта ў каня’ (ТС), ‘лядзяш’ (хойн., Шатал.; калінк., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.; хойн., Шатал.), стрылкы́ ‘насенне сланечніка’ (Сл. Брэс.). Памяншальнае ад страла1 (гл.), намінацыі на аснове знешняга падабенства.

Стрэ́лка2 ‘страказа’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Касп., Нік. Очерки; рас., Шатал.; в.-дзв., смарг., паст., даўг., Сл. ПЗБ; ЛА, 1, Стан.), стрэ́лашніца ‘тс’ (Жд. 1). Да папярэдняга слова.

Стро́і1 ‘уборы, убранне’ (ТСБМ, Касп., Байк. і Некр., Сцяц. Сл.), стро́іцца ‘прыбірацца, святочна адзявацца’ (Ласт.), ‘апранацца’ (Сл. Брэс.), ‘упрыгожвацца, аздабляцца’ (Варл.), ст.-бел. строи: строи ихъ — все звѣринные скуры (XVIII ст., Моўн. адзінкі і кантэкст, Мн., 1992, 214). З польск. strój, stroić ‘тс’.

Стро́і2: бабро́выя стро́і ‘бабровы струмень’ (Сержп. Прымхі). Гл. струмень.

Стрымбу́ль ‘цыбур’ (Сцяшк. Сл.; шчуч., З нар. сл.), ‘кветаноснае сцябло’, ‘сцябло’, ‘стрыжань пяра’ (шчуч., ваўк., дзятл., ігн., Сл. ПЗБ), стры́мбуль ‘худы, высокі, нязграбны чалавек’ (Федар. 4); сюды ж стрымбу́лік ‘кветка “таўкачы”’ (Сцяшк. Сл.), стрымбе́льнік ‘баркун, Melilotus officinalis (L.)’ (Ласт.). Паводле Сл. ПЗБ (4, 607), з літ. strim̃bas ‘тс’, параўн. таксама літ. stramblỹs ‘сцябло’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 73, 132).