Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Со́бскі ‘ўласны’ (Ласт.; мёрск., Жыв. НС; Касп.). Да соб‑ (гл. собіць, асобны).

Со́дні ‘суткі, доба, пара’ (дзісн., Ласт.). Параўн. рус. со́денный ‘тое, што адбылося ў нашы дні, сучасны нам’. З прыст. со‑ і дзень у мн. л.

Со́пкі ‘разварысты, рассыпісты’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Барад., Жыв. сл.), ‘даўкі (пра сыпкую, сухую ежу)’ (Ласт.), ‘несакавіты (пра ягады)’, ‘мяккі (пра снег)’ (Сл. ПЗБ). Укр. палес. со́пкий ‘тс’; усе да *съпъкъ; іншая ступень чаргавання кораня ў сыпаць (гл.). Параўн. стараж.-рус. съпъ ‘насып, узгорак, гара’, сопка, а таксама рассыпісты ‘сыпкі, разварысты’; гл. ЕСУМ, 5, 355.

Сойм ‘сейм’ (Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб.), ‘збор, з’езд’ (Ласт.), со́йма ‘зборышча’: пʼяная сойма (слуц., А. Кулакоўскі), ст.-бел. соимъ, старое съемъ ‘сход прадстаўнікоў шляхты ў Рэчы Паспалітай’, ‘змова’ (?): почалъ с нѣмъци соимы чинити (Віленскі летапіс XV–XVI стст.), соймік ‘сход прадстаўнікоў шляхты ВКЛ’. Укр. сойм ‘сейм’, со́йма ‘натоўп’, рус. дыял. сойм ‘сялянскі сход’, сойма, суйм, суём ‘тс; натоўп; бойка’. З прыстаўкі *съ‑ і кораня *jьm‑ ад *jęti ‘браць’ (Фасмер, 3, 707). Аднак з улікам польск. sejm ‘сход’, ст.-польск. sjem ‘тс’, славен. sȅjem ‘рынак, кірмаш’, серб.-харв. sajȁm ‘тс’ магчыма рэканструяваць прасл. *sъjьmъ ‘сход, збор’, аддзеяслоўны назоўнік, паводле Ластоўскага, ад сыймацца ‘падыймацца’ (Ласт.), параўн. ст.-бел. съимуть на Вельи, вышеи Ковна двѣ мили (Летапіс Аўрамкі XV ст., гл. Карскі 2–3, 373). Інакш Сной (Бязлай, 3, 224), які выводзіць славенскае і сербскахарвацкае словы з *sъnьmъ ‘тс’. Гл. сейм.

Со́нечнік ‘расліна Helianthus annuus L.’ (Байк. і Некр., Ласт., ТС, Ян.), со́ўнечнік, со́ўнешнік ‘сланечнік’ (Шатал., Жыв. св.), со́ўнях (лельч., Жыв. сл.), сон, со́нечнік, со́нца, со́ўнешнік ‘тс’ (Мат. Гом.), сон ‘круг ад сланечніку’ (браг., З нар. сл.). Да сонца, калька запазычанага сланечнік (гл.). Не выключаны і ўкраінскі ўплыў, параўн. укр. со́няшник, со́нях. Форма сон утворана ў выніку рэдукцыі. Сюды ж cо́нкі ‘семачкі’ (Мат. Гом.).

Со́ваць ‘перамяшчаць, ставіць, устаўляць’, безасабова таксама пра рэзкі боль (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ‘піхаць, утыкаць, утыркаць’ (Некр. і Байк.), сува́ць ‘тс’ (Нас., Ласт.), со́вацца ‘ўсоўвацца’, ‘хадзіць з месца на месца’ (ТСБМ), ‘павольна рухацца’ (Сл. ПЗБ), со́вацца, со́ўвацца ‘соўгацца’ (ТС), сува́цца ‘хістацца, піхацца’ (Нас., Ласт.). Укр. сова́ти, рус. сова́ть, стараж.-рус. совати ‘кідаць кап’ё’, польск. suwać, в.-луж. suwać, н.-луж. suwaś, ст.-чэш. sovati, славац. zasúvať ‘засоўваць, перасоўваць’, серб. дыял. со́вам се, су́вам се ‘працягваць руку за чым-небудзь’, славен. sováti, балг. со́вам, ст.-слав. совати ‘кідаць’. Прасл. *sovati роднаснае літ. šáuti ‘соваць; саджаць (хлеб у печ)’, ‘страляць’, лат. šaũt ‘страляць; хутка соваць; штурхаць’, далей гоц. skewjan ‘ісці’, алб. heth ‘кідаю; вею зерне’, ст.-в.-ням. scioʒan, ст.-ісл. skjóta ‘страляць, рухаць, штурхаць’; параўноўваюць яшчэ з ст.-інд. suvati ‘прыводзіць у рух’, хец. šuu̯āi‑ ‘штурхаць, рухаць’. Гл. Траўтман, 300; Мюленбах-Эндзелін, 4, 9–10; Фасмер, 3, 705; Махэк₂, 592–593; Шустар-Шэўц, 1380–1381. Борысь (588) форму *sovati лічыць другаснай ад *suti, *sovǫ па аналогіі з *davati ‘даваць’; і.-е. корань *(s)keu̯‑ ‘кідаць, пасоўваць, ціснуць’. Гл. таксама сунуць.

Со́нца ‘нябеснае свяціла’, ‘святло, цяпло, якое вылучаецца гэтым свяцілам’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ), со́нцэ ‘тс’ (ТС, Пятк. 2), со́нцо ‘тс’ (Сержп.), со́нейка памянш.-ласк. ‘тс’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ), со́нейко ‘тс’ (Сержп., ТС, Федар. 4), со́ўнейко ‘тс’ (ТС). Укр. со́нце, рус. со́лнце, стараж.-рус. сълньце, польск. słońce, в.-луж. słónce, в.-луж. słónco, н.-луж. słyńco, чэш. slunce, славац. slnce, серб.-харв. су̑нце, славен. sọ̑nce, балг. слъ́нце, макед. сонце, ст.-слав. слъньце ‘тс’. Прасл. *sъlnьce ‘з’яўляецца дэмінутывам да *sъlnь (параўн. рус. по́солонь ‘па сонцу’, славен. soln ‘бляск у вачах’) < *sŭl(n)‑; утварэнне аналагічнае сэрца (гл.). Роднаснае літ. sáule ‘сонца’, лат. saũle, ст.-прус. Saule, ст.-інд. svar‑, гоц. sauil ‘тс’, грэч. ήλιος; далей гоц. sunnō, ст.-в.-ням. sunna ‘сонца’; і.-е. аснова *sau̯el‑/*sūl‑/*sun‑ на ‑l/‑n; гл. Фрэнкель, KZ, 63, 168; Траўтман, 251; Мюленбах-Эндзелін, 3, 773; Фасмер, 3, 710–711 з іншай літ-рай; Махэк₂, 558; Шустар-Шэўц, 1305; Бязлай, 3, 290; Борысь, 558; ЕСУМ, 5, 354.

Со́лад ‘брадзільны прадукт’, ‘асалода, слодыч’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ‘салодкі смак’, ‘прарошчаны ячмень на піва’ (Варл., Сл. ПЗБ, Пятк. 1), ‘брага’ (Сцяшк.), со́лда ‘салодкая прыправа’ (ТС), со́ладзь ‘змолатае прарошчанае збожжа’ (Сл. ПЗБ), ‘нешта салодкае’ (Ласт., Шат., Жд. 1, Сл. ПЗБ). Укр., рус. со́лод, ст.-рус. солодъ, польск. słód, в.-луж. słód, н.-луж. słod, чэш., славац. slad, серб.-харв. сла̑д, славен. sléd, балг., макед. слад. Прасл. *soldъ. Далей гл. салодкі (Фасмер, 3, 712–713; Махэк₂, 551; Шустар-Шэўц, 1303).

Сос1 ‘шаша’ (Сл. Брэс.; драг., Сл. ПЗБ). З польск. szosa з асіміляцыяй шс > сс і стратай канцавога галоснага. Сюды ж сош ‘тс’ (Скарбы; кам., Жыв. сл.) з метатэзай зычных, параўн. таксама со́ша ‘тс’ (Ян.).

Сос2 ‘нагар, смала з цыбука ў люльцы’ (ТСБМ, Варл.; брасл., астрав., лаг., швянч., воран., шальч., Сл. ПЗБ; Скарбы). Дэвербатыў ад ссаць ‘смактаць’, параўн. насос2 ‘тс’ (гл.).

Сос3 ‘соус, падліўка’ (Ласт.), ‘вадкая частка стравы’ (навагр., Жыв. сл.), ‘мачанка’ (Сцяшк.). З польск. sos ‘соус’, запазычанага з заходнееўрапейскіх моў, параўн. ням. Sosse ‘тс’, франц. sause ‘тс’. Гл. соус.

Со́чыва ‘варэнне’ (Байк. і Некр.), ‘малачко з расцёртых канапель або маку’ (Ласт.), укр. соче́ва ‘зерне сачыўкі’, рус. со́чиво ‘сок, малако з льнянога семені’, ст.-рус. сочиво ‘зерне сачыўкі’, славен. sočivje ‘стручковыя плады; гародніна’, sočȋvo ‘бабовыя’, серб. со̏чӣво ‘тс’, харв. чак. sȍčivo ‘тс’, балг. со́чиво ‘суп’, макед. дыял. сочиво ‘фасоля’, ст.-слав. сочиво ‘сачыўка’. Прасл. *sočivo, вытворнае ад *sokъ, гл. сок (Фасмер, 3, 731; ЕСУМ, 5, 364). Рэканструкцыя першаснага значэння ‘ежа, яда’ на базе каузатыва *sočiti ‘рабіць мокрым, мачыць’ > ‘гатаваць’ па тыпу варыцьварыва (гл. Фурлан у Бязлай, 3, 282–283) падаецца верагоднай, аднак патрабуе дадатковай аргументацыі, параўн. Куркіна, Этимология–1994–1996, 206. Гл. таксама сачыўка.