Свя́ны ‘бляклы, бясколерны’ (Ласт.), разам з сьвя́нець ‘блякнуць’, сьвя́нуць ‘выцвітаць, блякнуць, рабіцца цьмяным’ (Ласт.) да вянуць (гл.). Параўн. макед. свене ‘звянуць, выклікаць вяласць’, свенува ‘блякнуць, вянуць’.
Свята́р ‘служка культу’ (Ласт., Стан.). Наватвор ад святы (гл.).
Святая́ннік ‘зверабой, Hypericum L.’ (ТСБМ, Кіс., ЛА, 1), сьветая́нкі ‘тс’ (Ласт.). Частковая калька свентаяннік або вынік адаптацыі першай часткі да святы (гл.); сюды ж сьвятая́нскае зельле (Гарэц.), гл. свентаянскае зелле.
Свя́та ‘урачысты дзень; культавая ўрачыстасць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц., Байк. і Некр., Касп., Шат.), дыял. свя́то, сʼя́то ‘тс’ (ст.-дар., Сл. ПЗБ, ТС), ст.-бел. с(вѧ)то ‘тс’ (Альтбаўэр). Да святы (гл.) першапачаткова, відаць, як азначэнне да назоўніка ніякага роду, магчыма, з *svęto vermę, параўн. адно са значэнняў ст.-бел. веремѧ ‘свята’ (Альтбаўэр) і святдзень ‘тс’ (Ласт.). Адносіны да польск. swięto ‘свята’, якое разглядаецца як рэліктавая форма Н. скл. адз. л. н. р. назоўнікаў (Длугаш-Курчабова, 491), застаюцца нявызначанымі. Параўн. таксама прыметнік светны́, сʼетны́ ‘святочны’ (ТС).
Свяло́ ‘чаранок’: трэба свяло на качаргу насадзіць (Сцяшк. Сл.). Няясна; магчыма, аддзеяслоўны назоўнік ад свянаць ‘асаджаць’ (гл.) ці свянуць ‘блякнуць, выцвітаць’ (Ласт.), што звязана з вянуць, вяліць (гл.) — пры дапамозе завяльвання кіёк рабіўся больш моцным.
Свядо́мы ‘здольны думаць і разважаць, здольны рабіць асэнсаваны выбар’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Некр. і Байк., Касп.), све́дамы ‘які ведае справу, работу, навуку’ (Ласт.), ст.-бел. сведомый ‘навучаны, умелы; дасведчаны’ (Ст.-бел. лексікон), укр. свідо́мий ‘абазнаны, дасведчаны’, рус. дыял. све́домый ‘вядомы, знаёмы’, стараж.-рус. съвѣдомыи ‘вядомы, знаны, выпрабаваны’: куряне сведоми къмети (Слова пра паход Ігаравы), ст.-чэш. svědomý ‘свядомы, знаны’, польск. świadomy ‘тс’, в.-луж. svědomy ‘свядомы, абазнаны’. Утворана ад прасл. *sъvěděti ‘знаць’, што да *věděti ‘тс’ (гл. ведаць), дзеепрыметнік цяп. ч. *sъ‑vědomъ ‘які добра ўсведамляе’ (Сной у Бязлай, 3, 348). Формы з перагаласоўкай і націскам на другім складзе хутчэй за ўсё запазычаны з польскай мовы. Назоўнік сьве́дамʼе ‘яснае разуменне; усведамленне, прызнанне’ (Стан.) вядомы, паводле некаторых крыніц (гл. там жа), яшчэ ў старабеларускай, відаць, самастойна ўтвораны і не звязаны з польск. świadomie ‘сумленне’, якое лічыцца лексічным ці семантычным багемізмам (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 382).
Свядо́масць ‘успрыманне і разуменне чалавекам рэчаіснасці’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт.), ст.-бел. сведомость ‘майстэрства, умельства’ (Ст.-бел. лексікон). Запазычанне з польск. świadomość, аб чым сведчыць фанетыка кораня, што ўзыходзіць да ‑věd‑ (гл. ведаць). Аб польскім слове гл. Брукнер, 535; Борысь, 621. Інакш Крамко (Гіст. мовы, 2, 149), які лічыць слова неалагізмам пачатку XX ст., утвораным ад свядомы (гл.) з суф. ‑асць.
Святлі́ца ‘светлы чысты пакой у хаце, прызначаны звычайна для прыёму гасцей’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Стан., Сл. ПЗБ, Шат., Касп., Бяльк.; віц., Хрэст. дыял.), светлі́ца ‘светлая, прасторная хата’ (ТС). Укр. светли́ця, рус. светли́ца, польск. świetlica, чэш. světnice, ст.-чэш. svět(l)nice ‘тс’. Ад светлы (гл.), г. зн. ‘хата або пакой, дзе не было печы ў процілегласць “курной” хаце’; гл. Брукнер, 535; Махэк₂, 596.
Святло́ ‘прамяністая энергія; светласць; асвятленне’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ), све́тла (свѣтло) ‘агонь’, ‘зрок’ (Нас.), ‘агонь’, ‘лямпа’ (Растарг.). Сюды ж святло́ ‘светла, відна’ (ігн., Сл. ПЗБ). Укр. сві́тло, ст.-укр. свѣт(ь)ло ‘агонь ад свечкі’, польск. światło, чэш. světlo, славац. svetlo, славен. svetlo: na svetlo dati ‘выдаць’, серб.-харв. све̏тло ‘святло’, макед. светло. Ад *světьlъ, паводле Сноя (гл. Бязлай, 3, 349), ад *světlъ. Гл. светлы.
Свято́к ‘храмавое свята’ (Сл. ПЗБ, Сержп.), свето́к ‘свята’ (Сл. ПЗБ, ТС, Ян.), святкі́ ‘прамежак часу ад Каляд да Вадохрышча’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. свѧток ‘свята’ (Скарына, Альтбаўэр), сюды ж свя́точки ‘святыя дні; увасобленыя святы’: Перед Богомъ стояць уси́ святочки (Нас.), укр. святки́ ‘святочныя дні Каляд і Вялікадня’, рус. свя́тки ‘час ад Каляд да Вадохрышча’, ст.-рус. свѧток ‘свята’, серб. дыял. све̑так ‘тс’, славен. svétek ‘тс’. Прасл. *svętъkъ ‘свята’, вытворнае ад *svętъ (гл. святы), параўн. Тапароў, Этимология–1986–1987, 33; Фасмер, 3, 584. Зыходная форма для святкава́ць ‘адзначаць свята; не працаваць з нагоды свята’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), светкова́ць, сʼеткова́ць, сеткова́ць ‘тс’ (ТС), якім адпавядае серб. свѐтковати, дыял. светкова̏т: У на̑с се тај све̑так не светку̏је (Элезавіч, 2, 207), свято́чны ‘звязаны з святам’ (ТСБМ, Ласт., Стан., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), свето́чны ‘тс’ (ТС) і інш. Прывязанасць да пэўнага гадавога цыкла (пазней, відаць, перанесеная і на хрысціянскія святы) дазваляе выказаць меркаванне пра больш ранняе паходжанне назвы, чым форма свята (гл.), якая цяпер успрымаецца як зыходная. Параўн. Жураўлёў, Язык и миф, 97.