Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

По́йсаваць ’паўторна малаціць каласы пры малацьбе коннай малатарняй і ўручную’ (Мат. АС, Варл.), по́ясаваць, поі́саваць, по́льсаваць, по́йсаваць, пэ́йсаць ’аддзяляць зерне ад асцюкоў (пра ячмень)’, ’біць каго-небудзь’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). З літ. paisýti ’тс’ (Грынавяцкене, там жа; Лаўчутэ, Балтизмы, 48). Параўн., аднак, рус. дыял. полсова́ть ’моцна біць; паласаваць’, полысать ’рваць на часткі; біць, хвастаць’, арэальна не звязаныя з балтыйскай тэрыторыяй, паходжанне якіх застаецца нявысветленым.

По́крупне ’высеўкі’ (Сцяшк. Сл.); сюды ж падкру́пніца ’тс’ (пух., Сл. ПЗБ), падкру́пʼя ’дробныя грэцкія крупы’ (Бяльк.). Рус. подкрупка ’мука, высеяная з крупаў’, подкру́пье ’тс’. Першапачаткова, магчыма, покрупʼе з далейшым пераходам ‑пʼе ў ‑пне. Семантыка: тое, што застаецца ’па крупах’, г. зн. пасля таго, як зерне змелена. Да по- і крупы (гл.). Формы з пад‑, відаць, пад уплывам народнай этымалогіі з семантыкай ’нібы крупы; не зусім крупы’, параўн. под- (гл.).

По́пел ’рэшткі згарання, спальвання чаго-небудзь’ (ТСБМ), ст.-бел. попелъ (1269 г.), у іншых славянскіх мовах варыянты з пачатковай альтэрнацыяй по‑/пе‑: укр. по́піл, рус. пе́пел, рус. дыял. по́пел, ст.-рус. пепелъ/попелъ, польск. popiół, каш. popʼół, в.-луж. popjeł, н.-луж. popʼeł, палаб. püpél, чэш. popel, славац. popol, славен. pepêl, славен. дыял. popȇl, харв. pèpeo, серб. пѐпео, серб. дыял. попео, балг. пѐпел, ст.-слав. пепелъ/попелъ ’тс’. Найбольш пашыраная этымалогія (Міклашыч, 235; Брукнер, 431; Фасмер, 3, 234; Махэк₂, 429; БЕР, 5, 157–159) выводзіць слова з варыянтаў кораня *‑pel‑/*‑pol‑, прадстаўленых у палена, паліць, полымя з агульным семантычным кампанентам ’гарэць, паліць’, параўн. ст.-прус. pelanne ’попел, парахно’, літ. pelenaĩ (мн. л.), лат. pęlni ’тс’. Зусім верагодна, што прасл. *po‑pelъ літаральна ’спаленае рэчыва’ — аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- з семантыкай выніковасці дзеяння. Банькоўскі (2, 699) разглядае *pepelъ як старэйшую рэліктавую форму, а *popelъ‑ — у якасці паўн.-слав. інавацыі, выводзячы рэдуплікаванае прасл. *pe(l)‑pel‑ъ ’пыл’ ад *pol‑nǫ‑ti ’палымнець’. Паводле Карскага (2–3, 87), пачатак слова з падваеннем кораня зменены пад уплывам прыстаўкі *po‑. Іншая версія ўзводзіць слова да і.-е. *pel‑ ’парахно, пыл’, ’мука́’, ’нешта сцёртае ў муку’ (Голуб-Копечны, 286; Сной, 436), што прадстаўлена ў лац. pellō ’біць, капаціць’, pollen ’пыл, мука’, грэч. πάλη, таксама з рэдуплікаваным пачатковым элементам παι‑πάλη ’дробна змолатая мука’, ст.-інд. pálala ’працёртае зерне, каша’. Адсюль прасл. *po‑pelъ азначае ’нешта дробнае, стоўчанае, сцёртае ў муку’. Назіраецца таксама сумяшчэнне ў слав. мовах семантыкі ’падгарэлы, спечаны’ і ’выраб з мукі’, параўн. бел. падпалак ’блін, ляпёшка’, падпалонік ’тс’, польск. podpłomyk ’тс’, а таксама паляніца/ пеляніца (гл.).