Набда́ ’прыбытак, зыск’ (Ласт.), параўн. ст.-бел.: Да не даси набды от блудніцы, што цытуе Ластоўскі з Супрасльскага летапісу. Да наўда (гл.); не выключана народна-этымалагічная сувязь з дбаць (з метатэзай) або з надоба (гл.).
Навы́тар ’практыкаванне’ (Дуж-Душ.), навытарынный ’навучаны, звычны да справы, набіўшы руку, не навічок’, дзеепрым. залежнага стану ад дзеяслова навытырыць (Нік., Оч.). Этымалогія няпэўная; паводле Ластоўскага, бел. навытар ’навык да выканання чыннасцяў’ паходзіць ад тор ’шлях, дарога’, торыць ’праціраць дарогу’ (Ласт. 106) і, відаць, звязана з рус. поднатореть ’навучыцца, набіць руку ў якой-небудзь справе’, аднак няясным застаецца пачатак слова. Спробы звязаць з новы, параўн., напрыклад, чэш. novotář ’аматар новага, наватар’, славен. novotorija ’навіна, новыя парадкі’ і пад., ствараюць семантычныя цяжкасці. Мартынаў (вусна) выводзіць з *na‑o‑tor‑.
Нахра́пам ’раптоўна, гвалтоўна, супраць жадання’ (Нік., Оч.; Мядзв.), ’нахабна’ (Ян., Растарг.), на́хрыпым ’дзёрзка, нахабна’ (Бяльк.), нахрапкі ’тс’ (Ласт.), рус. нахра́пом ’тс’, укр. нахрапом ’тс’. Ад хра́паць, хропаць ’ламаць з трэскам, біць з шумам’, параўн. рус. нахра́п ’напралом; моцна, вельмі’, нахрапки́ ’напралом (задзірацца, лезці)’ (СРНГ); менш верагодна ад храпе́ць ’хрыпець’, укр. храп, польск. chrap ’злосць’ (параўн. Бернекер, 1, 401; Праабражэнскі, 1, 595; Фасмер, 3, 50). Варбат (Слав. языкозн., 1988, 74) прапануе рус. нахра́п ’дзёрзкасць, нахабства’, польск. chrapka ’жаданне’, славац. sxrapiť ’схапіць’, каш.-славін. sxrapnǫc ’украсці’ аддзяліць ад гукапераймальнага *xrap‑ і ўвесці ў гняздо прасл. *rap‑ з семантыкай ’хапаць, рваць’ з магчымым пачатковым x‑ экспрэсіўнага паходжання.
Нахра́ць (ныхриць) і нахрит (?) ’гвалт, насілле’ (Нік., Оч.), нахритым ’гвалтоўна, сілай’ (там жа); нахрыццю ’нахабна’: ён нахрыцьцю лезе ў вочы (Ласт.), нахриццю (нахратью) ’зламысна’ (Нік., Няч.), на́хрыць (на́хриць) ’той, хто уздзейнічае на іншага насіллем, хто паводзіць сябе насуперак прынятым правілам і ўмовам жыцця’ (Нік., Оч.), нахра́тны (ныхра́тный) ’дзёрзкі, гвалтоўны’ (там жа), рус. нахра́т ’нахабнае нападзенне, грабеж; дзёрзкасць з насіллем, бессаромнае нахабства і раптоўнасць дзеяння’ (зах., Даль), ’бессаромны чалавек, нахабнік’, нахра́том ’дзёрзка, нахабна; гвалтам’. Паколькі словы ў беларускіх гаворках ужываюцца паралельна з нахра́п, нахра́пам (гл.), магчыма дапусціць падабенства ва утварэнні, параўн. ахра́пкі ’бацвінне, абрэзкі’ і ахра́ткі (ахря́ткі) ’аб’едкі’, з другасным паўнагалоссем ахара́ткі ’тс’ (гл.); што да незафіксаванага *храт‑ (< *храціць, Охраць ’біць, кідаць’), параўн. славен. hrėtiti se, hreti se ’выклікаць агіду’, славац. chriatiť sa ’рабіць высілак, сіліцца’, што ў сваю чаргу, магчыма, звязана з кратаць (гл.), параўн. славац. nakriatnuť ’прыгнуць, нагнуць, прымусіць сілай’ (Махэк₁, 162; Бязлай, 1, 202–203).