Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Мотлах, мо́тлух, мо́тлох, мотлахі ’вытраскі, атрэп’е, анучы, акраўкі’, ’пыл, прах’, ’дробная бульба’ (Нас., Грыг., Гарэц., Растарг., ТС; кобр., Нар. лекс.), у мотлах ’на кавалкі’ (усх.-маг., КЭС), ст.-бел. мо́тлохъ ’натоўп, зброд’ (XVI ст.) — апошняе Булыка лічыць запазычаным са ст.-польск. (Лекс. запазыч., 37). Укр. мо́тлох, рус. бран., кур. мотлах, польск. motłoch, motłota. Брукнер (345) звязвае польск. лексему з mietlica ’пустазелле’, у чым Махэк₂ (561) сумняваецца пры разглядзе чэш. smotlacha ’пустазелле’, зах.-славац. šmatluha, валаш. smotlaka ’нячыстае зерне’. Мяркулава (Этимология–1974, 71–74) узводзіць іх да прасл. telkti ’таўчы’ і прызнае наяўнасць экспрэсіўнага прэфікса mo‑ (з варыянтамі ma‑, me‑, mu‑). ЕСУМ (3, 522) звязвае з motati, metati.

Молат1, мо́лот ’вялікі цяжкі малаток’, молото́к, малаток, мылаток ’тс’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Шат., Бяльк., Тарн.; Сл. ПЗБ, ТС; драг., Жыв. сл.; нясв., Нар. словатв.). Укр. молот ’тс’, валынск. ’даўбешка’, рус. молот(ок), польск. młot, чэш., славац. mlat, славен. mlȃt, серб.-харв. мла̑т, балг. млат, ст.-слав. млатъ; прасл. moltъ з’яўляецца іт. пранікненнем (maltos) на зах.-балт. моўную перыферыю (Мартынаў, Балто-слав.-ит. изогл., Мн., 1978, 28). Блізкай да гэтай версія Нідэрмана (IF, 15, 109) — лац. malleus (< maltens) і Махэка₂ (368). Іншыя (гл. Фасмер, 2, 647) — малаімаверныя.

Молат2 ’мука са змешанага збожжа’ (Нас.), беш. мо́лът ’асадак з вадкасці’ (Нар. сл.), молата ’сусла, піўная гушча’ (Грыг.). Укр. молот ’солад’, ’жамерыны’, рус. валаг. молодь ’пена на маладым піве, квасе’, польск. młoto, młóto, młota ’солад, які выходзіць пры прыгатаванні піва’, чэш., славац. mláto ’адыходы пры гатаванні піва’, славен. mláto, mláta ’тс’, серб.-харв. мла̏та ’стоўчанае і згатаванае зерне для варэння піва’. Прасл. molto (якое з mel‑ti > малоць), запазычанае з прагерм. у выглядзе malta (Мартынаў, Лекс. взаим., 126–128; Уленбек, РВВ, 20, 40; Бернекер, 2, 73 насуперак Міклашычу, 200, Мацэнаўэру, CS, 255; Траўтман, Altpreuß., 400).