Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Пры́сак1 ’гарачы, распалены попел з вугольчыкамі’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Пал., Касп., Шат., Бір. Дзярж., Сцяшк., Стан.; шальч., лях., ст.-дар., Сл. ПЗБ), прыск ’тс’ (Гарэц.; маладз., Янк. 1), пруск, прі́сок ’тс’ (Маш.), пры́сак ’тс’ (Клім.; пін., Сл. ПЗБ; ТС), прысак ’гарачы, распалены (на агні) пясок’ (Др.-Падб.), пры́сак ’попел’: сей жыта ў прысак, авёс у гразь, то будзеш князь (Янк. БП), ’прах, зямля’: скорей мне прыском вочы засыплюць, покуль я гета забуду (Нас.), прысо́к ’месца на прыпечку, куды змятаецца жар’; ’гарачы, распалены попел з вугольчыкамі’; ’попел’; ’прах, пыл’ (Ласт.), прыс́ык ’гарачы попел’; ’перапалены пясок’ (Бяльк.), з іншым суфіксальным афармленнем пры́сіць, пры́снік ’попел’, пры́сець ’попел; пыл’, пры́сінка ’пылінка’ (Ласт.), таксама ўсечанае прыс ’прысак, гарачы попел’ (ТС, ПСл). Рус. смал., бранск. при́сак, пры́сок ’гарачы попел’, бранск. при́сык ’тс’, прыск ’дробныя вугольчыкі, ад якіх яшчэ ідзе жар’; укр. при́сок ’гарачы попел з агнём’, польск. prysk ’гарачы попел; распалены на (сонцы) пясок’, палаб. prüstʼau ’попел, жар’. Нульсуфіксальны дэрыват ад *pryskati, гл. пры́скаць (Брукнер, 440; Трубачоў, Этимология–1968, 62). У формах тыпу пры́сак, пры́сок і да т. п. устаўная галосная на месцы збегу зычных або ўплыў суфіксальных дэрыватаў на ‑ак, ‑ок і г. д. Паўночнаславянская семантычная інавацыя. Гл. яшчэ прыск.

Пры́сак2 ’пясчаны ўзгорак’ (бяроз., Сл. ПЗБ). Да папярэдняга. Семантычны пераход: ’(распалены) пясок’ → ’пясок’ → ’пясчаны ўзгорак’.

Прыганя́ць, прыгна́ць ’прывесці, даставіць; прымушаць, падахвочваць’ (ТСБМ), прыгыня́ць ’тс’ (Бяльк.). Узыходзіць да прасл. *prigъnati/*prigoniti/*priganʼati, прэфіксальных утварэнняў ад *gъnati/*goniti/*ganʼati; гл. ганя́ць, гнаць. Сюды ж аддзеяслоўныя назоўнікі з развіццём і пашырэннем семантыкі: прыго́н, прыго́нка ’дастаўка; прымус прыйсці, з’явіцца; згон’ (Нас., ТСБМ); прыго́н ’пасаг маладой у выглядзе жывога інвентару, статак’ (Федар.), прыгі́н ’дамашнія жывёлы, якіх бацькі далі як пасаг заручоным’ (Сіг.); з архаічнай словаўтваральнай структурай прыганя́ты ’слуга памешчыка, які наглядаў за працай сялян у час прыгону; цівун; аканом’ (ТСБМ, Нас., Мядзв., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.); параўн. маляўніча вобразнае мн. л. перан. прыгыня́тыя ’нязжатыя сцяблы збожжа, якія засталіся ззаду’ (рас., Шатал.).

Прыто́мны ’які знаходзіцца ў прытомнасці, пры памяці’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Касп.), ’які прысутнічаў пры пэўнай падзеі; сведка’ (Нас., Ласт., Яруш., Касп.), ’які мае прыстанішча, прытулак; які супакоіўся на месцы’ (Нік. Очерки), ст.-бел. притомный ’свядомы, прысутны’ (Ст.-бел. лексікон); притомные часы ’ў тыя часы’ (там жа). Укр. прито́мний ’свядомы, прысутны’, польск. przytomny ’тс’, чэш. přítomný ’прысутны’, славац. prítomný ’прысутны, наяўны’, в.-луж. přitomny, н.-луж. pśitomny ’тс’. Слова ўтворана на базе словазлучэння пры том ’той, які быў пры тым, сведка’ (Брукнер, 682; Махэк₂, 495; ЕСУМ, 4, 581). Ва ўсходнеславянскіх мовах — праз польскую з чэшскай (Банькоўскі, 2, 953), параўн., аднак, пато́мны (гл.).

Пя́тніца1 ’пяты дзень тыдня’ (ТСБМ, Ласт., ашм., Стан.; брасл., астрав., шчуч., Сл. ПЗБ), пʼя́тніца ’тс’ (Бес., ТС), памянш. пя́ценка ’тс’ (Ян.), укр. пʼя́тниця, рус. пя́тница, стараж.-рус. пятьница ’тс’. Вытворнае ад *pętь (гл. пяць); лічыцца частковай калькай з грэчаскай мовы, параўн. н.-грэч. πέμπτη ’чацвер’, паколькі, паводле візантыйскай хрысціянскай традыцыі, тыдзень лічыўся пачынаючы з нядзелі. Лічэнне ад панядзелка, пры якім пятніца была пятым днём, як мяркуецца (гл. Машынскі, Зб. Шымчаку, 283), увёў Мяфодзій. Параўн. пято́к (гл.).

Пятніца2 ’кураслеп, Anemone rammculoides L.; чубатка, Corydalis Medis.’ (Бейл.). Няясна. Магчыма, народнаэтымалагічнае асэнсаванне (табуізацыя?) адной з народных назваў кураслепу — пянікніца (Кіс.), няяснага паходжання.

Плоць1 ’цела жывых істот’, ’матэрыяльнае ўвасабленне’ (ТСБМ, Нас.), ’пол’ (Гарэц.), ’палавыя органы’ (Ласт.), плоцьны ’палавы’ (Ласт.), плоцьнае (жыццё) ’палавое’ (Стан.); плоць ’перхаць, луска са скуры’ (беш., Нар. сл.), плоть ’сперма’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Укр. (старое) плоть, рус. плоть ’плоць’, ’цела’ — апошняе значэнне — царкоўнаславянізм (Мяркулава, Этимология–1970, 175), дыял. таксама ’цвёрды грунт пад глебай’, ’перхаць, луска’, ’скура на галаве’, ’ікра’, ’малако (у рыб)’, ’мужчынскія палавыя клеткі’, стараж.-рус. плъть ’скура, колер скуры’, польск. płeć ’жывое чалавечае цела’, ’скура, гладкая паверхня цела’, ’колер скуры’; ’чалавек наогул’, ’мужчынская ці жаночая будова цела’, ’пол’, н.-луж. płeś ’юр’, ’колер скуры’, чэш., славац. pleť ’скура твару’, славен. pȏlt ’скура на жывым целе’, ’колер скуры, колер твару’, ’плоць’, серб.-харв. пу̏т, дыял. pelt ’цела, плоць’, ’скура’, макед. плот, балг. плът, ст.-слав. плъть ’цела’, ’юр’. Прасл. *plъtь, найбольш блізкім да якога лічыцца лат. pluta ’цела, плоць; скура’, plutus ’далікатная скура (з галавы)’, літ. plutà ’скарынка’, ’расліннае покрыва на паверхні вады’, ’кара зямлі’ (Фасмер, 3, 286; Махэк₂, 459; Бязлай, 3, 83); Банькоўскі (2, 623) следам за Бугам (Rinkt., 2, 518), Младэнавым (431) выводзіць польск. płeć з і.-е. *plutis ’скураны мех, на якім плавалі’, якое з і.-е. *pleu̯‑/*plou̯–/*plu‑ ’плаваць, прыплываць’. Непераканаўча.

Плоць2, плоцье ’плоткі, платва’ (Нас.; Мат. Маг.; гродз., лудз., Сл. ПЗБ, ТС), ’плотка’ (свісл., Сцяшк. Сл.; чэрв., Нар. лекс.); рус. смал. плоть ’тс’. Да платва, пло́тва (гл.).

Прыту́лак ’месца, дзе можна схавацца, адпачыць, прабыць патрэбны час’, ’дабрачынная ўстанова для сірот, беспрытульных дзяцей і інш.’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Бяльк., Варл., Сл. ПЗБ), прыту́л ’прыстанішча’ (ТСБМ, Ласт., Касп.), ’сховішча, прытон’ (Нас.), прыту́ла ’прыстанішча’, прыту́лішча ’тс’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Бяльк., Ян.), прыту́лле ’тс’ (Касп.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне, параўн. прытуліцца ’шчыльна прыхінуцца; знайсці прыпынак для жыцця’ (Варл.), ’адчуць ласку, спагаду, спачуванне’ (светлаг., SOr, 39, 356), прытуліць ’паставіць адзін прадмет упрытык да другога’ (там жа). Гл. туліць. Аналагічныя ўтварэнні і ў іншых славянскіх мовах, параўн. рус. дыял. приту́л, приту́ла, приту́лище, приту́лье ’прыстанак, прытулак’, укр. приту́л, приту́лок, польск. przytul, przytulisko, przytułek ’тс’ і да т. п.

Пясля́к (песля́къ) ’стары грыб; старэча’ (Нас.), песля́к ’стары грыб’ (Дабр.), песлячо́к ’дзядок (пра хлопца); слабы, нядужы’ (Нас.). Паводле Мяркулавай (Очерки, 188), утворана ад пес (гл.) па ўзору іншай назвы грыбоў — казля́к (ад казёл) са значэннем ’дрэнны, неядомы грыб’, параўн. рус. пе́сьи гу́бы, сюды ж, магчыма, і славен. pěšak ’стары грыб’. Для значэнняў ’слабы, нядужы’ можна дапусціць утварэнне ад пе́стлівы ’спешчаны, распешчаны’ (Ласт.): пяс(т)ляк, параўн. і польск. pieskliwy, pieśćliwy ’тс’. Нельга выключыць таксама сувязь з серб.-харв. песичаво ’слабое, якое не расце (пра дзіця)’, балг. пе́сец, песи́ца ’хвароба дзяцей, пры якой яны слабеюць і пакрываюцца шэрым пушком’, якія народная этымалогія звязвае з пес (БЕР, 5, 186–187).

Прыпа́дак1, припа́док, прыпа́дък, пріпа́дък, пріпа́дык ’раптоўны прыступ якой-небудзь хваробы; падучая хвароба, эпілепсія’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр.; мазыр., Нар. Гом.; брасл., шуміл., нараўл., Сл. ПЗБ, ЛА, 3), прыпа́дык ’тс’, прапа́дак ’эпілепсія’, мн. л. прыпа́дкі, прыпа́ткі, прыпа́дкы, прыпа́ткы ’тс’ (Сл. ПЗБ, Мат. Маг., ЛА, 3), пріпа́дык ’прыпадак, прыступ эпілепсіі’ (Бяльк.), прыпа́дны ’хворы на эпілепсію; халерык, істэрык’ (Янк. 1), пры́падзь ’разнастайныя нервовыя прыпадкі, галоўнай прычынай якіх з’яўляецца спалох’ (Шат.). Рус., укр. припа́док ’раптоўны прыступ хваробы; рэзкае, моцнае праяўленне чаго-небудзь’, рус. дыял. ’істэрычная хвароба ў жанчын’, ’хвароба; бяда; няшчасце’. Да прыпада́ць, падаць (гл.); дэрыват з суф. ‑ак, да семантыкі параўн. падучая хвароба, падучка (гл.). Параўн. Мяркулава, Этимология–1967, 164.

Прыпа́дак2, прыпа́док ’выпадак; прыгода’ (Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб., Мат. Гом., ТС), са звужэннем семантыкі прыпа́дак ’страта’ (шчуч., Сл. ПЗБ), прыпа́дкам ’выпадкова, нечакана’ (Нас., Байк. і Некр.), прыпа́дны ’які як раз падыходзіць, выгадны’ (Нас.), пріпа́дым ’выпадкам’ (Бяльк.), прыпа́дкамі ’прыхваткамі’ (паст., Сл. ПЗБ). Сюды ж рус. дыял. (у Літве і Латвіі) припа́док ’няўдалы выпадак, няшчасце’, укр. припа́док ’выпадак’, припа́дком ’выпадкова’, польск. przypadek ’выпадак; выпадковасць’, przypadkiem ’выпадкова’, чэш. případ ’выпадак’, славац. prípad ’выпадак, прыгода’, в.-луж. připad, н.-луж. pśipad ’тс’. Арэальнае ўтварэнне ад прыпасці, прыпадаць ’выпадаць, здарацца’, параўн. ст.-бел. припалый ’які здарыўся, адбыўся’ (Ст.-бел. лексікон), якое, паводле прышлай версіі (Шустар-Шэўц, 2, 1178; Банькоўскі, 2, 943), калькуе лац. casus, ням. Zufall ’тс’. Паводле Кюнэ (Poln., 90), беларускае слова запазычана з польскай.

Прыбо́р1 ’камплект, набор прадметаў для карыстання; прыстасаванне, апарат’ (Нас., Ласт., ТСБМ), ’вупраж’ (Сл. ПЗБ), ’ткацкая прылада’ (Сл. Брэс.). Запазычана з рус. прибо́р — аддзеяслоўнага назоўніка ад прибира́ть з рэалізацыяй гістарычнага чаргавання и/о ў корані. Гл. браць.

Прыбо́р2, прыбо́ры ’ўбор, убранне; адзенне; форма’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Касп., Растарг., Жд.; в.-дзв., бярэз., Сл. ПЗБ; Ян., Нар. Гом.), прыбо́ры ’прыбраны, адзенне’, прібо́ры ’прыборы, уборы’ (Бяльк.). Сюды ж прыбо́р ’зборы ў дарогу; падрыхтоўка да падарожжа’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Да прыбіра́ць, браць (гл.). Параўн. рус. паўдн. прибо́р ’адзенне, убор, убранне; набор прыгожых рэчаў’, ’галаўны ўбор’, ’аздабленне на адзенні ці на галаве’, укр. прибі́р ’адзенне, убор; апрананне, прыбіранне; узорная вышыўка каляровымі ніткамі па лацкане кажушка’.

Прысто́йны ’які адпавядае прынятым правілам прыстойнасці’; ’добра выхаваны; сумленны, не здольны на дрэнныя ўчынкі’; ’дастаткова добры, нядрэнны’; ’такі, якім належыць быць; дастатковы па велічыні, памерах’ (Ласт., ТСБМ; смарг., в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’прыгожы’ (Інстр. 3; ігн., Сл. ПЗБ), ’добры; няпрагны’ (Ян.). Укр. присто́йний ’прыстойны; прыгожы’, рус. калуж. присто́йный ’прыстойны; прыгожы, сімпатычны’, польск. przystojny ’прыгожы; цікавы’, старое ’прыстойны’, чэш. přistojny ’прыстойны’, славен. pristójen ’прыстойны; кампетэнтны’, харв. prìstojan ’тс’. Паводле Фасмера (3, 366), з *pristojьnъ ад *pri‑ і *stojati (гл. стая́ць), параўн. ст.-бел. пристояти ’падыходзіць, належаць’ (Ст.-бел. лексікон). Паводле Сноя₂ (580), першапачаткова азначала ’адпаведны, стаячы нароўні’. Бабік (Зб. памяці Слаўскага, 60) для прасл. *pristojati (параўн. серб.-харв. при́стојати, харв. чак. prīstȍjai і пад.) выводзіць значэнне ’пагаджацца; быць адпаведным’.