Прыпа́дак 1, припа́док, прыпа́дък, пріпа́дък, пріпа́дык ’раптоўны прыступ якой-небудзь хваробы; падучая хвароба, эпілепсія’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр.; мазыр., Нар. Гом.; брасл., шуміл., нараўл., Сл. ПЗБ, ЛА, 3), прыпа́дык ’тс’, прапа́дак ’эпілепсія’, мн. л. прыпа́дкі, прыпа́ткі, прыпа́дкы, прыпа́ткы ’тс’ (Сл. ПЗБ, Мат. Маг., ЛА, 3), пріпа́дык ’прыпадак, прыступ эпілепсіі’ (Бяльк.), прыпа́дны ’хворы на эпілепсію; халерык, істэрык’ (Янк. 1), пры́падзь ’разнастайныя нервовыя прыпадкі, галоўнай прычынай якіх з’яўляецца спалох’ (Шат.). Рус., укр. припа́док ’раптоўны прыступ хваробы; рэзкае, моцнае праяўленне чаго-небудзь’, рус. дыял. ’істэрычная хвароба ў жанчын’, ’хвароба; бяда; няшчасце’. Да прыпада́ць, падаць (гл.); дэрыват з суф. ‑ак, да семантыкі параўн. падучая хвароба, падучка (гл.). Параўн. Мяркулава, Этимология–1967, 164.
Прыпа́дак 2, прыпа́док ’выпадак; прыгода’ (Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб., Мат. Гом., ТС), са звужэннем семантыкі прыпа́дак ’страта’ (шчуч., Сл. ПЗБ), прыпа́дкам ’выпадкова, нечакана’ (Нас., Байк. і Некр.), прыпа́дны ’які як раз падыходзіць, выгадны’ (Нас.), пріпа́дым ’выпадкам’ (Бяльк.), прыпа́дкамі ’прыхваткамі’ (паст., Сл. ПЗБ). Сюды ж рус. дыял. (у Літве і Латвіі) припа́док ’няўдалы выпадак, няшчасце’, укр. припа́док ’выпадак’, припа́дком ’выпадкова’, польск. przypadek ’выпадак; выпадковасць’, przypadkiem ’выпадкова’, чэш. případ ’выпадак’, славац. prípad ’выпадак, прыгода’, в.-луж. připad, н.-луж. pśipad ’тс’. Арэальнае ўтварэнне ад прыпасці, прыпадаць ’выпадаць, здарацца’, параўн. ст.-бел. припалый ’які здарыўся, адбыўся’ (Ст.-бел. лексікон), якое, паводле прышлай версіі (Шустар-Шэўц, 2, 1178; Банькоўскі, 2, 943), калькуе лац. casus, ням. Zufall ’тс’. Паводле Кюнэ (Poln., 90), беларускае слова запазычана з польскай.