Том ’асобная кніжка са збору кніг’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ст.-бел. томъ ’тс’ (1598 г., КГС). Запазычана праз польск. tom ’тс’ з франц. tome ’тс’ < лац. tomus ’тс’, што ўзыходзіць да грэч. τομος ’частка, адрэзак, том’ ад τάμνω ’рэжу’ (Фасмер, 4, 75; ЕСУМ, 5, 595).
Туно́к, мн. л. тунцы́ ‘глінянкі, грузілы на ніз сеткі’ (Ласт.). Відаць, праз польск. tunka ‘бочка’ (з ням. Tonne ‘тс’, Брукнер, 584) па форме дэталі, якая напамінае бочачку, або вытворнае ад ням. tunken ‘мачаць, акунаць’, магчыма, праз ідыш, гл. tunken ‘тс’, tun ‘бочка’ (Астравух, Ідыш-бел. сл., 808).
Турта́ць ‘прыспешваць, падганяць’ (Ласт.). Пацюпа (Arche, 2007, 3, 195) узводзіць да туры́ць ‘гнаць’, відаць, з узмацняльным ‑т‑. Параўн. чэш. trtati ‘спяшацца дробнымі крокамі’, якое Махэк₂ (654) параўноўвае з балг. тъ́ртя ‘кінуцца бегчы’ і лічыць паралельнымі ўтварэннямі з чэш. drdati (< *dьr‑ta‑ti ‘драць’), параўн. дырда (гл.).
Тэкст ‘тое, што сказана, напісана або надрукавана і звязана сэнсам’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), ст.-бел. текстъ (XVII ст., ГСБМ). Мажліва, запазычана непасрэдна з лац. textus, аднак больш верагодна польскае пасрэдніцтва, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 165; у тым ліку і для рус. текст, гл. Кохман, 217.
Тынк ‘пакрыццё паверхні будаўнічых канструкцый’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Касп., Гарэц., Ласт., ТС, Сл. ПЗБ), ‘тынкоўка, раствор для тынкоўкі’ (Сцяшк., Шат., ПСл, Шушк.), ‘матэрыял, якім забіваюць шчыліны ў сцяне’ (Бяльк.), сюды ж тынкава́ць ‘пакрываць тынкоўкай’ (Нас., Ласт., Касп.), тынкова́ць ‘тс’ (ТС): tynkovácʼ ŭ kołočki, u dranku (Арх. Вяр.), тинкова́ти ‘апрацоўваць, выпраўляць паверхню вапнай’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), ст.-бел. тынковати ‘тынкаваць’ (1695 г.), тынкованье (тынкоўкай) (1690 г., ГСБМ). Праз польск. tynk ‘тс’, якое з нова-в.-ням. Tünche ‘тынкаванне’, ‘тынкоўка’, а апошняе з лац. tunica ‘скура’, ‘покрыва’, ‘абалонка’. Лацінскае слова, як і ст.-грэч. χιτών ‘хітон, туніка’, былі запазычаны праз фінікійскую мову з арамейск. kittūnā́ < ст.-яўр. kuttṓneth ‘тс’ (Борысь, 659; Брукнер, 589; ЕСУМ, 5, 570).
Та́ктыка ’майстэрства падрыхтоўкі і вядзення бою, змагання; лінія паводзін’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), такты́чны ’звязаны з правядзеннем бою, барацьбы’ (ТСБМ). Праз польск. taktyka, taktyczny з ням. Taktik або франц. tactique з тым жа значэннем з лац. tactica (ars), грэч. τακτικός, ‑η (τέχνη)/τάξις ’строй, лад’ (Фасмер, 4, 13).
Таўпо́рыць ’мясіць, запіхваць’ (Юрч. Вытв.), таўпо́рыцца ’мітусіцца, вазіцца з чым-небудзь’ (Нас., Стан.); сюды ж таўпо́ра ’неакуратная, неахайная асоба’ (Юрч. Вытв.), таўпо́ранне ’важданне з чым-небудзь, мітусня’ (Нас.), ’штурханне ў цеснаце’ (Юрч. Вытв.), таўпа́рня ’валтузня, цісканіна, таўкатня, катавасія’ (Ласт.). Экспрэсіўнае ўтварэнне ад таўпіць (гл.), аналагічнае да таўморыць, гл.
То́кар ’рабочы, спецыяліст па апрацоўцы металу, дрэва і пад. шляхам абточвання’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Некр. і Байк., Арх. Вяр., Вруб.), такар ’тс’ (Стан.), ст.-бел. токар ’токар’ (1557 г., КГС). Укр. то́кар ’тс’, рус. то́карь ’тс’, польск. tokarz ’тс’, звязана з тачыць ’абточваць’ (Брукнер, 573; Фасмер, 4, 70).
Тро́пат ‘конская рысь з падскокваннем’ (ТСБМ), троп, тро́пат ‘трапятанне, хваляванне’ (Некр. і Байк., Ласт.). Параўн. укр. тро́піт ‘грукат, тупат, рысь’, серб. тро̏пот ‘шум, трэск, грукат’, балг. тро́пот ‘тупат’, макед. тропот ‘грукат, стук’. Відаць, самастойнае суфіксальнае ўтварэнне ў асобных славянскіх мовах са значэннем інтэнсіўнасці дзеяння ад дзеяслова тропаць, гл.
Турку́с ‘непразрысты каштоўны камень, біруза’ (Ласт.), ст.-бел. туркусъ, туркосъ ‘тс’ (1541 г.), туркусовый ‘блакітны, бірузовы’ (ГСБМ). Запазычана са ст.-польск. turkus ‘тс’, якое з ням. Türkis ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 142); апошняе з франц. субстантываванага turquoise ад turguois ‘турэцкі’, г. зн. ‘турэцкі каштоўны камень’ (Duden. Etymologie, 872).