Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Прыдба́ць ’набыць, займець; нажыць; павялічыць маёмасць’ (Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.; парыц., Некр., Др.-Падб., Інстр. 3; навазыбк., Пал.; Бяльк., ТСБМ). Прэфіксальнае ўтварэнне ад дбаць з асноўным знач. ’клапаціцца’ (гл.) з далейшым развіццём семантыкі. Параўн. рус. дыял. придба́ть ’назапасіць, нажыць, набыць’, ’завесці дзяцей’, укр. придба́ти ’набыць’.

Прышчэ́п, прышчэ́па, прышч́эпка ’расліна, якой перасаджаны орган іншай расліны; прышчэпленая расліна’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Варл.), прышчэ́пак, прышчэ́па ’чаранок, які прышчапляецца да расліны’ (Нік. Очерки; Гарэц., ТСБМ), прышчэ́пка ’дзеянне паводле дзеяслова прышчапі́ць2; прышчэпачны прэпарат’. Рус. прище́п, прище́па, укр. прище́па ’тс’. Аддзеяслоўныя дэрываты ад прышчапіць.

Прыму́сіць, прымуша́ць ’сілаю або іншым уздзеяннем дамагацца, каб нешта было зроблена, выканана; абавязаць, патрабаваць зрабіць што-небудзь’ (ТСБМ, Мядзв., Нас., Мал., Ласт., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), сюды ж вытворныя: прымусо́во ’пад прымусам’ (карэліц., Сл. ПЗБ), пры́мус, прыму́с, прыму́сы ’прымушэнне, уціск, прыгнёт’ (ТСБМ, Нас., Нік. Очерки, Мядзв., Мал., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб., Бяльк.; вільн., швянч., Сл. ПЗБ), прыму́шаньня ’тс’ (Бяльк.), прыму́сіны ’тс’ (Нар. Гом.), прыныму́с ’тс’ (кам., Жыв. НС), прымусо́ўка ’пакаранне; месца, дзе можна жыць толькі пад прымусам’ (Ян.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад запазычанага са ст.-польск. му́сіць (гл.). Укр. примуша́ти, приму́сити ’тс’, при́мус ’прымушэнне; настойлівае ўгаворванне і прымус гасцей да пачастунку’. Гл. таксама ЕСУМ, 3, 539.

Прыкляка́ць ’кленчыць’ (Ласт.), прыклякну́ты ’прысесці ад удару, перапуду; прысесці на кукішкі’ (ЛА, 2), прыклякнуць ’тс’ (Нас.), ст.-бел. приклякати, приклякнути ’тс’. Апошняе, паводле Карскага (Труды, 311), “усвоено из польского”; параўн., аднак, кляк ’загнутая галіна ці корань’ (ТС) < прасл. *klęk, што не выключае самастойнага развіцця, параўн. кля́каць, кля́кнуць (гл.).

Плаку́н-трава́ ’від чальчаку (відаць, вербалісты). Lythrum salicaria L.’ (ТС; Ласт.). Да пла́каць і трава́ (гл.), параўн. іншую назву — слёзнік. Паводле Кісялеўскага (Аб некат. асабл., 30), назва звязана з павер’ямі: ад яго плачуць ведзьмы і чэрці (Ласт., 799); ён плача, калі ў чалавека журба (ТС) і інш. Тэрмін узнік пад уплывам украінскай і рускай моў, дзе ён больш распаўсюджаны, параўн. укр. плаку́н ’тс’, рус. плаку́н‑трава́ — гэтак названа шмат раслін: белы гарлачык, святаяннік, скабіёза, драсён звычайны, баркун белы, касач сібірскі, скрыпень вузкалісты і чатырохгранны, аер, ядрушка, валяр’ян, большасць з іх — вільгацелюбівыя, што датычыць святаянніка (Hypericum L.), то паводле павер’я, яго крывава-чырвоны сок прымушае плакаць нячыстую сілу (Фасмер, 3, 272–273); сюды ж і балг. плаку́н ’чальчак’ (запазычана з рус.?, гл. БЕР, 5, 299).

Прыда́так, прыда́ток, мн. л. прыда́ткі ’дадатак; зямельная надбаўка да асноўнай паласы’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб., Касп.; докш., Янк. Мат.; тураў., Выг. дыс.; Сл. ПЗБ, ТС, Сл. Брэс., ЛА, 2). Сюды ж прыда́тны ’прыгодны, здатны, здольны’ (ТСБМ, ТС). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад прыда́ць < прасл. *pridati, прэфіксальнае да *dati (гл. дар).

Прыро́стак ’малады парастак расліны’ (ТСБМ), ’тое, што прырошчана’ (Ласт.), прыро́станы ’прырослы’ (ТС), сюды ж прыро́сток ’прыток ракі, ручая’ (Клім.). Да прырасці́, гл. расці; параўн. рус. дыял. приро́сток ’цяля’, укр. приро́сток ’прыплод’, славен. prirástek ’прырост’, балг. прира́стък ’нешта прырослае, адростак’ і пад. Паводле БЕР (5, 731), агульнаславянскія аддзеяслоўныя ўтварэнні, спецыфічныя для асобных славянскіх моў.

Прычэ́пка ’што-небудзь прычэпленае — прывешанае, прымацаванае’; ’зачэпка, прычына’; ’несправядлівы дакор, дробязная, неістотная заўвага; прыдзірка’ (Нас., Др.-Падб., ТСБМ), пры́чапка ’прычэпка’ (Байк. і Некр.), ’тое, што прычэплена’ (Ласт.), прычо́пка ’прычэпка, прыдзірка’ (Сцяшк.), прычуо́пка ’падстава для сваркі’, прычэ́пны ’назойлівы’ (Сл. ПЗБ). Сюды ж прычэ́пніца ’чужынка’ (ТС), прычэ́пны ’сваяцкі’ (ТС). Дэрываты ад прычапіць, гл. чапля́ць.

Прыго́н перан. ’грамадскі лад, заснаваны на прыгонным праве; прыгонніцтва; дармавая прымусовая праца сялян на памешчыка ў часы прыгоннага права; паншчына; збор працаўнікоў, якіх прыгналі на паншчыну’ (Мік., Мядзв., Др.-Падб., Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Касп., ТСБМ, ЛА, 3), прыго́н, пріго́н ’прыгон, паншчына’ (клім., Бяльк.), прыго́н, прыгуо́н ’тс’ (Сл. ПЗБ), прыго́ншчына ’прыгонніцтва’ (Нік. Очерки), прыго́ннік ’прыгонны селянін; працаўнік, якога прыгналі на паншчыну; працаўнік, якога нанялі на пэўны тэрмін працаваць 2–3 дні ў тыдзень’ (Нас., Ласт., Байк. і Некр., Касп.), прыго́нка, прыго́нніца ’прыгонная сялянка; працаўніца, якую прыгналі на паншчыну’ (Нас.); параўн. з процілеглымі значэннямі: прыго́ннік ’памешчык, які карыстаўся прыгонным правам, меў прыгонных сялян; рэакцыянер’ (ТСБМ), прыго́ншчык ’той, хто прыганяе або назірае за працай на паншчыне, падганяе да працы’ (Нас., Байк. і Некр.). Ст.-бел. пригнати, пригоняти, пригнатися, пригонатаи ’наглядчык’ (Сл. Скарыны). Да прыганя́ць (гл.).

Прыда́рыцца ’здарыцца; пашчасціць’ (Нас., Байк. і Некр., Ласт.). Безумоўна, звязана з коранем ‑дар‑ (< прасл. *darъ, *dariti), які, нягледзячы на фармальныя цяжкасці, вылучаецца і ў зда́рыцца (гл.; апошняе разам з укр. зда́ритися ЕСУМ, 2, 254 лічыць запазыч. з польск.). Семантычнае развіццё ад ’дар, падарунак і пад.’ да ’здарыцца, адбыцца’ становіцца больш зразумелым у сувязі з наяўнасцю ў прыда́рыцца значэння ’пашчасціць’.