Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Трупе́хавы ‘трухлявы, збуцвелы, гнілы’ (Бяльк.), трупе́хлы ‘гнілы, ломкі ад гніласці, спарахнелы, трухлявы’ (Нас., Байк. і Некр., Бяльк., Касп., Ласт., Нік., Оч., Варл., Юрч., Сцяшк. Сл.; мёрск., Нар. сл.; в.-дзв., Шатал.), трупе́хліна ‘твань, гніль, трухля’ (Касп.; в.-дзв., Шатал.), ‘гнілое дрэва’, ‘нямоглая жанчына’, ‘зусім слабая асоба’ (Юрч. СНЛ), трупяхля́вый ‘падгнілы’ (там жа), трупе́хнуць ‘трухлець, парахнець, гніць да трухлявасці, распадацца’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб., Касп., Нік., Оч.; в.-дзв., Шатал.; полац., Нар. лекс.). Параўн. рус. дыял. трупе́хлый, трупе́рхлый ‘трухлявы, гнілы (пра дрэва)’, смал. трупе́хнуть ‘рабіцца трухлявым’. У аснове назоўнік *трупеха, вытворны ад труп, гл.; параўн. укр. трупахи́, трупехи́ ‘від сліў’, якія ўзводзяцца да струп (ЕСУМ, 5, 454). Параўн. палаталізаваны варыянт, гл. трупешлы.

Трактава́ць1 ’разглядаць, абгаворваць’, ’даваць тлумачэнне’, ’разумець, тлумачыць’ (ТСБМ), ’меркаваць, разважаць, ацэньваць’ (Цых.), ст.-бел. трактовати ’весці перагаворы’, ’тлумачыць, разважаць’ (1595 г.). Са ст.-польск. traktować ’трактаваць’, ’адносіцца да каго-небудзь, абыходзіцца з ім’ (Булыка, Лекс. запазыч., 188), якое з лац. tractāre ’весці перагаворы, абмяркоўваць, дамаўляцца’, ’трактаваць’, ’ведаць і ўмець’.

Трактаваць2 ’частаваць’, ’абдорваць’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Гарэц., Шат., Байк. і Некр., Нар. Гом., Янк. БП), трахтава́ць ’тс’ (Бяльк., Федар. 5, Сцяшк. Сл.), ст.-бел. трактова́ти ’частаваць’ запазычана са ст.-польск. traktować ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 188), якое з лац. tractāre ’аказваць гасціннасць, частаваць’. Параўн. таксама ст.-бел. трактамент ’пачастунак’ (1711 г.), якое са ст.-польск. traktament ’пачастунак’, ’прыём’ < лац. tractamentum ’тс’ (Брукнер, 574; Голуб-Ліер, 486; Голуб-Копечны, 106, 388; ЕСУМ, 5, 617).

Тро́йчы ‘трайчасты’ (Байк. і Некр.), ‘тры разы, утрая’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Растарг., Сержп. Прык.), трэ́йчы ‘тс’ (Федар. 2, Пятк. 2, Кліх), тро́йча ‘тс’ (Нар. Гом.), тры́йчы (трійчи) ‘тс’ (Нас.), трычы, трычі ‘тс’ (арш., Мат.; Бес.), ст.-бел. тройчи, треичы ‘тс’ (ГСБМ). Утвораны ад зборнага лічэбніка trojь і іменнай формы *jьtjь ‘ход’ ад дзеяслова *jьti ‘ісці’ (ЭССЯ, 5, 193; ЕСУМ, 5, 642) падобна, як ст.-слав. форма на ‑жды, якая з *šьdy < дзеепрыметнік *šьdъ (< xoditi ‘хадзіць’). Інакш — Карскі (Белорусы, т. II, вып. 2, Варшава, 1911, с. 91) і Шуба (Прыслоўе, 56–57): суфіксальны элемент ‑ч‑ збліжаецца з ‑ц‑ (параўн., стараж.-рус. двоица, троица, балг. двоица, троица, макед. двајца, четворица) і ўзводзіцца да ‑к‑, параўн. трэ́йко ‘трыкроць’ (ТС; гом., Рам. 3).

Трудны ‘цяжкі’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Ласт., Вруб.; паст., Сл. ПЗБ), ‘нудны, прыкры, невыносны’ (Нас.), ‘цяжка хворы’ (Пан.), тру́дна ‘вельмі цяжка, вельмі моцна’ (Нас., Бяльк., Гарэц., Ян., Сл. ПЗБ), ‘пакутліва (пры смерці), балюча, пякельна, нясцерпна’ (воран., в.-дзв., швянч., ашм., пруж., Сл. ПЗБ), ‘немагчыма’, ‘толькі б’ (Нас.), тру́дно ‘цяжка’ (Сл. ПЗБ), трудно́ ‘тс’ (Растарг.); сюды ж труднава́ць ‘пакутаваць, гараваць’ (Сцяц.; маладз., Янк. Мат.), ‘цяжка хварэць, мучыцца пры цяжкай хваробе, перад смерцю’ (Рэг. сл. Віц., Пан., Сл. ПЗБ, Янк. 3.), ‘перажываць, хвалявацца, нервавацца’ (воран., Сл. ПЗБ), ‘трывожыцца’ (Сцяшк.), труднава́цца ‘турбавацца’, ‘пакутаваць, моцна перажываць’ (гродз., Нар. лекс.), ‘знаходзіцца ў цяжкім становішчы’ (Сцяшк. Сл.), трудні́ць ‘абцяжарваць, турбаваць’ (Нас.), ‘мучыць, цягнуць на ваніты’ (мядз., Нар. сл.), трудні́цца ‘мучыцца’, ‘пакутаваць ад болю, ад хваробы перад смерцю’ (віл., рагач., Сл. ПЗБ, Скарбы, Др.-Падб., Сцяшк. Сл.). Да труд2, гл.

Труна́ ‘дамавіна’ (ТСБМ, Нас., Багушэвіч, Байк. і Некр., Бес., Ласт., Федар. 4, Шым. Собр., Сержп. Прымхі, Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., Яруш., Мал., Булг., Гарэц., Мат., Др.-Падб., Варл., ТС, Вруб., Растарг.; петрык., Яшк. Мясц., ЛА, 3, Сл. ПЗБ), ‘пагібель, канец; вельмі дрэнна’ (ТСБМ), ст.-бел. труна (трумна, трунна) ‘труна’ (1577 г., ГСБМ). Запазычана са ст.-польск. trona, truna, trumna, trunna < с.-в.-ням. truhe ‘скрыня, труна’ (Булыка, Лекс. запазыч., 102), якое з’яўляецца роднасным ням. сілез. trūne ‘тс’, truhe, н.-в.-ням. truhne ‘тс’, ‘сундук’, trügge ‘карыта’, нарв. trygja ‘кошык для рыбы’, англ. trough ‘карыта’, ‘дзяжа, кадка’, якія, відаць, зводзяцца да гоц. triu, англ. tree ‘дрэва’, што да і.-е. *dereu̯(o)‑ ‘дрэва’ (Фасмер, 4, 109; Брукнер, 577; Шустар-Шэўц, 1538; ЕСУМ, 5, 656; Васэрцыер, 236, 237; Борысь, 644). Польск. trumna Вінцэнц (гл.) лічыць гіперкарэктнай формай.

Трымце́ць, трамце́ць ‘дрыжаць, калаціцца (ад стуку, удараў, ад страху)’, ‘трэсціся, калыхацца’, ‘пакрывацца рабізною (пра паверхню вады)’, ‘узмоцнена і часта біцца (пра сэрца)’, ‘махаючы крыламі, трымацца ў паветры’, ‘трапятаць ад моцнага хвалявання, унутранага пачуцця’ (ТСБМ, Некр. і Шат., Ласт., Сцяшк.; ашм., Стан., Ян., Растарг.), ‘дрынкаць, бразгатаць, дзілінкаць, тарахцець’ (Некр. і Байк.), зоркі трымця́ць ‘зоры мігцяць, ззяюць’ (ваўк., ЛА, 2), тромце́ць ‘дрыжаць’ (ТС), сюды ж ст.-бел. тремтенье ‘трапятанне, дрыжанне, матлянне’ (ГСБМ), гл. трамцець. Фармальная і семантычная блізкасць да літ. trìmti ‘дрыжаць ад холаду’, ‘лякацець’, лат. trimēt ‘рухацца’, tremt ‘баяцца’, ‘палохаць’ выклікалі меркаванні пра запазычанне ці пранікненне, што павінна было мець месца пасля падзення дыфтонгаў, але да падзення рэдукаваных у славянскіх мовах (Мартынаў, Бел.-укр. ізал., 49; яго ж, PC, 1993, 1, 38; Лекс. Палесся, 14; Лучыц-Федарэц, Baltica, 3, 1, 169 і інш.). Меркаванне адхіляецца Анікіным (Опыт, 289), які канстатуе толькі роднасныя адносіны.

Труск ‘дробныя галінкі, ламачча’ (ТС, Ласт.), trusk ‘ігліца, шыгалле’ (АБ, 7); сюды ж, відаць, і тру́сок ‘тонкія галінкі, трэскі’ (ТС), тру́сак (trusok) ‘сухія галінкі, трэскі’ (Тур.), ‘трэскавае смецце’, ‘дробязь, драбяза’ (Нас., Некр. і Байк.), ‘попел, прысак’ (полац., Стан.), трусо́к ‘пілавінне’ (Касп.), тру́сачкі ‘трэскі, смецце’ (Гарэц.), трусо́чык ‘дробны хвораст’ (Бяльк.). Параўн. укр. труск ‘дробна пабітыя, паламаныя галінкі, лаза’, ‘сухія галіны дрэў’, в.-луж. trusk ‘пацяруха’, ‘пыл’, ‘параскіданыя кавалкі’. Магчыма, да прасл. *truskъ ці *trǫskъ (ЕСУМ, 5, 659), генетычна звязаных з *trǫskati ‘аддзяляць’, ‘разрывацца, трэскацца, трашчаць’ (Фасмер, 4, 110), параўн. трускаць (гл.), а таксама рус. труск ‘трэск, хруст’, стараж.-рус. трускъ ‘тс’, польск. trusk, trzusk ‘тс’, якія, паводле Брукнера (579), звязаны чаргаваннем з *trysk‑, *trosk‑, а таксама з *trěsk] і са звонкім варыянтам *druzga ‘дробныя кавалачкі чаго-небудзь разбітага ўшчэнт’, *druzgati ‘ламаць, крушыць, разбіваць, раструшчваць, таўчы, сціскаць’ (SP, 4, 274–275), гл. друзгаць і наст. слова.

Трэ́ска ‘тонкі кавалак дрэва, адчасаны ад бервяна, палена; шчэпка’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Сержп. Прык., Ласт., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., ТС, Сцяшк., Др.-Падб., Растарг.), трі́ска ‘тс’ (кам., Бес., Горбач, Зах.-пол. гов.; Сл. Брэс.), tryèska ‘тс’ (Федар. 4), ст.-бел. треска ‘тс’, ‘стрэмка’, ‘парушынка’ (ГСБМ). Укр. трі́ска, трі́сочок ‘тс’, рус. тре́ска, треска́ старое ‘жэрдка, шост, палка’, новае ‘трэска, лучына для рашэцін пад тынк’, пск. тре́ска, мн. л. тре́ски ‘шчэпка, дранка’, ‘драўляныя асколкі’; польск. trzaska ‘трэска’, ‘стружка’, н.-луж. tśĕska, в.-луж. třĕska, чэш. tříska, славац. tríeska ‘тс’, ‘стрэмка’, славен. tréska, tŕska і trskà, харв. trijèska, чак. trîska, серб. тре̏ска, тре́ска ‘трэска; габлюшка’, балг. треска̀ ‘тс’, макед. треска, дыял. тра́ската ‘трэска, падпалка’, рус.-ц.-слав. трѣска. Прасл. *trěska ‘трэска’, ‘пацяруха’ (Сной₂, 788), роднаснае прасл. *trěskati ‘таўчы, біць, разбіваць’, *trěščiti ‘ўдарыць’ (Міклашыч, 361; Фасмер, 4, 100; Махэк₂, 658; Брукнер, 579; Голуб-Ліер, 492; ЕСУМ, 5, 645). Да трэск (гл.).

Тралява́ць1 ’транжырыць’ (Ласт.), тролёва́ць ’раздаваць, разбазарваць’ (ТС). Утворана ад гукапераймання тра-ля-ля ’весела спяваць’ > ’весела бавячыся, растранжырваць (грошы, маёмасць)’. Аналагічна ням. trällern ’весела напяваць’, літ. traliúoti ’спяваць тра-ля-ля’. Параўн. траляля́каць ’тс’ (Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 73), трэ́ляць ’сноўдацца без пэўных заняткаў’: месец тролю́е чоловек у Сочах (ТС).

Тралява́ць2 ’падцягваць драўніну з лесу да сплаву’, ’ісці, рухацца’, ’пракладваць дарогу’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Адм., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), ’перавозіць з месца на месца’ (Чуд.), ’таптаць пасевы, ходзячы ўздоўж палос’ (Шат.), трылява́ць ’выводзіць бярвенні з лесасекі на чыстае, больш прасторнае месца’ (падзе., Нар. сл.; Буз.); тролева́ць, тролёва́ць, тралёва́ць, трэ́ляць ’выносіць, выцягваць з цяжкадаступных месцаў нарыхтоўкі (пра лес, ягады і інш.)’ (ТС), тра́ліць ’траляваць’ (брагін., Мат. Гом.). Выводзіцца з польск. trelować ’выцягваць бярвенні з вады на склад’, ’цягнуць плуг’, ’бурлачыць, цягнуць судна людзьмі або коньмі’, што да англ. trail ’цягнуцца, валачыцца’, ’буксіраваць’, ’таптаць траву’. Сюды ж тралява́нне ’дастаўка лесу на прыстань’ (Некр.), траля́р ’тралёўшчык’ (Мат. Гом.), тралёўка ’вывазка’ (Сцяшк.).

Тра́хаць ‘гучна біць; ламаць з трэскам’, ‘трашчаць, ламацца’ (Нас.), ‘рэзка адрывіста грымець, бухаць’ (Юрч. Сін.), ‘трэсці’ (ТС), ‘трашчаць’ (Байк. і Некр.), ‘страляць’ (ТС), ‘стукаць, грукаць дзвярыма’, ‘балбатаць’ (Ян.); тра́хнуць ‘моцна, з сілай стукнуць каго-небудзь’, ‘выстраліць па кім-небудзь’, ‘застрэліць’ (ТСБМ), ‘трэснуць’ (Нас., Ласт., Байк. і Некр.), ‘стукнуць, упасці’ (ТС), ‘стукнуць (пра гром)’, ‘раптоўна пабегчы, ірвануцца’ (Мат. Маг.), тря́хнуць ‘стукнуць каго-небудзь чым-небудзь’ (Бяльк.); тра́хнуті ‘ўдарыць’ (Вруб.); сюды ж вытворныя ад траха́т ‘трэск’ трахата́ць ‘ламаць, крышыць’ (гродз., ЖНС), трахаце́ць ‘дрыжаць, трашчаць’ (Сл. ПЗБ); таксама тра́ханне, трахканне ‘грукат’, тра́ханнік, тра́хканнік ‘той, хто грукоча’ (Юрч. СНЛ). Утварэнні на базе гукапераймальнага трах, гл.

Траха́ць ‘трэсці’ (ТС), трахану́ць ‘страсянуць’ (Нас.; брасл., Сл. ПЗБ), ‘растрэсці (гной)’, ‘затрэсціся ад холаду’ (Юрч. СНЛ), трыхану́ць ‘страсянуць’ (Бяльк.), тріхану́ць ‘калатнуць; зрабіць вобыск’ (Юрч.). Фасмер (4, 113) мяркуе, што рус. тряхну́ть і тряха́ть з’яўляюцца новаўтварэннямі ад трясти́ ‘трэсці’; таксама Брукнер (579) польск. trząchąć адносіць да trząść ‘трэсці’. Параўн. паралельнае траса́ць, гл. трэсці.