Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Таласа́ ’дробныя хвалі на вадзе, зыб’ (слаўг., Яшкін, Слоўнік), ’дробныя зморшчыш, хвалі на вадзе’ (Ласт.), тало́сіцца ’злёгку хвалявацца, зыбацца (пра ваду)’, таласі́ць ’мігацець, мітусіцца (у вачах)’ (Ласт.). Нягледзечы на наяўнасць у гаворках некаторых міжземнаморскіх тэрмінаў (параўн. трымуктан, гл.), наўрад ці звязана з балканскім тэрмінам, параўн. макед. талас ’хваля, вал’, серб.-харв. та̏лас ’вал’, што ўзыходзіць да грэч. θάλασσα ’мора’ праз тур. talaz/talas/tales ’хваля, вал’, параўн. таксама харв. talàsati ’пералівацца (пра ваду, збожжа на полі)’, гл. Скок, 3, 438; Зайкоўскі, Слов. етим., 183; спец. пра грэчаскае слова гл. Ньюман, Arctos (Helsinki), 14, 51–78. Хутчэй звязана з наступным словам, гл.

Тастаме́нт ’завяшчанне’ (ТСБМ), тэстамэ́нт ’запавет’ (Яруш.), тэста́мэнт ’запавет, завяшчанне’ (Некр. і Байк., Ласт., Бяльк.), ст.-бел. тастаментъ, тастамэнтъ, тэстамэнтъ, дастаментъ ’завяшчанне’ (1484 г., КГС). Са ст.-польск. testament ’тс’, што з лац. testamentum ’тс’ (Карскі, 1, 180; Булыка, Лекс. запазыч., 77).

Ташнава́ць ’нудзіцца, сумаваць’ (Нас., Рам. 8–9, Растарг.), ’тужыць, нудзіцца’ (Касп.), тачнава́ць (точнова́ць) ’тс’ (Нас.). Шматкратны дзеяслоў да ташне́ць (гл.), зыходная форма тошна (гл.), што да *tъščьnъ ’нудны, сумны’, роднаснага *tъsknъ ’тс’, адкуль таскнава́ць ’нудзіцца, сумаваць’ (Нас., Ласт.), гл. таска.

Таке́ля ’толькі’ (Сцяшк.), ’не; яшчэ; усяго толькі’ (іўеў., Яшк. Мясц.). Да тыкеле (гл.), мена пад уплывам так, таквеле, гл. Не звязана, відаць, са штучна ўтвораным та́кель (Ласт.), да такаць1 (гл.) з рэдкім суф. ‑ель, па тыпу вярзель, круцель (параўн. Сцяцко, Афікс. наз., 38).

Талера́нтны ’цярпімы’ (ТСБМ); сюды ж толера́нтнасьць ’верацярпімасць’ (Ласт.). Т. зв. еўрапеізм, шляхі пранікнення няясныя, магчыма, ад польск. tolerant ’памяркоўны чалавек’ (Варш. сл.). З заходнееўрапейскіх моў, дзе ням., англ. tolerant, франц. tolérant ’талерантны’ ад лац. tolerans, ‑ntis ’які церпіць’ (ЕСУМ, 5, 593; Голуб-Ліер, 484).

Та́ктыка ’майстэрства падрыхтоўкі і вядзення бою, змагання; лінія паводзін’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), такты́чны ’звязаны з правядзеннем бою, барацьбы’ (ТСБМ). Праз польск. taktyka, taktyczny з ням. Taktik або франц. tactique з тым жа значэннем з лац. tactica (ars), грэч. τακτικός, ‑η (τέχνη)/τάξις ’строй, лад’ (Фасмер, 4, 13).

Таўпо́рыць ’мясіць, запіхваць’ (Юрч. Вытв.), таўпо́рыцца ’мітусіцца, вазіцца з чым-небудзь’ (Нас., Стан.); сюды ж таўпо́ра ’неакуратная, неахайная асоба’ (Юрч. Вытв.), таўпо́ранне ’важданне з чым-небудзь, мітусня’ (Нас.), ’штурханне ў цеснаце’ (Юрч. Вытв.), таўпа́рня ’валтузня, цісканіна, таўкатня, катавасія’ (Ласт.). Экспрэсіўнае ўтварэнне ад таўпіць (гл.), аналагічнае да таўморыць, гл.

Тако́ўскі (тако́вский, тако́вський) ’падобны’, ’гэтакі’ (Нас.), ’які заслугоўвае ўвагі, пахвалы або неадабрэння — асаблівы’ (ТСБМ), ’такі’ (Ласт., Сцяшк., Кал., Скарбы), такі́вськый ’найбольш зручны ў дадзены момант’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. таковськиі ’такі’ (XVI ст., Карскі 2–3, 54). Наватвор на базе *takovъ (Карскі, там жа; ESSJ SG, 2, 643), гл. таковы.

Татуі́раваць ’рабіць татуіроўку’ (ТСБМ), татуява́ць ’тс’ (Некр. і Байк.), татуава́ць ’тс’ (Ласт.). Запазычана праз рус. татуи́ровать або польск. tatuować ’тс’ з франц. tatouer ’тс’, якое праз англ. tattoo ’тс’ запазычана з палінезійскіх моў, дзе таіц. tatau, tatu ’пракол, знак, зроблены на скуры’ (Фасмер, 4, 28; ЕСУМ, 5, 528; Голуб-Ліер, 481).

Тамто́й ’той’ (Сцяшк. Сл., Вруб.; беласт., Сл. ПЗБ), там‑той ’вунь той’ (Байк. і Некр.), та́мты ’той, той там, той вунь там’: та́мты хлапе́ц (Ласт.), тамто́й: в тамтао́му ро́ці, в тамтао́му году́ ’летась’ (пін., ЛА, 2), тамто́је ’тое’ (Вруб.): та́мтая ле́та ’летась’ (астрав., ЛА, 2), та́м‑тэй ’вунь той’ (Нас.), ст.-бел. тамтый ’той’ (Ст.-бел. лексікон), фіксуецца ў старабеларускай мове з канца XV ст. (КГС); сюды ж вытворнае тамтэ́йшы ’немясцовы, нетутэйшы’ (Ласт.). Калька са ст.-польск. tamten, дзе tam ’там’ і ten ’той’, гл. там і той. Карскі (2–3, 91) адносіць сюды і іншыя ўтварэнні з пачатковым элементам там: ст.-бел. тамтотъ, тамтого, складанае прыслоўе тамто і інш., што ўзніклі пад польскім уплывам (гл. то). Параўн. ЕСУМ, 5, 513.