Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Смя́га ‘сухасць на губах’, ‘смага’ (Нас., Касп.), ‘млявасць, млосць’ (Ласт.), смя́гнуць ‘запякацца, засыхаць ад гарачыні’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Касп.), ‘смажыцца ў зачыненым посудзе’ (Касп.), ‘вянуць’ (Гарэц.), ‘пячыся на сонцы, адчуваць прагу да вады, быць мляўкім’ (Варл.), смя́глы ‘засохлы ад гарачыні’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), смя́гці, смя́хці ‘сохнуць (па кім-небудзь)’ (віл., Сл. ПЗБ). Рус. дыял. смя́гнуть, пересмя́гнуть ‘перасохнуть (аб губах), патрэскацца’: смя́га во рту, стараж.-рус. прѣсмѧгнути ‘высахнуць, запячыся’, чэш. osmahlý ‘загарэлы’, славац. zusmehlý, славен. prismegniti ‘пасохнуць (пра расліны)’. У рускай таксама формы з ‑к‑: пересмя́клый, пересмякло во рту. Зыходнае *smęgnoti — вынік назалізацыі каранёвага галоснага, прадстаўленага ў *smog‑, гл. смаголь (Куркіна, Диал. структура, 73). Паводле Махэка (гл. Фасмер, 3, 695), гэта экспрэсіўная палаталізацыя зыходнага смага (гл.) або яго кантамінацыя з *mekъkъ (гл. мяккі).

Смяя́цца ‘праяўляць весялосць, радасць смехам’, ‘насміхацца’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), смія́цца тс’ (Бяльк.), ‘жартаваць’ (Стан.), смея́цца ‘тс’, ‘усміхацца’ (ТС), ст.-бел. смѣѧтисѧ (Альтбаўэр). Укр. смія́тися, рус. смея́ться, стараж.-рус. смияти ся, польск. śmiać się, в.-луж. smjeć so, н.-луж. smjaś se, чэш. smáti se, славац. smiať sa, серб.-харв. смѐјати се, смѝјати се, славен. smẹ́jati se, макед. смее се, балг. сме́я се, ст.-слав. смиꙗти сѧ. Прасл. *smьjati sę роднаснае лат. smiêt, smeju, smêju ‘смяяцца, жартаваць, узнімаць на смех’ ст.-інд. smáyatē ‘смяяцца’, англ. smile ‘смяяцца’, лац. mīrus ‘цудоўны’; гл. Покарны, 967; Фасмер, 3, 688; Мюленбах-Эндзелін, 3, 968; Майргофер, 3, 548; Махэк₂, 559; Шустар-Шэўц, 1319. Да і.-е. кораня *smei̯‑ ‘смяяцца’ (Сной₁, 584; Борысь, 617; Варбат, Этимология–1965, 117; Мельнічук, Этимология–1984, 142; ЕСУМ, 5, 324) або *(s)mei‑ ‘тс’ (Глухак, 565).

Сму́ніць ‘пацерці звітую вяроўку, каб зрабіць яе больш мяккай’, ‘трапаць абутак, адзежу; зношваць збрую’ (Нік. Очерки), сьму́ніць ‘церці, выціраць’, сюды ж асму́ніць ‘абсмыгаць, абцерці, абтрапаць’ (Ласт.). Параўн. рус.-ц.-слав. присмѧнѫти ‘прывянуць’, присмѧдитисѧ ‘прыгараць’. Вытворнае ад прасл. дыял. *smǫditi ‘паліць, капціць, вэндзіць’, якое лічыцца фанетычным варыянтам *svǫditi ‘тс’, суадноснага з svęděti ‘быць высушаным, знаходзіцца ў гарачыні’, што ўзыходзіць да і.-е. *(s)u̯endh‑ ‘памяншацца, убываць, вянуць’. Змена sv > sm пад уплывам слоў тыпу смала, смага (гл.). Параўн. укр. дыял. сму́дитися ‘смажыцца, пражыцца’, польск. smądzić ‘вэндзіць’, swędzić ‘свярбець’, smędzić się ‘ледзве гарэць’, в.-луж. smudźić ‘смаліць’, н.-луж. smuźiś ‘абпальваць, смаліць’, чэш. smouditi ‘паліць, капціць’, славац. smudiť ‘чадзіць, капціць’, серб.-харв. сму́дити ‘смаліць; абпальваць’, славен. smoditi ‘паліць, прыпальваць’, балг. смъдя́ ‘свярбець’, макед. смади ‘абпальваць’, роднасныя ст.-англ. swindan ‘знікаць, прападаць’, ням. schwinden ‘тс’. Гл. Глухак, 567; SEK, 4, 330; Бярнар, Бълг. изсл., 265–266; Шустар-Шэўц, 1324; ЕСУМ, 5, 330–331. Параўн. смурыжыць (гл.).

Сму́так ‘пачуццё суму, маркоты, жалю’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Касп., Ласт., Байк. і Некр., ашм., Стан.), ‘цяжкі час, цяжкі стан, цяжкія абставіны’ (Растарг.), ‘нуда, сум, цяжкія думкі’ (Варл.), смуто́к ‘тс’ (ТС), сму́тны ‘сумны, невясёлы’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Касп., Шат., ТС, Сл. ПЗБ), смуткава́ць ‘сумаваць, маркоціцца’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Гарэц., Сл. ПЗБ), ст.-бел. смуток ‘сум, маркота’ (Альтбаўэр), смутныи ‘сумны, невясёлы’ (XVII ст., Карскі 2–3, 446). Укр. сму́ток ‘смутак’, сму́тний ‘смутны’, рус. сму́тный ‘няяркі, невыразны’, польск. smutek, smętek, smutny, чэш. smutek, smutný, славац. smótok, smutny, балг. смътен ‘невыразны, няясны’, макед. сматен ‘тс’, ст.-слав. съмѫтьнъ ‘устрывожаны, збянтэжаны’. Прасл. *smǫtъkъ, *sъmǫtьnъ ад *sъmǫtiti (гл. смута). Мяркуецца, што *sъmǫtek раней уяўляўся як бажаство, якое ўвасабляла ‘смутак, маркоту’, параўн. каш. smątk ‘д’ябал’, укр. гуц. смуч ‘чорт’ (Н. Хобзей, Гуцульска міфологія, 2002, 167), і сму́ток ‘чорт’ (КСТ), параўн. a smútki jehó wiedajuć (Федар. 4). Гл. Цыхун, Бел.-польск. ізал., 148; SEK, 4, 324. Борысь (SEK, 4, 325) і Брукнер (329) лічаць міфалагічнае значэнне другасным.

Смала́1 ‘загусцелы сок хваёвых і іншых раслін’, ‘пра назойлівага, надакучлівага чалавека’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.; ашм., Стан.; астрав., драг., Сл. ПЗБ), ‘жывіца сасны’ (Пятк. 2), смола́ ‘тс’ (ТС), ст.-бел. смола ‘тс’ (Сташайтэне, Абстр. лекс.), сюды ж смалі́ць ‘насычаць смалой’ (ТСБМ, Байк. і Некр.). Укр., рус. смола́, стараж.-рус., серб.-ц.-слав. смола ‘тс’, польск. smoła, в.-луж., н.-луж. smoła, палаб. smüla ‘смала; пекла, печ’, чэш. smůla, славац. smola, серб.-харв. смо̀ла, славен. smóla, балг. смола́, макед. смола. Прасл. *smola утворана ад і.-е. кораня *(s)mel‑ ‘гарэць, тлець’ (Сной₁, 586). І.‑е. адпаведнікі: лат. smeļi мн. л. ‘смольныя паленні’, літ. smėla ‘тлее’, smelà ‘смала’, н.-ням. smelem ‘гарэць доўга і дымна’, с.-ірл. smál, smól, smúal ‘агонь, попел’ (Праабражэнскі, 2, 337; Фасмер, 3, 690; Шустар-Шэўц, 1322; Сной₁, 586; Глухак, 566; Скок, 3, 294; ЕСУМ, 5, 326–327). Махэк₂ (563), Борысь (563) лічаць *smola дэрыватам ад незахаванага ў славянскіх мовах дзеяслова *smelti ‘тлець, злёгку гарэць’, суадноснага з *smaliti, гл. смаліць.

Смала́2, смыла́, смэла́, смо́лка ‘малодзіва’ (бяроз., пін., хойн., Шатал.), смала́, смаліна́, смо́лак, смо́лка ‘(ліпкае саланаватае) малако перад ацёлам’ (Мат. Гом.), смола́ ‘тс’ (ТС), смо́лка ‘тс’ (Шат., Сцяшк., Мат. Маг., Сл. ПЗБ). Гл. папярэдняе слова. Семантычнае развіццё аналагічна развіццю ў сера ‘малодзіва’ (гл.).

Смерць1 ‘спыненне жыццядзейнасці, гібель арганізма’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС). Укр., рус. смерть, стараж.-рус. съмьрть, польск. śmierć, в.-луж. smjerć, н.-луж. sḿerś, чэш. smrt, славац. smrť, серб.-харв. смр̋т, славен. smŕt, балг. смърт, макед. смрт, ст.-слав. съмрьть. Прасл. *sъmьrtь роднаснае літ. mir̃tìs, mirtìs ‘смерць’, лат. mir̃te ‘тс’, ст.-інд. mr̥tis, лац. mors, Р. скл. mortis ‘тс’, гоц. maúrꝥr ‘забойства’ ад і.-е. *mer‑ ‘паміраць’. Большасць даследчыкаў (гл. Траўтман, 187; Махэк₂, 562; Фасмер, 3, 685–686; Сной₁, 586–587, Борысь, 618 і інш.) звязваюць частку *sъ‑ у праславянскім слове з ст.-інд. su‑ ‘добры’, першапачаткова ‘добрая’, г. зн. ‘свая, натуральная’ і, далей, з слав. займеннікам svo‑ (гл. свой). Аднак Трубачоў (Проспект, 82 і наст.) разглядае слав. *sъmьrtь як праславянскі наватвор з прыст. *sъ‑ параўнальна з больш старым *mьrtь < і.-е. *mr̥t‑s, параўн. чэш. mrt ‘адмёршая частка; неўрадлівая зямля’; гл. Глухак, 567.

*Смерць2, смэрть ‘вусень’ (кам., ЛА, 1), смяртэ́льнік ‘начны матылёк’ (Сцяшк. Сл.). Да папярэдняга слова, відаць, на базе ўяўленняў пра дрэнны знак, які падае начны матылёк, што заляцеў у хату, прадвеснік смерці, падрабязней гл. Гура, Символика, 487–488); параўн. цьма ‘тс’ (гл.), што перанесена і на вусеня як стадыю ў развіцці матылька.

Смо́ква ‘плод смакоўніцы; інжыр, вінная ягада’, ‘смакоўніца’ (ТСБМ, Ласт.), смо́квы ‘ірга, ягады іргі’ (капыл., люб., Трухан, вусн. паведамі), ст.-бел. смоква ‘інжыр, вінная ягада’: смоква созрѣла (Альтбаўэр). Укр., рус. смо́ква, серб.-харв. смо̏ква, славен. smókva, балг. смо́ква, макед. смоква, ст.-слав. смокы, смокъва. У заходнеславянскіх мовах слова лічыцца запазычаннем з іншых славянскіх моў, параўн. Варш. сл., 6, 243; Махэк₂, 561; Шустар-Шэўц, 1321. Слова спрэчнага паходжання. Паводле традыцыйнага погляду, які ўзыходзіць да Капітара (гл. Машынскі, Этимология–1997–1999, 120; гл. таксама Фасмер, 3, 689), прасл. *smoky запазычана з гоц. smakka ‘смоква, фіга’ або *smakko ‘смачны плод’, менавіта з балкана-германскага; яно роднаснае нова-в.-ням. schmecken ‘прыходзіцца да смаку’, літ. smaguriai мн. л ‘прысмакі’ або, як мяркуе Скок (3, 293–294), запазычана з даіндаеўрапейскай міжземнаморскай мовы. Па іншай версіі, гэта спрадвечнаславянскае слова, якое параўноўваюць з славац. smokva ‘чырвоная ягада’, smokvica ‘суніцы’, чэш. smok ‘сок раслін’, славен. smȏk ‘прыправа да хлеба’, ‘ялавічына’, серб. смо́к ‘прыправа; масла, сыр; ператопленыя сала і тлушч, якімі запраўляюць ежу’, балг. смок ‘пасоленае мяса’. Ілліч–Світыч (ЭИРЯ, 1962, 2, 73 і наст.) узнаўляе прасл. *smokъ ‘сакавітае вільготнае рэчыва, галоўным чынам расліннага паходжання’ (гл. смактаць), пры гэтым гоцкае слова лічыцца запазычаннем з славянскіх моў або незалежным запазычаннем з трэцяй крыніцы, гл. Бязлай, 3, 272–273; Скок, 3, 294. Аналагічна Сной₁, 585; Рэйзак, 585; Шустар-Шэўц, 1321–1322. Агляд версій гл. Глухак, 566.

Сма́га1 ‘моцнае жаданне піць’, ‘недахоп вільгаці, суша, спёка’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Бяльк., Пятк. 2, Шат., Нік. Очерки, Касп., Байк. і Некр., ТС, Сл. ПЗБ), сма́га, сьмя́га ‘тамленне, млосць’, сма́га ‘белы згустак на губах’ (Ласт., Варл.), ‘засмягласць вуснаў пры гарачцы’, ‘іржа на збожжы’ (Арх. Федар.), ‘марыва ад спёкі’, ‘загар’ (Гарэц.), сма́гнуць ‘знемагаць, мучыцца ад смагі, гарачыні’, ‘перасыхаць, сохнуць (пра губы, горла, рот)’ (ТСБМ, Шат., Касп., Бяльк.; драг., З нар. сл.; пух., Сл. ПЗБ), ‘марнець’ (ганц., Сл. ПЗБ), сма́жыць ‘гатаваць на агні (мяса, рыбу, грыбы і пад.)’, безас. ‘пра сухасць у роце, выкліканую смагай’, ‘апякаць прамянямі, паліць (пра сонца)’ (ТСБМ, Нас., Байк., Шат., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ, ЛА, 4). Укр. сма́га, сма́гнути, сма́жити ‘тс’, рус. зах., паўд. сма́га, сма́гнуть, смя́гнуть, сма́жить ‘тс’, стараж.-рус., ст.-рус., ц.-слав. смага ‘агонь; сухасць; гарачка’, ст.-польск. smaga ‘сухасць у роце’, smażyć ‘сушыць, падпякаць’, в.-луж. smaha ‘загар’, smahnyć, smažíc, н.-луж. smaga ‘апёк; поле пад парам’, smagnuś, smažyś, чэш. старое smaha, smáha ‘пах нечага спаленага’, smahnouti ‘сохнуць, сушыцца’, славац. smažiť ‘сушыць’ харв. дыял. smȁga ‘вялікая прагавітасць’, серб.-харв. сма̀гнути ‘пацямнець, загарэць’, славен. smága ‘смуглая скура’, smágniti ‘тужыць’. Цяжка звесці да адной праформы. Прасл. *smaga выводзяць з *smažiti ‘сушыць на сонцы’ па тыпу *slava*slaviti (гл. Бязлай, 3, 268), параўноўваюць з літ. smogóti ‘сушыць’ (гл. Рэйзак, 584), дзе кароткая ступень вакалізму суадносіцца з *smagnǫti ‘тс’. Вакалізм славянскіх слоў тлумачыцца ўплывам *pražiti ‘пражыць’ і роднасных, аднак поўнасцю прыняць версію перашкаджаюць формы з каранёвым ‑o‑ (гл. смаголь). Махэк₂ (559) набліжае гэтыя словы да ням. schmachten ‘сохнуць, мучыцца смагай або голадам’. Гл. Фасмер, 3, 663 з іншай літ-рай, Шустар-Шэўц, 1317. Міклашыч (311) і Праабражэнскі (2, 333) адносяць сюды ж смуглы (гл.) з іншай ступенню чаргавання. Паводле Куркінай (Этимология–1985, 11), для праславянскага стану характэрна этымалагічнае гняздо з чаргаваннем асноў *smeg‑/*smog‑/*smaga. Гл. яшчэ смяга.

Сма́га2, смага́ ‘налёт пылу, копаці’ (смарг., чэрв., Сл. ПЗБ). Семантычная кантамінацыя смага і смуга (гл.).

Сма́га3 ‘гора, бяда’, сма́гнуць ‘гараваць, бедаваць’ (слуц., Моўныя адзінкі і кантэкст, Мн., 1992, 268), сма́га ‘гора, бяда, няшчасце’ (Сл. рэг. лекс.). Параўн. укр. дыял. смага́ ‘бяда’. Няясна; магчыма, працяг семантычнага развіцця смага1 (гл.), сма́гнуць. Параўн. ЕСУМ, 5, 315.