Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Раплю́к ’птушка пеначка, Phylloscopus’ (Ласт.). Экспрэснае ўтварэнне на базе кораня pan‑ (< panm‑, гл. рапт, раптам), аформленага частотным у назвах птушак суфіксам (гл. Антропаў, Назв. птиц, 85–86 і інш.), г. зн. птушка атрымала назву па ўласцівасцях руху, прычым адзінкавая фіксацыя сведчыць, хутчэй, на карысць уласнай словатворчасці аўтара. Не выключана, аднак, утварэнне на базе гукапераймання, параўн. н.-луж. wrona rapa, чэш. дыял. straka rapoce і найменні тыпу ўкр. рапа́к, рапа́ч, рапча́к ’птушка драч. Crex crex L.’, в.-луж. rapak ’птушка крумкач, груган, Corvus corax L.’, гл. Шустар-Шэўц, 2, 1207.

Рата́р ’земляроб, араты’ (Ласт.). Параўн. славац. дыял. ratár ’араты’, в.-луж. ratar ’селянін; араты’, славен. rátar, arátar ’араты’, серб.-харв. ра̏та̑р, балг. ратар (< серб., гл. БЕР, 6, 190), рус. фальк. ратарь ’араты, земляроб’ (СРНГ). Прасл. *ortarь лічыцца другаснай формай, узнікшай шляхам замены суф. *‑ajь больш жывым суф. *‑arь з першаснага *ortajь (гл. ратай) (Шустар-Шэўц, 2, 1208), параўн. аднак паралельныя грэч. αροτήρ, лац. arator ’араты’, для якіх рэканструюецца і.-е. *arH‑ter/tor‑ як nomen agentis да *arH‑ ’араць’ (Сной, гл. Бязлай, 3, 155). Адзінкавасць фіксацыі не дае ўпэўненасці ў народным характары слова, гл. таксама з іншай суфіксацыяй аратні́к, аратня́к ’араты’ (Лексика Пол.).

Рапт ’парыванне, імпэт’ (Нас., Байк. і Некр.), ра́птам ’знянацку, нечакана, імкліва’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., Варл., Растарг., Сл. ПЗБ), ра́птом ’нечакана, адразу; усяго толькі’ (ТС), параўн. укр. ра́птом ’ураз, неспадзеўна’, рус. смал. рапт ’парыў, імгненне’, раптом ’нечакана, адразу’. Запазычана з польск. rapt ’крадзеж, захоп’ з лац. raptus ’рабунак’ шляхам адсячэння назоўнікавага канчатка ‑us, raptem ’знянацку’ з лац. raptim ’спешна’, што выводзяцца з лац. raptō ’хапаць, красці’, гл. Брукнер, 454; Фасмер, 3, 443. Сюды ж рапто́ўна, рапто́ва ’знянацку, нечакана, неспадзявана’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ), рапто́ўно, рапто́во ’тс’ (Сл. ПЗБ, ТС, Сл. Брэс.), раптэ́я ’тс’ (чэрв., Сл. ПЗБ), ранта́мі ’тс’ (ТС), раптаві́цай ’знянацку’, раптэ́чня ’нечакана’, рапто́ўе ’нечаканасць’ (Сцяшк. Сл.).

Раўні́на ’роўная, без гор, пагоркаў і паніжэнняў зямная паверхня’, ’роўнае месца, роўнядзь, роўнае поле’ (ТСБМ, Ласт., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), раўніна́ ’тс’ (ваўкав., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.), роўніна́ ’нешта выключна роўнае; роўная мясцовасць, роўнядзь’ (ТС); ст.-бел. ровнина (1616 г., Карскі, 1, 415). Параўн. укр. рівнина́ ’тс’, рус. равни́нац.-слав.) ’тс’, польск. równina ’тс’, серб.-харв. равнѝна ’тс’, славен. ravnína ’тс’, балг. равнина́, ц.-слав. равьнина ’тс’. Дэрыват ад прасл. *orvьnъ са значэннем ’роўны’ (гл. роўны) з далейшым утварэннем пры дапамозе суф. ‑in(a) са значэннем ’месца, прастора’, падобна як цесныцясніна і інш. (БЕР, 6, 140). Меркаванні пра запазычанне гл. Кохман, Зб. Бархудараву, 160.

Расто́ка ’рытвіна, размытая веснавой вадой’ (Ласт.), ’паводка’ (Сцяшк. Сл.), ’месца, у якім шырыня ракі значна павялічваецца’ (Ластоўскі, Выбр. тв., 422), ’адліга’ (Сл. ПЗБ). Параўн. польск. roztoka ’вузкая даліна; ручай’, старое таксама ’адліга, разводдзе’, чэш., славац. ráztoka ’зліццё малых ручайкоў у большую плынь’, в.-луж. rostoka (roztoka) ’роў, па якім вада збіраецца ў плынь ці азярцо’, макед. растока ’разгалінаванне ракі’, расток ’разліў’. Прасл. *orztoka, што з *orz‑ (гл. рас-) і *tekti (гл. цячы, ток), гл. Шустар-Шэўц, 2, 1243. Махэк₂ (510) бачыць у чэшскай і славачкай назвах адлюстраванне погляду знізу, што прысутнічае ў славен. ráztoka ’кол з развілкай у плоце’, славац. ráztok ’развілістая галіна’, паводле Фурлан (Бязлай, 3, 160), у выніку змены nomen actionis > nomen acti з *(orz)točiti ’раздзяліць, развесці’.

Раса́да ’маладыя расліны, што вырасцілі для перасадкі’ (ТСБМ, Касп., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), рыса́да, расса́да (Бяльк.), раса́дзіна ’каліва расады’ (Ян.). Параўн. рус. расса́да ’тс’, польск. rosada ’тс’, ст.-польск. rozsada ’тс’, славен. razsad, rošada ’тс’, літ. rasoda ’расліна’. Ад агульнаслав. ‑сад‑ у значэнні ’працэс пасадкі раслін’ > *roz‑sad(a) > *rossad(a) > rosad(а), адсюль зборнае значэнне раса́да для маладых раслін, для таго, што рассаджваюць. Для адзначэння асобнай расліны з расады назіраюцца розныя формаўтваральныя мадэлі, у тым ліку беспрыставачныя: параўн. польск. sadzonka, чэш. sadno, славен. sadíka, серб. sádno ’тс’. Сюды ж вытворныя раса́днік ’скрынка з зямлёй для вырошчвання расады’, ’гадавальнік’ (ТСБМ, Ласт., Сл. ПЗБ), ’гародчык’ (Бяльк.), расса́днік ’крыніца з’яўлення, размнажэння чаго-небудзь’ (ТСБМ). Відаць, другаснае ўтварэнне раса́днік ’зруб у 3–4 вянцы — аснова печы’ (Нік. Очерки), дзе фіксуецца і першаснае раса́днік ’парнік’.

Рамяство́ ’вытворчасць вырабаў ручным саматужным спосабам; саматужніцтва’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Касп.), рамясло́ ’тс’, рэмясло́ ’ручное майстэрства, умельства’ (Ласт., Сл. ПЗБ), рэмесло́ ’рамяство, занятак’ (ТС), раме́сніцтва ’занятак рамяством’ (Байк. і Некр.). Параўн. укр. ремесло́, реме́ство ’тс’, рус. ремесло́, дыял. ремество́, польск. rzemiosło, в.-луж. rjemjesło, н.-луж. ŕemesło ’тс’, чэш. řemeslo, славац. remeslo, ст.-серб. ремезьство, ст.-слав. ремьство. Параўн. таксама ст.-літ. remẽsas ’рамеснік’, remẽstas ’рамяство’, лат. remêsis ’цясляр’, ramtýti ’секчы сякерай’, лат. ram̃stît ’секчы тупой сякерай, пілаваць тупой пілой’, ст.-прус. romestue ’сякера’, англ.-сакс. remian ’напраўляць, аднаўляць’. Фасмер (3, 469) мяркуе пра сувязь са ст.-рус. ремезъ (адзіная фіксацыя XIV ст.), рус. цвяр. ремеза́ ’спраўны, дзелавы чалавек’, што няпэўна. Паводле Віткоўскага (Зб. Русэку, 237), форма ремесло з’яўляецца з XVI ст. паланізмам ва ўсходнеславянскіх мовах, які ў пачатку XIX ст. канчаткова выцясніў з ужывання ў рускай мове формы на ‑ство (ремьство, ремество).

Ра́ма1 ’драўляны прамавугольнік для розных патрэб і мэт’, ’перакладзіна’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ), ’рама (акна і інш.)’ (ТС). Распаўсюджана вывядзенне з ням. Rahmen ’устойлівая апора, абрамленне, рама, рамка’ (у тым ліку Брукнер, 453). У беларускіх помніках сустракаецца з пачатку XVII ст. і разглядаецца як запазычанае праз польск. rama з ням. Rahmen (Булыка, Запазыч., 273; параўн. Фасмер, 3, 440). Нельга выключаць запазычанне праз дыялектныя формы, параўн. ст.-в.-ням. rama ’падпора, калона, абрамленне’, с.-в.-ням. rame ’тс’, ням.-аўстр. Rahm ’рама’, параўн. нідэрландскае raam ’рама, акно’ (параўн. Лявіцкі, 2, 93; Сной, 544).

Ра́ма2 ’прасла’, ’частка ткацкага станка, дзе ёсць ніты’ (Ласт.). Гл. ра́ма1.

Ра́ма3 ’машына для падоўжнага распілоўвання бярвення’, ’прыстасаванне з вертыкальнай рамай, у якой рухаюцца пілы’ (ТСБМ). Гл. ра́ма1.

Ра́ма4 ’прыстасаванне з жэрдак для сушкі траў’ (Сл. ПЗБ). Гл. ра́ма1.

Ра́ма5 ’дзве жэрдкі, замацавання папярочнай планкай, якія кладуцца на сані’ (рас., Шатал.). Гл. ра́ма1.

Ра́чыць ’жадаць, спрыяць, быць ласкавым’ (Нас., Мат. Гом., Сл. рэг. лекс.), ’раіць’, ’зрабіць ласку, уважыць просьбу’ (Варл.), рачы́ць ’ласкава запрашаць’ (Ласт.), ра́чыты ’жадаць’ (кобр., Жыв. сл.), ст.-бел. рачити ’любіць, турбавацца; рабіць ласку, згаджацца’ (Ст.-бел. лексікон). Сюды ж рачы́цца ’адгаворвацца, адракацца’ (маладз., Жыв. сл.), а таксама ў спалучэнні бажыцца‑рачыцца: бо́жыцца‑ро́чыцца, што не ён (Янк. 3.), магчыма і рачо́н ’рады, задаволены’: рачон быў куску хлеба (Сл. ПЗБ). Традыцыйна разглядаецца як запазычанае з польск. raczyć ’хацець, жадаць’ (Кохман, Polonica, 71; Булыка, Запазыч., 275), што цяжка давесці ў сувязі з ужываннем у народнай мове і шырокай вядомасцю ў славянскіх мовах, параўн. укр. ра́чити ’дазваляць, рабіць ласку’, рус. ра́чить ’жадаць, садзейнічаць, клапаціцца, старацца’, польск. raczyć, чэш. račiti, славац. račiť, славен. ráčiti ’хацець, рабіць ласку’, серб.-харв. ра́чити ’жадаць’, балг. ра́ча ’хацець, жадаць’, ст.-слав. рачити ’тс’. Прасл. *račiti, хутчэй за ўсё, да *rekti ’сказаць, заявіць’ (гл. рэкнуць), каранёвае a адлюстроўвае ступень падаўжэння (*rōk‑), звычайную для ітэратываў (Фасмер, 3, 451; ESJSt, 12, 744, з аглядам версій і літ-ры); лічыцца роднасным ст.-в.-ням. ruohhen ’клапаціцца’, ням. geruhen ’рабіць ласку’ (Бязлай, 3, 143; БЕР, 6, 193).

Ракі́та ’дрэва або вялікі куст сямейства вярбовых’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ, Ласт., Кіс.), ’вербалоз’ (Бяльк.), ’нарост на дрэве, гуз’ (шарк., Цыхун, вусн. павед.), ракі́ціна ’лазіна’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Шатал.), ’від бярозы з вельмі цвёрдай драўнінай’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), рокі́та ’дробналістная лаза з тонкімі галінкамі’ (ТС; беласт., Сл. ПЗБ), ракі́тавае дзерава ’карэльскя бяроза’ (?) (шарк., Цыхун, вусн. павед.), ракі́тнік ’зараслі ракіты’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. роки́та ’гатунак вербы’, рус. раки́та ’вербалоз’, ’тып, гатунак вербы, што расце па берагах ракі, ў нізінах’, польск. rokita, rokicina, в.-луж. rokot, н.-луж. rokit, rokita, палаб. rükåita, прым. rühtjeitna (= rokitna), чэш., славац. rokyta, rakyta, славен. rakȋta, серб. ра̀кита, харв. ràkita, балг. раки́та, макед. ракита, ст.-слав. ракыта. Прасл. *orkyta. У слав. мовах метатэза з рэфлексамі ro‑/ra‑. Значэнне ’гібкасць’ і ’цвёрдасць’, магчыма тлумачаць фармальную блізкасць з лат. ērcis, ērcetis ’ядловец’, грэч. αρκευθος ’тс’ (Фасмер, 3, 438; Бязлай, 3, 148; Шустар-Шэўц, 2, 1233; БЕР, 6, 168). Абсалютызацыя значэння ’гібкі’ схіляе да параўнання са ст.-інд. arkáh̥ ’лук’, лац. arcus ’лук, дуга, скляпенне’, arka ’куфэрак, сундучок’, гоц. arhwazna ’страла’, што звычайна не прымаецца этымолагамі (гл. Фасмер, там жа, з літ-рай; параўн. аднак Глухак, 517; Сной₂, 601). Адмаўляецца таксама сувязь з чэш. rakos, rokos ’трыснёг’ (гл. рагоз).