Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сівагра́к ‘тое, што і сіваваронка’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Гарэц., Дэмб. 1, Меер Крыч., ТС), сівігра́к ‘тс’ (Бяльк.), сівагра́ка ‘тс’ (маг., ЛА, 1). Укр., рус. сивогра́к ‘тс’. Да сівы і грак, гл. (Праабражэнскі, 2, 283; Фасмер, 3, 616); паводле Ніканчука (БЛ, 9, 59), першая частка складанага слова характарызуе колер апярэння, а другая — вынік збліжэння анаматапеічнага кораня з грак (гл.), параўн. сівадрака, сівакрака (гл.).

Сіняшы́йка ‘невялікая пеўчая птушка сямейства драздовых з яркім апярэннем’ (ТСБМ), ‘варакушка, Lusciola sulcica’ (Байк. і Некр.). Ад сіні (гл.) і шыйка < шыя (гл.) паводле колеру апярэння. Параўн. рус. синеше́йка ‘птушка з роду плісак, Motacilla snecica’, а таксама сінаго́рліца ‘род галубоў’ (Ласт.), ст.-бел. синогордлица ‘галубка’ (Ст.-бел. лексікон), магчыма з польск. sinogardlica, sinogarlica ‘птушка з роду галубоў’, што да sini і gardło ‘горла’ (Варш. сл.; Брукнер, 491).

Сістэ́ма ‘лад’, ‘сувязь элементаў паміж сабой, размешчаных у пэўным парадку’ (ТСБМ), сыстэ́ма ‘тс’ (Ласт., Некр. і Байк., Стан.). Запазычанне з заходнееўрапейскіх моў праз рус. систе́ма ‘тс’ ці польск. systema, system ‘тс’. У значэнні ‘нервовая сістэма’ з’яўляецца ў пачатку XX ст. (Крамко, Гіст. мовы, 2, 146). Франц. système з лац. systēma ад грэч. σύστημα ‘складанне, укладанне’; гл. Фасмер, 3, 628; Брукнер, 512; ЕСУМ, 5, 244.

Сілко́м ‘сілай; супраць волі, гвалтам’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Шат., Гарэц., Мал., Бяльк., Янк. 3.). Параўн. укр. силко́м ‘тс’, рус. силко́м ‘тс’. Паводле КЭСРЯ (409), рускае слова ад сило́к (гл. сіло), г. зн. Тв. скл. гэтага назоўніка, якое потым наблізілася да сіла (гл.). Аналагічна ўкраінскае і беларускае ўтварэнні. Параўн. сіло́м ‘сілаю’ (ТС), серб.-харв. силом ‘тс’, балг. си́лом ‘тс’, якія разглядаюцца як непасрэдныя ўтварэнні ад сіла (*sila), гл. БЕР, 6, 649.

Сі́ліць ‘прымушаць’ (Нас., Кас.), ‘адольваць, натужвацца’ (Сцяшк. Сл.), сі́ліцца ‘тужыцца, напружвацца’ (Сл. ПЗБ), сюды ж сі́лець ‘дужаць’ (Ян.), ст.-бел. силити ‘прымушаць’: питье жь закону не силѧть (Альтбаўэр). Вытворнае ад сі́ла (гл.), параўн. сілава́ць ‘сілком прымушаць рабіць’ (Ласт., Ян., ТС).

Сілі́ць1 ‘падмацоўваць сілы ежай’, сілі́цца ‘падмацоўвацца ежай’ (Нас., Шымк. Собр.). Да сі́ла (гл.).

Сілі́ць2 ‘душыць’, сі́ліцца ‘душыцца’, ‘вешацца’ (ТС). Да сіло́ ‘пятля’ (гл.), параўн. укр. сили́ти ‘завязваць вузлом’; развіццё семантыкі таксама пад уплывам сіла (гл.).

Сіламо́ц ‘сілком, гвалтам, прымусам’ (Гарэц., Ласт.), ‘вытрымка, сіла волі’ (Сцяшк. Сл.), сіламо́ццю ‘сілком, прымусам’ (Нас., Бяльк., ТС, Нар. лекс., Пятк. 2), сіломо́ць ‘сілаю’ (ТС), сіламо́ццем ‘сілком’, ‘праз сілу’ (Ян., Мат. Гом.), сіламоцце ‘сіла, насілле’ (Нас.). Да сіла і моц (гл.). Рытарычная фігура з двух аднолькавых па семантыцы слоў, з якіх апошняе лічыцца запазычаным. Параўн. аднак укр. силомі́ць ‘сілком’, для якога ўзнаўляецца зыходнае спалучэнне з сила і *(й)міти ‘узяць’ (ЕСУМ, 5, 230–231), што на фоне беларускіх слоў падаецца верагодным, параўн. асабліва дзеяслоў сілуме́ць ‘сваволіць’ (Сцяшк. Сл.).

Сі́ся дзіц. ‘цыца, цыцка’ (Ласт.), сі́сі дзіц. ‘ссаць цыцку’ (КСП), сіся́ ў выразе (ведае, знае) курыную сісю дый тую не ўсю (Барад.), сі́ська ‘сасок’ (Нас., Касп.), ‘грудзі’, ‘сасок’ (Сл. ПЗБ), сі́ська, сіська́ ‘тс’ (ЛА, 1), а таксама сісе́тнік ‘дзіця, якога кормяць грудзьмі’ (Барад.); сюды ж, відаць, ‘матачнік, ячэйка, у якой расце матка’ (палес., Анох.), сы́ська ‘тс’ (Сл. Брэс.). Рус. си́са, си́ся, си́ська ‘сасок’, балг. си́са ‘сасок’, серб.-харв. си̏са, славен. sisa ‘жаночыя грудзі’. Прасл. *sysa, аддзеяслоўны дэрыват ад прасл. *sysati ‘ссаць’, роднаснага ссаць (гл.). Фасмер (3, 627) сувязь усх. і паўд.-слав. слоў лічыць няпэўнай і мяркуе аб познім узнікненні слова.

Сі́вер ‘халодны паўночны пранізлівы вецер’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Др.-Падб., Байк. і Некр., Сцяшк.; віц., Нар. словатв., Сержп., Ян.), сі́верка ‘намаразь’ (Ян.), ‘халодны вецер’ (Пятк. 2), сі́верны ‘халодны, сцюдзёны’ (ТСБМ, мін., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), сі́вярнік ‘вецер з поўначы’ (Сцяшк. Сл.), сі́вераць ‘рабіцца шурпатым, асмуглым, грубець ад ветру, холаду (звычайна пра скуру на твары, руках і пад.)’ (ТСБМ), сівярэ́ць ‘халадаць’ (Сцяшк. Сл.). Укр. сі́вер ‘холад; халодны пранізлівы вецер’, рус. арх. си́вер ‘паўночны вецер’. Тлумачыцца з север (сѣверу), дзе и з ѣ (Фасмер, 3, 616), аб умовах гэтага пераходу гл. Карскі, 1, 216. Параўн. се́вер (siévir) ‘сухі сцюдзёны вецер’ (Варл.), семантычна больш ранняя форма, гл. ЭССЯ, 8, 192.

Сірама́ха ‘воўк-адзіночка’, ‘сугней’ (Ласт., Байк. і Некр.), ‘чорны люд’ (Arche, 2007, 3). Укр. сирома́ха ‘бядняк, гаротнік’, сиро́ма ‘тс’, рус. паўд. сирома́ха ‘сірата’, серб.-харв. сиро́мах ‘сірата, бядняк’, славен. siromák, балг. сирома́х, макед. сиромашец ‘тс’. Прасл. *siromaxъ, дэрыват ад ⁺siroma, параўн. укр. сиро́ма ‘сірата; бядняк, гаротнік’, якое ад прасл. *sirъ (гл. сірата), з суф. ‑xъ, гл. Слаўскі, SP, 1, 71; Сной₁, 569. Беларускае слова падобна на запазычанне з украінскай, асабліва, калі прыняць пад увагу значэнні ўкр. сірома́нець, сірохма́нець — эпітэта ваўка. БЕР (6, 697–699) заўважае, што словаўтварэнне застаецца невытлумачальным, а ўкр. сірохма́нець не можа служыць паралеллю, паколькі ўтворана ад сір‑ ‘шэры’. Параўн. Пацюпа, Arche, 2007, 3, 209.

Сі́та ‘прылада для прасейвання’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Стан., Сл. ПЗБ), сі́то ‘тс’ (ТС), сіто́ ‘тс’ (воран., Сл. ПЗБ), сі́тка ‘сіта’ (Сл. ПЗБ), сі́тко, сітко́, сітцо́ ‘пчалярская сетка для засцярогі ад пчол’ (Шат., Сцяшк., Скарбы, Мат. Гом., З нар. сл., Сл. ПЗБ). Укр., рус. си́то, польск. sito, н.-луж. syto, чэш. síto, славац. sito, серб.-харв. си̋то, славен. síto, балг. си́то, макед. сито ‘тс’. Прасл. *sito утворана ад *sěti (гл. сеяць) з суф. ‑to; гл. Слаўскі, SP, 2, 39. Слова мае балтыйскія адпаведнікі, параўн. літ. síetas ‘дробнае сіта’, лат. siêts ‘тс’ (Траўтман, 254; Мюленбах-Эндзелін, 3, 836, 861; Міклашыч, 296; Фасмер, 3, 628). Інакш Махэк₂ (545), які ўтварае ад дзеяслова *sějati ‘сеяць’ < *sēi‑o‑ з першасным значэннем ‘трэсці нечым’. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1403; БЕР, 6, 709. Ужо Міклашыч (296) дапускаў сціранне розніцы паміж зыходнымі лексемамі са значэннем ‘сеяць’ і ‘прасяваць’, якія ўспрымаюцца як амонімы, гл. ESJSt, 13, 810.