Прыбо́ец ’шомпал’ (Ласт.). Улічыўшы адзінкавасць фіксацыі, вельмі верагодна аўтарскае ўтварэнне ад дзеяслова прыбі́ць ’утрамбаваць’, гл. біць.
Пы́шыцца ’надзімацца’ (Нас.), пыша́цца ’выстаўляцца, фанабэрыцца’ (Ласт.), параўн., чэш. pýšiti se ’тс’. Да пыхаць, пы́ха (гл.).
Прысабе́чыць ’набыць ва ўласнасць; прысвоіць, прыўлашчыць чужое’ (Нас., Ласт.; Сл. Брэс.). Ад сабе́чыць ’набываць ва ўласнасць, прысвойваць’ (гл.).
Пышы́ ’калючыя вырасты на раслінах, калючкі’ (Ласт.). Ад пышыцца ’надувацца, надзімацца’ (гл.), г. зн. ’растапырвацца’; не выключана метатэза з шыпы́ ’калючкі’.
По́рцыя ’пэўная колькасць чаго-небудзь’ (ТСБМ), ’луста хлеба’ (Нас.), ’чарка’ (Дразд.; Нас.; пін., Сл. ПЗБ), ’частка’ (Ласт.), по́рца ’тс’ (Федар.; Шат.), ’шклянка; невялікая шклянка на гарэлку’ (бяроз., Сл. ПЗБ; палес., З нар. сл.). Параўн. рус. порция ’пэўная колькасць, доза’, ’чарка гарэлкі’. Лацінізм, ад лац. portio ’частка’, у Ластоўскага (Ласт., 513) адзначаецца як запазычанне з франц. Імаверна, звязана з аптэкарскай тэрміналогіяй, адсюль магло засвоіцца непасрэдна з лаціны.
Прысе́нак ’першы пакой ад уваходу ў дом (atrium)’ (Карскі, Труды), прысенак ’ганак; тамбур’ (Ласт.), толькі мн. л. прысе́нкі ’крыты ганак’ (Нас.), прысе́нцы ’ганак’, прысёнак, мн. л. прысе́нкі, прысе́нцы ’першыя, знешнія, уваходныя сенцы’ (Ласт.). Да се́ні, се́нцы (гл.), параўн. рус. дыял. присе́нок ’прыбудаваныя да хаты сенцы або камора ў сенцах; прыбудова да хлява, пуні’, присе́нки ’тс’, укр. присі́нок, присі́нки, присі́ння ’прыбудова; ганак; ганак са стрэшкай на двух слупках’, польск. przysionek ’прыхожая’.
Прылі́стак, прылісьцік ’лістападобны парастак, які знаходзіцца ў аснове ліста некаторых раслін’ (Ласт., Байк. і Некр., ТСБМ). Лексікалізацыя словазлучэння пры лісце; параўн. аналагічнае ўкр. при́листок ’тс’.
Прылучы́ць, прылуча́ць ’уключыць, далучыць’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт.), прілучы́ць ’далучыць’ (Бяльк.), прылучаць ’прычашчаць’ (Ласт.); ст.-бел. прилучати, прилучатися ’далучаць, далучацца’, прилучити, прилучитися (Сл. Скарыны), аддзеяслоўны субстантыў прылучэ́нне ’далучэнне’ (Нас., Гарэц., ТСБМ), ’прычашчэнне’ (Ласт.). Сюды ж вытворныя: прылу́чны ’які выпадкова прыбіўся не да свайго статку’ (Нас.), дзе часткова захоўваецца семантыка прылуча́й ’выпадак’, прылу́ка ’муж, што пасяліўся пасля жаніцьбы ў доме сваёй жонкі’ (Інстр. 2). Узыходзіць да прасл. *prilǫčiti, прэфіксальнае ўтварэнне ад *lǫčiti, гл. лучы́ць 1 ’яднаць, злучаць’ (гл. таксама ЭССЯ, 16, 132–134). Укр. прилуча́ти ’далучаць; дадаваць; уключаць’. Ст.-рус. прилучити ’прылучаць; даць, падараваць’, рус. дыял. прилуча́ть, прилучи́ть ’прынаджваць, прывабліваць, далучаць’. Гл. таксама Фасмер, 3, 365; ЕСУМ, 3, 315–316, Варбат, Слав. языкозн., IX, 66–67.
Пры́тны ’круты, стромкі, адхоністы’ (Варл., Сцяшк., Ласт., Мат. Гом.), ’хуткі, праворны’ (Нас., Бяльк.), ’упарты, непаслушны’ (Ласт.), сюды ж пры́тна ’хутка, жвава’ (Нас.), ’моцна, шчыльна; тэрмінова; старанна, уседліва; вельмі неабходна’ (Нас., Юрч., Сцяшк., Жд. 3, ЛА, 5), прытно́м ’непасрэдна, адзін за адным, запар’ (ТСБМ, Касп., Стан.; беласт., Бел.-польск. ізал.), ’вельмі часта’ (Янк. 1; ст.-дар., Жыв. НС), пры́тня ’строма, круча’, пры́цінь, пры́ціня ’тс’: у сам пры́цінь сонца (пра сонца ў зеніце) (Ласт.), прыці́н ’зеніт’ (Стан.). Відаць, утварэнне з ‑n‑ суфіксацыяй: *prytъnъ(jь) або *pritьnъ(jь), што да *prъtiti, гл. пры́ткі, пры́тыць. Магчымы ўплыў іншых асноў, параўн. рус. дыял. при́тмом ’раптоўна, хутка’, якое Люканен (Восточнослав., I, 119) узводзіць да прасл. *pritь‑mo ад *pri‑tęti (< *tęti ’рэзаць’, гл. цяць).
Прыжу́рыць ’змяніць колер ад агню, але не прыгарэць’ (бяроз., Жд. 3), прыжаўрэ́ць ’зачырванець, запунсавець’ (Ласт.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад жу́раць/журэ́ць (гл.), якое працягвае прасл. *žur‑ ’тлець’.