КАРАВА́ЕВА (Ганна Аляксандраўна) (27.12.1893, г. Перм, Расія — 22.5.1979),
руская пісьменніца. Скончыла Вышэйшыя (жаночыя) Бястужаўскія курсы ў Петраградзе (1916). У 1931—38 гал. рэдактар час. «Молодая гвардия», у 1941—43 газ. «Правда». Друкавалася з 1922. Аўтар аповесці «Двор» (1926), рамана «Лесазавод» (1928). Праблемы маральнага выхавання чалавека ў зб-ках «Апавяданні аб пазнанні» (1934), «Першае пакаленне» (1959), раманах «Лена з Жураўлінага гаю» (1938), «Грані жыцця» (1963). Праца ў тыле ў Вял. Айч. вайну — тэма трылогіі «Радзіма» (1943—50; Дзярж. прэмія СССР 1951). Аўтар кн. дзённікаў «Вечназялёныя лісты» (1963), успамінаў «Зорная сталіца» (1968). Напісала ўспаміны пра Я.Купалу «Вялікі сын Беларусі» (1962). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.Бахта, С.Дарожны.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—5. М., 1957—58;
Свет вчерашний: Воспоминания. М., 1964;
Бел. пер. — Двор. Мн., 1931;
Лесазавод. Мн., 1932.
І.У.Саламевіч.
т. 8, с. 41
КАРАВА́ЦКІ (Францішак Казіміравіч) (14.5.1907, фальварак Каладзянка, Мядзельскі р-н Мінскай вобл. — 1988),
бел. і польскі паэт, журналіст. З 1925 чл. Незалежнай сял. партыі. З 1926 чл. КПЗБ, з 1928 чл. Пастаўскага падп. райкома КПЗБ. За рэв. дзейнасць быў зняволены на 7 гадоў. У 1936 вызвалены, да 1938 у падп. Краёвым сакратарыяце ЦК КПЗБ. У 2-ю сусв. вайну супрацоўнічаў з польск. патрыят. рухам, з 1943 у падполлі ў акупіраванай Варшаве. Пасля вайны арыштаваны па лжывым абвінавачванні, 5 гадоў быў у зняволенні ў СССР. Рэабілітаваны. З 1952 у віленскай польскамоўнай газ. «Czerwony Sztandar» («Чырвоны сцяг»). З 1957 у Польшчы. Пісаў вершы на бел. і польскай мовах. Некат. з іх, напісаныя ў 1927, сталі рэв. песнямі («Мы ішлі ў цяжкім змаганні», «Стары год пражыўшы, жывём новы год» і інш.); ананімна апубл. ў зб. «Сцягі і паходні» (1965).
Тв.:
Памятные годы // Люди Нарочанского края. Мн., 1975, Важная пляцоўка // Бел. каляндар. Беласток, 1980.
Літ.:
Калеснік У. Зорны спеў. Мн., 1975. С. 192—203;
Яго ж. Лёсам пазнанае. Мн. 1982. С. 269—283.
І.У.Саламевіч.
т. 8, с. 43
КАРА́ІЧАЎ (Леў Сяргеевіч) (н. 16.5.1936, г. Разань, Расія),
бел. пісьменнік. Скончыў БПІ (1960). З 1953 працаваў у буд. установах, выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (1967—76), газ. «Звязда», на кінастудыі «Беларусьфільм», у час. «Нёман», Тэатры юнага гледача, газ. «Известия» (да 1986). Друкуецца з 1958. Піша на бел. і рус. мовах. У п’есах «І выхавай сына» (паст. 1967 пад назвай «Мала сказаць — люблю»), «Зорныя ночы» (паст. 1977 пад назвай «Трэцяга не дадзена»), «Слова гонару» (1982), «І на ўсе часы» (1985), «Апанаванасць» (1989), аповесці «Двое на востраве» (1994) ставяцца актуальныя маральна-этычныя праблемы сучаснасці. Аўтар эсэ «Таямнічасць і дакор Багдановіча» (1991), крытычных і публіцыстычных артыкулаў, вершаў, інсцэніровак для радыё, кінасцэнарыяў дакумент. фільмаў. Стваральнік, кіраўнік і рэжысёр аўтарскага камернага т-ра (1998, паст. п’есы «Яна і Ён» пра Я.Купалу, аўтарскія «Што наша жыццё», «Бацька Мінай» і інш.).
Г.Л.Фатыхава.
т. 8, с. 45
КА́РЛІКІ ў астраноміі,
зоркі адносна невялікіх памераў (0,01—1 радыус Сонца) і невысокіх свяцільнасцей (10−1—1 адзінка свяцільнасці Сонца). Маса 0,1—1 сонечнай масы. Тыповая зорка-К. — наша Сонца. Ад звычайных (чырвоных К.) будовай і ўласцівасцямі адрозніваюцца белыя К. Гэта вельмі шчыльныя (108—109 кг/м³) гарачыя зоркі малых памераў (у сярэднім радыус роўны зямному радыусу, а маса адпавядае масе Сонца, т-ра паверхні дзесяткі тысяч К). Белыя К. — канчатковая стадыя зорнай эвалюцыі, калі маса зоркі не большая за 1,4 масы Сонца.
т. 8, с. 74
КАРМА́ (лац. Puppis),
сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркія зоркі 2,2; 2,8; 2,8 візуальнай зорнай велічыні. У Паўн. паўшар’і відаць у паўд. шыротах. Найлепшы час назірання — студзень. Гл. Зорнае неба.
т. 8, с. 75