Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Якаў) (Якушка),
разьбяр па дрэве 2-й пал. 17 ст. Паходзіў з Віцебска. Майстар беларускай рэзі. Працаваў пераважна ў Маск. дзяржаве. У канцы 1666 пераведзены з Васкрасенскага Нова-Іерусалімскага манастыра ў Маскву. Разам з інш.бел. майстрамі ўдзельнічаў у аздабленні царскага палаца ў с. Каломенскае (1667—68), рабіў разную мэблю, узорыстыя аконныя рамы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМЕ́НЦЬЕЎ (Васіль Аляксеевіч) (4.4.1908, с. Судбішча Арлоўскай вобл., Расія — 12.12.1974),
бел. географ. Праф. (1961). Скончыў Ленінградскі ун-т (1930). З 1940 у БДУ. З 1962 прэзідэнт Геагр.т-ва Беларусі. Аўтар сістэмы фіз.-геагр. і геамарфал. раянавання Беларусі, прац па ландшафтах, праблемах Бел. Палесся, гісторыі геаграфіі. Удзельнічаў у складанні Атласа БССР.
Тв.:
Прырода Беларусі: (Фізіка-геагр. агляд). Мн., 1959 (разам з А.Х.Шклярам, В.П.Якушка);
Система физико-географических районов Белоруссии // Физическая и экономическая география. Мн., 1960;
География Белоруссии. 2 изд. Мн., 1977 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЭ́ННЫ РЭЛЬЕ́Ф,
рэльеф, створаны дзейнасцю ледавікоў. Фарміраванне М.р. звязана з ледавіковай экзарацыяй, акумуляцыяй марэннага матэрыялу (гл.Марэна) і флювіягляцыяльных адкладаў. Вылучаюць тыпы М.р.: марэнныя раўніны (роўныя або злёгку хвалістыя паверхні, якія ўскладняюцца асобнымі марэннымі ўзгоркамі, катлавінамі, лагчынамі); канцова-марэнны (сістэмы моцна расчлянёных канцова-марэнных узвышшаў і град, выцягнутых на дзесяткі кіламетраў уздоўж краю былога ледавіка); узгорыста-марэнна-азёрны (спалучэнне марэнных і камавых узгоркаў з озамі, катлавінамі, лагчынамі і паніжэннямі, занятымі азёрамі і балотамі). У горных далінах М.р. прадстаўлены бакавымі марэнамі, градамі канцавых марэн, цыркамі, трогамі і інш. На Беларусі найб. выразны ў зоне паазерскага зледзянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРАЗНА́ЎСТВА, лімналогія,
галіна гідралогіі; навука пра кантынентальныя вадаёмы запаволенага водаабмену (азёры, вадасховішчы, сажалкі). Вывучае комплекс узаемазвязаных фіз., хім. і біял. працэсаў у вадаёмах; даследуе азёрныя катлавіны, донныя адклады, водны баланс і рэжым узроўню, тэрміку, лядовыя і аптычныя з’явы, гідрахімію, рух азёрнай вады, берагі, рыбапрадукцыйнасць і інш. Выкарыстоўвае метады геахіміі, геафізікі, геалогіі, гідрабіялогіі, вынікі лабараторных аналізаў станцый і пастоў сістэмы Гідраметслужбы, аэрафотаздымку.
Заснавальнік навуковага азёразнаўства — швейц. вучоны Ф.А.Фарэль (1885; працы па тэорыі і методыцы азёразнаўства). У развіцці азёразнаўства вял. значэнне маюць працы рус. вучоных Дз.М.Анучына (вывад аб сувязі азёраў з усімі кампанентамі ландшафтаў), Л.С.Берга (апісанні азёраў Зах. Сібіры, Аральскага, Ісык-Куля) і А.І.Ваейкава (выявіў сувязь вагання ўзроўню вял. азёраў з іх водным балансам і інш.). На Беларусі першыя гідралагічныя даследаванні азёраў праведзены А.М.Семянтоўскім (у 1872 апублікаваў гідралагічны агляд Віцебскай губ.).
Сістэматычнае вывучэнне азёраў пачалося з арганізацыі н.-д. станцыі рыбнай гаспадаркі (1928). Комплексныя даследаванні азёраў праводзяцца на біял. і геагр. ф-тах БДУ (складанні азёрнага кадастру, прыродна-гасп. класіфікацыі, стварэнне ахоўных тэрыторый на базе азёраў), выконваюцца маніторынгавыя даследаванні па міжнар. праграме «Чалавек і біясфера». Н.-д. лабараторыя азёразнаўства БДУ (з 1968) комплексна даследавала больш як 500 азёраў і 20 вадасховішчаў (вывучаны гісторыя развіцця ў галацэне, вызначана іх генетычная прыналежнасць, законы азёрнай седыментацыі; В.П.Якушка). У ін-тах геал. навук і праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі вывучаюцца азёры як аб’екты намнажэння сапрапеляў. У вытв. мэтах азёры і вадасховішчы даследуюцца ў Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў. Вынікі даследаванняў улічваюцца ў рыбнай гаспадарцы, энергетыцы, курортнай справе, водазабеспячэнні, меліярацыі, здабычы карысных выкапняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЯЗНА́ЎСТВА,
раздзел фізічнай геаграфіі, які вывучае агульныя фізіка-геагр. заканамернасці і галоўныя ўласцівасці геаграфічнай абалонкі Зямлі. Даследуе яе прасторава-часавую арганізацыю, дыферэнцыяцыю, кругаварот рэчываў і энергіі, дынаміку і эвалюцыю, ролю чалавецтва ў трансфармацыі геагр. абалонкі. З’яўляецца прыроднагіст. тэарэт. асновай аховы навакольнага асяроддзя, глабальнага мадэліравання; цесна звязана з краіназнаўствам. У З. шырока выкарыстоўваюцца геафіз., геахім., геал. і картаграфічныя метады. Тэрмін уведзены ням. географам К.Рытэрам (1-я пал. 19 ст.). Асновы сучаснага З. закладзены ў працах А.А.Грыгор’ева, С.В.Калесніка, В.А.Дзяменцьева і інш. Тэрмін выкарыстоўваецца таксама для абазначэння сукупнасці навук, аб’ектам якіх з’яўляецца Зямля як планета (гл.Касмічнае землязнаўства).
Літ.:
Калесник С.В. Общие географические закономерности Земли. М., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ЙСКАЯ ГРАДА́,
на крайняй Пн Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці. Усх. адгалінаванне Латгальскага ўзвышша. Працягнулася ўздоўж паўд. берага Асвейскага воз. на 35 км ад даліны р. Сар’янка на З да воз. Белае на У. Шырыня грады 5—10 км. З Пд прымыкае Полацкая нізіна. Асвейская града сфарміравалася ў час Браслаўскага стадыялу паазерскага зледзянення як канцовамарэнная града, якая служыла падпрудай стараж. прыледавіковага возера. Мае форму асіметрычнага вала выш. 30—35 м. Абс. вышыні вагаюцца ад 130 м над узр. м. на Асвейскім воз. да 192 м каля в. Гарадзілавічы. Да Асвейскага воз. абрываецца стромкім схілам з тэрасамі, якія ўзніклі пры спуску прыледавіковага вадаёма. Складаецца з марэнных супескаў і суглінкаў. Гал. рэкі: Сар’янка і Ужыца — прытокі Зах. Дзвіны, Свольна — прыток Дрысы. Глебы дзярнова-падзолістыя; захаваліся ўчасткі хваёвых лясоў, хмызнякоў, сухадольных лугоў.