ЗЕМЛЯЗНА́ЎСТВА,

раздзел фізічнай геаграфіі, які вывучае агульныя фізіка-геагр. заканамернасці і галоўныя ўласцівасці геаграфічнай абалонкі Зямлі. Даследуе яе прасторава-часавую арганізацыю, дыферэнцыяцыю, кругаварот рэчываў і энергіі, дынаміку і эвалюцыю, ролю чалавецтва ў трансфармацыі геагр. абалонкі. З’яўляецца прыроднагіст. тэарэт. асновай аховы навакольнага асяроддзя, глабальнага мадэліравання; цесна звязана з краіназнаўствам. У З. шырока выкарыстоўваюцца геафіз., геахім., геал. і картаграфічныя метады. Тэрмін уведзены ням. географам К.​Рытэрам (1-я пал. 19 ст.). Асновы сучаснага З. закладзены ў працах А.​А.​Грыгор’ева, С.​В.​Калесніка, В.​А.​Дзяменцьева і інш. Тэрмін выкарыстоўваецца таксама для абазначэння сукупнасці навук, аб’ектам якіх з’яўляецца Зямля як планета (гл. Касмічнае землязнаўства).

Літ.:

Калесник С.В. Общие географические закономерности Земли. М., 1970;

Мильков Ф.Н. Общее землеведение. М., 1990.

В.​П.​Якушка.

т. 7, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)