Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
МАРТЫ́ШКІ (Cercopithecus),
род ніжэйшых вузканосых малпаў падсям. мартышкавых. 23 віды. Пашыраны ў Афрыцы на Пд ад Сахары. Жывуць у трапічных лясах, трымаюцца пераважна на дрэвах, групамі.
Даўж. цела да 87 см, хваста да 100 см; маса да 9 кг. Валасяное покрыва сярэдняй даўжыні, густое і мяккае. Афарбоўка ад аліўкавай да зялёнай, можа быць шараватая або амаль чорная. Галава акруглая, тваравы аддзел укарочаны, нос не выдаецца. Заднія канечнасці даўжэйшыя за пярэднія. Першы палец задняй канечнасці проціпастаўлены астатнім. Кормяцца лісцем, кветкамі, пладамі, дробнымі жывёламі. Нараджаюць 1, зрэжу 2 дзіцяняці. Утрымліваюцца ў няволі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЯ́СЫЦЬ БАРАДА́ТАЯ, няясыць каменная,
няясыць лапландская (Strix nebulosa),
птушка сям. савіных атр. совападобных. Пашырана ў зоне хваёвых лясоў (старых яловых і ялова-альховых) Паўн. паўшар’я. На Беларусі рэдкі аселы від, занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 84 см, маса самцоў да 800, самак да 1200 г. Апярэнне мяккае, шаравата-бурае або дымчата-шэрае, з густым малюнкам. Тваравы дыск шараваты з вузкімі цёмнымі палосамі і чорнымі плямамі пад вачыма. Пад дзюбай вял. чорная пляма — «барада» (адсюль назва). Вочы і дзюба жоўтыя. Корміцца пераважна мышападобнымі грызунамі, а таксама птушкамі, вавёркамі і інш. Нясе 2—5, зрэдку Да 7 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЯ́СЫЦІ (Strix),
род птушак сям. савіных атр. совападобных. 12 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Паўн. Афрыцы. Жывуць у лясах, гарах, парках пераважна ў дуплах, часам у чужых гнёздах, на зямлі, у норах. Аселыя. На Беларусі 3 віды: няясыць барадатая, Н. даўгахвостая, або уральская (S. uralensis), якія занесены ў Чырв. кнігу, і Н. звычайная, або шэрая (S. aluco).
Даўж. да 84 см, маса да 1,2 кг. Апярэнне густое, рыхлае, мяккае, шэрае або рыжаватае са стракацінкамі. Галава вял., круглая, тваравы дыск добра развіты. Вочы з бурай радужынай. Дзюба моцная. Крылы шырокія, закругленыя. Хвост сярэдняй даўжыні. Пальцы звычайна апераныя. Актыўныя ўначы. Кормяцца грызунамі, птушкамі, жабамі, беспазваночнымі. Нясуць 2—6, зрэдку да 8 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНДРЫ́ЛЫ (Mandrillus),
род ніжэйшых вузканосых малпаў падсям. мартышкавых. 2 віды: мандрыл (M. sphinx) і дрыл (M. leucophaeus). Некат. сістэматыкі ўключаюць М. у род павіянаў. Пашыраны ў лясах і гарыстых раёнах Экватарыяльнай Афрыкі. Трымаюцца групамі, пераважна на зямлі; кормяцца і спяць на дрэвах.
Самыя буйныя з мартышкавых. Даўж. больш за 1 м, маса больш за 40 кг, даўж. хваста да 12 см. Самцы ярка афарбаваны: па баках рыжа-чырв. носа мазолістыя грабяні з падоўжанымі жалабкамі сіняга і чырв. колеру; бакенбарды і барада жоўтыя. валасы на галаве ярка-каштанавыя. Сядалішчныя мазалі чырв., сінія або фіялетавыя. Самкі цёмныя. Галава вял., тваравы аддзел шырокі, выступае наперад. Пярэднія канечнасці даўжэйшыя за заднія, першы палец на ступні вялікі. Мускулатура развітая. Усёедныя. Нараджаюць 1, зрэдку 2 дзіцяняці. Вядомы гібрыды паміж мандрылам і дрылам, а таксама паміж імі і макакамі, мангабеямі, павіянамі.