МАРТЫ́ШКІ (Cercopithecus),

род ніжэйшых вузканосых малпаў падсям. мартышкавых. 23 віды. Пашыраны ў Афрыцы на Пд ад Сахары. Жывуць у трапічных лясах, трымаюцца пераважна на дрэвах, групамі.

Даўж. цела да 87 см, хваста да 100 см; маса да 9 кг. Валасяное покрыва сярэдняй даўжыні, густое і мяккае. Афарбоўка ад аліўкавай да зялёнай, можа быць шараватая або амаль чорная. Галава акруглая, тваравы аддзел укарочаны, нос не выдаецца. Заднія канечнасці даўжэйшыя за пярэднія. Першы палец задняй канечнасці проціпастаўлены астатнім. Кормяцца лісцем, кветкамі, пладамі, дробнымі жывёламі. Нараджаюць 1, зрэжу 2 дзіцяняці. Утрымліваюцца ў няволі.

Мартышкі:1 — каранаваная; 2 — блакітнатварая; 3 — малая беланосая; 4 — зялёная.

т. 10, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)