сі́каўка

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. сі́каўка сі́каўкі
Р. сі́каўкі сі́кавак
Д. сі́каўцы сі́каўкам
В. сі́каўку сі́каўкі
Т. сі́каўкай
сі́каўкаю
сі́каўкамі
М. сі́каўцы сі́каўках

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

Сі́каўка ‘дзіцячая цацка, маленькая помпа, якая зроблена з ствала крываўніка’ (Шат.), ‘помпа (пажарная)’, ‘шпрыц’ (Др.-Падб., Байк. і Некр.), ‘спрынцоўка’ (Гарэц.), ‘дзіцячая цацка, з якой пырскаюць вадой’ (беласт., Сл. ПЗБ), сікаўка ‘тс’ (Нас.). Укр. си́кавка ‘дзіцячая цацка’, ‘помпа (пажарная)’, рус. си́калка, сика́вица ‘пырскалка, дзіцячая цацка, зробленая з бузіны, алешнікаў і да т. п.’, ‘помпа’. Да сі́каць (Праабражэнскі, 2, 284–285; Фасмер, 3, 620).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сікляк ‘мурашка’ (Інстр. 2), сіклі́ўкі, сікля́хі, сікуны́, сіку́чкі ‘малыя рудыя мурашкі’ (чэрв., віл., паст., круп., лудз., Сл. ПЗБ), сіку́шкі ‘мурашкі’ (Сл. рэг. лекс.), сі́каўка ‘малая рудая мурашка’: сікаўка як сікнет ядам (барыс., Сл. ПЗБ). Ад сікаць і асновы прым. сікл‑, параўн. сіклі́вы ‘які выдзяляе пякучую вадкасць’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Тое ж рус. пск. сікля́ха ‘мурашка’, сікля́шнік ‘мурашнік’. Лаўчутэ (Балтизмы, 131) мяркуе, што разглядаемыя назвы мурашкі таго ж паходжання, што і назва рыбы сікла (гл.). Асноўны прызнак, што іх аб’ядноўвае — ‘невялікі, дробны’ — прадстаўлены лат. sîks ‘маленькі, дробны’. Аднак шырокае распаўсюджанне назваў мурашак з коранем сік‑ і наяўнасць такой матывацыі ў іх назвах далёка за межамі балтыйскага рэгіёна, параўн. ненец. javoroptsa ‘мурашка’ < jaw ‘мача’ і інш., цалкам адводзіць такую версію іх паходжання, гл. Анікін, Опыт, 277; Трубачоў, Труды, 1, 505–506.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сікла ‘рыба галец, Nemachilus barbatulus’ (Дэмб. 2, Жук.), ‘галец — уюн Cobitis barbatula’ (Дэмб. 1), ‘лічынка міногі Lampertra mariae Berg.’ (Яшкін, З жыцця; Інстр. 2), сіко́лка, сікоўка ‘рыба’ (?) (Мат. Гом.). Укр. сі́ква ‘галец’, си́кля ‘шчыпоўка’, рус. си́кла ‘галец’, ‘шчыпоўка’, польск. sikawka ‘шчыпоўка’, чэш., славац. sekavec, sykavec, н.-луж. sykanc, sykawice, sykawka, серб.-харв. seka, sjekaća ‘тс’. Цяжка размежаваць назвы рыб сямейства ўюновых. Махэк₂ (540) лічыць іх усе дэрыватамі ад *sěk‑ (гл. секаўка); Брукнер (490) — ад *sikati (гл. сікаўка). Але, відаць, тут трэба выдзеліць назвы шчыпоўкі ад *sěk‑, а назвы гальца лічыць вытворнымі ад *sik‑ (параўн. іншую назву гэтай рыбы: рус. паўд. сциколка, укр. (с)цикун), таму што гальцы пры недахопе кіслароду захватваюць яго ротам і з шумам выпускаюць праз заднюю адтуліну (Сабанееў, Жизнь, 50 і наст.). Параўн. таксама сіка, сік, сікаўка (гл.). Лаўчутэ (Балтизмы, 131) лічыць магчымым узвесці гэтую назву да лат. sîks ‘маленькі, дробны’, siklis, siklins ‘маленькі лясок’, sīkuļa, sīkuļe ‘маленькая, дробная жывёліна’, што з-за шырокай распаўсюджанасці назваў у славянскім свеце не пераконвае, гл. Анікін, Опыт, 276–277. Ён жа мяркуе пра змяшэнне назваў, матываваных каранямі sik‑ ‘мачыцца’ і sik‑/syk‑ ‘шыпець’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сік, сіка ‘лічынкі дняпроўскай міногі’ (Яшкін, З жыцця; Інстр. 2), сі́ка ‘назва рыбы’: сіка вузкая, вона маленькая і зверху ходзіць (ПСл), сік зборн. ‘лічынкі ўюноў’ (круп., Сл. ПЗБ), сік, сіква, сікаўка ‘лічынка міногі’ (Жук.). Відавочна, ад сікаць (гл.). Матывацыю гл. сікла. Назва перанесена на назву лічынак міногі, таму што рыбы сямейства ўюноў (Cobitidae) часта рыюць сабе норкі ў муле, дзе жывуць сумесна з лічынкамі міногі (Сабанееў, Жизнь, 506). Параўн. Каламіец, Рыбы, 38 (ад дзеяслова сікаць ‘сычаць’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сы́каць ’утвараць свісцячыя гукі’, ’выказваць сваё незадавальненне, злоснічаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Шат., Некр.; ашм., Стан.), ’шыпець (аб гусях)’, ’выказваць незадавальненне, пагражаць’ (Нас.), ’сіпець; наракаць’ (Сл. ПЗБ), ’пакрыкваць на старэйшых’ (Цых.), ’кідаць сярдзітыя рэплікі’ (Варл.), ’сіпець (пра гадзюку)’ (Некр., Варл., ЛА, 1), ’шыпець’, сы́кацца ’абараняцца пагрозлівым шыпеннем’ (ТС), сыча́ць ’сіпець, свісцець’ (Байк. і Некр.), сычэ́ць ’сыкаць’ (ТСБМ), сыча́ць, сыча́ті, сычэ́ты ’тс’ (вільн., беласт., драг., Сл. ПЗБ), сык ’сіпенне’ (Сцяшк. Сл.); сюды ж сы́кацень ’гад, змяя’ (ТС). Укр. сича́ти, си́кати ’шыпець, утвараць свісцячыя гукі’, рус. сы́кать, польск. sykać, syczeć, syknąti, в.-луж. sykać, н.-луж. sykaś, чэш. sykati, syčeti, славац. syčať, серб.-харв. сѝкати, славен. síkati, síčati. Прасл. *syčati і *sykati, гукапераймальнага паходжання; гл. Фасмер, 3, 817; Махэк₂, 548; Міклашыч, 335. Борысь (590) узводзіць да і.-е. гукапераймальнага элемента *sū‑, які адлюстроўвае сыканне; Шустар-Шэўц (2, 1384) параўноўвае яшчэ з *sik‑ (гл. сікаўка).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)