Семенова Е. И. 9/243

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАМЛЮ́КІ, мамелюкі (араб. белыя рабы, нявольнікі),

воіны-рабы пераважна з цюркаў, а таксама закаўказскіх народаў, з якіх была сфарміравана гвардыя правіцеляў дынастыі Айюбідаў (1171—1250). Налічвалі 9—12 тыс. чал., паводле інш. крыніц — да 24 тыс. чал. У 1250 М. скінулі Айюбідаў і захапілі ўладу. Вядомы 2 дынастыі М.: Бахры (пераважна цюркскага паходжання, кіравалі ў 1250—1390) і Бурджы (пераважна выхадцы з Каўказа, кіравалі ў 1390—1517). Пры М. у 13—14 ст. рэарганізавана сістэма кіравання, палепшана якасць штучнага арашэння, пачаўся ўздым культуры і інш. У 2-й пал. 13 ст. М. разбілі манголаў, ліквідавалі апошнія заваёвы крыжакоў у Палесціне і Сірыі. У 1517 дзяржаву М. заваявалі туркі і ўключылі ў склад Асманскай імперыі, але іх улада была намінальнай. У час аслаблення Асманскай імперыі (канец 17 — пач. 18 ст.) М. фактычна аднавілі сваю ўладу ў Егіпце. Канчаткова панаванне М. ліквідавана ў пач. 19 ст. егіп. пашой Мухамедам Алі.

Літ.:

История стран зарубежной Азии в средние века. Гл. 23. М., 1970;

Семенова Л.А. Салахад-дин и мамлюки в Египте. М., 1966.

т. 10, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАГРУПО́ЎКІ МАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ,

хімічныя рэакцыі, у выніку якіх змяняецца ўзаемнае размяшчэнне атамаў у малекуле, пазіцыя і кратнасць кратных сувязей. Большасць П.м. прыводзіць да змянення саставу рэчыва і суправаджаецца вылучэннем ці далучэннем малекул вады, галагенавадародаў і інш. П.м., якія адбываюцца без змены саставу рэчыва, наз. ізамерызацыяй.

Асн. тыпы П.м.: міжмалекулярныя, пры якіх група атамаў або атам, што мігрыруе, поўнасцю аддзяляецца ад адной малекулы і далучаецца да аднаго з атамаў такой жа інш. малекулы; унутрымалекулярныя, пры якіх група (атам) мігрыруе ад аднаго да другога атама ў межах адной малекулы рэчыва. П.м. наз. па рэчывах, што ўдзельнічаюць у іх, або па імю вучонага, які адкрыў рэакцыю, напр., пінакалінавая перагрупоўка — унутрымалекулярнае ператварэнне 1,2-дыолаў (пінаконаў), пераважна трацічных, у кетоны (пінакаліны) пад уздзеяннем кіслот (напр., сернай), якая суправаджаецца міграцыяй аднаго з замяшчальнікаў да суседняга атама вугляроду; перагрупоўка Бекмана — ізамерызацыя аксімаў у аміды кіслот пад уздзеяннем кіслотных агентаў (серная к-та, олеум), адкрыта ням. хімікам Э.​О.​Бекманам (1886). Многія П.м. выкарыстоўваюць у прамысл. працэсах, напр., перагрупоўку Бекмана — у вытв-сці капрону, бензідзінавую перагрупоўку — для атрымання азафарбавальнікаў.

Літ.:

Темникова Т.И., Семенова С.Н. Молекулярные перегруппировки в органической химии. Л., 1983.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

Да арт. Перагрупоўкі малекулярныя: пінакалінавая перагрупоўка (R — аднолькавыя ці розныя арганічныя радыкалы).

т. 12, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)