свабо́да, -ы, ДМ -дзе, ж.

1. У філасофіі: магчымасць праяўлення суб’ектам сваёй волі на аснове пазнання законаў развіцця прыроды і грамадства.

Суадносіны свабоды і неабходнасці.

2. Дзяржаўная незалежнасць, суверэнітэт.

Барацьбіты за свабоду народа.

3. Адсутнасць абмежаванняў, якія звязваюць грамадска-палітычнае жыццё і дзейнасць грамадства або яго членаў.

С. выбару веравызнання.

С. слова.

4. Увогуле — адсутнасць якіх-н. абмежаванняў у чым-н., асабістая незалежнасць, самастойнасць.

Поўная с.

5. Стан таго, хто не знаходзіцца ў заключэнні, у няволі.

Выпусціць на свабоду.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Свабо́да

назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз.
Н. Свабо́да
Р. Свабо́ды
Д. Свабо́дзе
В. Свабо́ду
Т. Свабо́дай
Свабо́даю
М. Свабо́дзе

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

свабо́да

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз.
Н. свабо́да
Р. свабо́ды
Д. свабо́дзе
В. свабо́ду
Т. свабо́дай
свабо́даю
М. свабо́дзе

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

свабо́да ж., в разн. знач. свобо́да;

суадно́сіны ~ды і неабхо́днасці — соотноше́ние свобо́ды и необходи́мости;

заваява́ць ~ду — завоева́ть свобо́ду;

с. дру́ку — свобо́да печа́ти;

○ с. вы́бару веравызна́ння — свобо́да со́вести

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

свабо́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Магчымасць ажыццяўлення чалавекам сваіх мэт і імкненняў на аснове пазнання законаў развіцця прыроды і грамадства. У асаблівасці трэба адзначыць погляд Маркса на адносіны свабоды да неабходнасці: «неабходнасць сляпая, пакуль яна не ўсвядомлена. Свабода ёсць усведамленне неабходнасці». Ленін.

2. Адсутнасць палітычнага і эканамічнага прыгнёту, абмежаванняў у грамадска-палітычным жыцці і дзейнасці якога‑н. класа ці грамадства ў цэлым. Па гэтым гасцінцы панскія паліцыянты ганялі ск[а]ваную моладзь — барацьбітоў за свабоду народа. Брыль.

3. Дзяржаўная незалежнасць, суверэнітэт. Барацьба в’етнамскага народа супраць амерыканскай агрэсіі з’яўляецца выдатным прыкладам гераізму, стойкасці і мужнасці народа, які змагаецца за свабоду і незалежнасць. «Звязда».

4. Магчымасць дзейнічаць у якой‑н. галіне бесперашкодна, без абмежаванняў, забароны. Свабода гандлю. Свабода друку. Свабода слова. Свабода сходаў.

5. Асабістая незалежнасць, самастойнасць; адсутнасць залежнасці ад каго‑, чаго‑н. Капітан звярнуўся да іх з кароткім словам: — Салдаты, як камандзір ваш, я даю вам поўную свабоду: ідзіце, куды самі хочаце. Лынькоў. // Магчымасць рабіць, паступаць па сваёй волі; адсутнасць абмежаванняў у чым‑н. Удзень, як лекцыі канчалі, На рэчку хлопцы выбягалі Крыху пакоўзацца па лёдзе Ці так пабегаць на свабодзе, У снег залезці па калена. Колас.

•••

Дэмакратычныя свабоды — вызначаная законам магчымасць удзельнічаць у грамадска-палітычным жыцці краіны, сукупнасць усіх палітычных правоў грамадзян.

Свабода веравызнання — права грамадзян свабодна вызнаваць якую‑н. рэлігію або не прытрымлівацца ніякага веравызнання.

Даць свабоду каму-чаму — тое, што і даць волю каму-чаму (гл. даць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Свабода, гл. Неабходнасць і свабода

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«Свабода» (радыёстанцыя, ЗША) 1/36; 4/350; 9/433; 10/559; 11/145

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

свабо́да ж. Fréiheit f -, -n; Úngebundenheit f - (вольнасць);

свабо́да сло́ва Rédefreiheit f;

свабо́да дру́ку Préssefreiheit f;

свабо́да дзе́янняў Hándlungsfreiheit f;

свабо́да га́ндлю fréier Hándel, Fréihandel m -s;

вы́пусціць на свабо́ду aus der Haft entlássen*; fréilassen* аддз. vt, auf fréien Fuß setzen; in Fréiheit setzen;

даць каму-н. по́ўную свабо́ду дзе́янняў j-m (D) (völlig) fréie Hand lássen*;

карыста́цца свабо́дай die Fréiheit geníeßen*

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

«СВАБО́ДА»,

грамадска-палітычная газета. Выдавалася ў 1990—97 у Мінску на бел. мове 3 разы на тыдзень. Рэдакцыя «С.» лічыла сваё выданне пераемніцай аднайм. газеты, адзіны нумар якой у 1902 падрыхтавалі В.​Іваноўскі, В.​Валейка, Р.​Мілер і А.​Пашкевіч (Цётка). Асвятляла пытанні грамадска-паліт., эканам., культ. і духоўнага жыцця Беларусі, знаёміла чытачоў з міжнар. падзеямі. Друкавала матэрыялы па гісторыі Беларусі.

В.​В.​Грынявецкі.

т. 14, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАБО́ДА,

магчымасць чалавека дзейнічаць у адпаведнасці са сваімі мэтамі, жаданнямі, інтарэсамі. Практычная рэалізацыя С. ажыццяўляецца пры наяўнасці аб’ектыўнай магчымасці (знешняй С.) для дзейнасці. У гісторыі грамадскай і філас. думкі С. разглядалася як праблема валодання чалавекам свабодай волі і абумоўленасці С. знешнімі абставінамі (гл. Свабода і неабходнасць). У ант. філасофіі С. проціпастаўлялася лёсу (Сакрат, Платон), паліт. дэспатызму (Арыстоцель, Эпікур), чалавечаму існаванню (стаіцызм, платанізм). У сярэдневякоўі С. разумелася як збаўленне ад граху, спалучэнне ўнутр. маральнай С. з усемагутнасцю Бога. У эпоху Адраджэння яна разглядалася як магчымасць поўнага і бесперашкоднага развіцця асобы. У філасофіі Асветніцтва прызнавалася панаванне над С. натуральных заканамернасцей свету і прычынных сувязей паміж яго элементамі. У ням. філасофіі з 17 ст. С. разглядалася як маральна-творчае развіццё сутнасці чалавека (Г.​Лейбніц, І.​Кант, І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылер, А.​Шапенгаўэр, Ф.​Ніцшэ). Прадстаўнікі марксізму сцвярджалі, што С. чалавека дэтэрмінавана ўмовамі яго асяроддзя. У экзістэнцыялізме яна разумеецца як С. выбару самога сябе і звязваецца з адказнасцю за выбар (Ж.​П.​Сартр, М.​Хайдэгер, К.​Ясперс). Змест паняцця С. звязаны з гіст. працэсам развіцця грамадства. У стараж. грамадстве С. разумелася як прыналежнасць да пэўнага роду ці племені і супрацьпастаўлялася залежнасці ад інш. плямён. У індустрыяльным грамадстве яна набыла эканам. і юрыд. сэнс як магчымасць выбару прафес. дзейнасці, валодання ўласнасцю і яе стварэння. У постіндустрыяльным грамадстве характарызуецца здольнасцю чалавека да адаптацыі і сац. мабільнасці ў сацыякульт. і тэхнал.-інфарм. прасторы. Ступень С. ў грамадстве цесна звязана з формай праўлення. Перадумовамі С. ў дзяржаве з’яўляюцца канстытуцыяналізм, забеспячэнне гарантыі абароны правоў чалавека і задавальнення асн. патрэбнасцей яго жыцця, фарміраванне органаў дзярж. улады шляхам нар. волевыяўлення.

І.​І.​Катляр.

т. 14, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)