Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
РЫ́ЛЕНКІ,
мемарыяльны комплекс на брацкіх могілках 10 тыс. воінаў каля в.Рыленкі Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. Адкрыты 3.7.1973 (скульпт. М.Рыжанкоў, арх. М.Ткачук) на ўшанаванне памяці воінаў 31-й арміі 3-га Бел. фронту, якія загінулі ў баях за вызваленне Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у 1943—44. Комплекс — прасторавая арх.-скульпт. кампазіцыя з развітым сіметрычна-восевым планіровачным вырашэннем. Уваход у мемарыял утвораны 2 рознавялікімі апорнымі сценкамі, якія нясуць манум. рэльефны фрыз (3 × 15 м) з выявай твараў воінаў. Уздоўж дарогі, што вядзе да магіл, 4 бетонныя стэлы (2,6 × 4 м кожная) з урэзанымі ў іх сілумінавымі рэльефамі, якія адлюстроўваюць подзвігі ўдзельнікаў баёў — А.М.Васільева, Г.А.Нікандравай, Ю.В.Смірнова, лётчыкаў авіяпалка «Нармандыя — Нёман» С.М.Астахава і Б. дэ Фальтэна. Брацкія могілкі вырашаны ў выглядзе прамавугольных тэрас, па перыметрах якіх устаноўлены 170 надмагільных пліт з імёнамі тых, хто загінуў. На верхняй тэрасе — пліта-маналіт з надпісам «Подзвігі вашы неўміручыя», за ёй — маляўнічая група бяроз і елак. На пляцоўцы перад плітой — квадратная платформа, у гарэльефнай зорцы — Вечны агонь.
Л.Г.Лапцэвіч.
Мемарыяльны комплекс Рыленкі. Пліта-маналіт і надмагіллі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКА́НДРАВА (Ганна Аляксееўна) (13.10.1921, в. Барашкіна Краснагародскага р-на Пскоўскай вобл., Расія — 23.6.1944),
удзельніца вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з 1941. Камсорг стралк. батальёна старшы лейт. Н. вызначылася пры прарыве абароны праціўніка ў Дубровенскім р-не Віцебскай вобл.: першая паднялася ў атаку і павяла за сабой байцоў; загінула ў гэтым баі. У г. Дуброўна помнік на яе магіле, подзвіг Н. увекавечаны ў мемар. комплексе «Рыленкі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЭЛЬЕ́Ф (франц. bas-relief літар. нізкі рэльеф),
від рэльефнай скульптуры, дзе пукатая частка выявы выступае над плоскасцю фону не больш як на палову свайго аб’ёму. Барэльеф (выяўленчы і арнаментальны) — пашыраны від аздаблення архітэктурных збудаванняў і твораў дэкар. мастацтва. Часам барэльефы ўпрыгожваюць пастаменты помнікаў, стэлы, мемар. дошкі, манеты, медалі, гемы.
На Беларусі вядомы з даўніх часоў. У барэльефе выкананы віслыя пячаткі, каменныя і драўляныя абразкі («Канстанцін і Алена», 12 ст.; «Премудрость созда себе храм. Праздники» Ананія, 15—16 ст.); выявы евангелістаў на Віцебскіх царскіх варотах, у Міхайлаўскім касцёле ў в.Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., М.К.Радзівіла Сіроткі ў надмагіллі (17 ст., фарны касцёл у Нясвіжы). Развіццё барэльефу ў 19 — пач. 20 ст. звязана з імёнамі скульптараў В.Смакоўскага, К.Ельскага, К.Барычэўскага, Р.Слізеня, І.Цэйзіка і інш. Барэльефныя выявы часам уключаюць у мемар. помнікі (Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, 1969, А.Бембель; помнік воінам і партызанам на воз. Нарач у Мядзельскім раёне, 1968, Б.Маркаў, Я.Печкін; стэла з мемар. комплексу Рыленкі, 1973, М.Рыжанкоў; помнік І.Буйніцкаму ў в. Празарокі Глыбоцкага р-на, 1976, І.Міско, і інш.). Барэльефы ствараюць самадзейныя разьбяры па дрэве: І.Лук, А.Пупко, Дз.Сталяроў.
А.К.Лявонава.
Да арт.Барэльеф. Стэла з мемарыяльнага комплексу Рыленкі. 1973. Скульптар М.Рыжанкоў.Да арт.Барэльеф. Барэльефная кампазіцыя ў інтэр’еры Міхайлаўскага касцёла ў вёсцы Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл. 2-я пал. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫБІВА́ННЕ, дыфоўка,
тэхніка халоднай апрацоўкі ліставога металу, які ад удару малатка паддаецца дэфармацыі, набывае неабходную форму. Бывае ручное, механізаванае і па мадэлі. Вядома са старажытнасці (дэталі скульптур Фідзія і Паліклета), шырока выкарыстоўвалася ў Зах. Еўропе ў часы сярэднявечча і эпоху Адраджэння, стараж. Русі для вытв-сці кубкаў, чашаў, каўшоў, катлоў, рыцарскага ўзбраення; пазней для вырабу барэльефаў і круглай скульптуры. Мела адмысловыя назвы — «бітая медзь», «каваная медзь», «выбіўка» і інш.Найб. вядомыя творы ў тэхніцы выбівання: статуя «Свабоды» (Ф.А.Бартальдзі, 1886) у Нью-Йорку, скульпт. група «Рабочы і калгасніца» (В.Мухіна, 1935—37) у Маскве і інш.Бел. мастакі выкарыстоўваюць выбіванне ў скульптуры (барэльефы мемар. комплексу «Рыленкі») і ў дэкар.-прыкладным мастацтве (І.Курачыцкі, Ю.Любімаў і інш.).
І.М.Каранеўская.
Да арт.Выбіванне. І.Курачыцкі. Рэльеф «Цырк». 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЖАНКО́Ў (Мікалай Аляксеевіч) (14.3.1932, в. Гладкава Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 8.12.1994),
бел. скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1994). Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя Мухінай (1960). Працаваў у галіне манум. і станковай скульптуры. Асн. тэма творчасці — гераічная гісторыя бел. народа. Творы вызначаюцца свабоднай, але стрыманай мадэліроўкай форм, разнастайнасцю вобразна-пластычных сродкаў. Сярод манум. работ: помнікі ў гонар перамогі рус. войск у 1812 на р. Бярэзіна пад Барысавам (1962), Герою Сав. Саюза Л.М.Даватару ў в. Хоціна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. (1965), партызану М.Гойшыку каля в. Міхнавічы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. (1968, абодва з арх. В.Занковічам і Л.Левіным), на брацкай магіле сав. ваеннапалонных у г. Барысаў (1967), мемар. комплексы Рыленкі (1973), у гонар Ветрынскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ, партыз. брыгады імя Варашылава ў в. Гомель Полацкага р-на (1977), Манумент у гонар маці-патрыёткі (1975), помнік М.Горкаму ў Мінску (1981, абодва з А.Заспіцкім, І.Міско, арх. А.Трафімчуком), помнік-бюст Герою Сав. Саюза і Герою Сац. Працы К.П.Арлоўскаму ў в. Мышкавічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. (1977, арх. Ю.Казакоў), помнік Герою Сав. Саюза Г.А.Нікандравай на брацкай магіле сав. воінаў і партызан у г. Дуброўна Віцебскай вобл. (1979, арх. Трафімчук). Аўтар станковых кампазіцый «Вайна 1812 года» (1962), «Партызаны» (1964), «Дзеці» (1965), «Новае Палессе» (1983), рэльефаў «Шлях героя» (1967), «Навекі разам» (1982), «Парад партызан у Мінску ў 1944» (1984), партрэтаў Дз.В.Цябута (1979, 1985), двойчы Героя Сав. Саюза К.К.Ракасоўскага (1985) і інш., стварыў шэраг памятных медалёў. Дзярж. прэмія СССР 1987.
Э.А.Петэрсон.
М.Рыжанкоў. Помнік юнаму партызану М.Гойшыку каля в. Міхнавічы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.Арх. В.Занковіч, Л.Левін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУЛЬПТУ́РА ПРЫДАРО́ЖНАЯ,
розныя паводле характару і прызначэння збудаванні ці інш. аб’екты. якія ставяцца ўздоўж дарог і спалучаюць рысы скульптуры і архітэктуры малых форм; жанр манументальнага мастацтва. С.п. рэліг. і мемар. характару вядома здаўна ў многіх краінах свету (слупы са скульптурамі ў Індыі, скульптуры багоў і герояў у Стараж. Грэцыі). У выніку хрысціянізацыі ў Еўропе, у т. л. на ўсх.-слав. землях, вял. пашырэнне атрымалі прыдарожныя крыжы і каплічкі. На Беларусі С.п. вядома ад язычніцкіх часоў, склалася як духоўная традыцыя бел. народа. Лаўрэнцьеўскі летапіс (14 ст.) упамінае пра звычай у радзімічаў і крывічоў пахавання каля дарог, які быў звязаны з міфалагічнымі вераваннямі ў апошні адыход і абароннае значэнне праху продкаў. Пасля хрысціянізацыі і асабліва ў перыяд сярэдневякоўя пашырылася буд-ва прыдарожных крыжоў і каплічак са скульпт. выявамі. Яны прызначаліся найперш для пакланення, а таксама мелі знакава-інфарм. значэнне. Ставілі іх звычайна на скрыжаваннях, раздарожжах ці на ўездах у населены пункт. У кампазіцыю ўключалі скульпт. выявы Хрыста, Дзевы Марыі, святых. Аздабленне адметнае высокім узроўнем разьбы па дрэве, коўкі металу. У ваен. часы ўздоўж дарог будавалі помнікі, якія нагадвалі пра гіст. падзеі і якім пакланяліся (Мілавідская мемарыяльнай капліца, Салтанаўская мемарыяльная капліца). Пасля Вял.Айч. вайны каля дарог пастаўлена вял. колькасць помнікаў, мемар. комплексаў, звязаных з брацкімі пахаваннямі і ваен. дзеяннямі, якія тут вяліся (Курган Славы Савецкай Арміі—вызваліцельніцы Беларусі, Рыленкі); яны ўключаюць у свае кампазіцыі элементы С.п. З 1960-х г. распаўсюдзіліся сімвалічныя манум.-дэкар. збудаванні на межах краіны, абласцей, раёнаў, гарадоў, у афармленні якіх выкарыстоўваюцца элементы старых гербаў, новая геральдыка. Архітэктура малых форм уздоўж аўтамаб. дарог прадстаўлена рознымі аб’ектамі добраўпарадкавання (аўтобусныя павільёны, навесы, альтанкі, кветнікі, паказальнікі і інш.). У іх аздабленні выкарыстоўваюцца фалькл. матывы дэкар. мастацтва і нар. дойлідства (прыдарожны знак каля павароту на ўрочышча Бервянец па дарозе Стоўбцы—Мікалаеўшчына, паказальнік у Купалаўскім мемар. запаведніку «Вязынка» і інш.).
А.С.Сардараў.
Да арт.Скульптура прыдарожная. Капліца на ўскраіне вёскі Квяткоўцы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобл.Да арт.Скульптура прыдарожная. Крыж у Нясвіжскім раёне Мінскай вобл.Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ (ад лац. memorialis памятны),
творы архітэктуры, выяўл. і дэкар. мастацтва, якія ствараюцца для ўвекавечання памяці адной ці групы асоб, знамянальных дат у гісторыі краіны, пэўнай мясцовасці, для ўслаўлення баявых, рэв., працоўных і інш. подзвігаў; належаць да твораў манументальнага мастацтва. Да М.з. належаць: абеліскі, помнікі, піраміды, маўзалеі, пахавальні, надмагіллі, брамы, аркі трыумфальныя, калоны, курганы, грабніцы, капліцы, кенатафы і інш.
Першапачатковыя формы М.з. набліжаліся да прыродных утварэнняў, арганічна ўключаліся ў наваколле (курганы, мегаліты), уздзейнічалі грандыёзнасцю памераў і магутнай масай (піраміды). У ант. эпоху склаліся арх.-скульпт. комплексы маўзалеяў, мэтай іх стварэння было ўслаўленне ваен. правадыроў, манархаў, мужных герояў. У сярэднія вякі будавалі пахавальні, маўзалеі, помнікі ў гонар святых, прарокаў, пакутнікаў. У 18—19 ст. узводзілі арх. манументы, часцей звязаныя з прыродным наваколлем ці пейзажным паркам, яны ўшаноўвалі памяць герояў, што загінулі. У 20 ст. ў памяць рэвалюцый і войнаў створаны мемар. ансамблі: Марсава пале (1917—23) і Піскароўскія могілкі (1956—60) у Пецярбургу, Брацкія могілкі ў Рызе (1924—36, арх. А.Бірзеніек, скульпт. К.Зале), у Бухенвальдзе (Германія; 1952—58, скульпт. Ф.Крэмер), Ясенавацы (Сербія, 1960—66, арх. Б.Багдановіч), на в-ве Сітэ ў Парыжы (1961, арх, А.Пенгюсон), у Саласпілсе (Латвія; 1961—67, скульпт. Л.Букоўскі і інш.), на Мамаевым кургане ў г. Валгаград (Расія; 1963—67, скульпт. Я.Вучэціч і інш., арх. Я.Белапольскі і інш.) і інш.
На Беларусі ў 18—19 ст. будаваліся часовыя драўляныя трыумфальныя аркі (Нясвіж, Магілёў, Шклоў) і мемар. калоны. У 2-й пал. 19 ст. пабудаваны Гомельская капліца, капліца-пахавальня ў в. Закозель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., у 1898 у гонар перамогі ў рус.-турэцкай вайне 1877—78 — Мінская царква Аляксандра Неўскага. У 1908—12 каля в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. пастаўлена мемар. капліца (гл.Ляснянскі мемарыяльны комплекс). У 1912 з нагоды 100-годдзя перамогі рас. войск у вайне 1812 пастаўлены помнік-абеліск у Віцебску (арх. І.Фамін), Полацку, помнік у г. Кобрын (арх. Д.Маркаў), Салтанаўская мемарыяльная капліца. У 1920-я г. ствараліся помнікі-бюсты на ўшанаванне памяці дзеячаў рэв. руху. У 1930—33 на месцы бітвы ўдзельнікаў паўстання 1863—64 пастаўлена Мілавідская мемарыяльная капліца. Пасля 1945 створаны шэраг М.з., прысвечаных падзеям Вял.Айч. вайны. Найб. пашыраныя іх тыпы: абеліскі (Манумент Перамогі, арх.-скульпт. комплекс «Мінск — горад-герой» ў Мінску, на месцы лагера смерці каля в.Вял. Трасцянец Мінскага р-на, 1963, арх. Л.Каджар), стэлы (на месцы лагера смерці ў в. Масюкоўшчына Мінскага р-на, 1959, арх. В.Волчак), на брацкіх вайсковых могілках (Рыленкі, гарнізонныя могілкі ў Брэсце), помнікі на ўшанаванне памяці землякоў, што загінулі ў Вял.Айч. вайну — курганы Славы, помнікі-танкі (у Барысаве, Мінску, Гомелі і інш.), помнік-катэр у Пінску (1964, арх. М.Заржэцкі, інж. М.Круглік), помнік-самалёт у Пружанах (1971); «Кацюша» ў Оршы; мемар. комплексы — на месцы спаленых вёсак (Хатынь, Дальва; Шунеўка Докшыцкага р-на Віцебскай вобл., гл.«Праклён фашызму»), знішчэння ням.-фаш. захопнікамі бел. і замежных грамадзян (ахвярам фашызму каля в. Брыцалавічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл., 1975, скульпт. М.Андрэеў, А.Крохалеў, А.Салятыцкі; Урочышча Гай на ўскраіне г. Баранавічы; мінскага гета на пл. Юбілейнай у Мінску, 1998—99, арх. Л.Левін, скульпт. Э.Полак, А.Фінскі), партыз. стаянак (на в-ве Зыслаў Любанскага р-на Мінскай вобл.) і прарыву варожай блакады (гл.«Прарыў»), гераічнай абароны (Брэсцкая крэпасць-герой) і інш. Многія М.з. 1960—80-х г. створаны ў выглядзе арх. (Помнік вызваліцелям у Віцебску) і скульпт. (Манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне) манументаў. М.з. 1970-х г. у выглядзе складаных комплексаў архітэктуры і арганізаванага ландшафту, пластыкі і манум.дэкар. мастацтва са складанай прасторавай структурай, спалучаюцца з асвятленнем, гукам, надпісамі. Сярод прыкладаў выкарыстання сінтэзу мастацтваў у сучасных М.з. — храм-помнік «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т.зв. Востраве мужнасці і смутку ў Мінску (1996, аўтары Ю.Паўлаў, М.Каралёў, Т.Каралёва-Паўлава, В.Лапцэвіч, Г.Паўлава, А.Паўлаў, Д.Хамякоў). Ідэйна-маст. цэнтрам плошчаў і паркаў у гарадах з’яўляюцца помнікі: Я.Коласу (1972, скульпт. З.Азгур, арх. А.Градаў, Г.Заборскі, Левін), Я.Купалу (1972, скульпт. А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А.Заспіцкі; Дзярж. прэмія Беларусі 1974) у Мінску, Ф.Скарыну ў Полацку (1974, скульпт. А.Глебаў; Дзярж. прэмія Беларусі 1976) і інш.Іл.гл. да арт.Манументальнае мастацтва, Манументальна-дэкаратыўная скульптура, Помнікі гісторыі і культуры.
Л.Г.Лапцэвіч.
Да арт.Мемарыяльныя збудаванні. Храм-помнік «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т. зв. Востраве мужнасці і смутку ў Мінску. 1996.