Рыленкі

т. 13, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКА́НДРАВА (Ганна Аляксееўна) (13.10.1921, в. Барашкіна Краснагародскага р-на Пскоўскай вобл., Расія — 23.6.1944),

удзельніца вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з 1941. Камсорг стралк. батальёна старшы лейт. Н. вызначылася пры прарыве абароны праціўніка ў Дубровенскім р-не Віцебскай вобл.: першая паднялася ў атаку і павяла за сабой байцоў; загінула ў гэтым баі. У г. Дуброўна помнік на яе магіле, подзвіг Н. увекавечаны ў мемар. комплексе «Рыленкі».

т. 11, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЭЛЬЕ́Ф (франц. bas-relief літар. нізкі рэльеф),

від рэльефнай скульптуры, дзе пукатая частка выявы выступае над плоскасцю фону не больш як на палову свайго аб’ёму. Барэльеф (выяўленчы і арнаментальны) — пашыраны від аздаблення архітэктурных збудаванняў і твораў дэкар. мастацтва. Часам барэльефы ўпрыгожваюць пастаменты помнікаў, стэлы, мемар. дошкі, манеты, медалі, гемы.

На Беларусі вядомы з даўніх часоў. У барэльефе выкананы віслыя пячаткі, каменныя і драўляныя абразкі («Канстанцін і Алена», 12 ст.; «Премудрость созда себе храм. Праздники» Ананія, 15—16 ст.); выявы евангелістаў на Віцебскіх царскіх варотах, у Міхайлаўскім касцёле ў в.Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., М.К.Радзівіла Сіроткі ў надмагіллі (17 ст., фарны касцёл у Нясвіжы). Развіццё барэльефу ў 19 — пач. 20 ст. звязана з імёнамі скульптараў В.Смакоўскага, К.Ельскага, К.Барычэўскага, Р.Слізеня, І.Цэйзіка і інш. Барэльефныя выявы часам уключаюць у мемар. помнікі (Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, 1969, А.Бембель; помнік воінам і партызанам на воз. Нарач у Мядзельскім раёне, 1968, Б.Маркаў, Я.Печкін; стэла з мемар. комплексу Рыленкі, 1973, М.Рыжанкоў; помнік І.Буйніцкаму ў в. Празарокі Глыбоцкага р-на, 1976, І.Міско, і інш.). Барэльефы ствараюць самадзейныя разьбяры па дрэве: І.Лук, А.Пупко, Дз.Сталяроў.

А.К.Лявонава.

Да арт. Барэльеф. Стэла з мемарыяльнага комплексу Рыленкі. 1973. Скульптар М.Рыжанкоў.
Да арт. Барэльеф. Барэльефная кампазіцыя ў інтэр’еры Міхайлаўскага касцёла ў вёсцы Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл. 2-я пал. 17 ст.

т. 2, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫБІВА́ННЕ, дыфоўка,

тэхніка халоднай апрацоўкі ліставога металу, які ад удару малатка паддаецца дэфармацыі, набывае неабходную форму. Бывае ручное, механізаванае і па мадэлі. Вядома са старажытнасці (дэталі скульптур Фідзія і Паліклета), шырока выкарыстоўвалася ў Зах. Еўропе ў часы сярэднявечча і эпоху Адраджэння, стараж. Русі для вытв-сці кубкаў, чашаў, каўшоў, катлоў, рыцарскага ўзбраення; пазней для вырабу барэльефаў і круглай скульптуры. Мела адмысловыя назвы — «бітая медзь», «каваная медзь», «выбіўка» і інш. Найб. вядомыя творы ў тэхніцы выбівання: статуя «Свабоды» (Ф.А.Бартальдзі, 1886) у Нью-Йорку, скульпт. група «Рабочы і калгасніца» (В.Мухіна, 1935—37) у Маскве і інш. Бел. мастакі выкарыстоўваюць выбіванне ў скульптуры (барэльефы мемар. комплексу «Рыленкі») і ў дэкар.-прыкладным мастацтве (І.Курачыцкі, Ю.Любімаў і інш.).

І.М.Каранеўская.

т. 4, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)