РЫ́ЛЕНКІ,

мемарыяльны комплекс на брацкіх могілках 10 тыс. воінаў каля в. Рыленкі Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. Адкрыты 3.7.1973 (скульпт. М.​Рыжанкоў, арх. М.​Ткачук) на ўшанаванне памяці воінаў 31-й арміі 3-га Бел. фронту, якія загінулі ў баях за вызваленне Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у 1943—44. Комплекс — прасторавая арх.-скульпт. кампазіцыя з развітым сіметрычна-восевым планіровачным вырашэннем. Уваход у мемарыял утвораны 2 рознавялікімі апорнымі сценкамі, якія нясуць манум. рэльефны фрыз (3 × 15 м) з выявай твараў воінаў. Уздоўж дарогі, што вядзе да магіл, 4 бетонныя стэлы (2,6 × 4 м кожная) з урэзанымі ў іх сілумінавымі рэльефамі, якія адлюстроўваюць подзвігі ўдзельнікаў баёў — А.​М.​Васільева, Г.​А.​Нікандравай, Ю.​В.​Смірнова, лётчыкаў авіяпалка «Нармандыя — Нёман» С.​М.​Астахава і Б. дэ Фальтэна. Брацкія могілкі вырашаны ў выглядзе прамавугольных тэрас, па перыметрах якіх устаноўлены 170 надмагільных пліт з імёнамі тых, хто загінуў. На верхняй тэрасе — пліта-маналіт з надпісам «Подзвігі вашы неўміручыя», за ёй — маляўнічая група бяроз і елак. На пляцоўцы перад плітой — квадратная платформа, у гарэльефнай зорцы — Вечны агонь.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Мемарыяльны комплекс Рыленкі. Пліта-маналіт і надмагіллі.

т. 13, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)