пы́ска

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. пы́ска пы́скі
Р. пы́скі пы́сак
Д. пы́сцы пы́скам
В. пы́ску пы́скі
Т. пы́скай
пы́скаю
пы́скамі
М. пы́сцы пы́сках

Крыніцы: krapivabr2012, piskunou2012, sbm2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

пы́ска ж., уменьш.-ласк. мо́рдочка

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

pyszczek

м.

1. пыска;

2. лычык;

3. хабаток

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

БУРАЗУ́БКІ (Sorex),

род дробных млекакормячых сям. землярыйкавых атр. насякомаедных. 50—65 відаў. Пашыраны ў тундравай, лясной і лесастэпавай зонах Еўразіі, Паўн. Амерыкі і паўн. ч. Паўд. Амерыкі. На Беларусі 3 віды: буразубка звычайная (S. araneus), буразубка сярэдняя (S. caecutiens), буразубка малая (S. minutus).

Даўж. цела 4—9 см, хваста 2,5—8 см, маса да 16 г. Нагадваюць мышэй, але пыска выцягнута накшталт хабатка. Поўсць аксамітная, цёмна-бурая, зубы чырванавата-бурыя (адсюль назва). Кормяцца беспазваночнымі, вельмі часта з’ядаюць корму ў некалькі разоў больш за сваю Масу. Знішчаюць шкодных насякомых.

т. 3, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕМЛЯНЫ́ ЗА́ЯЦ, тушканчык вялікі (Allactaga major),

млекакормячае сям. тушканчыкавых атр. грызуноў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Еўропе, Казахстане, Паўд. Сібіры. Жыве ў паўпустынях, лесастэпах, уздоўж дарог у норах.

Самы вял. тушканчык, даўж. цела 19—26 см, хваста да 30 см. Пыска выцягнутая, спераду пляскатая, вушы доўгія, заднія канечнасці пяціпальцыя, доўгія. На канцы хваста яркі і шырокі «сцяг» з чорнай асновай і белай вяршыняй. Верх цела буравата-шэры або пясчана-шэры, знізу белы Нараджае 1—4 дзіцянят. Корміцца насеннем, цыбулінамі і клубнямі розных раслін, зрэдку насякомымі. На зіму ўпадае ў спячку.

Земляны заяц.

т. 7, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУТО́РЫ (Neomys),

род млекакормячых сям. землярыйкавых. 2 віды: К. звычайная, або вадзяная (N. fodiens), і К. малая (N. anomalus). Пашыраны ў Еўразіі. Жывуць каля вадаёмаў, добра плаваюць і ныраюць. На Беларусі — абодва віды, К. малая больш рэдкая, трапляецца пераважна на Пд.

Даўж. цела да 10 см, хваста да 8 см, маса да 20 г. Поўсць чорная або бурая, на брушку белая або шараватая, кароткая, аксаміцістая. Пыска падоўжаная з вібрысамі. На задніх лапах плавальная аблямоўка з цвёрдых валаскоў. Кормяцца насякомымі, чарвямі, жабамі, ікрой, маляўкамі рыб. Гнёзды ў норах або на купінах у траве. Нараджаюць да 14 дзіцянят.

Э.​Р.​Самусенка.

Кутора звычайная.

т. 9, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пы́са ’ніжняя частка галавы жывёліны (з губамі і ноздрамі)’; груб. ’твар’ (ТСБМ, Сцяшк.), ’мыса ў каровы, цяляці’ (ЛА, 1; Бяльк., Мат. Гом.), ’храпа ў каня’ (ЛА, 1; Бяльк.), ’морда’ (Некр., Ян., Растарг.), пы́сы ’канец морды з губамі’ (Шат.; чэрв., Сл. ПЗБ), параўн. укр. пи́сьо ’тварык’. Хутчэй за ўсё, адваротны дэрыват ад пы́сак, пы́ска (гл.), пад уплывам мы́са ’морда свойскай жывёлы’ (гл.); бадай, не звязана з усх.-славац. pusa (< польск. buzia, балг. бу́за, карпатызм, гл. Клепікава, Исслед. по слав. диал., 5, 208).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мо́рдочка ж., уменьш.-ласк.

1. мо́рдачка, -кі ж.; мы́ска, -кі ж., пы́ска, -кі ж.; хра́пка, -кі ж.; лы́чык, -ка м.; см. мо́рдаI 1;

2. (личико) тва́рык, -ка м., мо́рдачка, -кі ж.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Пы́сак ’морда, мыса ў каровы’ (ЛА, 1; паст., ігн., шальч., Сл. ПЗБ), пы́скі ’тс’ (віл., зэльв., там жа; Сцяц., Варл.; Сержп., ЛА, 1), пы́сак ’дзюба’ (швянч., Сл. ПЗБ), пы́ска ’вісок са шчакою; поўха’ (Нас.), пы́ські ’шчокі, шчочкі’ (Мал.), пыск ’морда ў рагатай жывёлы’ (ашм., дзісн., Стан.; ЛА, 1), ’пашча звера’ (Сцяшк. Сл.), груб. ’рот, вусны’ (Скарбы, Даніл. Сл.), ’скроні, твар; вісок са шчакою’ (Нас., Бес.), ст.-бел. пысокъ ’дзюба (у птушкі)’, укр. пи́сок ’твар, морда; дзюба касы; мыс на рэчцы’, рус. дыял. пы́ска ’насмешлівая назва тонкай і кароткай жаночай касы’, польск. pysk ’лыч свінні; морда сабакі’, чэш., славац. pysk ’губа’, в.-луж., н.-луж. pysk ’дзюба, лыч’, славен. piski ’alae matricis’, макед. писки экспр. ’тоўстыя губы’. Прасл. *pyskъ ’морда, губы’, этымалагічна ідэнтычнае *pych‑, ад *pyxati ’дуць, моцна дыхаць’, гл. пыхаць; параўноўваюць з ц.-слав. напыштити ’надувацца’ (Міклашыч, 268), ст.-рус. пысканити ’насміхацца’ (’строить рожи’, гл. Трубачоў, Зб. памяці Талстога, 1, 310), а таксама з літ. pūkšlė̃ ’пухліна, гула’, pùškas ’пухір’, puškúoti ’цяжка дыхаць’ (Фасмер, 3, 420), ст.-інд. puccha‑ ’хвост’ (Махэк₂, 503; так і Трубачоў, Зб. памяці Талстога, 1, 311; супраць БЕР, 5, 261). Без падстаў лічаць выключна заходнеславянскім pysk Брукнер (450) і Банькоўскі (2, 969), паводле апошняга — няяснае па паходжанні, параўн. таксама pyskla (упершыню зафіксаванае ў буллі пад 1136 г. у форме piscla) — лічыцца эпітэтам свінні, што рые (ад pyskać, pysklać ’рыць лычом’, там жа). Будзішэўская (Балк. Ез., 36, 1, 35–37) далучае сюды ж балг. пи́сък ’выступ, каса’ ў якасці паралелі да *rъtъ ’нос, выступ, пік’ (ад *ryti).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пішч1 ж. р. ’ежа’ (пін., гродз., Сл. ПЗБ; Бяльк.; Юрч. СНЛ), пі́шча ’тс’ (шальч., Сл. ПЗБ). Разам з рус. пища, балг. пи́ща ’тс’, з ц.-слав., якое са ст.-слав. пища < прасл. *pitʼja са значэннем ’корм, ежа для скаціны’ (гл. Мартынаў, Этимология–1968, 16–18): польск. pica ’правіянт’, н.-луж., в.-луж. pica ’ежа, корм’, чэш. píce, славац. pica, славен. píča, серб.-харв. пи̏ћа ’тс’. Да прасл. *pitati, роднаснага літ. piẽtūs ’абед’, ’поўдзень’, ст.-інд. pitú‑ ’ежа’, авест. pitu‑ ’блюда’, piϑwā ’частка ежы’ < і.-е. *poi̯‑, *pi‑ (Міклашыч, 247; Фасмер, 3, 270; Бязлай, 3, 44, ESJSt, 11, 647). Сюды ж рагач. пішчаві́к ’стрававод’, шчуч. пішчаво́я горла ’тс’ (Сл. ПЗБ; ЛА, 1). Адсячэнне канчатка ў пішч, магчыма, пад уплывам назоўніка корм.

Пішч2 ’рагавы стрыжань пяра’ (лях., івац., пін. ЛА, 1), ’адростак новага пяра’ (клец., лях., івац., там жа). Чэш. pisk ’тс’, славац. piski ’пер’е’, серб.-харв. пи̏ска ’кароткі кол, якім штурхаюць цяжкія прадметы’, pȉska ’абрубак дрэва, пень’, ’трэска’, балг. пы́ска ’клін, які ўстаўляецца ў дышаль’, пы́сек ’сошка, што ўстаўляецца адным канцом у дышаль, другім — у перадок пасада’. Прасл. *piskъ (для бел. формы — *piskjь) /*piska, якія, паводле Варбат (Этимология–1976, 35–38), узыходзяць да *pьx‑ ’калючы, востры (абрубак)’ > ’адростак новага пяра’ і ’кол’; сюды ж, магчыма, і пішчом лезці ’клінам’?), хаця народная этымалогія звязвае пішч з піскам: ’з піскам, з крыкам’ (ТСБМ, Янк. БП, Шат., Стан.), параўн. народны выразі пішчыць, а лезе = настойліва, нахабна прабіраецца, прэцца. Зрэшты, апошняе можна параўнаць з рус. дыял. пишшой ’гвалтоўна, сілком’, якое Мяркулава (Этимология–1976, 100) адносіць да *pisti ’напіхваць’, што выводзіцца на падставе рус. наўг. пища́ ’густы лес’, з *pistъ ’густы’, роднаснае *pьxati, гл. піхаць, пішчу́га.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)